Водгукі

 

Шаноўны спадар рэдактар!

Я поўнасьцю падтрымліваю заклік майго добрага сябра, доктара Янкі Запрудніка, да як найбольш шматлікага ўдзелу ў Трэцім зьезьдзе беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, які мае адбыцца 5—6 ліпеня ў Менску (“НН” ад 7 траўня г.г.). На вялікі жаль, сам прыехаць не змагу.

Некалькі тыдняў таму арганізатары зьезду прасілі ў мяне асабістыя дадзеныя, каб атрымаць ад Камітэту па справах рэлігіі і меншасьцяў дазвол на мой прыезд. Я ўстрымаўся да часу, пакуль не даведаюся больш дакладна, чаму такі дазвол патрэбны ў дадатак да нармальных вымогаў для атрыманьня візы. Празь некалькі дзён я атрымаў тэкст пастановы Савету Міністраў ад 18 жніўня 2000 г, №1313, згодна зь якою прадстаўнікі замежных рэлігійных арганізацыяў, што прыяжджаюць у Беларусь для нерэлігійнай дзейнасьці (навязаньне кантактаў, удзел у канфэрэнцыях, дабрачынная дзейнасьць і г.д.) могуць рабіць гэта толькі са згоды абласнога ці рэспубліканскага Камітэту па справах рэлігіі. Беларускія арганізацыі ці ўстановы, якія іх запрашаюць, мусяць напісаць заяву ў Камітэт па справах рэлігіі з абгрунтаваньнем неабходнасьці такога запрашэньня. Камітэт павінен разгледзець заяву і даць пісьмовы адказ на працягу 20 дзён.

Уважаю, што такая пастанова зьяўляецца дыскрымінацыйнай у галіне рэлігіі і абмяжоўвае свабоду рэлігійных перакананьняў асобы. Яна супярэчыць пунктам 18 і 19 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якую падпісала таксама Беларусь.

Ня ведаю, ці камітэт даў бы сваю згоду на мой прыезд. Дый гэта ня мае ніякага значэньня, бо я на такіх умовах прыяжджаць не зьбіраюся. Рабіць інакш было б ціхім прызнаньнем законнасьці дзеяньня гэтага камітэту і прыніжала б маю чалавечую годнасьць.

Пры нагодзе хачу зьвярнуць увагу яшчэ на адну справу. Падчас апошняй сусьветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады ў Беларусі выдавалі свае загады на дзьвюх мовах: нямецкай і беларускай. Цяперашнім уладам дастаткова адной мовы. Хай чытачы самі здагадаюцца, якой.

Жадаю посьпеху Зьезду: хай ён пакажа сьвету, што Беларусь жыве!

а.Аляксандар Надсан, Лёндан

 

Польскі інстытут у Менску

сардэчна дзякуе рэдакцыі газэты “Наша Ніва” за апублікаваньне артыкулу сп.Барыса Тумара пад назвай “Зычлівая абыякавасьць” (№21 ад 21 траўня), які датычыць дзейнасьці замежных прадстаўніцтваў у галіне культуры. З гэтай публікацыі мы нарэшце даведаліся, як працуем, што павінны рабіць і на якой мове. Пададзены сп.Барысам Тумарам тэкст асабліва зьдзіўляе аўтарытатыўным тонам, які сьведчыць пра добрае веданьне справы. Але нам здаецца, што журналіст жыве ў сфэры фантазіяў. Відавочна, што гэты матэрыял ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю, хіба што гэта віртуальная рэчаіснасьць, у якой з такім захапленьнем жыве толькі аўтар артыкулу, уводзячы ў зман сваіх суайчыньнікаў. Відаць, што гісторыя вучыць толькі аднаму — яна ніколі нікога нічому не навучыла. А калі гаворка ідзе пра мову, просім вас упэўніцца, ці мова, на якой напісаны артыкул, па сутнасьці зьяўляецца беларускай. Можа варта выдаць добры слоўнік сучаснай беларускай мовы, чаго мы жадаем усім беларусам, а асабліва аўтару нагаданага тэксту. Шкада, што найстарэйшая беларуская газэта, якая выходзіць з 1906 году (адноўленая ў 1991) настолькі суб’ектыўна ацаніла нашу шматгадовую дзейнасьць.

 

Ад рэдакцыі: Мы просім прабачэньня за неапраўданыя ацэнкі дзейнасьці Інстытуту, пададзеныя ў нумары, прысьвечаным “Мове як ахвяры палітыкі”. Гутарку з дырэктарам Польскага інстытуту ў Менску Цэзар’ем Карпіньскім чытайце ў адным з найбліжэйшых нумароў “НН”.

 

Нездаровая матэрыяльная зацікаўленасьць

Прачытаў ліст Сержука Пятровіча з Барысава пра нацыянальны дух. Тэза аб прафанацыі нацыянальнай ідэі слушная, але хацелася б нагадаць і аб «падводных камянёх» гэтае праблемы. На мой пагляд, падмуркам варожасьці, здрадаў і даносаў у «сваім» асяродзьдзі сталіся няздольнасьць захаваць чысьціню тае ідэі ды падмена яе ўласнымі амбіцыямі й нездаровай матэрыяльнай зацікаўленасьцю. Вось такія ідэі...

Цікава наконт гэтага адказаў мне былы аўганец са Слоніму, які ў свой час зарганізоўваў у Барысаве суполку БЗВ: «Маё савецкае дзяцінства спрэс прайшло ў нястачы й галечы, таму да грошай я звыкся ставіцца спакойна. А вось маладым кіраўнікам патрэбны час, каб пазбавіцца сындрому «грантасоса», бо жыць ім было прасьцей...». Спадзяюся, так і будзе.

Акім, Барысаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0