Пэсымізм і аптымізм самаўсьведамленьня

эсэ

Сумна жыць на беларускім сьвеце. Усё ня так, як сьлед.

Навокал усё менш белага. Падчас сьвятаў сярод каляровых сьцяжкоў, разьвешаных па вуліцах, чамусьці вельмі мала белых. Увосень“НН” пісала, як у Беларускім унівэрсытэце культуры загадалі замяніць на чырвонай шыльдзе дэкаратыўную бела-чырвона-белую стужку на бела-зялёна-белую. Зараз там ужо зялёна-чырвона-зялёная стужка. Дурнота, затое “паліцічаскі спакойна”.

Буртыш

Навокал усё больш “русского”. “Зубры” апазыцыянэраць выключна па-расейску. А шыльды чаго вартыя — “Кафе “Стары млын”, “тарговы цэнтр “Олимп”, або афішы — “Всебелорусский музыкальный фестиваль Belarusification”. Вось дык “беларусіфікацыя”... У краме “Птенчик”, непадалёк майго дому, я даўно нічога не купляю. Бо немагчыма быць усярэдзіне — раве “БіЭй” усякую лухту.

Нават афішы й праграмкі менскага тэатральнага супэр-гіту “Камэдыі” апошнім часам выходзяць па-расейску. Што, Малы тэатар гэтак гледачоў прываблівае? Або калі ў антракце юбілейнага спэктаклю па фае ходзяць “жыды”, наліваюць гарэлку, раздаюць сала і... размаўляюць па-расейску!? — гэта, бясспрэчна, псуе цудоўную задуму. Бо выбіваецца з агульнага настрою — на сцэне ж усё па-беларуску.

Усё менш беларускага. Шукае дзеўчына ў менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна матэрыялы па архітэктуры Беларусі — а ў каталёзе толькі — “русская архитектура” ды “архитектура зарубежных стран”. Дзеўчына пытаецца ў бібліятэкаркі, дзе ж беларуская архітэктура, і чуе: “Ну как гдзе? Аткрываем “архіцектуру зарубежных стран...”. І справа ня ў тым, што там, як і ў Нацыянальнай бібліятэцы, ёсьць асобны беларускі аддзел. Справа якраз у тым, што ў Беларусі беларускае дзесьці з бакавога ўваходу, а ў галоўнай залі — хіба што як замежнае. А ва Ўнівэрсытэце культуры многія студэнты могуць вольна разважаць пра Талстога-Пушкіна, а Багдановіча-Быкава-Міцкевіча згадваюць у пятую чаргу ды толькі па імёнах. І сканчаюць з нармальнымі адзнакамі. Ну, хоць трохі культурныя, але навошта ўнівэрсытэт беларускім завецца?

Усё больш гнюснага. Новыя шалёныя дэкрэты, фракцыі “Единство”, вар’яцкія тэлерадыёперадачкі. Або “народны сход”. Дарма цешыліся, што перад “маўзалеем” гербы беларускіх местаў разьвесілі — прыглядзеліся б... Што замест гербу Гомеля герб Беліцы — яшчэ палова бяды. А як Магілёў зь Віцебскам перакруцілі! Маразм вакол. Хоць бы пэўнасьць якая зьявілася з адзіным кандыдатам. І што з гэтым усім рабіць?

...Ніхто не здагадаўся, што такое “буртыш”? Я сустрэў гэтае слова ў мэню менскага бару “Санча Панса” — у разьдзеле “Піва”. Гэта яны гэтак “Бурштын Беларусі” перакруцілі! А побач — новае вар’яцтва на старую тэму: “Сторожитное”... Дарэчы, піва ўсё адно існавала толькі ў мэню, не ў рэчаіснасьці, але пра гэта ўжо надакучыла.

Я гэта я

Аднак чаго мы ўсё скардзімся на жыцьцё? Усё ж навокал — нашае, і робіцца ўсё больш нашым.

Музыка — нашая! Другі тыдзень у гіт-парадзе “Радыё Рокс” на першых чатырох месцах — беларускія песьні зь “Я нарадзіўся тут” і новых “Вольных танцаў”. Прычым “Я нарадзіўся тут” і “Разьвітаньне з Радзімай” трымаюцца на самым версе ўжо пяць месяцаў, і палянэз Агінскага – увесь час першы! Людзі жадаюць слухаць і падтрымліваць сваё. Тым больш, што яно таго вартае.

Мова — нашая! Гутарым у трамваі — побач бабулька азіраецца, азіраецца, нарэшце не вытрымлівае: “Гэта так добра — чуць нашу родную мову!”

31 траўня ў былым Альтэрнатыўным, цяпер Малым тэатры на “Камэдыі” перапоўненая заля ў чатырохсоты раз выбухнула авацыямі пасьля словаў “на маёй тэрыторыі патрабую размаўляць на маёй мове!”. Людзі могуць недасканала ведаць мову, мала карыстацца ёй – але прымаюць і паважаюць сваё.

Міліцыя — і тая нашая. Разгоны апазыцыйных акцыяў сьведчаць: ёсьць “адмарожаныя” спэцбрыгады, а ёсьць збольшага “нармальная” міліцыя. Колькі разоў даводзілася чуць ад “мянтоў”: “Прабачце, гэта загады такія дурныя...”! У майго знаёмага ў інтэрнаце ўсю ноч сядзелі сябры-міліцыянты — гэтак выконвалі загад лавіць тых, хто сьцягі разьвешвае. А паглядзіце беларускі КВЗ — менавіта каманды міліцэйскіх курсантаў самыя сьмелыя і дасьціпныя. Гэта наша міліцыя.

Памкненьні людзей — “нашыя”, аптымістычныя. Журналісты ды палітыкі прызвычаіліся думаць, што “простаму народу” трэба адно павялічыць заробкі й зьменшыць цэны — а тым часам людзі, сярод асноўных праблемаў, называюць недахоп інфармацыі. І пераважная большасьць беларусаў не зьбіраецца галасаваць за тое, што ёсьць цяпер. Хай невядома за каго — але вядома НЕ за каго. А што зашмат маразму — дык ён сьведчыць пра перадсьмяротную агонію.

“Я — гэта я”. Гэткае нязвыклае графіці зьявілася нядаўна ў Менску. Працэс усьведамленьня сябе як асобнага, і ўжо таму — каштоўнага чалавека, пайшоў бурнымі тэмпамі. Самаўсьведамленьне нацыі расьце таксама. Значыць, хутка будзе і мова, і дзяржаўная незалежнасьць, і новыя падставы для аптымізму.

Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0