Апытаньне «НН»

Газэта, якая добра раскупляецца мянтамі

Я выйшаў на праспэкт Скарыны з пытаньнем да народу, ці ведае ён газэту «Наша Ніва». Вось некаторыя адказы людзей з праспэкту.

 

“Ведаю, чытаю. Кожна раз па панядзелках купляю яе. І ведаю, што насупраць будынку міліцыі ў шапіку, што каля турмы, газэта раскупляецца мянтамі вельмі добра. Сам жыву там, ніколі не магу купіць. Прыходзіцца ў іншым месцы.

— А як даўно вы яе чытаеце?

— А як аднавілася. Адразу. Гэта колькі ўжо? Тры-чатыры гады, ці больш?

— Больш. Ужо дзесяць гадоў ёй.

— Значыць, дзесяць. Віншую. Самая беларуская газэта. Па духу. Шкада, што бывае, так адбываецца, што... Ну, карацей, бывае, што ня ў строчку, калі адных беларусаў на другіх натраўлівае. Ёсьць такое. Але й гэта патрэбна тожа”.

 

«Да, ведаем. Падабаецца. Многа вельмі цікавага бывае. Ну, увогуле палітыка — рэч вельмі сьлізкая. Але цікавімся й гэтым, вядома. Вельмі цікавімся. І вельмі хвалюе доля нашай Беларусі».

 

«Гэта сельская газэта. Для сельскіх жыхароў».

 

«Чуў, але не чытаў. Цяжка чытаць па-беларуску».

 

«Чула. Чытаю. Гэта вы па цілівізару паказываць будзеце?»

 

«Пару раз чытала. Харошая газэта. Трошкі інфармацыя канцэнтраваная. Не размытая, а канкрэтная».

 

«Знаю. Чытаю іншы раз».

 

«Ведаю.

— Вы чытаеце яе?

— Не. Я зусім не чытаю ніякіх газэт. Толькі гляджу тэлебачаньне. І мне стае й гэтага. Я нават напэўна ведаю, што ў тых газэтах будзе напісана. І мне ня нада яе чытаць. Вось гэтак».

 

«Да, ведаю.

— І калі вы яе апошні раз чыталі?

— Ой, даўно. Зараз у мяне другія інтарэсы. Вось і ўсё».

 

«На жаль або на шчасьце, ня знаю».

 

«Бадай ня ведаць!

— І Вы чытаеце яе ці не?

— Апошнім часам не, апошнія паўтара году.

— А чаму?

— Трохі расчаравалася. Стала менш цікавая для мяне асабіста. Як для мяне, гэтая газэта павінна была мець чыста культурную накіраванасьць».

 

«Ведаю. Чытаю, каб мець аб’ектыўную інфармацыю. Мне трэба чытаць «Нашу Ніву», каб аб’ектыўна да ўсяго падыходзіць».

 

«Нашай Нівы» я не чытаю. Я чытаю газэту «Народная Воля». Добрая газэта. Там усё ёсьць».

 

«Так, добра ведаю. Час ад часу чытаю. Нават некалі выпісваў. На жаль, кінуў, але час ад часу набываю. Вельмі прыемна пачытаць, што... працягваецца дыскусія, як называецца напысьнік. Зь якой стараны ён павінен быць на сапраўдным сабаку».

Як бачыце, «Нашу Ніву» ведаюць. Нават тыя, хто яе ніколі не чытаў.

Апытваў Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0