Бібліятэка

 

Маналёг краёўцаў

Край-Kraj: дыялёг на сумежжы культур / Рэд. Я.Агееў і Я.Іваноў; Магілёўская даўніна (спэц. вып. №8), МТ “Брама”. – Магілёў, Магілёўская абласная друкарня, 2000. – 264 с. ISBN 985-6568-43-9

Выдаўцы гэтай кнігі адразу задалі чытачам колькі загадак, падаўшы на вокладцы чатыры назвы і падназвы на трох мовах. Уважлівы прагляд засьведчыў, што гэты зборнік артыкулаў — штогоднік “Магілёўская даўніна” №8, які ў межах рэалізацыі ці то міжнароднай праграмы “Polonica-Albaruthenica-Lithuanica”, ці то праекту “Край: Дыялёг на сумежжы культур” набыў новы выгляд. Пра саму праграму выдаўцы не паведамляюць нічога, а праект прэзэнтаваны адным сказам: “Першая на Магілёўшчыне спроба абмену думкамі беларускіх і польскіх аўтараў па розных праблемах міжкультурных стасункаў”. З польскага боку ў “Краі” прысутнічае толькі матэрыял беластоцкай этналінгвісткі Ніны Андросюк і лекцыя Аляксандра Гейштара (1997 г.), зьмешчаная, відаць, як сьведчаньне пасьмяротнай пашаны вядомаму гісторыку. Так што “абмен думкамі” наўрад ці атрымаўся.

Гэтая кніга — хутчэй маналёг беларусаў, іх думкі пра Польшчу і польскасьць на нашых землях. Тэматыка вельмі шырокая: гісторыя, археалёгія, літаратуразнаўства, геральдыка, мовазнаўства, фальклярыстыка.

Археоляг Якаў Рыер у сваім артыкуле “Беларускія і польскія землі ў сярэднявеччы: пошукі цывілізацыйнай спэцыфікі” даводзіць, што гістарычныя шляхі Польшчы і Беларусі разышліся на Захад і Ўсход яшчэ з даўніх часоў. Іншы археоляг, Ігар Марзалюк, супярэчыць свайму калегу, даводячы, што Беларусь, як і Польшча, кіравалася ва ўлоньне заходняе цывілізацыі, толькі крыху павальней.

Публікацыя пад адной вокладкай тэзаў аднаго аўтара і іх абвяржэньне іншым выглядае не зусім карэктна. Яшчэ адзін археоляг, Анатоль Седзін, у каторы раз публікуе ўнікальныя матэрыялы з гарадзішча Нікадзімава, дадаўшы толькі, што, маўляў, нешта падобнае ёсьць у Польшчы.

Цікавыя факты падаюцца ў артыкулах гісторыкаў Аляксандра Вараб’ёва “Палякі гораду Магілёва і Магілёўскай губэрні ў палітычных падзеях 1917 г.” і Ігара Пушкіна “Грамадзка-палітычная актыўнасьць палякаў БССР у 20-я гады і стаўленьне да іх з боку дзяржаўнага кіраўніцтва” ды “Польскія культура-асьветныя ўстановы і польпраца на абшарах Калінінскай акругі (1924—1927 г.)”.

Літаратуразнаўства прадстаўленае артыкуламі Міколы Хмяльніцкага “Фэномэн беларуска-польскага літаратурнага сумежжа ў ХІХ ст.” і Яраслава Клімуця “Польскамоўная літаратура Магілёўшчыны”.

Ёсьць у часопісе і творы польскамоўных пісьменьнікаў у беларускім перакладзе. Сяргей Даніленка і Яўген Іваноў пераклалі Чэслава Мілаша. Мікола Хаўстовіч прапанаваў чытачам аповесьць Ігната Ходзькі “Ўспаміны квэстара”, якая адкрывае беларускаму чытачу яшчэ аднаго нашага пісьменьніка-рамантыка.

Яшчэ адно адкрыцьцё — вершы (на польскай і расейскай мовах) Сімяона Полацкага на сьмерць Ежы Пласкавіцкага, “забітага ад Масквы”, падрыхтаваныя І.Марзалюком. З Полацкім цяжка разабрацца. Калі чалавек заводзіць вялізны грасбух і кожнага дня, як на працы, запісвае туды вершык — нешта графаманскае ў гэтым ёсьць. Грашыў Сімяон Полацкі і вершамі на замову. Колькі яшчэ гэткай “паэзіі” ляжыць неапублікаванай у сховішчах разам з тымі грасбухамі?

Мовазнаўца Яўген Іваноў дасьледуе афарызмы і прыказкі, а Ніна Андросюк — лексыку сьвята Божага Нараджэньня на Беласточчыне. Незвычайная праца С.Даніленкі “Геральдычная сымболіка сабакі” падаецца як папярэдні матэрыял да слоўніка “Геральдыка Рэчы Паспалітай у эўрапейскім кантэксьце: сэміятычны аспэкт”. Аўтар шукае глыбінныя міталягічныя карані гербавых выяваў і назваў. Высновы ягоныя часта грунтуюцца на глябальных міталягічных схемах і, відаць, вэрыфікацыі не паддаюцца. (“Выява сабакі ў найбольш даўніх па часе свайго паўстаньня геральдычных знаках зьяўляецца перш за ўсё сымбалем бясконцага адраджэньня жыцьця і спадзяваньня на паўстаньне зь мёртвых пад апекай багіні-маці”.)

Невядома, ці будуць чытаць зборнік у Польшчы, але ў Беларусі ён — ці не найцікавейшы сярод усіх гэткіх выданьняў апошняга часу. Адно псуе яго “ўскраінная” назва.

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Янка Купала. Поўны збор твораў: У 9 т. Т.7. Драм. паэмы й п’есы. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 339 с. (4) арк. іл. – Наклад 5800 ас. ISBN 985-02-0269-6

У томе зьмешчаныя «Тутэйшыя», а гэтаксама драматычныя паэмы «Адвечная песьня», «Сон на кургане», «На папасе» і п’есы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо». Пры напісаньні камэнтароў да твораў выкарыстаныя дагэтуль невядомыя дакумэнты пра Купалу й ягоныя творы. Цана 880 р.

Национальная культура – важнейший стратегический ресурс Белорусского государства: Материалы респ. совещ. «О мерах по решению проблем культуры и искусства», Минск, 1 февр. 2001 г. / Ред. кол.: В.Заметалин, Л.Гуляко, М.Подгайный, Э.Скобелев. – Менск: Менская фабрыка каляровага друку, 2001. – 120 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-454-122-3

У кнізе без купюр, з захаваньнем адметнага стылю прамоўцаў, надрукаваныя выступы А.Лукашэнкі, Л.Гулякі, У.Андрэйчанкі, А.Ярмоленкі, Р.Янкоўскага, В.Іпатавай, Г.Пашкова ды інш. У сваім заключным слове А.Лукашэнка з уласьціваю яму эмацыйнасьцю дае рэцэпты на ўсе праблемы. Цана 215 р.

Б.Лазука. Слоўнік тэрмінаў: Архітэктура, выяўленчае й дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. – Менск: Беларусь, 2001. – 158 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-01-0124-5

800 тэрмінаў, шмат чорна-белых і каляровых здымкаў. У канцы кнігі зьмешчаны беларуска-расейскі альфабэтны паказьнік. Каштуе 3,3 т.р.

С.Падокшын. Іпаці Пацей: Царкоўны дзеяч, мысьліцель, пісьменьнік на пераломе культурна-гістарычных эпох. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 118 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-6393-2

У кнізе разглядаецца грамадзкая чыннасьць і літаратурная спадчына «архітэктара» Берасьцейскае уніі 1596 г. І.Пацея. Цана кнігі 950 р.

С.Тарасаў. Полацак IX—XVII ст.: Гісторыя й тапаграфія / 2-е выд. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 183 с.: іл. – Наклад 800 ас. ISBN 985-08-0453-Х

Грунтоўны досьлед тапаграфіі Полацку з мноствам плянаў, схем, малюнкаў. Каштуе 1,6 т.р.

Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Пад рэд. У.Ляхоўскага, У.Міхнюка, А.Гесь. – Менск: Энцыкляпэдыкс, 2001. – 374 с.: іл. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6599-25-3

Кніга складаецца з унікальных дакумэнтаў, што захоўваюцца ў архівах Беларусі (у т.л. КДБ), Літвы, Польшчы, Расеі. Шмат якія дакумэнты публікуюцца ўпершыню (некаторыя толькі былі надрукаваныя ў «Спадчыне»). Кніга дае шырокую панараму беларускага вызвольнага руху наконадні, у часе й па ліквідацыі Слуцкага збройнага чыну. У кнізе больш за 60 рэдкіх фатаздымкаў, 50 старонак займаюць грунтоўныя камэнтары. Кніга складаецца з разьдзелаў: «Хроніка падзеяў», «Галасы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну», «Сьведчаньні з-за кратаў» (сьведчаньні ўдзельнікаў паўстаньня на допытах у НКВД), у «Дадатку» – песьні случчакоў-паўстанцаў, карта Случчыны ў часе антыбальшавіцкага паўстаньня. Каштуе 3,5 т.р., прадаецца ў менскай «Акадэмкнізе», у сядзібах ТБМ і БНФ.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Водгукі

Каляніяльнае — па-расейску

Шчыра дзякую, што надрукавалі ў “НН” інфармацыю пра мой навучальны дапаможнік па рэлігіязнаўстве. У сказе “Пры канцы кнігі вытрымкі з Канстытуцыі краіны пададзеныя чамусьці па-расейску” я ўбачыў лёгкі папрок.

Па-першае, гэта адбылося з чыста тэхнічных прычынаў: я не знайшоў Крымінальнага кодэксу па-беларуску. У мяне быў выбар: альбо ў дадатку падаваць вытрымкі і па-беларуску, і па-расейску, альбо на адной мове. Па-другое, я не шаную гэтай рэдакцыі канстытуцыі і падаваць яе па-расейску лічу больш адэкватным яе характару.

В.Адзіночанка, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0