Партыя вялікіх расколаў

Зьезд Народнай Грамады скончыўся сыходам меншавікоў Караля

Учора аб 11-й прыхільнікі Аляксея Караля і частка “Маладой Грамады” на чале з Тацянай Алесінай дэманстратыўна пакінулі зьезд Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі “Народная Грамада”, што адбываўся ў менскім гатэлі “Турыст”. Зачэпкай сталася непрызнаньне Міколам Статкевічам апазыцыйнай яму магілёўскай арганізацыі. Зьезд пакінулі 56 з 160 дэлегатаў.

Дысыдэнты правялі сваю канфэрэнцыю на сядзібе БНФ, дзе абвясьцілі пра стварэньне фракцыі БСДП “За адзінства ў БСДП”. Была абраная Рада фракцыі з 9 чалавек (Аляксей Кароль, Анатоль Гурыновіч, Тацяна Алесіна і па адным прадстаўніку ад кожнай вобласьці).

“Заадзіншчыкі” вінавацяць Статкевіча ў аўтарытарызьме, няздольнасьці кіраваць і фінансавых злоўжываньнях. Тое самае закідаюць “каралёўцам” прыхільнікі Статкевіча.

“Бальшавікі” яшчэ ня вызначыліся з кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, хоць схіляюцца да Ганчарыка. На пасяджэньне ж фракцыі “За адзінства” прыйшоў Сямён Домаш і з гадзіну адказваў на пытаньні прысутных. Фракцыянэры адзінагалосна вырашылі падтрымаць на выбарах ягоную кандыдатуру. Часовым офісам фракцыі мае стаць сядзіба Фонду братоў Луцкевічаў.

Якія далейшыя пэрспэктывы фракцыі і партыі?

На баку Статкевіча — сацыял-дэмакратыя Нямеччыны, на якую цяперашняя БСДП ледзьве ня моліцца.

Сярод “заадзіншчыкаў” абмяркоўваецца ідэя аб’яднаньня ў адну нацыянальную сацыял-дэмакратычную партыю з Грамадой Шушкевіча, Партыяй Працы Бухвостава і Жаночай Партыяй “Надзея” Палевіковай. Аднак гэта сумнеўна, бо ўсе апошнія, як і Статкевіч, схіляліся да падтрымкі Ганчарыка.

У Расеі Саюз Правых Сілаў згуртаваўся, а нашы ўсё дзеляцца а дзеляцца. Дзіва што важаць у палітычным жыцьці яны ўсё меней а меней.

Алег Гардзіенка


Беларуская сацыял-дэмакратыя ў мінулым стагодзьдзі дзялілася ня раз. Зь лявіцы Беларускай Сацыялістычнай Грамады выйшла Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя. Потым і яна зьнікла з палітычнага алімпу. Беларускіх нацыяналістычных інтэлігентаў у пачатку ХХ ст. было значна меней, чымся ўкраінскіх, польскіх калегаў, летувісаў. Аднак палітычна яны былі ня менш расколатыя. У выніку мы праспалі незалежнасьць у 1918—20 г.

У 90-х у нас у выніку расколаў зьявілася аж тры сацыял-дэмакратычныя партыі: БСДП-Народная Грамада Статкевіча, пралукашэнкаўская сацыял-дэмакратыя Народнай Згоды Сечкі, БСДГ Шушкевіча.


Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна