З усёй краіны

 

Загінуў пчаляр

31 траўня быў сьмяротна траўмаваны пчаляр калгасу «Новае жыцьцё» Столінскага раёну. Трагедыя адбылася на пчальніку ў 15 кілямэтрах ад вёскі Кароцічы. Пчаляр К. 1943 г.н. запраўляў дымар. Ад неасьцярожнага абыходжаньня з агнём паветка загарэлася. Выбухнуў балён з прапанабутанавай сумесьсю. Паветку разьнесла, пчаляра выкінула на вуліцу. Выбух пачуў лясьнік, які знаходзіўся за кілямэтар ад пчальніка. Ён прыбег, убачыў пчаляра са шматлікімі раненьнямі твару й шыі ды па рацыі зьвязаўся са старшынём калгасу. Той прыехаў машынаю і адвёз пчаляра ў фэльчарска-акушэрскі пункт, дзе К. аказалі першую дапамогу й накіравалі ў Давыд-Гарадоцкую больніцу. Аднак давезьці не пасьпелі — у дарозе пчаляр памёр ад страты крыві.

Боепрыпасы

На лесасецы Бабінавіцкага лясніцтва ў Лёзьненскім раёне пры траляваньні лесу (гэта калі сьпілаваныя дрэвы сьцягваюць у кучу цягачом) выявілі склад мінаў савецкага ўзору. Цяпер сапёры дасьледуюць тэрыторыю, дзе ў 1943–44 г. праходзіла лінія фронту. А ў Менску на вул.Аэрадромнай у часе земляных работаў выявілі больш за 200 артылерыйскіх снарадаў часоў другой сусьветнай вайны. А ў Барысаве адзін вайсковец здаў у вайсковую контравыведку больш за 200 тратылавых шашак, якія ён выпадкова знайшоў на тэрыторыі сваёй часткі. Паводле адной з вэрсіяў, тратыл быў закапаны як «лішак» у часе расфармаваньня савецкіх частак Беларускай вайсковай акругі.

Дэмантаж бомбы ўручную

Часова прыпыніў працу цэнтар утылізацыі авіябомбаў, што ў мястэчку Прудок Гарадоцкага раёну. Праверка зь Міністэрства працы выявіла, што авіябомбы тут разьбіралі, ня дбаючы пра тэхніку бясьпекі. Напрыклад, адна з самых небясьпечных апэрацыяў — выкручваньне запалу — рабілася не з пульту дыстанцыйнага кіраваньня, а ўручную. Пры нармальным рэжыме працы ўтылізацыя ўсіх боепрыпасаў на Віцебшчыне зойме каля 20 гадоў.

Паводле БелаПАН

Мсьціслаўшчына пусьцее

За першыя 4 месяцы 2001 г. на Мсьціслаўшчыне памерлі 203 чалавекі, а нарадзілася толькі 93 дзіцяці. Цікава, што 28 матуляў на момант народзінаў не былі замужам. Яшчэ 3 зь іх — непаўналетнія.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Трактары за казіны пух

У Менск прыяжджаў міністар замежных справаў Манголіі Лаўсангійн Эрдэнэчуўлун. І здолеў дасягнуць поўнага ўзаемаразуменьня зь беларускімі ўладамі: нашая краіна гатовая экспартаваць у Манголію сельскагаспадарчую тэхніку, а яны нам – золата, медны канцэнтрат, а таксама вярблюджую воўну й казіны пух.

Паводле Радыё Рацыя

“Крышталь” прадаецца?

Пра мажлівую прыватызацыю расейскім газавым гігантам “Ітэра” гомельскага вытворчага аб’яднаньня “Крышталь” – адзінага ў Беларусі прадпрыемства па апрацоўцы каштоўных мэталаў і камянёў – у Гомлі кажуць рознае.

 

Людзям цікава, хто тую прыватызацыю будзе рабіць. Адны даводзяць, што галоўную ролю мусіць граць “замежны капітал, нават і расейскі”, іншыя – што “кантрольны пакет акцыяў мусяць трымаць беларусы”. “Працоўныя гэтага заводу”, – удакладняюць трэція. Людзі ня вераць, што прыватызацыя палепшыць сытуацыю на заводзе й у краіне.

Паспалітых жыхароў Гомля турбуе й тое, ці ня будзе працэс прыватызацыі хваравітым для працаўнікоў “Крышталю”, людзі панічна баяцца скарачэньняў.

Мноства гамельчукоў паставілася да праблемы з абыякавасьцю. Найбольш красамоўна яе выказаў лідэр гурту “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі: “Завод мяне ні за якае месца не кранае”. Гамельчукам надакучылі ўсякія брудныя гульні, але не стае голасу сказаць пра тое.

На самім заводзе трымаюцца думкі, што гісторыя з прыватызацыяй “Крышталю” скончыцца гэтаксама, як і зь менскай “Крыніцай”, якую абяцалі расейскай групе “Балтыка”, ды так і не аддалі. Абяцанкі цацанкі, а расейцам радасьць.

Сяргей Балах, Гомель

 

Глыбокае будзе з тэлефонамі

Яшчэ нядаўна ў Глыбокім трэ было зьдзейсьніць нейкі подзьвіг, каб табе паставілі тэлефон. І нават за “любыя грошы” не вырашалася гэтая праблема. Няма нумароў!

 

Два гады таму напісаў заяву, узяў пасьведчаньне сябра БАЖ, пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты і накіраваўся ў Глыбоцкі раённы вузел сувязі. Кажу: “Ёсьць закон па якім мне як журналісту на працягу году абавязаны паставіць тэлефон”. Дырэктар, сп.Далгіцар, кажа: “Першымі ідуць вэтэраны вайны, потым аўганцы, чарнобыльцы... Журналісты ў мяне па рэйтынгу 13-я. Пачакаць трэба гады два”.

Прайшло паўтары гады. Нечакана ў хату завіталі прадстаўнікі вузла сувязі: “Ці жадаеце ўстанавіць тэлефон? Калі так, прыходзьце заключыць дамову “Аб унясеньні грамадзянамі сродкаў на разьвіцьцё тэлефонных сетак». Кожны, хто жадае мець тэлефон, мусіць заплаціць 181 даляр па курсе Нацбанку. Першы ўнёсак – ня менш за 40% ад сумы – трэба зрабіць у сакавіку. Тэлефон будзе ўсталяваны да 1 студзеня 2002 г.

На глыбоцкіх вуліцах ужо два месяцы запар без выходных працуе землярыйная тэхніка. У пэўных месцах, пад тратуарамі і дарогамі, трубы з тэлефонным кабелем пракладаюцца мэтадам працісканьня, не парушаючы асфальту. Будаўнікі полацкія, а не глыбоцкія. Нашыя разумнікі заўсёды люкі калодзежаў робяць на паўмэтра вышэй асфальту — уначы, спатыкнуўшыся, можна галаву скруціць.

Глыбокае будзе з тэлефонамі. Аднак хто забярэ ў кішэню славу вырашэньня адвечнага пытаньня тэлефанізацыі?

Перада мной — футбольная “праграмка” матчу другой лігі чэмпіянату Беларусі ад 24 верасьня 2000 г. паміж камандамі “Азерцы” (Глыбокае) — “Дынама” (Менск). У ёй ёсьць просьба да глыбоцкіх заўзятараў прагаласаваць 15 кастрычніка за кандыдата ў палату прадстаўнікоў Васіля Храла, які будзе садзейнічаць камандзе “Азерцы” для хутчэйшага яе выйсьця ў вышэйшую лігу чэмпіянату РБ, а таксама спрыяць павелічэньню ёмістасьці тэлефоннай станцыі ў акрузе ня менш чым на 5000 нумароў для вырашэньня насьпелых праблемаў з сувязьзю”.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае

Фронт – дзецям

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, сябры бабруйскай гарадзкой арганізацыі «Маладога фронту» наведалі зь вiншаваньнямі дзіцячыя сіроцкія ўстановы гораду. Кожная ўстанова атрымала падарункi — беларускія кнiжкі з памятнымі надпiсамі: «Маленькiм бабруйчанам у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Чытайце сваё, шануйце сваё, любiце нашу Беларусь!»

Алена Андрэева, Бабруйск

Масквіна — ляўрэатка

Армія беларускіх ляўрэатаў расьце на вачах. Студэнтка пятага курсу Акадэміі музыкі Наста Масквіна стала ляўрэаткай трэцяй узнагароды Другога міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Івана Алчэўскага (Украіна, Луганск).

Ю.А.

Легалізацыя ідзе

Сэнсацыяй мінулага тыдня сталася заява галоўнага падатковага інспэктара сп.Сумара, што неўзабаве Беларусь можа перайсьці на адзіную стаўку падаходнага падатку. Гэта легалізуе значную частку даходаў (у “шэрым бізнэсе” працуе каля 700 тыс. грамадзянаў краіны) і павялічыць пералічэньні ў бюджэт. Праўда, калі адбудзецца пераход да адзінай стаўкі і ці будзе ён наагул — невядома.

Урад Ярмошына зрабіў усё, каб пазьбегнуць новых эканамічных санкцыяў з боку Захаду. Напярэдадні канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы з Фэдэрацыяй прафсаюзаў і Кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў было нарэшце падпісанае Генэральнае пагадненьне, паводле якога праз тры гады найменшы заробак у Беларусі павінен адпавядаць прынамсі пражыцьцёваму мінімуму. А што да “верхняй плянкі”, дык бюджэтнікам у 2003 г., як і сёлета, абяцаюць 100 даляраў. Такім чынам, менш чым праз два тыдні гучныя абяцанкі на “ўсебеларускім сходзе” былі “адкарэктаваныя”.

А прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць” могуць ператварыцца ў звычайныя паперкі ўжо праз год. Тым часам, палова насельніцтва краіны імі так і не скарысталася, бо дзяржава прыватызавала збольшага прадпрыемствы-“лежакі” (летась сярэдні памер дывідэндаў на адну акцыю-чэк склаў… 8 рублёў) і не адважылася дазволіць свабодны рух акцыяў. Вось тэмпы прыватызацыі й сышлі на нуль. Прыбытак атрымаў толькі той, хто ўклаў свае чэкі ў невялікія віна-гарэлачныя прадпрыемствы.

Сяржук Іваноўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0