З УСІХ СТАРОН

 

Што той Ірляндыі да ўсходу Эўропы?

Ірляндцы на рэфэрэндуме адкінулі пагадненьні аб пашырэньні Эўразьвязу, падпісаныя ў Ніцы. Супраць прагаласавала 54% выбарцаў. Ірляндыя баіцца страціць частку датацый, калі ў ЭЗ увойдуць новыя краіны. Менавіта Зьвязу ірляндцы мусяць дзякаваць за дапамогу ў разьвіцьці гаспадаркі.

 Абураныя эгаізмам ірляндцаў французы прапанавалі правесьці на Зялёным Востраве новы рэфэрэндум і, калі вынік зноў будзе адмоўны, падумаць пра выключэньне краіны сьвятога Патрыка з супольнасьці. Немцы згадалі, што цягам астатніх 30 гадоў ірляндцы атрымалі ад Брусэлю дапамогі больш як на 50 мільярдаў эўра (гэта 42 млрд. даляраў). Польскія газэты напісалі, што Ірляндыя дапамогу атрымліваць ласая, а даваць іншым — няма дурных. Эўрапейская камісія ў пятніцу супакойвала кандыдатаў, маўляў, перамовы наконт уступу будуць ісьці ў ранейшым тэмпе.

Можна, каб улагодзіць Ірляндыю, прапанаваць ёй унесьці зьмены ў дакумэнты, прынятыя ў Ніцы. Так рабілі, калі Данія адкінула Маастрыхцкія пагадненьні. Аднак дамова аб пашырэньні ЭЗ тычыцца ўсіх краінаў Зьвязу, і нейкія льготы для Ірляндыі паставяць яе ў асаблівае становішча.

 

Барокавыя цэрквы й люстрацыйныя пасьведчаньні

Галоўным вынікам сустрэчы кіраўнікоў краінаў ГУУАМ (аб’яднаньне, што лучыць Грузію, Украіну, Узбэкістан, Арменію й Малдову) у Ялце сталася арганізацыйнае афармленьне гэтага хаўрусу, які існуе ўжо чатыры гады, але дагэтуль ня меў сваіх інстытуцыяў. Цяпер ГУУАМ атрымаў арганізацыйныя структуры й сталіцу — Ялту. Але самы важны дакумэнт — Пагадненьне пра стварэньне зоны вольнага гандлю — ухвалены ня быў, бо заўпарціліся ўзбэцкі і малдаўскі прэзыдэнты. Шэварднадзэ ж прапанаваў прыняць у хаўрус Румынію й Баўгарыю (яны яшчэ самі, праўда, ня вызначыліся), а новы малдаўскі прэзыдэнт Варонін, каб зрабіць дзейнасьць ГУУАМу “больш празрыстай”, хоча запрасіць расейскіх назіральнікаў.

Міністар унутраных справаў Чэхіі Станіслаў Грос абвясьціў, што пасьля адмысловае праверкі ў дзяржаўных структурах выяўленыя 114 былых агентаў сакрэтнай камуністычнай паліцыі (STB), якія ў 1991—92 г. атрымалі несапраўдныя люстрацыйныя пасьведчаньні. Чэскі прэм’ер Мілаш Земан выказаў сваё абурэньне тым, што былыя гэбісты здолелі ў абыход люстрацыйнае пастановы трапіць на адказныя пасады, дый прапанаваў нанова праверыць люстрацыйныя дакумэнты ва ўсіх установах — найперш у міністэрствах унутраных справаў і абароны.

Югаслаўская правінцыя Ваяводзіна патрабуе вярнуць ёй адабраную ў часы дыктатуры аўтаномію. Ваяводзінцы ня згодныя зь сёньняшняй прыватызацыяй, арганізаванай “зьверху”, што мае ў іх дзіўны нахіл — прадаюцца прыбытковыя прадпрыемствы, а ўсё нерэнтабэльнае застаецца ў рукох краёвае адміністрацыі. Ня дзіва, што ў бюджэце Новага Саду няма грошай. Маёмасьць правінцыі цалкам у рукох Бялграду.

Ваяводзінцы спадзяваліся, што пасьля перамогі дэмакратычнай апазыцыі ім вернуць самастойнасьць, абмежаваную ў 90-м, аднак Бялград па-ранейшаму ня хоча зважаць на мясцовы парлямэнт. Абурыла ваяводзінцаў і пастанова пра абавязковае выкладаньне ў школах рэлігіі — дзеля захаваньня “духоўнае еднасьці” сэрбскага народу. У краі будуюцца дзясяткі праваслаўных цэркваў у бізантыйскім кшталце, тады як ваяводзінскія бажніцы заўжды былі барокавымі (старшыня ваяводзінскае Скупшчыны лічыць гэтае будаўніцтва доказам курсу на “сэрбізацыю” краю). “Мілошавіча няма, але й сёньня большасьць бялградзкіх палітыкаў бачаць Сэрбію такой, якой яе бачыў Слабадан”, — кажа галава мясцовага парлямэнту.

Сяргей Рак

Карніла, аддай кадзіла!

Пасьля таго як Эстонія атрымала незалежнасьць, тамтэйшая Праваслаўная царква падзялілася на дзьве й цяпер адна зь іх лучыць перадусім эстонцаў і прадстаўнікоў старое расейскае эміграцыі, другая — расейцаў.

 

Вытокі гэтага падзелу трэба шукаць яшчэ ў 1917 г., калі ў Расеі Праваслаўная царква трапіла пад бальшавіцкі ўціск, а эстонскія праваслаўныя дабіліся для сябе аўтаноміі й перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю. У 1940 г. прыйшлі савецкія акупанты, і запужаны сынод на чале зь мітрапалітам Аляксандрам “добраахвотна” прыняў зьверхніцтва Масквы.

За немцамі паўстаў Балтыйскі патрыярхат. Увосень 1944 г. Аляксандар разам зь іншымі біскупамі ўсьлед за нямецкімі войскамі пакінуў Эстонію дый пасяліўся ў Стакгольме. Толькі на пачатку 90­х біскупы вярнуліся з эміграцыі на радзіму й утварылі незалежную ад Масквы Эстонскую апостальскую праваслаўную царкву. У 1993 г. улады вызналі яе адзінай спадчыньніцай даваеннай царквы, маёмасьцю якой да таго карысталася “расейская” царква. Апошнюю ўспрымалі як перажытак часоў акупацыі і доўгі час не рэгістравалі.

Аднак, за гады самастойнасьці стаўленьне да расейцаў у Эстоніі памякчэла. Калі яны выедуць, на рынку працы зьявіцца вялізная дзірка. Яе могуць пачаць запаўняць іншыя прыбышы, што зусім ня ведаюць гэтага краю й культуры. Таму сёньня ўлады робяць усё магчымае, каб тутэйшыя расейцы як найхутчэй інтэграваліся ў эстонскае грамадзтва. Расьце лік расейцаў, што маюць эстонскае грамадзянства і нават правым палітыкам даводзіцца зважаць на іхныя галасы.

Ня дзіва, што эстонскія ўлады ўрэшце пагадзіліся зарэгістраваць царкву, падлеглую Маскве, а палітыкі, каб атрымаць галасы тутэйшых расейцаў, пачалі выкарыстоўваць і рэлігійную карту. Так, бурмістар Таліну Моіс за падтрымку на выбарах дапамог расейскай царкве атрымаць галоўную бажніцу – Сабор Аляксандра Неўскага, насупраць парлямэнту краіны. Эстонская царква прасіла аддаць бажніцу ёй, аднак уладам невыгодна гэта рабіць: мэр трымаецца за галасы праваслаўных расейцаў.

Тады як прадстаўнікі найбольшай апазыцыйнай Партыі цэнтрыстаў дэкляруюць, што не дадуць нікому дзеля кароткатэрміновай палітычнай карысьці скрыўдзіць эстонскае царквы і перадаць расейцам нешта зь яе даваеннае маёмасьці.

Эстонскі мітрапаліт Стэфан упарта называе кіраваную мітрапалітам Карнілам царкву “маскоўскай” і цьвердзіць, што тая ня мае аніякага права на старыя цэрквы. Ён кажа, што зарэгістраванай яна можа быць толькі пад адной з да гэтага часу ўжываных назваў – Расейская праваслаўная царква ў Эстоніі ці Япіскапства Маскоўскага патрыярхату ў Эстоніі.

Трэба адзначыць, што на сёньняшні дзень у набажэнствах расейскае царквы рэгулярна ўдзельнічае 45 тысячаў вернікаў, а эстонскае – толькі 18 тысячаў. Увогуле ж у паўтарамільённай Эстоніі найбольш лютэранаў – 180 тысячаў. Неэстонцы складаюць каля 40% насельніцтва краіны. Праваслаўныя сярод эстонцаў зьявіліся пасьля 1845 г., калі расейскія ўлады раздавалі зямлю сялянам, якія кідалі лютэранства.

Нядаўна канстантынопальскі і маскоўскі патрыярхі заклікалі мітрапалітаў Стэфана і Карнілу скончыць спрэчкі й валодаць той уласнасьцю, якая ў кожнага зь іх ёсьць на дадзены момант.

Я. З.

Менск выбраў Хатамі

У пятніцу ў Іране абіралі прэзыдэнта. Ніхто не сумняваўся, што на другі тэрмін застанецца цяперашні кіраўнік краіны Хатамі. Ён атрымаў абсалютную большасьць галасоў — 22 млн. з 28-мі. Адным з кандыдатаў у прэзыдэнты Ірану быў міністар абароны, контр-адмірал Шамхані, які ў красавіку прыяжджаў зь візытам у Беларусь. Але ён атрымаў толькі каля 670 тыс. галасоў.

У нашай краіне стала жыве каля 200 іранскіх грамадзянаў. Прагаласаваць прыйшло 98 % тых, хто трапіў у сьпісы (г.зн. меў больш за 15 гадоў — у Іране і моладзь мае права голасу). Хатамі набраў у Менску 92%, за Шамхані прагаласавалі толькі два чалавекі. Што езьдзіў, што ня езьдзіў…

С.Р.

Забараняюць патрыманыя іншамаркі

Расейцы зьбіраюцца ўвесьці такія высокія мыты на ўвоз патрыманых іншамарак (старэйшых за 5 гадоў), каб іх стала зусім нявыгадна прыганяць. Тым самым урад хоча змусіць людзей купляць лапцёжныя “Жыгулі” й “Масквічы”. Пакуль невядома, ці пойдуць на гэткі ж бязглузды для Беларусі крок васальныя ўлады Менску.

 

Прэмія Вайновічу

Расейскі прэзыдэнт Пуцін прысудзіў Дзяржаўную прэмію ў галіне літаратуры Ўладзімеру Вайновічу за раман «Манумэнтальная прапаганда». Пісьменьнік быў уганараваны нягледзячы на тое, што летась страшэнна кпіў з Пуціна за вяртаньне мэлёдыі савецкага гімну ў якасьці гімну Расеі.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0