Валеры Булгакаў

Мабілізацыйная кампанія Лукашэнкі скіраваная на бізнэс-колы

 

З рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў для збору подпісаў пачаўся новы этап перадвыбарнай гонкі. Амаль штодня адбываюцца гучныя палітычныя акцыі. Патроху разгараецца скандал, выкліканы сэнсацыйнымі прызнаньнямі сьледчых Петрушкевіча і Случака, не сьціхаюць размовы аб прычынах адстаўкі вернага лукашэнкаўца Віктара Чыкіна з пасады старшыні тэлерадыёкампаніі, а ў мінулую сераду крыніца, якая пажадала застацца невядомай, распаўсюдзіла зварот аб магчымасьці правядзеньня ўладамі тэрарыстычных актаў для дыскрэдытацыі дэмакратычных кандыдатаў. А да гэтага ўсяго на грамадзтва абрынаецца неўтаймоўны паток інфармацыі, зьвязаны з хадой кампаніі выбараў.

 

Перадвыбарная гонка сапраўды займела новую якасьць. Цяпер, пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты, выявіліся раней нябачныя расклады сілаў. Лукашэнка па-ранейшаму працягвае ствараць ілюзію роўнасьці магчымасьцяў усіх вылучэнцаў. Яго бліскучы крок, па-сапраўднаму не ацэнены аналітыкамі, — прызначэньне кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы папулярнага майстра савецкага дэтэктыву, адстаўнога генэрала МУС і цяперашняга “старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы рады рэспублікі” Мікалая Чаргінца. Апошні адразу засьвяціўся ў СМІ — у інтэрвію “Советской Белорусии” ён паўстаў чалавекам старой загартоўкі, хваліў Лукашэнку і прыканцы заявіў пра сваё рэзка адмоўнае стаўленьне да паліттэхнолягаў і сучасных паліттэхналёгій, як, відаць, ад яго патрабавался, засьведчыўшы поўнае дылетанцтва у гэтым пытаньні: “Брудныя” палітычныя тэхналёгіі і прыйшлі сьпярша ў Расію, а цяпер іх спрабуюць прышчапіць і ў нас, часта дзякуючы тым жа расійскім тэлеканалам. Трэба быць рэальна гатовымі да рознага роду правакацый, фальшаваньняў і кампрамату. Чорны PR немінуча будзе выкарыстоўвацца высокааплатнымі паліттэхнолягамі — дамарослымі і прыежджымі — супраць Аляксандра Лукашэнкі як найбольш рэальнага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы. Мы гатовыя да гэтага, але адкажам самай дзейснай зброяй — адкрытасьцю, праўдай, рэальнай карцінай справаў”.

Тэма кадравай палітыкі Лукашэнкі заслугоўвае асобнай гаворкі. У сфэры публічнай палітыкі ён схільны аддаваць перавагу шэрым пэрсанажам з прамінулай савецкай эпохі. Узяць хаця б двух старшыняў палаты прадстаўнікоў — дзябёлага чырванатварага Анатоля Малафеева ці бюракратычна стрыманага Вадзіма Папова. Такія людзі ўнутрана залежныя ад свайго гаспадара, але, што найважнейшае, яны ствараюць выгаднае ўражаньне анахранічнасьці сыстэмы дзяржаўнай улады тады, калі гэтая ўлада карыстаецца найноўшымі PR-тэхналёгіямі.

Група ляяльных Лукашэнку кандыдатаў, якая сьпярша налічвала Леаніда Сініцына (у якасьці кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы ўсплыў Уладзімер Сьцяпанаў — былы намесьнік старшыні Берасцейскага аблвыканкаму, адстаўка якога нарабіла шмат шуму ў мас-мэдыях; Сьцяпанаў — блізкі сябар старшыні камісіі па працы, сацыяльных пытаньнях, ахове здароўя, фізычнай культуры і спорце палаты прадстаўнікоў Станіслава Гаварушкіна; во такая была зроблена камбінацыя), Віктара Цярэшчанку (характэрна, што “Советская Белоруссия” ў сваіх публікацыях прадстаўляе гэтага дырэктара Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту як “дырэктара беларуска-нямецкага СП”, пры гэтым сарамліва замоўчваецца той факт, што на апошніх парлямэнцкіх выбарах ён, як і Міхаіл Чыгір, ня здолеў здабыць дэпутацкі мандат) і некаторых іншых, папоўнілася новымі асобамі — у тым ліку сябрам рады рэспублікі ад Менску, прызначаным асабіста Лукашэнкам, Леанідам Калугіным, дэпутатам палаты прадстаўнікоў (таксама прызначанай, толькі не афіцыйна) Сяргеем Скрабцом, дэпутатам менскай гарадзкой Рады (і сюды ніхто проста так ня трапіў) Юр’ем Данькавым, а таксама старым бээсэсэраўскім намэнклятурнікам Міхаілам Марынічам, чалавекам, які мае агромністыя сувязі ў асяродзьдзі дзяржапарату і ня толькі ў ім.

Касьцяк гэтай групы складаюць правераныя ўладай кадры. Падчас апошніх выбараў у менскую гарадзкую раду Юры Данькаў (Шыцік) (ён жа кіраўнік Рэспубліканскай сацыяльна-гуманітарнай дабрачыннай арганізацыі і па сумяшчальніцтве дырэктар аднаго з найбуйнейшых менскіх начных клюбаў “Данькаў-клюб”, заснаванага ім сумесна зь Беларускім таварыствам глухіх(!), усяго на чатыры галасы выперадзіў галоўнага лекара раённай паліклінікі Зубілевіча.

Што датычыць Міхаіла Марыніча, да якога з такой сымпатыяй паставілася апазыцыйная прэса і нават Міхаіл Чыгір, дык ён карыстаўся неабмежаваным даверам Лукашэнкі. Толькі “Советская Белоруссия” летась прысьвяціла яму некалькі такіх хвалебных нарысаў, якія з пазыцыі сёньняшняга дня робяць уражаньне, што гэты чалавек распачаў сваю перадвыбарную кампанію ня сёньня і ня ўчора (“дарог пройдзена шмат... Але якія б пасады ні займаў гэты надзіва сьціплы і зычлівы чалавек, ён заўсёды застаецца эталёнам сапраўднай прыстойнасьці. Учора прэзыдэнт абвясьціў М.Марынічу падзяку” (№ 9, 14.01.2000); “споўнілася 60 гадоў М.Марынічу. Міхаіл Апанасавіч зрабіў у сваім жыцьці шмат — будаваў гарады, дарогі і масты. Зь яго імем зьвязаныя стварэньне менскага мэтро, добраўпарадкаваньне нашай сталіцы — М.Марыніч быў мэрам Менску. Таленавіты чалавек таленавіты ўва ўсім! Міхаіл Апанасавіч — буйны палітык” (№ 162, 05.07.2000).

Яшчэ адзін вылучэнец, Леанід Калугін, як вынікае з публікацыі Юр’я Дудзінава “На старце — 22 прэтэндэнты. Хто дабяжыць да першага фінішу?” у “Народной газете”, якая зьявілася ў мінулую сераду, “глыбока веруючы праваслаўны чалавек”. На пачатку мінулага тыдня “праваслаўны чалавек” яшчэ нічога ня мог адказаць на пытаньне карэспандэнта беларускай службы Радыё Свабода Юр’я Сьвірка аб прычынах свайго вылучэньня ((Калугін:) “Я ж вам сказаў — рана яшчэ пра гэта гаварыць. Ня трэба пра гэта. Ну навошта?” (Карэспандэнт:) “Але чаму Вы вырашылі вылучацца?” (Калугін:) “Ну як чаму? Таму што я грамадзянін Рэспублікі Беларусі”).

А як паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, кіраўнік ЗАТ “Гандлёвы Дом БелБабаеўскае” Сяргей Скрабец падчас падачы заявы быў у “хваравітым стане” (магчыма, намякаючы на стан алькагольнага ап’яненьня, дадамо ад сябе). Мікалай Лазавік заявіў літаральна наступнае: “Адчуваецца няцьвёрдая рука чалавека, які зь цяжкасьцю трымаў пяро”, а пасьля дадаў, што Цэнтравыбаркам спрабаваў знайсьці спадара Скрабца, але дома яго не было і мабільны тэлефон не адказваў.

Ці не тлумачацца ўсе гэтыя факты абарончай рэакцыяй Калугіна ды Скрабца на спробы маніпуляваць іхнымі асобамі?

Гэтых людзей аб’ядноўвае прафэсія — перад намі рознай рукі “гаспадарнікі” і бізнэсоўцы (не выпадкова, што этап рэгістрацыі ініцыятыўных групаў скончыўся шматзначным штрышком, які таксама апынуўся ў цэнтры ўвагі беларускіх СМІ, як электронных, так і друкаваных, — дасылкай па пошце дакумэнтаў для рэгістрацыі малавядомым бізнэсоўцам Аляксандрам Батурам).

Стала ясна, што вылучэньне такога роду кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ўжо з пачатку гэтага году — адзін з асноўных элемэнтаў мабілізацыйнай кампаніі Лукашэнкі. (Дарэчы, яна дэманструе структурнае падабенства да фармаваньня кааліцыі дэмакратычных кандыдатаў. Стварэньне пяцёркі прыцягнула да яе ўвагу розных слаёў беларускага грамадзтва — людзі сталага веку цешыліся, што пабачылі ў ёй камуніста Калякіна, вайскоўцаў і міліцыянэраў не пакінуў абыякавым Павал Казлоўскі, сябры Фэдэрацыі прафсаюзаў з энтузіязмам даведаліся пра ўваходжаньне ў пяцёрку Ўладзімера Ганчарыка і г.д. Фактычна тое самае рукамі сваіх паліттэхнолягаў зрабіў Лукашэнка, толькі цікавіць яго перадусім беларуская бізнэс-эліта, за сельскае і інш. насельніцтва ён спакойны.)

Праз сваіх псэўдаапазыцыйных кандыдатаў Лукашэнка даваў і дае лібэральна настроенай і, як вынік, пакрыўджанай ці расчараванай у дзяржаўнай эканамічнай палітыцы частцы беларускай намэнклятуры знак, што паразуменьне ўсё-такі магчымае, што ў выпадку пераабраньня “бацькі” на другі тэрмін ляяльныя рэжыму прадпрымальнікі зноў атрымаюць пэўныя палёгкі і прэфэрэнцыі.

Верны памагаты Лукашэнкі Аляксандар Зімоўскі ў сваёй праграме “Рэзананс” ад 10 чэрвеня таксама выказаў непакой пра намэнклятуру: “Відавочна адзінае: Беларусі чарговы раз спрабуюць навязаць далёка ня самы лепшы варыянт. Безумоўна, адлучаная ад кармушкі намэнклятура падтрымлівае Домаша з асабістых інтарэсаў”. Адзначым стылёвую неахайнасьць Зімоўскага: зь яго словаў вынікае, што далучаная да кармушкі намэнклятура беззасьцярожна падтрымае Лукашэнку.

Там, дзе адбываецца торжышча, у ход ідуць і матэрыяльныя аргумэнты. 13 чэрвеня Лукашэнка падпісаў шэраг указаў, якія лібэралізуюць некаторыя сфэры беларускай эканомікі. Указ №313 прадугледжвае вылучэньне падатковага крэдыту прадпрыемствам радыёэлектроннай ды інш. галін прамысловасьці. Указ №314 устанаўляе гранічныя нарматывы на разьлікі за энэргарэсурсы ў неграшавой форме. Указ №315 пакліканы стымуляваць прамысловую вытворчасьць, дзякуючы таму, што вызначанаму наверсе сьпісу прадпрыемстваў будзе дадзена магчымасьць атрымаць незаплянаваныя прыбыткі. Указ №316 “Аб удасканаленьні парадку правядзеньня і кантролю замежнагандлёвых апэрацый” значна паляпшае ўмовы замежнагандлёвай дзейнасьці і, у прыватнасьці, лібэралізуе рэжым рэгістрацыі мытняй пашпарту замежнагандлёвае апэрацыі: зараз апэрацыі на суму да 1.500 даляраў ня будуць падлягаць рэгістрацыі (раней — да 200$). Указ №319 вызваляе прадпрыемствы каапэрацыі ад выплаты ў бюджэт падаткаў на даходы, на прыбытак і на даданую вартасьць пры бязвыплатнай перадачы ім ува ўласнасьць маёмасьці з рэспубліканскай ці камунальнай уласнасьці. І гэта яшчэ ня поўны пералік...

Другая, ня менш важная прычына такой павышанай увагі да беларускіх бізнэс-колаў з боку Лукашэнкі і яго паліттэхнолягаў тлумачыцца тым, што насельнікі дому на Карла Маркса, 38 імкнуцца зьвесьці на нішто магчымасьць атрыманьня любой падтрымкі беларускімі бізнэс-структурамі кандыдатаў рэальнай беларускай апазыцыі. Разьлік тут досыць просты: тая частка беларускай эканамічнай эліты, якая ня купіцца на перадвыбарныя абяцанкі самога Лукашэнкі, найхутчэй прафінансуе выбарную кампанію “палітычна добранадзейных” — г.зн., Сініцына і Марыніча, але ня Домаша або Калякіна. Для беларускай жа апазыцыі абмежаваньне рэальнай рэсурснай базы непазьбежна будзе азначаць памяншэньне базы падтрымкі на выбарах.

Звышзадача, якая ставіцца Лукашэнкам перад гэткага роду “мабілізацыйнай кампаніяй”, фактычна палягае ў кансалідацыі “ў часіну вырашальнай бітвы” тых беларускіх элітаў (і лібэральна, і па-рэваншысцку настроеных), якія дагэтуль успрымаюць незалежнае беларускае грамадзтва і культываваныя ім вартасьці як пагрозу сваім жыцьцёва важным інтарэсам.

Трук з разьдзіманьнем пагрозы “правага рэваншу” з катастрафічнымі наступствамі яго для краіны быў упершыню з посьпехам апрабаваны Лукашэнкам яшчэ падчас выбарнай кампаніі 1994 г., калі яму без асаблівага клопату ўдалося перацягнуць на свой бок такіх цьвяроза думаючых палітыкаў, як Віктар Ганчар або Міхаіл Чыгір, а таксама наконадні абодвух рэфэрэндумаў, якім папярэднічала адносная эканамічная лібэралізацыя.

Каб адцягнуць увагу занадта настырных назіральнікаў да “ценявых” бакоў выбарчай кампаніі Лукашэнкі, яго паліттэхнолягі апошнім часам актыўна стваралі штучныя інфармацыйныя “повады” вакол выгадных ім кандыдатаў, разьлічаныя перадусім на апазыцыйныя СМІ.

15 чэрвеня Радыё Свабода агучыла інфармацыю “даверанай асобы” Наталі Машэравай Юр’я Марозава пра тое, што найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі (во гэтак, неканкрэтызавана) нечакана прапанавала Наталі Машэравай пасаду віцэ-прэм’ера, куратара сацыяльных праблемаў — пры ўмове, што яна ня будзе ўдзельнічаць у выбарнай гонцы. Але Машэрава, маўляў, адмовілася ад гэткай прапановы. У той жа дзень гэтую інфармацыю растыражавалі расійскія СМІ.

Такая падача інфармацыі ўбівае ў сьвядомасьць беларускіх грамадзян адразу некалькі ілюзорных ідэяў: па-першае, што Машэрава — галоўны канкурэнт Лукашэнкі на выбарах, па-другое, што яна гатовая ісьці на незьлічоныя ахвяры, каб вырваць перамогу. Любога адукаванага чалавека ня трэба асабліва пераконваць у адваротным.

Цікава, што ў расійскіх мэдыях Машэрава часам фігуруе ў пары зь Сяргеем Антончыкам. Нядаўна Інтэрнэт-часопіс шавіністычна настроеных расійскіх эўразійцаў www.e-journal.ru надрукаваў паведамленьне “Дэпартамэнту інфармацыі пастаяннага камітэту саюзнай дзяржавы” “Лідэр “рабочай самадапамогі” і дачка экс-кіраўніка (sic!) Рэспублікі заяўляюць пра намер змагацца за пасаду прэзыдэнта”. Не абыходзіць “нацыянал-радыкала” Антончыка інфармацыйнай падтрымкай і тая самая “Советская Белоруссия” (гл. артыкул Мікалая Бусьнюка ў №149 за 01.06.2001 “Як мы зь Сяргеем Антончыкам раздавалі прадукты людзям”).

І нарэшце некалькі словаў пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка (які для расійскіх мэдыяў зноў стаў “галоўным беларускім апазыцыянэрам”). Пазьняк ніколі не хаваў сваёй амбіцыі ў другі раз балятавацца на прэзыдэнта. Так, яшчэ 18 лютага ў Менску адбылася “соймавая канфэрэнцыя” КХП-БНФ, якая зьвярнулася з заклікам да Зянона выставіць сваю кандыдатуру. 22 лютага Пазьняк даў згоду стаць кандыдатам ад “Вызвольнага руху”. Але аднаго Пазьняковага жаданьня было відавочна мала; тая мяжуючая з фарсам, лёгкасьць, зь якой была зарэгістраваная яго ініцыятыўная група, сьведчыць, што гэтая пастанова была падрыхтаваная загадзя, што Лукашэнка і яго дараднікі старанна ўзважылі ўсе плюсы і мінусы ўдзелу Пазьняка ў выбарнай гонцы і прыйшлі да высновы, што гэта, безумоўна, пойдзе ім на карысьць.

Рэгістрацыя Пазьняка, якая адбылася ўжо пасьля таго, як партыя БНФ і саюзныя ёй арганізацыі прынялі рашэньне падтрымаць Сямёна Домаша на этапе збору подпісаў, і паказвае аналітычны патэнцыял лукашэнкаўскіх паліттэхнолягаў: яны настаялі на тым, каб выкінуць у сьметніцу разгляданы ўсур’ёз яшчэ некалькі год таму “забараняльны” сцэнар выбарнай кампаніі (з рэпрэсіямі і перасьледам рэальна апазыцыйных кандыдатаў, што толькі дадало б ім прывабнасьці ў вачах беларускага грамадзтва) і сканцэнтравацца на найважнейшай стратэгічнай задачы: дэзінтэграцыі і разбурэньні беларускай нацыянальнай апазыцыі як такой, а таксама “давядзеньне да палітычнай сьмерці” яе ключавых палітыкаў. І першае, і другое стане магчымым у тым выпадку, калі па выніках выбараў Зянон Пазьняк атрымае перамогу над кансалідаваным кандыдатам ад дэмакратычнай пяцёркі (ужо цяпер з рэгіёнаў прыходзіць інфармацыя, што пэўная частка актывістаў партыі БНФ (Вячоркі) далучылася да групаў падтрымкі Пазьняка, а ня Домаша). Палітычныя наступствы рэалізацыі такога сцэнару разьвіцьця падзеяў, натуральна, непрадказальныя, але можна меркаваць, што эфэкт па сваёй сіле можа быць ня меншы, як пасьля сумна вядомых “альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў”, праведзеных Віктарам Ганчаром. Нагадаем, што ў выніку гэтай гучнай акцыі перажыла кардынальную ломку існуючая на Беларусі сыстэма апазыцыі — зьмяніліся яе лідэры, арганізацыйныя прадстаўніцтвы, мэтады дзейнасьці. У тым выпадку, калі Домаш на гэтых выбарах набярэ менш галасоў за Пазьняка, можа ўзьнікнуць пытаньне пра сэнс існаваньня цяперашняе аб’яднанае апазыцыі.

З рэгістрацыяй Пазьняка лукашэнкаўцы ўсутыч наблізіліся да вырашэньня яшчэ адной важнай задачы — легітымізацыі ў вачах міжнароднай супольнасьці восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. У выпадку прыезду Зянона на Беларусь і бесьперашкоднага правядзеньня ім выбарнай кампаніі пад сумнеў будзе пастаўлена і ўся беларуская палітычная эміграцыя апошніх сямёх гадоў, асабліва ў краіны Сярэдняй Эўропы, урады якіх зазвычай апэратыўна прадстаўляюць новапрыбылым беларусам статус палітычных уцекачоў.

Любое ж аслабленьне блёку незалежніцкіх сілаў можа пакласьці пачатак размовам аб неабходнасьці стварэньня “шырокай дэмакратычнай” кааліцыі. Ня выключана, што ўдзельнікі такой псэўдадэмакратычнай кааліцыі для большай эфэктыўнасьці вырашаць адмовіцца ад такіх “дробязяў”, як “умирающий белорусский язык” і падобных “нацыяналістычных” атрыбутаў. Юры Дракахруст бездакорна засьведчыў такія настроі беларускіх лібэралаў яшчэ пару гадоў таму ў нарысе “Трансформация партийной системы в Беларуси” (“Белоруссия и Россия: общества и государства”, Москва, 1998, суаўтары Г.Дракахруст і Дз.Фурман): “белорусским либералам-космополитам сейчас немного жалко умирающий язык и немного стыдно” . Ці трэба дадаваць, што здацца на ласку кааліцыі Сініцына, Машэравай, Абрамавай і Пашкевіча палічыў бы за гонар і сам Лукашэнка?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0