Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

NATO ля Вострай Брамы

У панядзелак у Вільні пачнецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі NАТО. У ёй возьмуць удзел ня толькі дэлегацыі паўнавартасных чальцоў хаўрусу, але й асацыяваных сяброў. На гэтай сэсіі ПА NАТО мае прыняць пастановы аб становішчы на Балканах і пашырэньні NАТО на ўсход, у выніку якога Вострая Брама ўжо ў 2004 г. можа апынуцца пад аховаю Паўночнаатлянтычнага альянсу.

У Эстоніі расьце эўраскептыцызм. Ажно 59% эстонцаў ня хочуць уваходу краіны ў Эўразьвяз – такія вынікі апытаньня, праведзенага на мінулым тыдні. Толькі ў Эстоніі з усіх краінаў-кандыдатак эўраскептыкі складаюць бальшыню. На пачатку месяца кіраўнік эстонскага МЗС Тома Гендрык Ільвэс заявіў, што Эстонію, Латвію і Летуву лучыць толькі “нэгатыўны досьвед мінуўшчыны”. Пры канцы мінулага году галава эстонскага МЗС абвясьціў, што Эстонія — не “балтыйская краіна”, а “постсавецкая скандынаўская”.

Латыскі ўрад абавязаў мясцовыя ўлады выдзеліць у кожным горадзе, у якім жыве больш за 20 тыс. чалавек, квартал “чырвоных ліхтароў”. Гэтае рашэньне зьяўляецца часткай урадавай праграмы кантролю за прастытуцыяй. Спробы кантролю над нелегальнай, але талераванай прастытуцыяй робяцца не ўпершыню.

Расейскі прэм’ер Касьянаў наведаў Польшчу, дзе пытаньнем перамоваў была справа пабудовы новага газаправоду ў абыход Украіны. На тыдні камітэт экспэртаў міжнароднага кансорцыюму, у які ўваходзяць “Газпром”, францускі Gaz de France, італьянскі Snam, нямецкі Ruhrgas і Wintershall ды Польскі нафтагазавы канцэрн, не зважаючы на польскія пярэчаньні, абраў прапанаваны Расеяй варыянт праходжаньня трасы: Кобрынь (Беларусь) — Вельке Капушаны (Славаччына). Ад Беларусі ў кансорцыюм не ўваходзіць ніякая структура.

У Румыніі ўступіла ў сілу пастанова, паводле якой у мясцовасьцях, дзе нацыянальныя меншасьці складаюць больш за 20% насельніцтва, на мове гэтых мяншыняў можна дубляваць шыльды, выкарыстоўваючы яе як другую афіцыйную. Для Румыніі гэта доўгачаканы крок, бо адных вугорцаў жыве тамака 1,7 млн. У бліжэйшым часе румынскія вугорцы мерацца адчыніць і свой унівэрсытэт. Румынскія правыя скоса паглядаюць на гэтыя зьмены. У трансыльванскім горадзе Клуж бурмістар Георге Фунар абвінаваціў вугорцаў, што яны масава звозяць у места цяжарных кабетаў, каб перакрочыць жаданы 20%-ны парог.

У Вугоршчыне ідуць спрэчкі вакол адзінай у краіне АЭС у Пакшы, што вырабляе больш за 40% электраэнэргіі дзяржавы. Вугорскія зялёныя патрабуюць зачыніць яе, але сход акцыянэраў ухваліў праекты інвэстыцыяў у пашырэньне станцыі, бо ў 2008 г. выходьзіць тэрмін эксплюатацыі паловы энэргаблёкаў. Кіраўніцтва станцыі настойвае на бясьпечнасьці прадпрыемства, абапіраючыся на ацэнкі заходнеэўрапейскіх экспэртаў. Зялёных жа непакоіць той факт, што ў ЗША зачынілі пяць атамных рэактараў, аналягічных пакшаўскаму. Гаспадары станцыі абавязаліся накіраваць увесь леташні прыбытак ў рэзэрвовы фонд паляпшэньня бясьпекі станцыі.

У Бялградзе сустрэліся прэзыдэнт Югаславiі Каштунiца i сустаршыні Босьнiі i Герцагавіны сэрб Жыўка Радзiшыч, мусульманін Бэрыз Бэлкіч ды харват Ёза Крыжанавіч. Галоўны вынік сустрэчы: сэрбы яшчэ раз афіцыйна пацьвердзілі, што адракаюцца тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Сараева. Амэрыканскія ўрадавыя колы ў адказ заявілі, што войскі NATO неўзабаве могуць пакінуць Босьнію.

Сяргей Рак


Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна