Беларуская эканоміка вачыма расейскіх нацыяналістаў

Раней палітыка Лукашэнкі разглядалася як адназначна прарасейская, а апошнім часам — як цалкам антырасейская, скіраваная на ўмацаваньне асабістае ўлады і кантактаў з Захадам. Аналітыкі Інстытуту мяркуюць, што Лукашэнка асабіста стрымлівае інтэграцыю Беларусі й Расеі, няздольны супрацьстаяць умацаваньню беларусафільства і заходніцтва ў беларускіх вярхах і ўмацоўвае такую структуру дзяржаўнае ўлады і гаспадаркі, пры якой збліжэньне з Расеяй робіцца немагчымым. Падчас чытаньня артыкулу, які мы падаем у скарочаным перакладзе з расейскай, сьлед зважаць, што Інстытут краінаў СНД — расейскі нацыяналістычны асяродак.

Сёлета адміністрацыя прэзыдэнта рэспублікі небеспадстаўна баіцца перадвыбарнага ўсплёску інфляцыі, які можа выклікаць ня толькі зьмяншэньне папулярнасьці, але й паразу Аляксандра Лукашэнкі.

Урад, трэба сказаць, збольшага разумее ўсе складанасьці і перашкоды на шляху да заплянаваных эканамічных парамэтраў, але ва ўмовах гаспадарчай мадэлі савецкага тыпу і існай бюракратычнай сыстэмы з адзіным уладным цэнтрам зрабіць нічога ня можа. Прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын вымушаны марнаваць ільвіную долю намаганьняў на малаэфэктыўную дзейнасьць, мэтай якой ёсьць “прафіляктычнае” папярэджаньне патэнцыйных крокаў прэзыдэнцкай адміністрацыі або карэктаваньне ўжо спушчаных зьверху праграмаў.

За гэты год, паводле афіцыйных зьвестак, прырост валавага ўнутранага прадукту склаў 1%, аднак, згодна з ацэнкамі шэрагу эканамістаў, ВУП ня меў тэндэнцыі росту. Больш за тое: назіралася скарачэньне ягонага аб’ёму на 3%.

Травень будзе, відаць, вызначальным для беларускай гаспадаркі. Прычым многае залежыць не ад нацыянальнага вытворцы, а ад пазыцыі Расеі. Бо Расея ад словаў пра жаданьне вызначыцца з палітыкай у галіне валютных паступленьняў за экспартаваную прадукцыю сёньня гатовая перайсьці да справы. Самым балючым аспэктам тут для Беларусі станецца магчымае ўвядзеньне Расеяй новага чыну мытнага афармленьня апэрацый па экспарце ў Беларусь электраэнэргіі: Беларусь мае аплачваць расейскую энэргію валютай. Для Беларусі гэта будзе роўна гаспадарчай катастрофе. Прамысловасьць Беларусі зьяўляецца самай энэргаёмістай на постсавецкай прасторы – ня менш за 48% (блізу 16 млрд. кВт-г/у год) усёй спажыванай краінай электраэнэргіі прыходзіцца на прамысловыя прадпрыемствы. Рэспубліканская энэргасыстэма ня ў стане вырабляць у год больш за 25 млрд. кВт-г і, такім чынам, забясьпечыць цалкам штогадовую патрэбу Беларусі ў электраэнэргіі, якая сягае за 33 млрд. кВт-г. Доля расейскіх паставак электраэнэргіі ў Беларусі пакрывае 25% беларускага спажываньня, аднак практычна ўся электраэнэргія, імпартаваная з Расеі, аплачваецца па бартэрных схемах (“жывымі” грашыма – ня больш за 3%). Калі расейскія пастаўнікі электраэнэргіі будуць настойваць, каб беларусы плацілі валютай, рэспубліцы спатрэбіцца выдаткоўваць на гэтыя мэты яшчэ каля 85-87 млн. даляраў штогод, без уліку патэнцыйнага падвышэньня рынкавае цаны электраэнэргіі.

Пакуль што доўг Беларусі перад Расеяй за электраэнэргію павялічыўся ў 2001 г. нязначна, прыблізна на 15 млн. даляраў, і складае каля 38 млн. даляраў. Аднак ён будзе расьці, бо ўнутраныя спажыўцы ня могуць аплаціць у поўным аб’ёме спажываную імі электраэнэргію, іхная запазычанасьць перавысіла 450 млрд. руб.

Пераход на новыя правілы аплаты імпартаванай электраэнэргіі прывядзе да спаду рэнтабэльнасьці ў прамысловасьці, які й цяпер складае 13%. Адпаведна зьменшыцца прыбытковая частка бюджэту, бо прамысловыя прадпрыемствы даюць 90% ВУП краіны ў коштавым эквіваленце.

Доўгі час беларускія вытворцы трымалі пазыцыі на замежным рынку дзякуючы адносна невысокім цэнам на экспартаваную прадукцыю. Хутка гэта станецца немагчымым, бо новыя імпартна-экспартныя тарыфы за электраэнэргію значна павялічаць выдаткі на вытворчасьць. Гэта выкліча чарговае падзеньне зьнешнегандлёвага звароту, які сёлета ўжо скараціўся ў фактычных цэнах у СКВ на 5,7% проці аналягічнага пэрыяду летась. Таму зусім не выпадкова Лукашэнка апошнім часам зноў а зноў вяртаецца да пытаньня разьлікаў з расейскім акцыянэрным таварыствам “ЕЭС”, адкрыта намякаючы на неабходнасьць зьніжэньня тарыфаў за імпартаваную з Расеі электраэнэргію.

Сёлета Беларусь па-ранейшаму ня можа выйсьці з сыстэмнага крызысу, у прамысловасьці назіраецца павелічэньне долі стратных прадпрыемстваў, расьце запазычанасьць вытворцаў перад пастаўнікамі і крэдыторамі, страшэнна бракуе абаротных сродкаў. Уся прамысловасьць Беларусі здольная вырабіць у год прадукцыі на 9—10 млрд. даляраў, а крэдыторская запазычанасьць прадпрыемстваў сёньня складае блізу 3 млрд. даляраў, дэбіторская – 2 млрд. даляраў. Прадпрыемствы вымушаныя штогод зьніжаць амартызацыйныя адлічэньні (іх доля зьменшылася да крытычнага ўзроўню –1,4%), аб’ём выдаткаў на аплату працы. На тле павелічэньня матэрыяльных выдаткаў у прамысловасьці інвэстыцыі ў асноўны капітал прадпрыемстваў не растуць. Немагчыма, аднак, вытлумачыць, чаму ад агульнага аб’ёму інвэстыцыяў у краіне на прамысловы сэктар прыпадае менш за траціну. Суб’екты гаспадараньня вымушаныя ў гэтых умовах выкарыстоўваць асноўны капітал на латаньне дзірак, незаменныя бягучыя выдаткі вытворчага цыклу. Захоўваецца шкодная практыка т.зв. перакрыжоўнага субсыдыяваньня. Самая прывабная для інвэстараў галіна – нафтаперапрацоўчы комплекс, але і ён сёлета зьнізіў аб’ёмы перапрацоўкі сыравіны на 5,5%.

Аб’ектыўна рэспубліка стаіць на парозе перадзелу ўласнасьці. Колькі б кіраўнікі Беларусі ні дэманстравалі свае намеры пакінуць усё бязь зьменаў, ня даць “драпежнікам з Усходу” і “драпежнікам з Захаду” магчымасьцяў акцыянаваць, прыватызаваць беларускія прадпрыемствы, гэты працэс непазьбежны, ён ёсьць толькі пытаньнем часу. Захаваць у дзяржаўнай уласнасьці прадпрыемствы цяжкой прамысловасьці, машынабудаваньня, энэргетыкі, магістральных сетак, увогуле ўсіх капіталаёмістых магутнасьцяў ва ўмовах сучаснай Беларусі проста немагчыма.

Незразумела, што сёлета будзе з ураджаем: больш за чвэрць ужо пасеянага кліну патрабуе перасеву. Падчас пасяўной у гаспадарках адчуваецца недахоп угнаеньняў і паліва, у асобных рэгіёнах не хапае насеньня. Суб’екты гаспадараньня на вёсцы практычна не забясьпечаныя сродкамі догляду пасеваў, абароны расьлінаў (а на афіцыйным узроўні канстатуецца, што калгасы і саўгасы забясьпечаныя на траціну ад неабходнага). А аграпрамысловы комплекс, угрунтаваны на калгасна-саўгаснай сыстэме вытворчасьці, ня толькі застаецца няздольным да функцыянаваньня й самастойнага разьвіцьця, але яшчэ й праяўляе тэндэнцыю да канчатковага ператварэньня ва ўтрыманца дзяржавы.

Штогод Лукашэнка (асабіста!) і ўрад літаральна выбіваюць для вёскі фінансава-крэдытныя сродкі з камэрцыйных банкаў і кампаніяў, “пасьпяховых” дзяржаўных карпарацыяў, прадпрыемстваў і арганізацыяў. Вялізныя сродкі для калгасаў і саўгасаў выдаткоўваюцца і з розных артыкулаў дзяржаўнага бюджэту. Напрыклад, сёлета найбольш сродкаў перакінулі з заплянаваных выдаткаў на камунальную гаспадарку (каля 37 млрд. руб.). Запазычанасьць калгасаў і саўгасаў перад эканамічнай карпарацыяй “Белэнэрга” дасягнуў вялізнай сумы – 275 млрд. руб., і афіцыйна прызнаны “безнадзейным”.

Кіраўніцтва спадзяецца вырашыць свае эканамічныя праблемы перад выбарамі з дапамогай ільготных крэдытаў альбо ад багатых арабскіх краінаў (пэўныя надзеі ёсьць на Кувэйт), альбо ад Кітаю. Пра сур’ёзную эканамічную рэформу гаворка ня ідзе. Аніяк не разглядаюцца магчымасьці выкарыстаньня патэнцыялу саюзнай дзяржавы ў справе выратаваньня нацыянальнай эканомікі Беларусі. І гэта адлюстроўвае рэальны стан рэчаў у справе стварэньня саюзнай дзяржавы, якое спынілася на першым этапе – стадыі ўсталяваньня саюзнага грамадзянства. Але й гэта не ўдалося завершыць: права саюзнай дзяржавы, напрыклад, не прадугледжвае наданьне ейным грамадзянам пасыўнага і актыўнага выбарнага права на мясцовых выбарах. Больш за тое, нават першыя выбары ў саюзны парлямэнт, статус і паўнамоцтвы якога кіраўнікі абедзьвюх краінаў увесь час імкнуліся зьменшыць, так да гэтага часу і не адбыліся. Цяпер няма падставаў казаць пра існаваньне на практыцы эканамічнага і валютнага саюзу Расеі й Беларусі, які мог бы садзейнічаць вызначэньню генэральнага напрамку саюзнай эканамічнай палітыкі, купаваньню пагрозаў для нармальнага функцыянаваньня адзінага гаспадарчага комплексу.

Беларускія ўлады больш за ўсё баяцца, відаць, уціску дзяржаўнага сувэрэнітэту і ўласных уладных паўнамоцтваў.

Расея і Беларусь загразьлі ў спрэчках аб тарыфных стаўках, мытах і пошлінах, аб падатках і памерах сплатаў за гандлёвыя апэрацыі, аб нормах і тэхнічных стандартах.

Расея ня можа ўвесь час адкладаць канкрэтную эканамічную і валютную інтэграцыю зь Беларусяй, бо адчувае вострую канкурэнцыю ў гэтым сэнсе з боку Нямеччыны, найперш, і Польшчы, якія актыўна шукаюць рынку збыту і таннай працоўнай сілы. Зразумела, што расейскаму кіраўніцтву давядзецца, хоча яно таго ці не, усімі магчымымі сродкамі штурхаць Беларусь да той ступені гатоўнасьці, якая дазволіць адбыцца эканамічнаму і валютнаму саюзу. Ня выключана, што палітычнае пагадненьне з прадстаўнікамі ўладнай эліты рэспублікі дапаможа наблізіцца да рэалізацыі другога этапу інтэграцыі.


Артыкул не вымагае асаблівых камэнтароў.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, як аднадушна расейскія аналітыкі хваляць прэм’ера Ярмошына. Фадзееў ня стаўся выняткам.

Цікава таксама, што валютны і эканамічны саюз, які прапагандысты інтэграцыі падаюць як нешта надзвычай выгоднае для Беларусі і стратнае для Расеі, патрэбны найперш Маскве, прычым настолькі, што Крамлю рэкамэндуецца “ўсімі магчымымі сродкамі штурхаць Беларусь да гатоўнасьці да Саюзу”. Мэдыйны ж ажыятаж вакол фінансавых стратаў, якія, нібыта, будзе несьці Расея (і адпаведныя зыскі Беларусі), разьлічаны, атрымліваецца, не на расейскую, а на беларускую аўдыторыю. Гэта добра ўпісваецца ў стары расейскі імпэрскі міт пра тое, што Расея нікога ніколі не калянізавала, а заўжды ахвярна спансавала “прынятыя пад сваё крыло” народы.

Меркаваньне аб “непазьбежнасьці перадачы” беларускай прамысловасьці ў замежныя рукі вылучанае аўтарам. Ці не на Ярмошына ў якасьці такога “перадатчыка” разьлічваюць расейскія капіталісты?

Як паказваюць падзеі апошняга часу ва Ўкраіне, Малдове, Арменіі, афіцыйная Масква ставіць у краінах былога СНД на камуністаў як найбольш праімпэрскую сілу. Пры гэтым аналітыкі Інстытуту краінаў СНД найбольш нэгатыўна ацэньваюць палітыкаў, якія засьведчылі хоць якую ступень прыхільнасьці да эўраатлянтычнай інтэграцыі, незалежна ад іхнага этнічнага паходжаньня.

Гэтак у сваіх іншых артыкулах А.Фадзееў адносіць да ліку “пра-натаўцаў” у душы і перакананых заходнікаў кіраўніка Рады Бясьпекі Ў.Латыпава і міністра замежных справаў М.Хвастова разам з усім пэрсаналам міністэрства, несупынна крытыкуючы іх у розных нумарах агляду.

Наагул, артыкул сьведчыць, што Лукашэнка перастаў цалкам задавальняць расейскія нацыяналістычныя колы. Яны хацелі б зьмяніць яго на яшчэ болей прарасейскага палітыка і гатовыя выкарыстаць для гэтага верасьнёўскія выбары.

Артыкул цалкам можна прачытаць на сайце Інстытуту краінаў СНД www.zatulin.ru.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0