Зондэркаманда?

Сьледчы з групы па справе Завадзкага Зьміцер Петрушкевіч заявіў, што ўлады перашкодзілі расьсьледаваньню магчымага саўдзелу камандзіра спэцпадразьдзяленьня хуткага рэагаваньня МУС Паўлючэнкі ў гучных злачынствах. Ён заявіў таксама, што міністар Навумаў добра знаёмы з падсьледным Ігнатовічам. Былы сьледчы Пракуратуры Алег Случак адначасова абвінаваціў Сівакова, Шэймана й Навумава ў стварэньні “эскадрону сьмерці”, на сумленьні якога — забойствы Захаранкі, Ганчара, Завадзкага і яшчэ дзясяткаў чалавек. Два гэтыя інтэрвію былі сынхронна распаўсюджаныя па электроннай пошце.

Вось сутнасьць расказанага сьледчымі.

 

Петрушкевіч кажа,

што, калі “распрацоўвалі” Ігнатовіча, галоўнага абвінавачанага па справе Завадзкага, сьледчыя дазналіся, што 13 траўня Ігнатовіч разам з Паўлючэнкам выкралі начальніка галоўнага рэвізійнага ўпраўленьня Міністэрства культуры Грачова, вывезьлі на Паўночныя могілкі, пагражалі яму сьмерцю за выкрыцьцё карупцыі ў менскім цырку. Грачоў апазнаў Паўлючэнку, тады пракурор Сьнігір даў згоду на ягонае затрыманьне. Дапытваў Паўлючэнку сам генпракурор Бажэлка, і быццам бы Паўлючэнка прызнаўся, што труп Завадзкага знаходзіцца ў раёне Паўночных могілак. Бажэлка напісаў запыт на імя Генпракурора Расеі, каб той даслаў у Беларусь тэхніку для пошуку трупаў у зямлі. Аднак праз тыдзень Лукашэнка адправіў Бажэлку й Мацкевіча ў адстаўку, паставіў пракурорам Шэймана, а Ўсьцінаву далі адбой, маўляў, неабходнасьць у тэхніцы адпала.

Сьледчым не дазволілі трымаць Паўлючэнку пад арыштам ані зрабіць ператрус у вайсковай частцы, дзе той працуе.

Петрушкевіч мае дакумэнтальныя пацьверджаньні гэтых сваіх словаў.

Сьледчы таксама сьцьвярджае, што міністар Навумаў добра знаёмы з Ігнатовічам і Малікам ды наведвае іх у сьледчым ізалятары, і што “калі казаць пра почырк учыненьня злачынства, дык тут адназначна прасочваецца сувязь і з выкраданьнем Захаранкі, і з выкраданьнем Ганчара і Красоўскага”, але ніякіх відавочных доказаў, каб пацьвердзіць гэтую сувязь, ня мае.

 

Случак

Алег Случак — былы сьледчы. Справу Завадзкага ён вывучаў ужо не ў Пракуратуры, а ў складзе грамадзкай камісіі па разборы зьнікненьняў. Случак, быццам бы, мае наступную інфармацыю зь невядомых крыніцаў.

Шэйман у свой час даручыў Сівакову як кіраўніку Ўнутраных войскаў стварыць спэцкаманду, якая магла б выконваць любыя даручэньні, аж да забойства. Падбіраў туды людзей Паўлючэнка. Каманда адпрацавала на крымінальных аўтарытэтах схему “ідэальнага забойства” са зьнішчэньнем трупа й перакваліфікавалася на палітычных супраціўнікаў дзейнае ўлады. Усяго на сумленьні групы — да 30 забойстваў. Расхадзіўшыся, яе ўдзельнікі пачалі займацца рабункамі й забойствамі з карысьлівых намераў.

Ніякіх дакумэнтальных доказаў сваёй вэрсіі Случак не прад’явіў. Зрэшты, яна й выключае іхную наяўнасьць. Даведацца пра існаваньне такой зондэркаманды можна было б толькі з асабістых прызнаньняў некага зь ейных удзельнікаў. Случак сьведчыць, што людзі, якія раскрывалі гэтую таямніцу, нечакана паміралі. Імёнаў памерлых ён, праўда, не падае. (Журналісты высьветлілі, што гаворка ідзе аб 26-гадовым амонаўцу Кабзару, сьведку па справе Ігнатовіча, і супрацоўніку менскага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Французаву — абодва памерлі ад “сардэчнай недастатковасьці” сёлета.)

Што выклікае недавер да словаў сьледчых

Перш за ўсё тое, што два інтэрвію былі распаўсюджаныя разам. Першае грунтуецца на сур’ёзных дакумэнтальных абвінавачаньнях у адрас Зьмітра Паўлючэнкі, другое — на высновах з вусных інфармацыяў і лягічных пабудовах.

Тое, што яны зьведзеныя ў адно, сьведчыць, што сьледчыя імкнуліся да “газэтнага эфэкту”. Чытача знаёмяць зь першым, абгрунтаваным, але малаістотным інтэрвію Петрушкевіча, каб ён паверыў тэксту, а пасьля — зь неабгрунтаваным, але істотным інтэрвію Случака. Гэта прапагандысцкі прыём.

Апроч таго, Случак і Петрушкевіч падаюць многа фактаў, пра якія яны маглі адно чуць ад іншых альбо здагадвацца. Адкуль шараговым супрацоўнікам пракуратуры ведаць, што сказаў Паўлючэнка Бажэлку падчас допыту? Ці маглі яны самі дазнацца, хто менавіта даручыў Сівакову стварыць “спэцгрупу”? Хто б распавёў ім пра гэткія рэчы? Хіба сам Сівакоў, Бажэлка або Мацкевіч.

Тое, што Петрушкевіч ды Случак маўчаць пра крыніцы інфармацыі, падрывае давер да іхных сьведчаньняў. Аднак не здымае пытаньняў да Паўлючэнкі і ягоных начальнікаў. Адсутнасьць якіх-кольвек зрухаў у пошуках Захаранкі й Ганчара вымушае верыць вэрсіі Случака пра “зондэркаманду”.

 

Чаго ня ведаў Петрушкевіч

Адзін вядомы журналіст, які займаецца расьсьледаваньнем справы зьнікненьня людзей ад самага пачатку, схіляецца да вэрсіі, што й інтэрвію Петрушкевіча грунтуецца на інтуіцыйных высновах з фрагмэнтарнай інфармацыі. На думку гэтага журналіста ня выключана, што Завадзкі яшчэ жывы і што яго, жывога, пры перадвыбарнай патрэбе яшчэ дастануць з рукава тыя, хто зладзіў гэтае выкраданьне.

Кіраўнік грамадзкай камісіі па расьсьледаваньні гучных зьнікненьняў, былы кадэбіст Алег Воўчак сказаў у інтэрвію агенцтву БелаПАН, што бачыць за ад’ездам Случака й Петрушкевіча сьлед працы расейскіх спэцслужбаў. Застаецца дадаць, што Петрушкевіч са Случакам цяпер знаходзяцца за межамі краіны, іхныя сем’і застаюцца ў Менску.

Электроннаю поштай, са спазьненьнем, праўда, быў распаўсюджаны здымак Случака зь Петрушкевічам падчас інтэрвію і фатакопіі некаторых дакумэнтаў.

Сівакоў УНІКнуў
адказу

Адзіным, хто адгукнуўся на скандальныя абвінавачаньні, стаў былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў. Ён даў інтэрвію “Белорусской Деловой Газете”, “Советской Белоруссіі” і “Белорусской газете” (паказальны выбар выданьняў). З гутаркі можна дазнацца, што Сівакоў варагуе з Шэйманам, Бажэлкам і Навумавым, што Паўлючэнка — паінька, але не даецца ніякага адказу на наступныя пытаньні:

— ці сапраўды Беларусь адмовілася ад раней заказанага спэцабсталяваньня для пошуку трупаў?

— ці вёўся разбор сьмерцяў Французава і Кабзара?

—што цяпер з Бажэлкам, дзе ён і чаму маўчыць?

— чаму былы старшыня КДБ Мацкевіч адмовіўся ехаць паслом у Югаславію і бавіць час у Маскве?

— чаму былі спыненыя сьледчыя мерапрыемствы што да Паўлючэнкі па справе Ігнатовіча?

І ўрэшце, дзе ж Захаранка? Дзе ж Ганчар? Дзе ж Завадзкі? Зрэшты, журналісты “БДГ” і “СБ” і не задаюць гэтых пытаньняў.

Крымінальныя абвінавачаньні

Калі Случак і Петрушкевіч маюць рацыю, словы пра “крывавы рэжым” з мэтафары робяцца жорсткай праўдай.

Улада адказала на абвінавачаньні маўчаньнем. Гэтае маўчаньне падрывае аўтарытэт Беларусі. “Лукашэнка камандаваў карным атрадам(???)”, — такі, прыкладам, загаловак дае аналітычнаму артыкулу расейскае інтэрнэт-выданьне gazeta.ru. Працэс над Ігнатовічам мусіць быць адкрыты. Расьсьледаваньне адносінаў Паўлючэнкі да справы мусіць быць адноўленае. Усе, каго падазраюць па справе Ігнатовіча, мусяць пакінуць свае пасады на час сьледзтва. Бажэлка й Мацкевіч мусяць быць сьведкамі на працэсе Ігнатовіча. Целы Французава й Кабзара мусяць прайсьці судмэдэкспэртызу. Лёс Ганчара, Захаранкі, Завадзкага. Красоўскага мусіць быць высьветлены. Калі гэта ня будзе зроблена, Лукашэнка ня мае права браць удзел у выбарах 9 верасьня. Калі гэтага ня будзе зроблена да 9 верасьня, гэта мусіць стаць першым крокам новага кіраўніка дзяржавы пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0