Новы ARCHE

У сераду ў продажы зьявіцца новы нумар часопісу “ARCHE”.

Ён найтаўсьцейшы за ўсю гісторыю часопісу. У ім 320 старонак. Яго тэма – нацыяналізм. Прадмову да яго напісаў Сяргей Дубавец.

 

У рубрыцы “Кніга” ў нумары – “Маніфэст” славутага амэрыканскага тэрарыста-адзіночкі Ўнабомбэра.

У тэме: праца палітоляга Ўладзімера Роўды “Вытокі нацыяналізму», артыкул Сяргея Екельчыка «Нацыяналізм беларусаў, славакаў, украінцаў», эсэ Сакрата Яновіча “2+2=4” і Вінцэся Мудрова “Ўспаміны пра «Блакітны ліхтар».

Для аматараў інтэлектуальнай чытанкі: артыкул амэрыканскага славіста Эдварда Кінана, які пераканаўча даказвае, што “Слова пра паход Ігараў” – гэта фальшыўка. Дасьледаваньне пецярбурскага навукоўца Андрэя Катлярчука, прысьвечанае Браншчыне беларускай. Сяргей Варыводзкі піша аб праблеме абортаў, Тодар Копша зьвяртаецца да творчасьці Сьвятланы Алексіевіч, Кастусь Травень аналізуе прозу Ігара Сідарука.

Для аматараў літаратуры: падборка сьвежае постмадэрнісцкае прозы. У ёй: апавяданьне нашаніўца Сяргея Балахонава «Сьмерць лютністы», досьлед старшыні беларуска-індзейскага таварыства Алеся Сімакова «Рэзэрвацыі сьвядомасьці», фантазійныя ўспаміны апошняга жывога слуцкага паўстанца Алеся Яцэвіча (Змагара) «Сьцежкі-дарожкі». Аматары клясычнага пісьменства з асалодаю адкрыюць для сябе новыя пераклады з Гэсэ, Бёля, Гэрбэрта, а таксама верш у прозе Юрася Бушлякова “Лазьня”. Як заўжды ў “ARCHE” – новы, апошні верш Андрэя Хадановіча.

Багатыя і разнастайныя архіўныя матарыялы нумару. “Хроніка гурту “Мроя” Сержука Сахарава будзе цікавая ня толькі фанатам беларускага року, як і лібрэта опэры Натальлі Арсеньневай “Лясное возера” – ня толькі аматарам опэры. Друкуюцца таксама дасьледаваньне Ільлі Куркова пра першыя гады калектывізацыі Заходняй Беларусі і ліставаньне дзеяча беларускай эміграцыі Сьцяпана Шнэка.

Скарына


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0