Асабістае
Свабоднае слова
Адзін цуд зрабіла для мяне “Наша Ніва”. Яна адчыніла мне шлях у Беларусь. Нікуды не выяжджаючы і не зьмяняючы хатняга адрасу, я апынулася ў іншай, прыўкраснай краіне, дзе набыла сваю мінуўшчыну і будучыню. У БССР я пачувалася чужою і непатрэбнаю. Там трэ было “быць, як усе”. У Беларусі я пачуваюся ў сваёй хаце, у асяродзьдзі блізкіх і родных людзей, якія радасна і ахвотна дазваляюць мне быць той, кім я ёсьць.
Юлія Андрэева
Свабода гаспадара
“Наша Ніва” значна пашырыла абсяг беларускай свабоды. Сотні людзей пачалі пісаць пра сваё – праўдзіва і патрыятычна. Тысячы людзей атрымалі мажлівасьць чытаць пра сябе – не хаваючыся па-змоўніцку і не баючыся атрымаць за гэта пакараньне.
“НН” ніколі не была радыкальнай і безапэляцыйнай, анархічнай і барыкаднай. Свабода “Нашай Нівы” – свабода гаспадара, а не казацкая вольніца.
“НН” не баялася быць у меншасьці і ніколі не адракалася сваіх перакананьняў.
“НН” – як масток, як кладка, як лесьвіца, як сябар, як надзея…
Алесь Аркуш, Полацак
Ня зломіш!
«Наша Ніва» — гэта газэта, якую я ўсе прамінулыя дзесяць гадоў выпісваю. Гэта газэта, якую я ўвесь гэты час чытаю. Газэта, дзе я ўсе гэтыя дзесяць гадоў друкуюся. «НН» беспасярэдне спрычынілася да зьяўленьня дзьвюх маіх кніг. Якія я дагэтуль люблю. Гэта кнігі «Мой радавод да пятага калена» і «Божая кароўка зь Пятай авэню». «НН» гэтыя дзесяць гадоў мянялася. Бо мянялася й Беларусь. Але адрозна ад іншых выданьняў, не мянялася пазыцыя газэты.
Памятаю, як адразу пасьля рэфэрэндуму 1995 г. «НН» выйшла пад праграмнаю назвай «Ня зломіш!». І не зламалі. Газэта ня стала дзьвюхмоўнаю. Не адраклася клясычнага правапісу. Абараніўшы права на яго ў судзе. «НН» ня стала ні прамаскоўскай, ні пра яшчэ якой-небудзь.
Ня зломіш! Гэта быў лёзунг ня толькі газэты, яе аўтараў і чытачоў. Гэтая словы фармулявалі, як мне ўяўляецца, крэда ўсёй беларускай Беларусі. Гэтае Беларусі я ўжо не магу ўявіць без «НН». Напэўна, ня можа ўявіць Беларусі без «НН» і мой сын Багдан, які ўжо другі год друкуецца на яе старонках.
Мой тэкст быў надрукаваны ў першым нумары «Нашай Нівы». Майго тэксту ня будзе ў апошнім яе нумары. Бо «Нашу Ніву» будуць чытаць яшчэ ўнукі нашых унукаў.
Уладзімер Арлоў
У траўні 1991-га...
...Баранавічы пакідаў надрукаваны ў мясцовай друкарні першы нумар адноўленай “Нашай Нівы”. У гэты самы час на цэнтральнай плошчы адбываўся апошні савецкі парад.
Натоўп з транспарантамі, чырвонымі сьцягамі, каляровымі балёнікамі накіраваўся ў адзін бок, а наклад “НН” — у другі. У тым натоўпе быў і я, прыгнаны прымусова са сваімі аднаклясьнікамі.
Тады мы разьмінуліся. А праз год я стаў падпісчыкам “НН”, зь першых прачытаных нумароў палюбіўшы газэту.
За 10 гадоў “НН” зьмяняла пэрыядычнасьць, выгляд, наклад і колькасьць старонак. Аднак заўсёды заставалася найлепшай беларускай газэтай. Газэтай для беларусаў.
Маю надзею, што шляхі газэты й яе чытачоў ніколі не разыдуцца, і да нашага падарожжа па часе будзе далучацца ўсё болей і болей людзей.
Зь юбілеем цябе, “Наша Ніва”!
Руслан Равяка з Баранавіч, гораду, дзе “НН” уваскрэсла
Газэта з «Мытымі яблыкамі»
Для мяне новая «Наша Ніва» распачалася зь першага нумару. У ім на першай старонцы падвалам было надрукаванае маё апавяданьне «Мытыя яблыкі». Яно год праляжала ў партфэлі Сяргея Дубаўца. Наведаўшы тадышняе памяшканьне рэдакцыі «НН», я вяртаўся колішнім дызэлем Вільня—Горадня дахаты. Сядзеў ля акна і перачытваў газэту. Было гэта на пачатку лета 1991 г. І ў Вільні, дарэчы, з таго часу я болей ня быў.
У студэнцкія часы «Наша Ніва» была для нас легендай, каштоўнасьцю, прыкладам. Мы шукалі і прачытвалі ўсё зь ёю зьвязанае. Багдановіч? Пачынаў у «НН». Гарэцкі? Таксама! Ластоўскі Вацлаў. Паездкі да Зоські Верас у Вільню. Блуканьне па вуліцах. А вось у гэтым доме месьцілася калісьці рэдакцыя, нават вядомы здымак існуе! Усё гэта было ў першай палове 80-х. У 1985-м у Індуры я аглядаў касьцёл, які збудаваны з кожнага боку ў іншым стылі. Там быў вартаўнік ці даглядчык. Мы пачалі размаўляць. Ён сказаў, што ў яго захаваліся нумары «НН», надрукаваныя лацінкай. Чалавек гэты быў сваяком або нават бацькам аднаго зь дзеячоў сёньняшняга Саюзу палякаў.
Потым была падпіска на факсымільныя зборнікі «НН». Але ў кнігарні згубілі маю паштоўку. Пазьней аднавілася выданьне газэты. Напачатку друкаваліся мае зацемкі, бягучыя паведамленьні з Горадні. Затым увесь час стала забіраць у мяне газэта «Пагоня», а сьледам — «Свабода». Але з 1996 г. я зноў пачаў друкавацца ў «НН». Зь пярэрвамі, але друкуюся дагэтуль. Паколькі яна найлепей адпавядае літаратару, які займаецца журналістыкай. Або журналісту, які піша прозу. У «НН» друкаваліся яшчэ мае апавяданьні: «Турэмны дворык», «Адбіткі пальцаў», «Калгасная плянёрка», «Біблейскі патоп», «Слава Акцябру», «Poeti Italiani».
Сяргей Астраўцоў, Горадня
«Наша Ніва» – гэта мы
«Наша Ніва» зьмяняецца разам зь нівай часу. Яна не магла заставацца такой самай, як у 1991—94 гг., бо зьмянялася ўсё. Няма сэнсу ўпікаць газэту, што яна не засталася тым “зачараваным возерам, якое ніколі не зьмяняецца, а дзякуючы гэтаму зьмяняецца ўсё навокал”. “Нашу Ніву” абрабляюць людзі, якія жывуць не ў зачараваным каралеўстве, а ў рэальнасьці.
“НН” – незвычайная газета. У ёй няма журналістаў, затое тысячы чытачоў, хто часьцей, хто радзей, робяцца яе аўтарамі. Таму кожны з нас мае права ў часіну эмацыянальнага ўздыму выгукнуць сьледам за Флябэрам: “Наша Ніва” – гэта я!”
Для мяне асабіста “НН” асацыюецца найперш зь Сяргеем Дубаўцом і Сяргеем Харэўскім. А яшчэ — з Ганнай Матусэвіч.
Невялічкая і худзенькая, працаўніца, сапраўдны філёзаф, птушка, што затуляе крыламі трох сваіх птушанятаў – стойкі салдацік у віхуры жыцьця, такога жорсткага… І я спадзяюся, што прачытаю ў “НН” яе новыя допісы.
…Але як усё зьмянілася за дзесяць год! Днямі мы зь Нёняй па справе гулялі па вуліцы на вазку і пабачылі чалавек з дваццаць дзяўчат ды хлопцаў, што энэргічна шпацыравалі ў калёну па адным. Хацелі дагнаць, каб спытацца: ці ж гэта і ёсьць знакамітыя “зубры”? Ды дзе! Мала што ўзгадаваная малаком з тлустасьцю 1,5% моладзь крочыла так шпарка, што нам з нашым вазком іх было не дагнаць… Не хапіла хуткасьці! Гэта я да таго, што час ідзе няўмольна, і тыя, хто рабіў і чытаў першыя нумары адноўленай “НН”, хутка стануць адгукацца на зварот “дзядуля” і “бабуля”. Аднак, несумненна, заўсёды будуць жыць людзі, што ўвесь час бачаць унутраным зрокам адну травінку і адну зорку. Спадзяюся, “НН” застанецца газэтай для іх.
Наталка Бабіна
“НН” — гэта магчымасьць...
...мне, маладому, быць маладым.
І я для “НН” не чужы, як не чужое для мяне заасфальтаванае поле беларускай Беларусі, дзе прабілася рунь, якая сама цягнецца і нам пазначае шлях да Сонца, і якая ведае, што такое Сонца, пад якім жывуць Сабакі і Гражданы.
Віктар Шніп
Пра “Нашу Ніву” і пра сябе
Аднойчы мне прысьніўся Несапраўдны Кніжны Скарпіён. Ён выпаўзаў з адной тоўстай архіўнай кнігі і хаваўся ў іншай — нібыта клікаў за сабой. Можна сказаць, што сон амаль спраўдзіўся...
За 10 год не было такога, каб я не трымала ў руках сьвежага нумару “НН”. Газэту церабіў нарачанскі вецер і залівала гарбата ў цягніку... Зьвязка нумароў пачатку 90-х і цяпер ляжыць на паддашку на лецішчы. Зададзены тон і выбраная інтанацыя найчасьцей былі блізкія мне. Фатаздымкі і візуальныя выявы — нібыта ўбачаныя і маімі вачыма таксама. Калі па форме “НН” — газэта, дык па зьмесьце — зьява. Падзея памежжа стагодзьдзяў. Падзея беларускага і высакароднага кшталту. Яна не выклікае разбуральнага і гнятлівага пачуцьця, як пераважная большасьць сёньняшніх друкаваных выданьняў. На старонках “НН” заўсёды ёсьць месца квітнеючаму грушаваму саду.
Вольга Бабкова
Што значыць для мяне «Наша Ніва»?
На гэтае пытаньне адказаць цяжка, бо для мяне яно гучыць накшталт: «Што значыць для цябе сонца, паветра, сябры...» Менавіта сябры. «НН» — гэта даўні добры сябар. «НН» — сапраўды першая беларуская газэта. Першая і па часе, і па значнасьці. Менавіта беларуская газэта. «НН», як той добры сябар, ніколі не падманвала сваіх прыхільнікаў, ня здрадзіла і не пакінула сваіх прынцыпаў. Для мяне «НН» — адзіная выспа ў моры расейшчыны, канфармізму, здрады і каньюнктурнага гандлю сумленьнем, што назіраліся цягам апошніх гадоў ледзь не ва ўсіх астатніх газэтах. «НН» — гэта яшчэ і эталён сапраўднай беларускай мовы. Жыве «НН»!
Уладзь Бараніч
Семдзесяці шасьці гадоў як не было
Калі б мяне папрасілі назваць тры лёсавызначальныя моманты ў маім жыцьці, дык, бадай, на першае месца я б паставіў сьнежаньскі вечар у адным з пакояў гомельскага Палацу будаўнікоў, дзе зьбіраліся мясцовыя БНФаўцы. Пярэдадзень новага 1992 г. Няўтульнае, халоднае памяшканьне з разьбітымі канцылярскімі сталамі ды ледзь цёплымі батарэямі. Тузін нацыяналістаў, у сталым зборы якіх я бачыў толькі адзін сэнс — трэба ж зь некім паразмаўляць па-беларуску ды абмеркаваць на роднай мове грандыёзныя пляны на будучыню. «Калі мы прыйдзем да ўлады...».
Самымі папулярнымі тэмамі былі:
— як назваць вуліцу Савецкую (не вяртаць жа ёй назву расейскага акупанта);
— яцьвяскі сэпаратызм.
Я быў за Румянцаўскую й спачуваў загадкавым балтам у іхным змаганьні зь беларускім вялікадзяржаўніцтвам. Наш нацыянальны жыд Саладоўнікаў раскладваў друкаваную прадукцыю зь Менску. Тады гэты гешэфт прыносіў яму някепскія грошы. Сярод бел-чырвона-белых значкаў, насьценных календароў з «Пагоняй» ды плякатаў з Данчыкам я заўважыў газэту, якой дагэтуль бачыць не даводзілася.
Я перагарнуў старонкі... І страшэнна раззлаваўся на сябе, што нейкім чынам прапусьціў папярэднія тры нумары. У газэце зьдзіўляла ўсё. І што яна выходзіла несавецкім правапісам. І што выдавалася ў Вільні. Аднак галоўны фокус быў у іншым. Аўтары здолелі стварыць ілюзію, што газэта выходзіла ў той Вільні безь перапынку. «НН» даравала імгненнае адчуваньне, што не было гэтых БССРаў з трактарамі ды пяцігодкамі. Проста нумары за 15-ы—91-ы гады недзе згубіліся. І гэта было грандыёзна. Я ўжо ня слухаў размоваў пра нядобрых яцьвягаў. Хай аддзяляюцца, куды хочуць. Я хацеў у незнаёмы сьвет. У Вільню. Дзе жывуць геніі.
Я такі раздабыў тыя першыя нумары. Аднак запоем чытаць ня стаў. Я вельмі ашчадна дазаваў гэтае чытво. Быццам дарагое, стогадовай вытрымкі віно. Пакідаючы на кожную раніцу па бачыне. Я знаёміўся зь яе аўтарамі — з Сысом і Борхесам, з Глёбусам і Сарот, зь Мінкіным і По. Ня важна, што некаторыя ўжо даўно не жылі на гэтым сьвеце і нават ніколі не бывалі ў Беларусі. Для мяне гэта ўсё былі яе аўтары. І чым больш я зь імі знаёміўся, тым мацней мяне цягнула ў Вільню.
Вось толькі да адной загадкі я ніяк ня мог знайсьці ключа. Чаму «Нашай Ніваю» не зачытваецца ўся краіна? Так, краіна безумоўна моцна зрусіфікаваная, а «Наша Ніва» занадта арыстакратычная. Але ж паспрабуйце мне тады, у той час назваць што-небудзь лепшае за «Нашу Ніву»? Адказ я знаходзіў у санлівасьці ды савецкасьці гораду Гомеля. Які, нібы антыпод, знаходзіўся зь Вільняю ды Менскам на адной восі. (Я нават не здагадваўся, што яшчэ пяток гадоў таму галоўны натхняльнік гэтага праекту стагодзьдзя жыў у суседнім ад мяне пад’езьдзе). Аднак у бліскучай будучыні гэтай газэты я не сумняваўся. Па-над нашымі галовамі луналі нашыя сьцягі. У нашых школах усё часьцей гучала нашая мова. А «Наша Ніва» пачала зьяўляцца ня толькі на нацыяналістычных сходах, але і ў звычайных шапіках. Да канчатковай сувязі перарваных часоў трэ было зусім крыху пачакаць. Ну, якіх гадоў дзесяць. Ня болей...
Я вельмі люблю, калі дэпрэсія ці калі сумна на душы, пагартаць тыя старыя нумары віленскага пэрыяду. Каб на нейкае імгненьне вярнуць сабе адчуваньне першаадкрывальніка. Каб лішні раз пераканацца: усё, што было зроблена, нікуды не прапала. Каб ізноў нясьцерпна захацелася Вільні.
Зьміцер Бартосік
Калі ты купляеш ці атрымліваеш...
...па пошце гэтую газэту й прабягаешся вачыма па назве, у мазгох гучыць: “Наша Ніва”. Такім чынам ты спрычыняешся да пэўнага таварыства людзей, якія выдаюць і чытаюць яе – “нашу” – значыцца, і тваю. Ты пытаешся ў знаёмага: “Чытаў апошнюю “Нашу Ніву?” Значыцца, яна вашая – твая й твайго знаёмага. Пытаешся ў шапіку: “Ці ёсьць “Наша Ніва”? Атрымліваецца, што яна ня толькі твая, але яшчэ й прадаўшчыцы. Нават калі чалавек кажа: “Апошняя “Наша Ніва” мне не спадабалася”, — дык гэта гучыць, як “Сёньня ў нас ня вельмі ўдалы дзень” ці “Апошні тыдзень надвор’е нас ня песьціць”.
Такім чынам, чым болей людзей вымавіць услых ці нават проста прачытае гэтую назву, тым болей спрычыненых асобаў мы будзем мець. Хіба што толькі шмат хто зь іх пакуль пра гэта не здагадваецца.
Лявон Вольскі
“Ніўка, Ніўка, вярні маю сілку!”
Колісь так прыгаворвалі кабеты-жнейкі, качаючыся па пожні. Калі ўжо не было сілы жаць далей. Так прыгаворваю я штопанядзелак, шукаючы яе па шапіках “Белсаюздруку”. Натуральна, я не качаюся на разасланай газэце. Я чытаю — і да мяне вяртаюцца сілы.
Быць сабою ў нашым грамадзтве складана. Трэба ўвесь час пружыцца й тужыцца, каб ціск асяродзьдзя цябе не размазаў, як кіт камбалу. Я чытаю “Ніўку”, і да мяне вяртаецца мой унутраны пульс і ціск, роўны ціску звонку. Жыцьцё патроху пачынае наладжвацца.
“Ніўка”, “Ніўка”, вярні маю сілку!
Я ня памятаю, як я ўпершыню ўзяла ў рукі “НН”. Цяпер-то мне здаецца, што я нарадзілася зь ёй у руках. Штопанядзелка я брыду дахаты, апусьціўшы нос у разгорнутую газэту, натыкаючыся на людзей, ліхтары й прыступкі.
“НН-1” рабілі ў самым гарадзкім з гарадоў (Вільні) для самае вясковае вёскі (беларускае). Цяпер газэта выходзіць у Менску, які ні горад ні вёска. Для людзей, якія аднолькавыя і ў горадзе, і ў вёсцы, і ў лесе, і ў балоце – для беларускіх беларусаў. Людзей, якія носяць у сабе ўсе беды й надзеі гэтай беднай краіны, якая спрабуе сама зь сябе злупіць скуру. “НН” стала па-за векавымі, адукацыйнымі, сацыяльнымі, геаграфічнымі катэгорыямі, яна піша для тых, хто захоўвае сябе ў Беларусі і Беларусь у сабе. Гэтая газэта была створаная для нас.
Нас у краіне мільён. Але мы не зьліліся ў масу, народ, не пакрылі нератам наша балота. Ледзь не адзінае, што нас лучыць, – “НН”. Народнага Фронту больш няма – ёсьць нешта БНФ. Застаецца “Наша Ніва”, захавальніца еднасьці, уздымальніца духу. Яна й ніва, і зерне ў гэтай ніве. Але ня капсуля, не рэзэрвацыя, ня клюб па зацікаўленьнях. Жывая, жыцьцядайная “Ніва”. Наша, і больш нічыя.
Дык падпісвайся на гэту марцыфаль!
Ева Вежнавец
Сонца свабоды праз хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашаю ніваю.
Янка Лучына
Мне не забыць “Нашай Нівы” па пераезьдзе газэты ў Менск. Першая палова 1996 г. Надзеі на лепшае, на перамены ў грамадзтве, нейкая невыносная лёгкасьць быцьця — і зьмена іміджу газэты. Здавалася, вось-вось — і ўсё зьменіцца. І газэта актыўна садзейнічала зьменам. Паралельна быў створаны Беларускі гуманітарны фонд “Наша Ніва”, што зрабіў шмат карыснага... Пасьля Менскай вясны наступіла халодная восень...
Кожны панядзелак чакаю трэцяй-чацьвертай гадзіны дня і зьяўленьня газэты ў кіёсках. Страшэнна злую, калі ў шапік газэты не завезьлі ці ўжо разабралі. Колькі дзён таму я злавіў сябе на думцы, што ня ведаю, колькі каштуе нумар. Навошта ведаць, калі я яго ўсё роўна куплю.
Алег Гардзіенка
Гэта не газэта
Я ня радаваўся, што наша газэта будзе называцца «Наша Ніва». Усё ж я не Купала. Дубавец ня Ўласаў, Харэўскі не Гарэцкі. Я заўсёды быў за тое, каб ствараць нешта новае, а не выкарыстоўваць старое. Таму, можа, і не надрукавалі мяне ў першым нумары. А замест мяне надрукавалі Сэлінджэра. Я ня быў архітэктарам «Нашай Нівы». Я быў пісьменьнікам, які друкаваўся на старонках «НН». І дзякуй Богу, што свая была пляцоўка, на якой добра было працаваць, рэалізоўваць свае празаічныя, палітычныя праекты. За дзесяць гадоў найлепшым для “НН” быў віленскі пэрыяд, калі яна выходзіла раз на месяц. Гэта было культурнае выданьне.
Я наагул не ўспрымаю «Нашай Нівы» як газэты. Чым больш там газэты, тым больш там глупства, маразму і таго, што назаўтра будзе нікому не патрэбна. Як на сёньняшні дзень нікому не патрэбна інтэрвію з Кебічам, якое друкавала «Наша Ніва» ў 1996-м. І ёй ня трэба гэтым займацца. Яна для мяне тыднёвік, а не газэта. Яна павінна адказваць на асноўныя пытаньні. Для мяне як для беларуса, чытача. Якія нашыя ідэалы? Чаму здарылася тое ці іншае? А што здарылася — гэта па радыё пачуем. Як здарылася — убачым у тэлевізары. Таму я ў ёй існую і прысутнічаю. І разглядаю, думаючы заўсёды пра нешта ідэальнае. Як напісаць так, каб і праз сто гадоў можна было выдаць факсымілем ці сабраць тое, што я пішу, у кніжачку.
З усяго, што друкуецца ў «НН» мяне цікавіць толькі тое, што потым зьбярэцца ў кніжкі, што будзе перавыдавацца. Мяне не цікавіць люстра дзён. Гэта задача ня «Нашай Нівы». Ня гэтага тыднёвіка. Паэзія павінна прысутнічаць не выпадкова, а ў кожным нумары. Павінна быць беларуская проза. Бяз гэтага «Наша Ніва» нікому не цікавая. Развагі пра Домаша ці Пазьняка менш цікавыя, чым верш Пазьняка. І добра было б, каб Домаш напісаў апавяданьне. Для іміджу.
Адам Глёбус
“Наша Ніва” расказала мне пра маю Бацькаўшчыну...
...Маё засваеньне беларускасьці, дзякуючы “Нашай Ніве”, было інтэнсіўным. Свой першы артыкул я напісала ў 1996 г. – пра адкрыцьцё “Макдональдзу” ў Менску. Памятаю, зь якім хваляваньнем у панядзелак я купіла газэту і пабачыла там сваё прозьвішча. Я адчувала гонар, а мае калегі і сябры з Радыё 101.2 шчыра мяне павіншавалі – друкавацца ў “Нашай Ніве” прэстыжна. Як і быць крыху далучанай да надзвычай прыемнага калектыву адукаваных, іранічных і сучасных людзей. “Наша Ніва” і зьвязанае зь ёй для мяне — гэта мадэль таго, якой бы я хацела бачыць нашую Беларусь. Такой яна, зрэшты, і будзе.
Вольга Караткевіч, Прага
“НН” чытаю...
...з самага першага нумару. Яна для мяне і крыніца інфармацыі, і цікавае чытво. А яшчэ — астравок незалежнасьці сярод акупацыйнага бруду і хамства. Гэта адзін з НАШЫХ бастыёнаў свабоды, які па-ранейшаму трымае абарону і не паддаецца ворагу.
За гэтыя дзесяць гадоў разам з “НН” падрастала й сталела патрыятычная моладзь, якая сёньня стаіць у першых шэрагах змаганьня за волю й незалежнасьць Беларусі. “НН” была й застаецца летапісцам Руху Супраціву.
Вельмі хацелася б, каб будучыня ў газэты была сьветлай і заможнай. Каб яна чыталася ня толькі інтэлігенцыяй, а пайшла б у гушчы нашага народу, несучы яму беларускія незалежніцкія ідэі.
Сяргей Ёрш
Верная газэта
Ня ведаю нават, хто ў свой час прыдумаў слоган штотыднёвіка “Имя” — “Газета для тех, кто умеет читать”. Слоган, безумоўна, удалы і з глыбокім падтэкстам. Калі б трэ было, у дачыненьні да “Нашай Нівы” я ўжыў бы слоган “Газэта для тых, хто ўмее верыць”. Бо, на маю думку, вераю і прасякнутыя старонкі “Нашай Нівы”.
Аднак гэта ня тая вера ў звыклым разуменьні слова. Прынамсі, ня вера ва Ўсявышняга, шмат у чым сьляпая ды пасыўная. Вера “Нашай Нівы” — актыўная, стваральная, гэта вера ў лепшую будучыню, вера ў чалавека грамадзкага, а таму — неабыякавага, актыўнага. Ды пры гэтым — інтэлігентнага, адукаванага і цікаўнага.
Я наагул люблю газэты, якія ня робяцца, а ствараюцца. Сёньня ў Беларусі такіх выданьняў няшмат. Часьцей за ўсё мы маем справу з паўсядзённай, адчуваецца — даўно абрыдлай вытворчасьцю газэтных палосаў, калі нават яўная ангажаванасьць стае не духоўным транквілізатарам, а ўсяго толькі сродкам зарабіць на жыцьцё. У “Нашай Нівы” ангажаванасьць таксама ёсьць, але яна — ня поза, а пазыцыя, яна — ня сродак, а дух, які ўсяліўся ў газэту ледзьве яна нарадзілася. Часы тады былі напэўна ня лепшыя ад сёньняшніх. Можа, таму й дух гэты актуальны й цяпер, запатрабаваны і натхняльны. Вось чаму, ставячы перад сабою мэту падзяліцца тым духам зь як найбольшай колькасьцю людзей, “Наша Ніва” будзе газэтай запатрабаванай яшчэ многія гады, падабаецца гэта каму ці не.
Газэта, якая траціць сэнс існаваньня, памірае надзвычай хутка. Ці пераходзіць у разрад тых, якія тыражуюцца канвэерным чынам, калі паўсядзённасьць прымушае чакаць адно ганарарнага дня, а зусім не чарговага нумару тваёй газэты.
А яшчэ “Наша Ніва” — газэта маладая, нават калі згадваць той самы яе дух. Я магу не пагаджацца з тым, што прапануе мне “НН”, магу зь нечым спрачацца, магу нэрвавацца з тае нагоды, што некаторыя матэрыялы, на маю думку, яўна недапрацаваныя, калі словы, бывае, апярэджваюць сэнс, але, пачаўшы стала чытаць “НН” гады з тры таму, сёньня ўсьведамляю, што чакаю наступнага нумару і мушу загадзя плянаваць час, каб было калі яго прачытаць увесь. А ці шмат, прызнайцеся, у Беларусі такіх газэтаў, якія б табе хацелася прачытаць ад першай старонкі да апошняй?
Вяртаючыся да слогану, зьвярну вашую ўвагу на тое, чым кіруюцца некаторыя іншыя выданьні. “Народная газета” піша “Жыве Беларусь!” і ганіць тых, для каго гэтыя словы — сэнс жыцьця. “Рэспубліка” піша “Не народ для ўраду, а ўрад для народу” і друкуе на сваіх урадавых старонках тое, што народ ня ў стане зразумець. Мне ж блізкія тыя газэты, у якіх зьмест адпавядае духу. Газэтаў для ўсіх сёньня быць ня можа. Мая газэта — тая, якая дапамагае мне ня страціць веры.
Дзьмітры Падбярэскі