Тры буслы

Перадвыбарная кампанія Домаша распачалася нуднаватым зьездам

У Менску пазаўчора сабраўся Зьезд грамадзкасьці рэгіёнаў Беларусі. 650 дэлегатаў ад чатырох сотняў суполак з 90 раёнаў заклікалі падтрымаць на выбарах Сямёна Домаша. 26 траўня можна лічыць стартам кампаніі кандыдата цэнтраправіцы.

Удзельнікі прыехалі на сямёх аўтобусах і дзясятках аўтамабіляў да Дому культуры “Сукно”, арандаванага для працы зьезду. Усім дэлегатам арганізатары раздавалі файныя сінія сьцяжкі. На адным баку быў партрэт Домаша, а на другім — лягатып ягонай будучай кампаніі: тры буслы — белы, чырвоны й белы — на фоне блакітнага абрысу Беларусі пад белым дашкам. Буслы лятуць на захад. Праўда, на сьцяжочку забыліся напісаць прозьвішча кандыдата, які хоча зьмяніць дзяржаўны курс Беларусі. Дэвізы на сьцяжку і ўлётках: “ДОМаш — НАШ” і “Дом наш — Беларусь”.

На Зьезьдзе Домаш выступіў з кароткай праграмнай прамовай.

Гаварыў Домаш па-беларуску, каструбавата, гэтаксама адказваў і на пытаньні. Тэкст ягонай прамовы, які раздавалі гасьцям, быў падрыхтаваны ня дужа старанна: ужо ў першай фразе можна было налічыць чатыры памылкі, калі сыходзіць з таго, што яна напісаная тарашкевіцай, і тры памылкі, калі думаць, што ў штабе карыстаюцца наркомаўкай. Зусім не было ў прамове лічбаў, якія гэтак прыцягваюць вока простага выбарца.

На рэклямным сьцяжку кандыдат дужа падобны да канцлера Шродэра. У сваім праграмным інтэрвію, апублікаваным у суботняй “Народнай Волі”, Домаш добрым словам згадвае Бразаўскаса. А стылем выступу ён нагадаў Кучму.

Нельга сказаць, што Домаш глядзеўся на трыбуне натуральна і свабодна. На пытаньне пра пэрспэктывы дзьвюхмоўя ён адказаў, што мы ня можам не лічыцца з тым, што ў краіне суіснуюць беларуская і расейская мовы, і доўга тлумачыў, што гэтыя дзьве мовы ў нас не адны і што чым болей моваў разьвіваецца ў краіне, тым мы робімся багацейшымі культурна. Адказваючы на іншую цыдулку, адзначыў, што ангельскай не валодае, у школе вучыў нямецкую, але й тую ня дужа ведае. У ягонай гаворцы і адказах не было той уладарнасьці, якая адчуваецца ў паставе. Ад гэтага ствараўся пэўны дысананс.

Зьезд вялі Іна Кулей і Віктар Карніенка, кіраўнікі “трэцяга сэктару” Берасьцейшчыны й Гомельшчыны, – лідэры, мала вядомыя шырокаму грамадзтву. Рэдакцыйную камісію Зьезду ўзначальваў Сяргей Мальчык – галава гарадзенскага БНФ. Дзеячоў спорту, навукі, бізнэсу, культуры на сцэне не было. Пытаньні Домашу прэзыдыюм перадаваў без разбору, трапляліся й такія, якія лепш было б і не агучваць на прэзэнтацыйным сходзе, напрыклад, “как вы относитесь к сексуальным меньшинствам”. (Дый Домаш ня даў сьмешнага адказу, якога, відаць, чакалі аўтары.) Так што дэзарганізацыя адчувалася, а фантазія — не. А маглі ж і ня ў Менску, а ў Наваградку пад сьценамі замку сабрацца!..

У сьпісе арганізацыяў, прадстаўленых на Зьезьдзе, былі й такія, якія б самога Домаша, каб трапіў гэты дакумэнт у ягоныя рукі, напэўна зьбілі б з панталыку: ад Жабінкі на Зьезьдзе быў у тым ліку й клюб “Сябры NATO”, ад Кобрыня – Грамадзкае аб’яднаньне “Абракадабра”, ад Слуцку, сярод іншых, – два клюбы, цытую: “Клуб “Спадчына” і “Клюб “Наследие”. Замест Буда-Кашалёва ў сьпісе стаіць “Буда — Кашалова”, замест Белаазёрску — “Белазерск”, замест Бешанковіч – “Бешенкавічы”, замест Мазыру – “Мозыр” і г.д. Сапраўды, “абракадабра”.

Бел-чырвона-белыя буслы ў якасьці сымбалю кампаніі – рашучы крок. Галасуючы за Домаша, чалавек фактычна галасавацьме за беларускую сымболіку. Аднак і мець за сымбаль нацыянальныя колеры сёньня – вялікая адказнасьць.

Мікола


Праграма Домаша

У выпадку перамогі Домаш абяцае краіне маштабныя рэформы. Канстытуцыйная прадугледжвае пераход да мажарытарна-прапарцыйнай сыстэмы абраньня парлямэнту і выбарнасьць мясцовых уладаў. Вайсковая – пераход да прафэсійнай арміі за пяць год. Вышэйшым навучальным установам Домаш абяцае самакіраваньне. Аснова эканамічнага пляну Домаша – падатковая рэформа, якая ўдвая зьменшыць падатковы прэс і дазволіць прыцягнуць у краіну сродкі, неабходныя для мадэрнізацыі прамысловасьці і стварэньня новых працоўных месцаў. Галоўнай задачай замежнай палітыкі Домаш лічыць неабходнасьць не дапусьціць утварэньня новай жалезнай заслоны на заходняй мяжы краіны. Беларусь, паводле Домаша, мае стаць мостам між Расеяй і Эўропай.

У выступе Домаш назваў сябе веруючым чалавекам. Найбольшыя воплескі залі выклікала фраза “дзяржавай павінны кіраваць псыхічна здаровыя людзі”. Сытуацыю ў Беларусі Домаш ахарактарызаваў як “стабілізец”. “Пытаньне аб зьмене рэжыму выходзіць на ўзровень задачы нацыянальнага выратаваньня”, — заявіў Домаш. Пытаньні маралі, у якіх Домаш можа даць неабыякую фору Лукашэнку і іншым кандыдатам лявіцы, не былі істотна асьветленыя ў праграме.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0