Ад сёньня беларускія пратэстанты пачынаюць трохдзённы пост, пасьля якога 17 чэрвеня будзе праведзеная агульнанацыянальная малітва. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да парушэньня ўладамі правоў рэлігійных меншасьцяў.

Апошнім часам адносіны паміж афіцыйнымі ўладамі і пратэстанцкімі цэрквамі ўскладніліся: дэпартаваныя з краіны больш за два дзесяткі сьвятароў — грамадзян замежных дзяржаваў, зьліквідаваныя тры пратэстанцкія царквы, тройчы сьвятары адбывалі арышты за тое, што праводзілі набажэнствы ва ўласных дамах. Адміністратар царквы «Новае жыцьцё» Васіль Юрэвіч аштрафаваны на агульную суму каля 5 тысяч эўра. 3 чэрвеня ў менскай пяцідзясятніцкай царкве, што на вуліцы Гурскага, некалькі тысяч вернікаў падпісалі зварот да прэзыдэнта і вырашылі правесьці пост і агульнанацыянальную малітву.

Распавядае намесьнік біскупа Аб’яднанай царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскай Сяргей Цвор:

«Мы шмат разоў пісалі, зьвярталіся да ўладаў, бо ёсьць нестыкоўка ў заканадаўстве. Закон забараняе праводзіць набажэнствы ў жылых дамах без спэцыяльнага дазволу, а ў нас 197 такіх дамоў, дзе адбываюцца набажэнствы. У любы момант могуць арыштаваць гэтых пастараў. Мы будзем маліцца, каб Гасподзь нас абараніў, таму што не атрымліваем адказаў на пісьмовыя звароты».

У вернікаў надзея толькі на Бога. Маліцца пратэстанты будуць ў сваіх прыходах. Але перад малітвай будзе трохдзённы пост, кажа Сяргей Цвор:

«Мы ня будзем прымаць ежы, мы будзем пасьціцца тры дні. Гэта біблейскі прынцып. Калі ніякія іншыя захады не ўзьдзейнічаюць, чалавек перад Богам паўстае, гэта ўнутранае зьмірэньне, чалавек зьвяртаецца да Госпада, адмаўляецца ад ўсіх. Мы ня будзем есьці і піць. Будзем зьвяртацца да Бога, будзем маліцца, каб Гасподзь нас абараніў. Мы верым у сілу малітвы».

Біскуп Аб’яднаньня грамад Хрысьціянаў поўнага Эвангельля Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што яго аднаверцы абавязкова падтрымаюць ініцыятараў посту і агульнанацыянальнай малітвы — аб’яднаньне Хрысьціянаў Веры Эвангельскай:

«У іх самы вялікі саюз цэркваў, і яны абвясьцілі пра трохдзённы пост і малітву за зьмену рэлігійнай абстаноўкі у краіне. А мы, як браты і сёстры, далучаемся да іх».

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0