Беларускі Беразоўскі

Пераход Ціцянкова ў апазыцыю можа аказацца нявыгадным для яе

У лукашэнкаўскім атачэньні – чарговы скандал. Іван Ціцянкоў, чалавек з самага блізкага кола А.Лукашэнкі, былы кіраўнік справаў прэзыдэнта, даў інтэрвію журналісту Анатолю Гуляеву, у якім, фактычна, зьвінаваціў свайго былога шэфа ў злоўжываньні службовым становішчам, бескантрольным выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў, некампэтэнтнасьці, халатным выкананьні службовых абавязкаў. Гучыць у Ціцянкова і тэма зьнікненьня палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Інтэрвію зьявілася ў Інтэрнэце, а ў панядзелак мае быць у продажы затрыманы суботні выпуск газэты “День” зь ім.

У ім Іван Ціцянкоў ня каецца ў сваіх грахах, але шчодра палівае Лукашэнку брудам. Паводле Ціцянкова, ягоны былы начальнік – палітычны апартуніст (“У палітычных перакананьнях ён быў вельмі неразборлівы. Спачатку рвануўся да БНФ, разам зь імі ўносіў у Авальную залю толькі што зацьверджаны тады бел-чырвона-белы сьцяг, вельмі сябраваў зь Зянонам Пазьняком, езьдзіў разам на мітынгі.

Потым перайшоў у іншую фракцыю, потым “прымазаўся” да камуністаў...), гультай (ён працаваў у дзень ня больш за тры-чатыры гадзіны. Ён прыяжджае — насамперш выслухоўвае службу бясьпекі, потым сустракаецца з прэсай. Выклікае некага са справаздачай для птушачкі — усё, на гэтым ягоная работа сканчаецца, недзе а другой. Потым у Дразды… А там тэніс, хакей… Як можна працаваць, калі церазь дзень хакей а пятай і церазь дзень — тэніс?), злачынца (“дачыненьне кіраўніцтва Беларусі да іх [Захаранкі, Завадзкага ды інш.] зьнікненьня відавочная”), псыхічна абцяжараны чалавек (“...фантастычная падазронасьць і недаверлівасьць Лукашэнкі...”; “...няма такога чалавека [якому б Лукашэнка давяраў]. Ён ніколі не давяраў, напрыклад, Канаплёву. З Шэйманам яны проста павязаныя супольнымі злачынствамі, грашыма…”).

Інтэрвію гучнае, нездарма пра яго паведамілі СМІ ўсіх суседніх краінаў. Ёсьць у ім, аднак, свае супярэчнасьці.

Потым перайшоў у іншую фракцыю, потым “прымазаўся” да камуністаў...”). Лукашэнка таксама паўстае гультаём (“...ён працаваў у дзень ня больш за тры-чатыры гадзіны. Ён прыяжджае — насамперш выслухоўвае службу бясьпекі, потым сустракаецца з прэсай. Выклікае некага са справаздачай для птушачкі — усё, на гэтым ягоная работа сканчаецца, недзе а другой. Потым у Дразды… А там тэніс, хакей… Як можна працаваць, калі церазь дзень хакей а пятай і церазь дзень — тэніс?”), злачынцам (“дачыненьне кіраўніцтва Беларусі да іх [Захаранкі, Завадзкага ды інш.] зьнікненьня відавочнае”), псыхічна цяжкім чалавекам (“...фантастычная падазронасьць і недаверлівасьць Лукашэнкі...”; “...няма такога чалавека [якому б Лукашэнка давяраў]. Ён ніколі не давяраў, напрыклад, Канаплёву. З Шэйманам яны проста павязаныя супольнымі злачынствамі, грашыма…”).

Інтэрвію гучнае. Ёсьць у ім цікавыя сьведчаньні, ёсьць і свае супярэчнасьці.

 

Як фінансавалася кампанія Лукашэнкі

У даклад па барацьбе з карупцыяй ён набраў неправераных фактаў. Юра Малумаў, Міхаіл Сазонаў і цяперашні нам. генэральнага пракурора Міхаіл Сьнігір — усе тады казалі, папярэджвалі: факты не правераныя, выкарыстоўваць іх нельга. Але Лукашэнка іх неадкладна абнародаваў — яму не патрэбная была аб’ектыўнасьць, яму патрэбны быў імідж”. Але нягледзячы на гэта Ціцянкоў дапамог Лукашэнку абрацца ў прэзыдэнты.

“...фінансаваньне [выбараў 1994 г.] было мізэрнае. ...Фінансы сапраўды ішлі ў тым ліку празь мяне — сума склала на ўсё пра ўсё каля 1000 даляраў. Той жа Лагвінец дапамагаў, яшчэ пара мужыкоў…” – “Сяргей Пракаповіч з “Руст-інвэсту” даваў транспарт...”, — падказвае журналіст. — Так. А нехта грошы даваў на паліва, на сутачныя...”, — сьведчыць Ціцянкоў.

Усё настолькі проста, што выклкікае недавер. Жартачкі — тысяча даляраў на такую краіну!
Сваю думку [Лукашэнка] фармуе на аснове думак аднаго-двух чалавек. Са Шклова яму нехта патэлефанаваў, нешта сказаў… Прыкладам, Валодзя Маліноўскі, стары таварыш і настаўнік, які ў сакратара парткаму калгасу імя Леніна Лукашэнкі быў старшынём… І гэтая думка ўжо робіцца дзяржаўнай палітыкай”. Лукашэнка паўстае з гэтых словаў сапраўды народным палітыкам.

Іван-няпомнік

Вакол мяне... было некалькі сур’ёзных прадпрымальнікаў, якія, не парушаючы законаў, многа рабілі для Рэспублікі… Гэта... Віктар Лагвінец, іншых называць не хачу, бо… усе гэтыя людзі ўжо вылічаныя [просчитаны – у арыгінале], некага зруйнавалі, некага давялі да інфаркту… І калі б з прадпрымальнікамі Беларусі не абыходзіліся такімі спосабамі, яны прыносілі б такі прыбытак, што нікому й ня сьнілася! А так у нас адсоткаў 70, калі ня 80, прадпрымальнікаў зьехалі”. Карацей, каровы можна ня толькі рэзаць, але й даіць. Ды толькі многія прадпрымальнікі якраз і наракалі перад ад’ездам за мяжу на ціск з боку структураў Ціцянкова, нездаровую канкурэнцыю або простае прыўлашчваньне дзяржаўнай маёмасьці.

Што й казаць — у першыя гады маёй працы замежныя інвэстары, што называецца, у чарзе стаялі — хацелі ўкладаць грошы ў Беларусь. У яе прамысловасьць, сельскую гаспадарку…”. Перабольшаньне, якое павялічвае недавер да словаў.

“...за мінулыя 7 год Беларусь ня толькі не прасунулася да дэмакратыі, а больш за тое — у Беларусі паўтараецца 37-ы год!” Прыйшло разуменьне?

“...татальны характар набыло праслухоўваньне тэлефонаў грамадзян. Не магу сказаць дакладна, якую суму — здаецца, каля 20 мільёнаў даляраў — выдаткавалі апошнім часам на спэцыяльнае абсталяваньне, якое дае магчымасьць пры “праслушцы” адрозьніваць грамадзянаў па голасе… А асноўныя кіраўнічыя кадры праслухоўваюцца пагалоўна! Усе!” Хто выдаткаваў? Па якім пункце бюджэту? Хто ў такім разе зацьвердзіў? Ці гэта нейкі новы фаварыт-лагвінец ахвяраваў?

 

Лагвінец як Брат-2

Лагвінец для мяне быў і застаўся як брат — я зьведаў сапраўдны шок [калі яго арыштавалі]. Ён за пяць гадоў маёй работы да мільёна даляраў прынёс ва ўласнасьць дзяржавы”. Арышт Лагвінца нібыта і быў тым трывожным званочкам, які прымусіў Ціцянкова заварушыцца. Ціцянкоў вярнуўся з камандзіроўкі ў Нямеччыну. (Цікава было б, каб нямецкія журналісты выявілі нямецкія сувязі беларускай вярхушкі – да каго, куды езьдзяць у Нямеччыну Ціцянкоў, Латыпаў ды іншыя, чым займаўся падчас стажыроўкі там старэйшы сын Лукашэнкі, зь якімі коламі яны зьвязаныя. Упэўнены, адкрыліся б многія цікавыя рэчы.) І “...адразу хацеў звольніцца. Пайшоў да прэзыдэнта, ён пачаў на мяне крычаць. Потым я шчэ пару разоў узьнімаў гэтую тэму, і ён аднойчы заявіў мне: ён сядзіць у турме замест цябе!

Большасьць беларусаў, відаць, далучылася б да такога меркаваньня.

І вось 3 сьнежня выйшаў указ пра звальненьне: “...за неаднаразовае невыкананьне ўказаньняў прэзыдэнта кіраўніку справаў Ціцянкову аб’явіць поўную службовую неадпаведнасьць”. — “Такой юрыдычнай фармулёўкі не існуе ўвогуле, гэта незаконна”, — наракае Ціцянкоў, які ў 1995 г. на хвалі жаданьня зрабіць з Лукашэнкі прэзыдэнта Расеі парваў на шматкі законны дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг.

Ціцянкову яшчэ ўдалося “цераз доктарку прэзыдэнта Ірыну Сьцяпанаўну” дамовіцца аб сустрэчы з Лукашэнкам (заўважце, зь якой павагай ён яе называе; відаць, гэта адна з самых уплывовых асобаў краіны; і наколькі ж падзаконна функцыянуе лукашэнкаўская сыстэма, калі на сустрэчу з прэзыдэнтам трэба дамаўляцца не праз сакратарыят ці адміністрацыю, а цераз доктарку!). На спатканьні ён папрасіў у Лукашэнкі дазволу на ад’езд у Маскву, на працу ў “Ітэру”. “Я знаю, Иван, что ты порядочный человек… Езжай”, – такімі словамі выправіў яго Лукашэнка.

А за некалькі радкоў Ціцянкоў пры гэтым называе сябе “практычна адзіным, хто пайшоў, грукнуўшы дзьвярыма”.

Ведаеце, усе гады маёй працы ў якасьці кіраўніка справаў мяне правяралі 5—7 разоў у месяц. І калі была б хоць найменшая зачэпка — ніхто б ня выпусьціў мяне зь Беларусі”. Дык што, Беларусь — краіна законнасьці?
І нарэшце Ціцянкоў прынагодна ўмацоўвае настрой няўпэўненасьці і страху перад выбарамі, заўжды выгадны ўладам: “А ёсьць надзея на тое, што выбары ня будуць падтасаваныя? — пытаецца журналіст.Магу сказаць цьвёрда, што Лукашэнка проста так улады не аддасьць”. Адкрыў Амэрыку! Як і тое, што ён, высокі кіраўнік падчас рэфэрэндуму 1996 г., “ня можа сказаць, што фальсыфікацый тады не было”. А хто можа сказаць адваротнае?

 

Рукапіс Ціцянкова

Ёсьць адна дэталь у інтэрвію, якая прымушае засумнявацца ў тым, што гутарка сапраўды адбылася “ў адным утульным расейскім гарадку”, як гаворыцца ва ўступе. “Магу ўпэўнена сказаць, што са жніўня 1999 г. гэтыя службы [аховы прэзыдэнта] вырасьлі прыкладна ў 200 разоў. Сягоньня ў яго ахове больш за 2000 чалавек”. Фраза яўна ня мае сэнсу – не магла ў жніўні 1999 г. ахова Лукашэнкі складацца з 10 чалавек, калі ўжо ў 1996 г. фігуравала лічба 360 ахоўнікаў. Сэнс да фразы вяртаецца, калі замест 1999 г. мы ставім 1994 г. Тады, у першыя дні прэзыдэнцкай Рэспублікі, служба аховы сапраўды магла абмяжоўвацца 10 чалавекамі. Як такая памылка магла трапіць? Напісаныя ад рукі лічбы 4 і 9 падобныя, іх лёгка пераблытаць. Аднак, калі адказы на пытаньні інтэрвію былі перададзеныя сп.Гуляеву ў рукапісе, дык якая гарантыя, што ён быў напісаны рукою самога “Вані”, а, напрыклад, не таго чалавека, які піша інтэрвію яшчэ аднаго “новапрасьветленага” – сп.Сініцына?

Цікава, што І.Ціцянкоў даў інтэрвію блізкай да М.Чыгіра газэце “День”, тады як першая гутарка зь ім зьявілася ў “Беларускім Часе” прафсаюзаў У.Ганчарыка, а жонка І.Ціцянкова пераслала ліст з папрокамі Лукашэнку ў “Белорусскую Деловую Газету”. Старыя стаўпы апазыцыйнай прэсы – “Народная Воля” і “Наша Свабода” абыдзены ўвагай. Гэта паказчык новае сытуацыі на мэдыйным рынку Беларусі.

 

Працяг будзе?

Урэшце, чаму Ціцянкоў не зрабіў усіх цяперашніх прызнаньняў адразу ў інтэрвію “Беларускаму Часу”? Няўжо толькі таму, што раней ён спадзяваўся на прымірэньне з Лукашэнкам, а нядаўняя нэгатыўная згадка пра яго на БТ гэтак дапякла?

Застаецца без адказу вялікае пытаньне: а ці не прыдуманая гэтая валтузьня з выштурхоўваньнем Ціцянкова ў апазыцыю ў тым самым цэнтры, дзе быў выраблены тузін падстаўных кандыдатаў, выбуховае прыстасаваньне для расейскай амбасады і ўсімі даўно забытая куля для лёзьненскага “Мэрсэдэсу”? Чаму б, дарэчы, Ціцянкову не адкрыць сакрэт тае кулі? Здаецца, ён ехаў у той самай машыне. Ціцянкоў на гэтае пытаньне адказвае ўхіліста. Хіба што трымае матэрыял для наступнага інтэрвію.

Ня ўсё адразу? Шантажуе Лукашэнку?

З улікам чутак, што Ціцянкоў перабывае ў Італіі або папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне, што Лукашэнка пагражаў сям’і Ціцянкова, гэтага нельга выключаць: кампанія прыцягненьня ўвагі да былога “заггаспа” ідзе даўно і арганізаваная прафэсійна. Дык працяг напрошваецца. Але ўсё адно ў такім кантэксьце недагаворак словы Ціцянкова “я нічога не баюся, мне няма чаго хаваць. Адзінае, чаго хачу — каб у Беларусі прайшлі дэмакратычныя выбары. Народ мусіць спакойна разабрацца й выбраць чалавека, які сапраўды прынясе карысьць” гучаць камічна.

Дадатковую інтрыгу “выплыцьцю” Ціцянкова надае той факт, што і Ціцянкоў, і журналіст Гуляеў – кадры магілёўскія, з вотчыны Васіля Лявонава, і што кіраўнік руху “За новую Беларусь” у сваіх інтэрвію прэсе згадваў І.Ціцянкова не без надзеі.

 

Ніякіх фактаў, многа шуму

У цэлым інтэрвію пакідае дваістае ўражаньне. Ніякіх фактаў, дакумэнтаў няма, новых зьвестак пра зьнікненьне людзей таксама. Што грошы ад продажу зброі Лукашэнка накіроўваў у спэцыяльны фонд, дык у гэтым ён і сам прызнаваўся. І хоць гэта падпадае пад Крымінальны кодэкс, масавая сьвядомасьць, прывучаная да падвойнай бугальтэрыі, ня лічыць гэтага злачынствам. Прапаганда прышчапіла думку, што ўсе гэтыя сродкі ідуць выключна на падтрымку таленавітых дзетак і вэтэранаў.

Адно нечаканае — што зброя прадавалася ў тым ліку ў Ірак, і, ня выключана, за наяўныя даляры, што парушае эмбарга ААН і супярэчыць міжнароднаму праву. Наколькі гэта праўда, сказаць цяжка. Якім шляхам беларуская зброя магла трапляць у Ірак, калі гэтую краіну атачаюць амэрыканскія ўзброеныя сілы, а авіярэйсаў туды да апошняга часу не ажыцьцяўлялася?

Інтэрвію ўрэшце друкуе “Беларускі Дом Друку”. Хоць Лукашэнка і меншую крамолу забараняў...

Рыторыкі ў Ціцянкова многа (“Лукашэнка адкінуў краіну на 15—20 гадоў назад”), але рыторыцы даўно ніхто ня верыць. Пагатоў, калі яна гучыць з вуснаў чалавека, прозьвішча якога для мільёнаў стала сынонімам хцівасьці, прадажнасьці і антынароднасьці. І прытым, што гэты чалавек ня каецца.

У масавай сьвядомасьці ціцянкоўскія абвінавачаньні толькі дадаюць ачкоў Лукашэнку. Так, як расейская масавая сьвядомасьць канчаткова палюбіла Пуціна менавіта за тое, што яго ня любяць Беразоўскі з Гусінскім, а ўкраінская — Кучму — за Лазарэнку зь Цімашэнкай.

У любым разе, для разумных людзей выбарчая кампанія агаляе ўсё новыя факты пра жыцьцё і норавы лукашэнкаўскай “эліты”. Карціны адкрываюцца самыя паскудныя. І пры знаёмстве з інтэрвію адразу згадваецца пра маральную палітыку як абавязковы прынцып апазыцыйнае дзейнасьці. Не на падтрымцы такіх “ціцянковых” беларуская апазыцыя можа дасягнуць рэальнай перамогі. Бо чым больш народ думае пра Ціцянкова, тым менш ён думае пра Быкава.

 

Барыс Тумар


Анатоль Гуляеў адзін з самых аўтарытэтных журналістаў Беларусі. Былы ўласны карэспандэнт газэты “Сельская жизнь” у Беларусі. Віцэ-прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

Сам Анатоль Гуляеў выключае магчымасьць, каб гэтае інтэрвію Ціцянкова магло быць “падстаўным”. “Рэчы, якія паведамляе Ціцянкоў, укладваюцца ў агульную мазаічную карціну, нявыгадную Лукашэнку”, — лічыць А.Гуляеў.

На пытаньне, ці можа Ціцянкоў аказацца беларускім Беразоўскім, гэткай зьненавіднай народу постацьцю, якая ўвасабляе злыбеды капіталізму і пераймае на сябе адказнасьць за мінулыя злоўжываньні і раскраданьне краіны, Анатоль Гуляеў адказаў гэтак: “Я ніколі ня чуў, каб Ціцянкова называлі беларускім Беразоўскім, бо ці ёсьць для гэтага падставы? Яго называлі кашальком Лукашэнкі, але ці бачыў хто гэты кашалёк, ці зазіраў хто ў яго? Усё гэта на ўзроўні меркаваньняў”. Але і сп.Гуляеў прызнае, што да канца сутнасьць таго, навошта былі сп.Ціцянкову гэтыя прызнаньні і што яны азначаюць, няясная: “У мяне шмат падазрэньняў было, ёсьць і будзе. Бо ведаю Ціцянкова гадоў 20, з часу працы ў Магілёўскім абкаме. Аднак як журналіст я прыходжу да чалавека, які цікавы грамадзтву. Былі зададзеныя яму нейкія пытаньні, не на ўсе ён адказаў. Мне было сказана, што на во гэтае і во гэтае пытаньні ён адказваць ня можа, і я мусіў пагадзіцца”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0