Прафсаюз пісьменьнікаў

Травень радуе нас разнастайнымі зьездамі ды сходамі. Заўтра – зьезд Саюзу Пісьменьнікаў. Чым мусіць займацца Саюз, каб у яго была будучыня? Ці варта баяцца, што, сьледам за грамадзтвам, расколецца і пісьменьніцкая арганізацыя? Адказваюць пісьменьнік-мадэрніст Адам Глёбус і пісьменьнік-традыцыяналіст Андрэй Федарэнка.

 

Андрэй Федарэнка:

За Іпатаву

Андрэй Федарэнка: Пры ўсіх сваіх хібах СП самы прагрэсіўны, самы дэмакратычны з усіх творчых саюзаў, якія я ведаю.

“НН”: За каго б Вы не галасавалі на зьезьдзе?

А.Ф.: За русафіла. Ні я, ні мае сябры ня будуць галасаваць за русафіла.

“НН”: За каго б Вы галасавалі?

А.Ф.: За Іпатаву. Я зь ёй па Эўропах два месяцы езьдзіў і добра яе спазнаў. Я ведаю, колькі ёй дастаецца, як ёй цяжка...

“НН”: Ці ёсьць шанцы, што Саюз пісьменьнікаў з часам ператворыцца ў прафсаюз пісьменьнікаў? Ці ёсьць у Іпатавай патэнцыял, каб спрыяць гэтаму?

А.Ф.: Усё ў СП ідзе да зьменаў. Так што гэта будзе. Толькі Іпатава наўрад ці будзе рэфармаваць Саюз вельмі рэзка. Наўрад ці.

“НН”: Самі Вы будзеце браць удзел у працы зьезду?

Так.

 

Адам Глёбус:

За Бутэвіча

Адам Глёбус: Ня трэба баяцца гэтага зьезду. Ён будзе ў значнай ступені афіцыйны. Можна баяцца канфармізму, які будзе панаваць на зьезьдзе. Аднак хутчэй за ўсё будуць і вострыя выступы. Напрыклад, устане Някляеў і пачне крытыкаваць Лукашэнку. Я вельмі спадзяюся на такі сцэнар.

“НН”: Беларускаму грамадзтву важна, каго абяруць старшынём сталінскага СП?

А.Г.: Па-першае, ён ня сталінскі. СП — дзяржава ў дзяржаве, гэта заўжды была асаблівая арганізацыя. Гэта яшчэ й надбудова над літфондам, створаная, каб дапамагаць састарэлым пісьменьнікам, хворым пісьменьнікам, а таксама пісьменьнікам, якія п’юць; каб апекавацца спадчынай, што застаецца пасьля памерлых пісьменьнікаў. Гэта функцыі СП, і ў іх ён пакуль што па-за канкурэнцыяй.

“НН”: Самі Вы будзеце браць удзел у працы зьезду?

А.Г.: Папросту не магу. Якраз у аўторак здымаюся на ОРТ.

“НН”: За каго б Вы не галасавалі на зьезьдзе?

А.Г.: Я не галасаваў бы за людзей, якія адсутнічаюць, калі іх абіраюць старшынём СП, якія ўнікаюць адказнасьці, як Іпатава, якія не карыстаюцца аўтарытэтам сярод пісьменьнікаў. Не галасаваў бы за людзей, якія п’юць на працы, за функцыянэраў, маргіналаў – неістотна, якіх.

“НН”: За каго б Вы галасавалі?

А.Г.: Я б галасаваў за чалавека, падобнага да адміністратара, – спакойнага, які любіць сваю сям’ю, сваіх дзяцей, які выхоўвае іх у беларускім рэчышчы... Атрымалася, як гэта ні дзіўна, за Анатоля Бутэвіча.

Гутарыў Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0