Рабочы-незалежнік

Сяргей Антончык заклікае дэнансаваць дамовы з Расеяй і вынікі рэфэрэндумаў

Калі ўлады не зарэгіструюць Пазьняка, які ня жыў у Беларусі пяць гадоў, самым незалежніцкім кандыдатам можа стаць рабочы лідэр Сяргей Антончык.

 

Вылучэньне Антончыка ўжо выклікала нэгатыўную рэакцыю ў апазыцыйных колах. Адзін галоўны рэдактар, які думае, што толькі дзякуючы яму народ яшчэ ведае апазыцыйных лідэраў, адмовіўся даслаць свайго карэспандэнта на прэс-канфэрэнцыю Антончыка, заявіўшы, што вылучэньне Антончыка ідзе толькі на шкоду.

Каму ж выгадны ўдзел Антончыка?

Сацыялягічная служба НІСЭПД вылучыла тры асноўныя “варыянты”, якія могуць перамагчы Лукашэнку. Гэта, умоўна кажучы, «прамаскоўскі кандыдат», «намэнклятурны кандыдат» і «народны». Антончык хоча згуляць у той самы «народны» варыянт, які выкарыстаў Лукашэнка ў 1994 г. Варта, праўда, дадаць, што ўсе сацыялягічныя раскладкі часам разьбіваюцца чыньнікам, які не пралічыш – выразнасьцю асобы палітыка, ягонымі яркімі ўчынкамі.

«Народнаму» варыянту сацыёлягі, дарэчы, аддаюць найменшую верагоднасьць перамогі. Аднак ніша Антончыка якраз тут. “Рэвалюцыя масаў” у Беларусі не закончаная, і многія па-ранейшаму гатовыя выбіраць “свайго хлопца”, “не з намэнклятуры”. Лукашэнка разумее гэта, і ўвесь час падкрэсьлівае сваю адстароненасьць ад чынавенства, рэгулярна саджаючы ў турму некаторых і публічна “ператрахваючы” на сэлектарных нарадах усіх астатніх. Ён таксама змагаецца за самую выгадную нішу “незалежнага” кандыдата.

Калі б дэмакратычная палітычная эліта зь нейкіх малазразумелых мне прычынаў не адштурхоўвала Антончыка на працягу ўсіх гэтых гадоў, калі б напрацаваны ім досьвед і ўменьне выступаць былі падтрыманыя ўсімі рэсурсамі дэмакратычных сілаў, магчыма, ён бы сёньня мог быць самым рэальным альтэрнатыўным кандыдатам. Тым самым беларускім Валенсам, параўнаньне зь якім так і напрошваецца. Аднак гэтай падтрымкі няма, і, зразумела, у бліжэйшыя месяцы нічога ня зьменіцца.

Найгоршае, што могуць зрабіць зараз дэмакратычныя сілы, – гэта супрацьстаяць вылучэньню Антончыка, думаючы, што ён расьцярушвае апазыцыйных выбаршчыкаў. Гэта няслушнае меркаваньне. За каго, па-вашаму, прагаласуюць рабочыя? За Ганчарыка? Значная частка (калі ня большасьць) рабочых ненавідзіць ці, у лепшым выпадку, ня любіць афіцыйных прафсаюзаў. Акрамя апошняга году, калі ўсе пачалі думаць пра выбары, ФПБ і не намякала на нейкае процістаяньне ўладзе. На большасьці прадпрыемстваў прафсаюзы ў адной зьвязцы з дырэктаратам змагаліся супраць незалежных прафсаюзаў і асобных палітычна актыўных рабочых. А можа паўтара мільёны рабочых аддадуць свае галасы за “банкіра” Чыгіра?

Рэч у тым, што людзі ў нас галасуюць ірацыянальна, паводле прынцыпу «падабаецца — не падабаецца». І няхай яны сто разоў будуць супраць Лукашэнкі, але, калі «адзіны кандыдат» гэтаму канкрэтнаму выбаршчыку будзе чымсьці не даспадобы, ён выкрасьліць і Лукашэнку, і «адзінага» або зусім ня пойдзе на выбары.

У Антончыка на сёньня свае спэцыфічныя выбарцы. Тое, што ён не адбярэ галасоў у дэмакратычных кандыдатаў, ускосна можа пацьвердзіць і апытаньне «Нашай Нівы», у якім ягонае імя ўзгадвалася толькі аднойчы. Задача апазыцыі — прывесьці на выбары тыя 40% беларусаў, якія ўжо вырашылі не галасаваць за Лукашэнку, але яшчэ не гатовыя, і можа, ня будуць гатовыя аддаць свой голас за адзінага кандыдата. Такім людзям патрэбная альтэрнатыва. Антончык можа ёю быць.

Віталь Цыганкоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0