БЕЛАРУСЬ ПРАЗ 100 ГАДОЎ

 

Краіна ўнівэрсытэтаў і акадэміяў

Яшчэ 100 год таму, у 2000-м, тэсты нязьменна выяўлялі ў беларусаў высокі каэфіцыент інтэлекту. Таму з часам беларусы вымушаныя былі адмовіцца ад усякай вытворчасьці, наўпрост не зьвязанай з навучальным працэсам, бо амаль усё працаздольнае насельніцтва — блізу 13 млн. — занятае ў галіне адукацыі.

Беларусы зрабілася нацыяй выхавальнікаў, настаўнікаў, рознага кшталту гуру, прафэсараў і акадэмікаў. Прыродная мяккасьць характару, прага да ведаў і паважлівае стаўленьне да іншых народаў трансфармаваліся ў непараўнальную здольнасьць выхоўваць і навучаць.

Вялізную ролю ў гэтым адыграла колішняя, ужо амаль забытая, катастрофа на ЧАЭС. Пільная ўвага да экалёгіі, ашчаднае стаўленьне да скарбаў прыроды, ліквідацыя шкодных вытворчасьцяў стварылі ў Беларусі аптымальныя ўмовы для разьвіцьця чалавечага інтэлекту.

Сёньня беларус ня здольны ні на якую шкоду прыродзе. Прыкладам, зуброў разьвялося гэтулькі, што ўжо даводзіцца частку іх стэрылізаваць. Даўно зьліквідаваныя наступствы бязглуздай мэліярацыі. На Палесьсі зноў разьлегліся балаты, вяртаюцца раней зьніклыя жывёлы й расьліны.

Акрамя таго, на Беларусі яшчэ ў 20-я гг. ХХІ ст. выявілі цудоўнае выпраменьваньне зь нетраў зямлі. Яно ўплывае на дзейнасьць мозгу, стымулюючы запамінальныя цэнтры і зрокавую памяць. Унівэрсытэцкія цэнтры Беларусі літаральна захлынаюцца ад замежнікаў, ахвотных атрымаць высакаякасную адукацыю з пэўнай палёгкаю для ўласных здольнасьцяў у знакамітых беларускіх унівэрсытэтах — Нясьвіскім ды Віленскім, Фаніпальскім ды Заслаўскім, Сьмілавіцкім...

Людзі ва ўсім сьвеце лічаць за шчасьце мець за выхавацеля сваіх дзяцей беларуса. Абыходзіцца гэта нятанна, дый у чаргу трэба запісвацца яшчэ да нараджэньня дзіцяці!

Ужо год дзесяць, як беларускія музычныя тэатры і гурты розных плыняў літаральна акупавалі тэле-, net- і іншыя каналы й пляцоўкі. Беларускамоўныя рэміксы “Бітлз” пачалі выцясьняць арыгінальнае выкананьне. Таму суседнія краіны ўводзяць абмежаваньні на працягласьць гучаньня ў этэры беларускай музыкі, каб хоць неяк абараніць сваё музычнае мастацтва.

Беларускія школы жывапісу, мастацтва, філязофіі і экалёгіі ХХІ ст. таксама ня маюць роўных. Гэта захапляе навукоўцаў зь іншых краінаў.

Пачынаецца беларускі век у гісторыі чалавецтва.

Беларускі час у гісторыі працягваецца.

Раман Станкевіч


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0