Аб усім патроху

 

Людзкае сена важнейшае за выбары

“Дурасьць там у вас у Менску! Вось чаму ў нас няма ніякай агітацыі? Прывязуць скрыні з паперамі — і ўсе выбары. Сена трэба грэбці, буракі палоць,.. а не языкамі малоць!” Гэтак казала цётка Вера, вясковая пэнсіянэрка.

 

Прамаўляючы, яна ўходжвалася: карміла куры і рознае іншае “сьвінства”.

Па радыё са сьцяны цётчынай кухні казалі: вось-вось пачнуцца агітацыйныя кампаніі кандыдатаў у прэзыдэнты. “У Менску агітацыйныя кампаніі пачаліся неафіцыйна мо паўгоду таму”, — запярэчыла “радзіву” я. І нарвалася на гэткі камэнтар.

Раней я адразу б пакрыўдзілася. Цяпер “палітычная” рэзкасьць вясковай кабеты выклікала толькі шчыры сьмех. Зь невялікім дамешкам прыкрасьці. Дзесьці за сьветам, у “нашым Менску”, нехта расьпінаецца-пнецца, а тут народу ні ражна ня трэба. Сена! Сена — і хоць сьвету канец!

Але вёска ўжо даўно не здаецца мне абыякавай, баязьлівай і прымітыўнай.

Жыцьцё працягваецца, і крыўда на “дурны” народ ня можа прымацца вечна. Я раптам злавіла сябе на тым, што разумею вёску лепей за сталіцу і пачуваюся сярод вяскоўцаў нашмат утульней, чым у звыклым, “нацыянальна сьвядомым”, “палітычна падкаваным” менскім асяродку. “Апазыцыйны” Менск здаецца больш чужым у параўнаньні з “лукашэнкаўскай” глыбінкай.

Безыдэйнасьць вёскі, яе простыя клопаты і складаная “трасянка” грэюць болей, чым абясцэненыя, калісьці высокія ідэі апазыцыі. Нашая дэмакратычная валтузьня надакучыла за сем гадоў ня менш, чым розныя сэлектарныя нарады. Разбурэньне стэрэатыпаў і зрынаньне куміраў, магчыма, стане вынікам гэтае стомы. Усё залежыць ад маштабу зьявы і прагі волі.

Я пыталася ў людзей, што палолі калгасныя буракі ці зграбалі ўласнае сена, за каго яны мяркуюць галасаваць на верасьнёўскіх выбарах. Некаторыя дзядзькі жартавалі, што галасавацьмуць за ўраджай бульбы — то бок за бульбай, можа стацца, ня пойдуць на выбары. Дзядзькі хітравалі. У вёску скрыні зь бюлетэнямі ўсё адно прывязуць, а начальства, калі што, асабіста наведае палі, каб кожнага пэрсанальна запрасіць на галасаваньне. Наўрад ці хто “адкруціцца”. Не ўяўляю вясковага чалавека, які знарок пасварыцца з брыгадзірам толькі з-за нежаданьня запаўняць бюлетэнь.

Жанчыны сталага веку казалі, што будуць абіраць “толькі Лукашэнку”: “З Лукашэнкам усё ясна. Вядома, ён не зусім праў. Але хоць прывыклі да яго”, — разважаюць сяляне. Дый усе як адзін гавораць пра сваё нявер’е ў любую ўладу. Вёска абсалютна нігілістычна ставіцца да ўлады як інстытуту і ў гэтым сэнсе існуе аўтаномна ад дзяржавы. “Вашаму Пазьняку ці яшчэ каму будзе на нас гэтаксама пляваць, як цяпер пляваць Лукашэнку, а некалі — Брэжневу”, — кажуць старыя. Яны абыякавыя да пэрсаналіяў ды ідэалёгіяў. Іхная праца пры любым прэзыдэнце застанецца тая самая. Сёй-той можа патэтычна выгукнуць, абгрунтоўваючы ўласную абыякавасьць: “Дзеткі, ды мне хутка ў беразьнячок пара, я сваё аджыў, якія яшчэ выбары? Якія такія пэрспэктывы?”. Беразьнячок — гэта могілкі на ўскраіне вёскі.

Аднак, ёсьць усё-ткі нехта, на каго не распаўсюджваецца тутэйшая абыякавасьць да ўладных пэрсаналіяў. Гэта мясцовы “бацька”. У калгасе, у склад якога ўваходзіць вёсачка цёткі Веры, пару месяцаў таму зьмяніўся старшыня. Гэта ўжо другая такая зьмена ў гаспадарцы за апошнія тры гады. Ёсьць што і з чым параўноўваць мясцовым жыхарам! І яны параўноўваюць — і захапляюцца. Калі бліскучая цёмна-сіняя “Ніва” з хуткасьцю, на якую не ўплывае якасьць дарог, імчыцца вясковай вуліцай, нехта зь мясцовых людзей абавязкова задаволена вымавіць:

— Во, паехаў... У пяць гадзін раніцы ён ужо на колах! Аб’едзе ўсенькі калхоз ды гляне, дзе што робіцца!

Яшчэ могуць згадаць рэаліі часоў папярэдняга старшыні:

— Як былі ў нас Сьцяпана прызначылі, дык ажно год цэлы мы яго ў твар ня ведалі! Сядзеў у канторы. А гэты? Наступным жа днём быў тут!

Найбольш уразіў новы начальнік старых вясковых кабетаў у самы разгар чэрвеньскага сенакосу. Першы месяц лета, як вядома, выдаўся дажджлівы ды халаднаваты. Цётка Вера й цётка Каця скардзіліся мне, што два тыдні ніяк ня могуць высушыць сена: дзень сохне — дзень мокне. Вось аднойчы ў абед, апалоўшы норму калгасных буракоў (за апрацаваны гектар буракоў калгас дае 240 кг мукі), пэнсіянэркі пайшлі ў вясковую краму па хлеб ды загаварыліся там зь іншымі кабетамі. Раптам дзьверы адчыніліся — і зьявіўся новы старшыня.

— Жанчыны, годзе вам стаяць размаўляць, зграбайце сваё сена хутчэй — па радыё пасьля абеду дождж перадавалі.

Старшыня агледзеў краму і, нічога не купляючы, выйшаў. А пакупніцы стаялі аслупянелыя мо хвіліны дзьве. “Усё жыцьцё ў калгасе працую — ніколі ня бачыла, каб начальства калгаснае клапацілася пра людзкае сена! — распавядала мне потым цётка Каця. — Першы раз у нас такое!”

Назаўтра з гораду прыехалі сваякі і прывезьлі мне стос незалежных газэтаў. У “Народнай Волі” я прачытала прапанову Паўла Казлоўскага “пагаварыць з бабуляй”. Гэта сапраўды геніяльна простая ідэя, якая можа мець дзейсны вынік. Мае вясковыя сваякі-пэнсіянэры цяпер у разгубленасьці. За каго галасаваць, яны пытаюцца ў калгасных цётачак-даярак. Тыя кажуць, што альбо за Лукашэнку, альбо — ні за кога. Калі зь імі пагавару я, яны аддадуць сымпатыі таму, за каго я папрашу альбо нават загадаю. Я ўзамен гарантую ім грамадзянскі мір у сям’і . Мы заключым пагадненьне і абярэм залатую сярэдзіну. Я пакуль, на жаль, ня ведаю, каго. Спрабую назваць пяць... “Вой, ды ты што, мы ўсё роўна не разьбіраемся ў вашай палітыцы! — крычаць цётка з суседкаю. — Імя адно скажы, каго пакідаць у тым бюлетэні!”. “Ціха, кантора калгасная блізка, там жучкі гэтыя, — шэптам перасьцерагала немаладая суседка-даярка, якую мы падвозілі на калгасны справаздачны сход. — Скажы лепей, за каго галасаваць. Імя. Каб ЁН праз “жучкі” ня мог пачуць, за каго мы, старыя, тут прагаласуем!” — зь нянавісьцю раптам скончыла жанчына. (ЁН — дзеючы прэзыдэнт.)

Я “пагавару з бабуляй”, і не з адной. Суразмоўцаў поўна: цёткі, дзядзькі, сябры маленства, іхныя суседзі ды знаёмыя. Але гэтага мала. Хто паедзе ўлетку на вёску — пагаварыце са старшынём! Асабліва калі ён мае вялікі аўтарытэт. Вылічыце, каго сяляне ўважаюць за “тутэйшага бацьку”, і пазнаёмцеся зь ім. Пацікаўцеся справамі калгасу, прыглядзіцеся, што за чалавек.

Калі ж недзе нейкі начальнік мае высокі адмоўны рэйтынг — скарыстаць можна й гэта. Скажыце пра яго: агент Пазьняка, шпіён Лукашэнкі. Гледзячы, каго ў канкрэтнай вёсцы больш ня любяць. Шанцаў у таго і ў другога — усё адно нуль.

Што праўда, рэйтынг Міхаіла Чыгіра ў маёй вёсцы ў Капыльскім раёне таксама пакуль што не падвышаецца, хоць кандыдат і паходзіць з гэтых мясьцінаў. Сымпатыі вясковага электарату здольны выклікаць востры на язык рабочы Антончык альбо надзейны, як сьцяна, генэрал Казлоўскі. Гэткія іміджы — зусім не нішто для так званага простага чалавека. Домаш пакуль на Случчыне зусім невядомы.

Тацяна Сьнітко

 


Ляўрэатка “Грэмі”

10 ліпеня а 19-й у Філярмоніі — канцэрт ляўрэаткі прэміі “Грэмі”, амэрыканскай флейтысткі Ронды Ларсан, што працуе ў стылі world music. Гэта сумесь клясыкі, джазу й этнічных матываў; хаця, як кожнае азначэньне, і гэтае — занадта схематычнае й няпоўнае. Канцэрт Ронды Ларсан арганізаваны амбасадай ЗША, дзякуючы якой і квіткі надзвычай танныя — ад 1000 да 2600 руб. У 45 разоў таньнейшыя, чым на канцэрт Пугачовай.

Грунвальд

На 15-га варта зьезьдзіць у Польшчу, папрысутнічаць на рэканструкцыі Грунвальдзкае бітвы. Дабірацца трэба да Ольштына ці наўпрост, ці электрычкамі праз Варшаву — а там падкажуць.

Дзяніс Носаў

 

Як закляў хто

Апоўначы, з 5 на 6 ліпеня непадалёк ад Талачына ў аўтакатастрофе загінулі шасьцёра асобаў, чацьвёра зь іх бялыніцкія бізнэсоўцы. У гэтай аўтакатастрофе загінуў і старшыня Бялыніцкае суполкі ТБМ Сяргей Некрашэвіч.

Прыкладна ў той жа час на Смаленшчыне надарылася яшчэ адна аўтакатастрофа. У гэтай аўтакатастрофе загінула чацьвёра грамадзянаў нашае краіны, якія вярталіся з Маскоўскае вобласьці, дзе працавалі. Усе чацьвёра — таксама зь Бялынічаў.

Алесь Асіпцоў, Магілёў

 

 

Шчодры прадпрымальнік

Новы маршрут аўтобуса зьявіўся ў Баранавічах. Дзякуючы дырэктару ПКФ “Альфа” Міхаілу Сапега, які прафінансаваў адкрыцьцё маршруту №23 ад вул.Рэпіна да цэнтру гораду. М.Сапега мае тамака сваю краму, дык пабудаваў за свой кошт прыпынак, заасфальтаваў дарогу й прафінансаваў адкрыцьцё маршруту. Прадпрымальнік мае плян таксама заснаваць у мікрараёне пякарню й цырульню.

 

Настроі ў Баранавічах

У Баранавічах студэнцкае задзіночаньне “Паляда” правяло апытаньне грамадзкае думкі. Высьветлілася што 29,5% жыхароў гораду мяркуюць, што Беларусь павінна быць незалежнай зусім (26,3% у студзені), 28,8% — за незалежнасьць у раўнапраўным саюзе з Расеяй (36,5%), 32,4% за далучэньне Беларусі да Эўрасаюзу (30,6%). Толькі 9,2% жадаюць, каб краіна стала часткай Расеі.

За Лукашэнку сёньня гатовыя прагаласаваць 33,7% (30,5% у студзені), за любога з кандыдатаў, але не за Лукашэнку 41,6%. За дэмакратычнага кандыдата будуць галасаваць 32,5% (19,8%).

Дарэчы, за Домаша ў горадзе на ўчора сабралі больш за 3150 подпісаў.

Равяка Руслан, Баранавічы


Водгук

Раз, два…

Алесь Урбановіч у сваім артыкуле “Дзякуем Пазьняку — галасуем за Домаша” (“НН” ад 25 чэрвеня) заклікае Зянона Пазьняка зьняць сваю кандыдатуру. Аргумэнты, якімі карыстаецца аўтар, слушныя, нават даволі пераканаўчыя, але між тым павярхоўныя.

Пазьняку было б вельмі неразумным адмаўляцца, маючы прыстойны палітычны грунт. Дзясяткі тысячаў людзей чакаюць Пазьняка, ён ім патрэбны. Іншая справа — наколькі палітычна ён пасталеў, пазбыўся просталінейнасьці й чорна-белага падзелу людзей на ворагаў і сяброў, стаўся адукаваным у тактыцы, навучыўся маўчаць там, дзе трэба. Як мне здаецца, палітык павінен больш асьцярожна і, галоўнае, больш умела карыстацца тэрмінамі “акупацыйны рэжым”, “каляніяльная намэнклятура” — большасьці людзей, якія вырасьлі ў савецкія часы, гэта незразумела.

Адмова Пазьняка ўдзельнічаць у выбарах будзе яшчэ адной паразай нацыянальнага руху. Трэба заўсёды памятаць, што патрыятычным сілам супрацьстаяць расейскія прафэсіяналы, ды не абы-якія.

А тыя, каму, як піша сп.Урбановіч, “нацыянальная ідэя абыякавая”, не зьяўляюцца нашымі хаўрусьнікамі! Мы не павінны абараняць іхныя інтарэсы, калі яны адмаўляюцца ад нашых інтарэсаў. Ня хочуць “нацыянальна абыякавыя” заможна жыць у незалежнай дзяржаве — няхай жывуць бедна ў чужой дзяржаве. Шаноўны Алесь Урбановіч, як шмат хто з сучасьнікаў хоча адным рашучым крокам перамагчы, але так не бывае. Шлях да перамогі доўгі й патрабуе настойлівых, сыстэмных намаганьняў.

К.Т., Менск

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0