Крама баек

На студыі “Беларускіх песьняроў” кіпіць праца над першым сольным альбомам Зьмітра Вайцюшкевіча “Цацачная крама”. У праекце бяруць удзел Ядвіга Паплаўская (вакал), Алесь Пузыня (скрыпка), Зьміцер Бударын (трамбон), Андрэй Хвісевіч (акардэон), Алег Івашкевіч (гітара). Дыск выйдзе найпазьней у верасьні 2001-га. Мяркуючы па складзе выканаўцаў – гэта будзе штука.

 

Дзесяць песень з музыкай Вайцюшкевіча на словы Леаніда Дранька-Майсюка ўтвараюць цэлы спэктакль ва ўлюбёным нацыянальным жанры батлейкі. Хіба што Хрыста ды Марыі тут няма, ёсьць толькі свойскія жывёлы. Галодны Воўк. Баязьлівы Барсук. Разумная Варона. Злы Сабака. Няшчасны Казёл. Задаволены Певень. Незалежны Зубр. Рахманы Конь. Памяркоўны Мядзьведзь. Калгасны Баран.

Нехта, магчыма, угледзіць тут зварот да баечных традыцыяў Кандрата Крапівы. Аднак у вершах Дранька-Майсюка больш самаіроніі ды менш зласьлівасьці. Жывёлы там нагадваюць пэрсанажаў савецкіх показак. Гэта мы з усімі нашымі дробнымі заганамі. Мы па-ранейшаму сьмяемся – з саміх сябе й зь любой улады, якую мы здольныя перахітрыць, падмяць пад сябе, стварыць у яе ілюзію панаваньня, адначасова сабатуючы ўсе ейныя пачынаньні. Нездарма ж у кожнай песьні – выразны палітычны падтэкст.

Што праўда, часам ён мае выпадковы характар. Ані музыка, ані паэт нічога ня ведалі пра “зуброў”, калі складалі свайго “Незалежнага Зубра”. Таму Вайцюшкевіч, аднойчы пабачыўшы на сьцяне вялізны надпіс ЗУБР, спачатку палічыў гэта галюцынацыяй, выкліканай несупыннай працай над новым праектам. Аднак наступная сьцяна сустрэла яго тым самым графіці.

“Не чапаю я нікога,

Не чапайце вы мяне…”

А можна й не шукаць у іх аніякіх падтэкстаў. Дый аўтары сьведчаць, што альбом разьлічаны ня столькі на дарослых зь іхным аналітычным розумам, колькі на дзяцей. Невыпадкова дыск “Я нарадзіўся тут” карыстаецца найбольшым посьпехам сярод дванаццаці-трынаццацігадовых. Менавіта таму Вайцюшкевіч запрасіў у “Цацачную краму” Ядвігу Паплаўскую, чый голас заўжды асацыюецца з “Калыханкай”. І гэта можа стаць новым адкрыцьцём Паплаўскай для беларускай музыкі.

Паўз увесь альбом праходзіць узяты зь дзіцячых казак вобраз Гандляра Цацкамі, які сьпявае свае песьні на пачатку і пры канцы спэктаклю, а між песьнямі жывёлін прамаўляе маналёгі, напісаныя Драньком-Майсюком. Агучваў яго Вайцюшкевіч. Спачатку музыка хацеў запрасіць Віктара Манаева, які б прачытаў тыя тэксты прафэсійней і танчэй, аднак спужаўся фальшу, непазьбежнага, калі чытае адзін чалавек, а сьпявае іншы.

Гэткі страх перад фальшам увогуле тыповы для Вайцюшкевіча, які заўжды надзвычай сур’ёзна ставіцца да сваіх артыстычных абавязкаў. Ён цалкам аддаецца справе, якую робіць, – шчэ з тых часоў, калі ў Лідзкай музычнай вучэльні авалодваў мастацтвам ігры на клярнэце ды марыў пра паступленьне ў Санкт-Пецярбурскую кансэрваторыю. Або калі быў студэнтам Беларускага ўнівэрсытэту культуры і адначасова засвойваў сьпеўнае майстэрства ў Менскай музычнай вучэльні.

Ягоным настаўнікам быў Анатоль Баравікоў – адзін зь нямногіх беларускіх вакалістаў савецкай эпохі, які ўмеў укладаць сэнс у кожнае слова песьні. Ён не зрабіў кар’еры – у той час былі ў пашане моцныя й напорыстыя галасы, прыдатныя для сьпяваньня кантатаў пра Леніна на машэраўскіх канцэртах. Аднак сваіх вучняў Баравікоў выхоўваў у традыцыях асэнсаванага сьпеву. Ці не адсюль асаблівае, трапяткое стаўленьне да слова, якім Вайцюшкевіч прываблівае слухачоў?

Сваю артыстычную кар’еру ён распачаў у якасьці Санта-Кляўса, раздаючы дзецям калядныя падарункі ў падземным пераходзе на станцыі мэтро “Плошча Перамогі”. Потым быў “Палац”, першая фальклёрная экспэдыцыя па глухіх кутках Магілёўшчыны (фундавала гэтую экспэдыцыю Паўліна Сурвілла, дачка Старшыні Рады БНР), “Kriwi”… Простыя і стромыя сходы, якія ўвесь час вялі яго ўгару. На гэтым шляху Вайцюшкевіч спрабаваў сябе ўва ўсіх магчымых гіпастазіях – кампазытара, аранжавальніка, прад’юсэра, інструмэнталіста, вакаліста. І вось цяпер робіць свой першы цалкам самастойны альбом.

Многіх хвалюе, ці не азначае гэта, што “Kriwi” канчаткова разваліліся. З абыватальскага пункту гледжаньня, яны мусілі разваліцца пасьля разводу паміж Вэранікай Кругловай і Зьмітрам Вайцюшкевічам. Цяперака ў Зьмітра – новая сям’я, нядаўна нарадзіўся сын, якому акурат і прысьвечана “Цацачная крама”. Аднак асабістыя стасункі не ўплываюць на прафэсійную працу артыстаў. “Kriwi” яшчэ далёка ня вычарпалі свайго патэнцыялу, лічыць Вайцюшкевіч. Папросту музыкі шукаюць новых магчымасьцяў па-за рамкамі фольк-року і ствараюць собскія праекты – а потым вяртаюцца ў “Kriwi”. Прыкладам, Вэраніка апошнім часам жыве ў Бэрліне і найахвотней сьпявае ў дуэце з Наташай Остэркарн – нямецкай сьпявачкай і піяністкай расейскага паходжаньня, якая спэцыялізуецца на расейска-цыганскім рэпэртуары. Тым часам Вайцюшкевіч у Менску выпускае беларускамоўны дыск для дзяцей, цікавы й для дарослых.

А чаго чакаць ад яго ў будучыні – ня ведае ніхто. У Вайцюшкевіча свой шлях, у які ён сьвята верыць. Шлях, незалежны ад прыхамацяў моды і капрызаў натоўпу. Бо толькі на гэткім шляху можна стварыць музыку, якую будуць купляць вечна.

 

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0