Дыскаграфія

20 СУПЭР-ГІТОЎ

“20 СУПЕР-ХИТОВ, РОЖДЕННЫХ В БЕЛАРУСИ. Вып.3”. Розныя выканаўцы. (р) 2001, Bulba Records.

“Брацкая магіла” — як называюць часам калектыўныя зборкі — ад “Bulba Records” як па складзе ўдзельнікаў, так і па песьнях шмат у чым паўтарае “More кахання”. Дзякуючы такой узгодненай выдавецкай палітыцы, пачынаеш папросту ненавідзець некаторых айчынных выканаўцаў, хоць і разумееш, што “бульбяная” салата была выдадзена з разьлікам на расейскі рынак.

“Палац” і ды-джэй Ray Хвісевіч пачынаюць “Русалкамі”, дзе, дзякуючы мікшэрнаму пульту, прысутнасьць беларушчыны зьведзеная амаль да зэра. Гурт “Чехов” — даволі прыемны вакал, далікатная, ненавязьлівая манера. Няўжо і іншыя песьні ў “Антона Паўлавіча” гэткія ж? Ня веру! “Ляпис Трубецкой” з дэнс-рэміксам песьні “НЛО”. Ня чуў арыгіналу, але калі гэта дэнс-рэмікс ( і рэмікс наагул!), дык я тады — Энрыке Іглесіяс. Ды-джэй Дыбош прызнаецца, што ў яго “Нет проблем”. Чыстая прапаганда — праблемы ёсьць, і даволі складаныя: песьня яскрава дэманструе розьніцу паміж простым і прымітыўным. Група “NEO” ў пошуках сутнасьці зьвяртаецца да зямлі. Зварот патыхае танным кабаком (у манеры вакаліста) і радуе, што ў беларускай рок-музыцы зьявіліся яшчэ два прафэсіяналы: піяніст ды аранжавальнік. “Купала” ад “Long Play”: песьня сведчыць, што з часу “заmoreнага” каханьня фізычны яе стан не зьмяніўся. Повар (назва? Імя?) запрашае зазірнуць у люстэрка ягонай душы. Гэтую песьню можна праслухаць колькі разоў бяз значнай шкоды для здароўя. Так, рэп выконваюць тыя, хто ня мае голасу, але тут адсутнасьць голасу не раздражняе. Далей — Сініца (імя? Назва?). Хутчэй за ўсё, жанчына прыгожая. А калі так, дык сьпявачкай быць зусім не абавязкова. Дый праблематычна ў дадзеным выпадку.

Рэклямная паўза... Прад’юсэр зборніка — Раман Арлоў (тры нумары ў альбоме), PR-мэнэджэр — Барыс Штэрн (чамусьці ніводнай песьні).

Едзем далей. “N.R.M.” зь песьняй “Катуй-ратуй”. Харошая песьня, запамінаецца. Ядзя з Сашам выконваюць шлягер Эдуарда ды Генадзя. Добрая палова песьняў з гэтага зборніка адразу і назаўсёды адпачывае! Аляксей Шадзько “накпіўся” з уласнага дзіцяці — “Марусі”: і скараціў яе, і перааранжаваў. Выйшла горш. “НОСпоВЕТРУ” (назва? Імя?) і “Летние дожди”. Арлоў-кампазытар і Арлоў-паэт. Можа, таму і не атрымалася, хоць голас саліста прыемны і на дзіва кабак аніяк не нагадвае. J-Морс (і не імя, і ня назва) сьпявае “Оду вечной любви”. Калі меркаваць па песьні, дык гэта не любоў, а нейкае збачэньне — нетрадыцыйная арыентацыя ў прасторы, часе і гусьце. Наталі Арцёмава нагадвае нам, што ад Дзі-Бронкса засталася хіба толькі памяць. А песьню, між іншым, Леанід Шырын напісаў неблагую. R.I.P.Legion з шэдэўрам “Пати”. Няма словаў, адзін рэп. Як толькі яно прагучала ў калёнках, з маёй кватэры сышлі тараканы.

Людміла Краўцова зь песьняй “Она ушла”. “Фанера” шматслойная і надзіва якасная. Калі Людміла здолее і жыўцом гэтак прасьпяваць — ручку пацалую. “Пани Хида” з суіцыднай песьняй “Стреляться”. Рокеры! Будзьце пільныя і не раскідайцеся словамі, асабліва калі іх могуць пачуць! Бо словы “шум океана гремит каждый день” сьведчаць, што іх аўтар меў сур’ёзныя праблемы ў пачатковай школе. “Харлі” з “Іванам ды Маняй”: наўрад ці яны трапяць дадому да канца году. Пэўна ж, збочаць у якую багну... Група “Навигатор” з “Автомобильной” песьняй: калі яны і надалей застануцца ў ліку малавядомых, наша культура адно набудзе. Нарэшце, “Безь Білета” зь песьняй “Мая краіна Беларусь”. Песьня даводзіць, што апрача гэтых словаў ужо нават і маладыя беларусы нічога больш людзкага вымавіць ня могуць.

Праслухаўшы той альбом, у Расеі атрымаюць наступнае ўяўленьне пра Беларусь: аўтары тут па інтэлектуальным ўзроўні імкліва даганяюць расейскіх; беларускі рэп — зьява такая ж аўтэнтычная, як і афрыканскі хакей; людзі, што маюць добрыя галасы, лічаць тут за лепшае займацца ня сьпевамі, а нечым іншым; “Bulba Records” — крутая фірма, калі не баіцца такімі зборкамі зьбіць з ног расейскі шоў-бізнэс.

Дзякуючы альбому на “Альфа-радыё” нарэшце загучаць беларускія выканаўцы. Няхай па-расейску, але й тое — крок наперад. Дарэчы, зьдзівіць расейскую публіку расейскамоўнымі песьнямі — амаль безнадзейна. А ў альбоме ўсяго тры песні і дзьве паўпесьні на беларускай мове.

Ат! Абы вайны не было!..

Дранікавы СЛУХАЧ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0