З усёй краіны

 

Выбух на падпольным бровары

Уначы з суботы на нядзелю ў лесе пад вёскай Габітацыя, што ля Будслава, выбухнуў падпольны бровар. Забіла дзесяціклясьніка, які на тым новым, яшчэ не правераным бровары працаваў уначы, падносіў дровы. Цела аднесла на 20 мэтраў. А гэты бровар нават не ягоны, хлопец наняўся на заробкі.

У Будславе кажуць, што ніводзін фэст не абыходзіцца без ахвяры, ну, во й здарылася.

Сяргей Мікулевіч, Будслаў

Сьвята на зямлі

Традыцыйна Купальле адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня. З 6 на 7 ліпеня, калі па ўсёй Беларусі на купальскіх вогнішчах заміж драўляных колаў паляць шыны, для праваслаўных беларусаў — ноч перад сьвятам Івана Купалы, інакш — Хрысьціцеля.

Адкінуўшы ўмоўнасьці, у ноч з 6 на 7 ліпеня на беразе Воўчкавіцкага вадасховішча на рацэ Пціч супрацоўнікі Музэю народнага дойлідзтва на чале з колішняю салісткаю гурту “Ліцьвіны” фальклярысткаю Наталяю Матыліцкаю зладзілі Купальле. Сьвята там адбываецца ня першага году й здаўна стала традыцыяй. Нечаканасьцю для ўсіх быў прыезд Сямёна Домаша. Н.Матыліцкая прызналася, што адпачатку візыту С.Домаша ня мела быць. На гэта патэнцыйны прэзыдэнт наважыўся ў апошні момант.

6 ліпеня С.Домаш быў на Гомельшчыне, дзе сустракаўся з выбарцамі. Дарогаю ў Менск у ягонай машыне парваўся рэмень на рухавіку, і давялося тэрмінова шукаць дапамогі. Недзе пад Бабруйскам патэнцыйнаму прэзыдэнту прыйшлося выйсьці на шашу й “галасаваць”. Cпыніліся — і першаю ж машынаю Домашаў аўтамабіль дацягнулі да Менску.

Дырэктар Музэю народнага дойлідзтва Георгі Ткацэвіч гасьцінна сустрэў прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта. Яны нават пасьпелі абмеркаваць нейкія праблемы.

С.Домаш нароўні з усімі хадзіў у карагодзе, танчыў і нават скакаў цераз вогнішча. Ад апошняга С.Домаша ўпрошвалі адмовіцца ягоныя калегі, аднак кандыдат сказаў ім: “Чаму ж не?! Хіба я не магу?!” За С.Домашам цераз вогнішча паскакалі ўсе іншыя — і малыя, і старыя. Адмыслова вызначыўся ў скаканьні Г.Ткацэвіч.

Віктар Мухін

Шчукін і турэмшчыкі

Праваабаронца Валеры Шчукін, якога пасадзілі на тры месяцы за непадпарадкаваньне міліцыі, перавезены са сьледчага ізалятара ў Менску ў нядобрай славы сьледчы ізалятар Жодзіна (г.зв. “Чорны бусел”). Менавіта ў “Буслы” у 1998 г. па-зьверску зьбівалі арыштаваных Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча. Гісторыкі ўжо цяпер параўноўваць яго зь менскай “Амэрыканкай” ці баранавіцкім “Крывавым колам” сталінскага часу за жорсткасьць катаваньня зьняволеных.

Шчукін адбывае адміністрацыйны тэрмін, а таму перавод яго ў ізалятар суворага рэжыму беспрэцэдэнтны. Магчыма, ён быў выкліканы тым, што Шчукін і за кратамі не спыняў антыўрадавай агітацыі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі пакуль не абвесьцілі, ці законны такі перавод увогуле.

Пастанова аб арышце 60-гадовага Валер’я Шчукіна, рэкардсмэна па адседках, тэрмінам яшчэ на 3 месяцы была вынесеная 15 сакавіка, а ўступіла ў сілу 12 чэрвеня. Гэта было зроблена, каб ізаляваць актыўнага праваабаронцу на час прэзыдэнцкай кампаніі.

Колішняга марскога афіцэра складана запалохаць. Затое можна зьняважыць. Кіраўніцтва турмы знайшло брыдкі спосаб: сп.Валеру гвалтам пагалілі бараду. Чалавека пазбавілі ягонага вобразу.

Шчукін адклаўся ў памяці людзей яшчэ з часоў Вярхоўнага Савету Шарэцкага вышыванай кашуляй і вялізарнай барадой. Па барадзе пазнавалі яго ў тралейбусах і на дэманстрацыях. Барада Шчукіна стала такім жа нязьменным ягоным атрыбутам, як вусы Сальвадора Далі ці чорныя акуляры Энца Фэрары. Барады больш няма. Барада была выбарам Шчукіна, і яна не забываецца.

Адміністрацыя Жодзінскай турмы таксама свой выбар да далейшай дэградацыі зрабіла. І такое не забываецца.

Эдвард Людовіч

Ганчарык, Домаш і Пазьняк

Паводле зьвестак, якія мы атрымалі ў рэгіёнах, колькасьць галасоў, сабраных за Ганчарыка на ўчора, можна ацаніць у 130 тысячаў, за Домаша — 125 тыс.

Можна лічыць, што кампанія выйшла на фінішную прамую.

На гэтым тыдні, відаць, будзе пастаўлены і 100-тысячны подпіс за Зянона Пазьняка.

Такім чынам, можна чакаць, што менавіта Ганчарык і Домаш маюць найбольш шанцаў стаць кандыдатамі ад дэмакратычнае “пяцёркі”, а Пазьняк вернецца ў Беларусь пасьля рэгістрацыі.

З кандыдатаў ад іншых палітычных сілаў 100 тысяч подпісаў, па ўсёй відавочнасьці, набіраюць А.Лукашэнка, Л.Сініцын і С.Гайдукевіч.

Б.Т.

Ператрус у ЗБС

Сьледчыя фінансавай паліцыі пазаўчора абшукалі ўсё на сядзібе Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў і забралі “для вывучэньня” сыстэмныя блёкі чатырох кампутараў. Алесь Міхалевіч, уласьнік кватэры, на якой сядзела ЗБС, мяркуе, што за вобшукам стаяла КДБ. Падобных акцыяў чакаюць і ў іншых незалежных асяродках. Аб гэтым папярэджваў і сам Алесь Міхалевіч у пазамінулым нумары “НН”.

Амністыя Лапцеву

А.Лукашэнка амніставаў сп.Лапцева, беспрацоўнага, які шпурнуў у яго памідорам падчас “гонкі на лыжах”. Суд пасадзіў Лапцева на тыдзень “за дробнае хуліганства”.

Севярынец у КДБ

У КДБ выклікалі лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Дапытвалі яго быццам па справе аб выбухах на тэрыторыі расейскага пасольства. А ён пра гэта нічога й ня ведае.

Б.Т.

Пацярпелыя за Беларусь

Праваабаронцы з арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Ігар Гайшун, Алег Стрыжонак, Алег Маркоўскі былі затрыманы ля будынку беларускага КДБ падчас пікету. У Горадні затрымлівалі Андрэя Мялешку, Вадзіма Сала, Віктара Бабкіна, Ілону Паўленку, Алега Заблоцкага. У Віцебску 6 ліпеня затрымалі сяброў Маладога Фронту Віктара Шляхціна, Яніса Чучмана, Тацьцяну Чабатарову, Андрэя Капорыкава і Ігара Землякова. 5 ліпеня ў Менску затрымалі “зуброўцаў” Андрэя Кавалевіча і Ільлю Жыхарава.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0