Ірына Вялянкова: У гарах выразьней адчуваеш сябе жанчынай

Беларускія альпіністы Ірына Вялянкова, Валеры Майсеенка і Алег Салавей узьнялі на вяршыні Мак-Кінлі бел-чырвона-белы сьцяг. Для Ірыны гэтае ўзыходжаньне было асабліва складаным — колькі год таму, пасьля экспэдыцыі на гару Даўлагіры (Тыбет), у выніку моцных абмаражэньняў яна страціла пальцы на нагах і часткі ступакоў. Дактары наагул сумняваліся, што яна будзе хадзіць. Прапануем чытачам “НН” гутарку зь беларускай альпіністкай.

 

“НН”: Калі ўзьнікла ідэя ўзыходжаньня на Мак-Кінлі?

І.В.: Размова пра гэта зайшла яшчэ ў 96-м, у інстытуце Скліфасоўскага, пасьля ампутацыі, перасадак. Расейскія журналісты бралі інтэрвію й спыталіся: калі захачу вярнуцца ў горы, на якіх вяршынях хацелася б пабыць? Я назвала Мак-Кінлі — тады нашыя каманды толькі пачалі выяжджаць з тэрыторыі СНД на найвышэйшыя кропкі іншых кантынэнтаў. Дактары, праўда, казалі, што пра горы мне трэба забыцца, але чалавек робіцца інвалідам, калі падпарадкоўваецца гэтай сытуацыі. У 99-м, па ўсіх лячэньнях і аднаўленьнях, я вырашыла, што вяртаюся ў горы. Пасьля апэрацыяў я не магу лазіць па скалах — толькі ісьці па сьнезе, лёдзе. А на Мак-Кінлі якраз адпаведныя ўмовы. Акрамя таго, я звыклася ставіць для сябе незвычайныя мэты. Я першая зь Беларусі ў 92-м паднялася на васьмітысячнік, і далей, на ўсіх узыходжаньнях, у якіх брала ўдзел, я імкнулася быць калі ня першай зь Беларусі, дык, прынамсі, першай сярод беларускіх жанчын. Часам атрымлівалася быць першай з СНД ці нават адзінай з Усходняй Эўропы. Натуральна, мне хацелася зьезьдзіць на Мак-Кінлі. Было зразумела, што я першая зь Беларусі зраблю спробу ўзыходжаньня. Ніхто з нашых мясьцінаў так далёка ня езьдзіў. Мой плян быў вельмі складаны — трэ былі грошы й кампанія. Беларускія альпіністы ўвогуле нікуды ня выяжджаюць — усё сканчаецца на ўзроўні размоваў. Самім зарабіць грошы, укласьці ў сябе — нічога гэтага ня робіцца. Я разумела, што змагу ажыцьцявіць сваю задуму толькі з кампаніяй з СНД. Усё пачалося з закупкі рыштунку, а ён вельмі дарагі. Я зарабляла грошы (працую бугальтарам), абмяжоўвала сябе ва ўсім, эканоміла. Увогуле, я зьбіралася ехаць на Мак-Кінлі ў 2000-м, аднак ніхто з СНД ня выбраўся туды. На Мак-Кінлі ходзяць з другой паловы красавіка па чэрвень — тады зьнікае разуменьне ночы, увесь час палярны дзень, цяплее.

Я змагла знайсьці каманду. Якраз тады да мяне зьвярнуліся два беларусы — Валеры Майсеенка, загадчык аддзелу ў анкалягічнай клініцы ў Бараўлянах і Алег Салавей (Гомель), які зарабляе вышыннымі работамі — яны таксама хацелі паехаць на Мак-Кінлі.

У камандзе былі яшчэ два расейцы Віктар Бабок з Масквы й Уладзімер Пушкароў з Наябрску (Ямала-Ненецкая акруга). На Мак-Кінлі мы працавалі адно на аднаго. Я — у арганізацыйным пляне, улічвала ўсе нюансы, імкнулася пазьбегнуць пралікаў, бо гэта ўсё — грошы людзей... Мужыкі, у сваю чаргу, ведалі маю сытуацыю і разьмяркоўвалі ўсю ношу паміж сабой. Уся каманда ведала, што я не магу несьці вялікі цяжар. Мой “лёгкі заплечнічак” важыў 10 кіляў.

“НН”: Нетыповая сытуацыя: жанчына — кіраўнік групы...

І.В.: Плянавалася, што кіраўніком будзе Ігар Царук зь Пецярбургу, ён пачынаў дамаўляцца з амэрыканцамі, заплаціў за нас грошы са сваёй крэдытнай карткі (за рэгістрацыю ў Нацыянальным парку Мак-Кінлі) Але ён ня змог паехаць з намі, і ўсю арганізацыйную працу давялося ўзяць на сябе.

“НН”: Давайце вернемся да здарэньня на Даўлагіры: што ж там адбылося?

І.В.: Падымалася я не адна, за мной ішоў мой партнэр. Аднак перад самай вяршыняй ён моцна захварэў і ня здолеў выйсьці. А я пра гэта ня ведала, бо ўжо стартавала. І ўсю дарогу на вяршыню думала, што мой партнэр ідзе дзесьці сваім тэмпам і, калі што якое, падтрымае мяне. Акрамя таго, вяроўкі, па якіх трэ было падымацца, былі павешаныя папярэднімі групамі і сягалі толькі пэўнае вышыні, а далей былі адно сьляды тых, хто ўзыходзіў раней. Гэта ўскладняла арыентацыю падчас спуску. Дый рухалася я не сваім тэмпам. Наперадзе ішоў галяндзец, значна слабейшы за мяне, а сьцежка адна, пацясьніць-абагнаць — немагчыма, дый нейкая інтэлігентнасьць, выхаваньне замінала... Я ішла нетаропка, мне было занадта камфортна, а падымацца трэба, выкладаючыся напоўніцу, каб арганізму было цяжка, у гэтым і ёсьць сутнасьць узыходжаньня. На вышыні хуткасьць пад’ёму павінна складаць 150 м па вэртыкалі ў гадзіну, а мы падымаліся недзе 100 м у гадзіну. Гэта быў значны тактычны пралік: да цемры я магла не пасьпець вярнуцца ў лягер. І ўсё ж вырашыла рызыкнуць. Тым больш, думала, што за мной ідзе партнэр — а гэта вялікая розьніца — спускацца аднаму ці ўдваіх... Падчас спуску ў цемры я некалькі разоў губляла сьляды, зрывалася, аднак спыняла падзеньне з дапамогай ледаруба. Урэшце зразумела — калі буду рухацца далей, загіну. Вырашыла спыніцца да раніцы на крутым схіле — на вышыні 8 тыс. мэтраў. Увогуле, у сусьветнай практыцы альпінізму здараліся выпадкі, калі чалавек, застаўшыся на вымушаную стаянку на спуску, нічога сабе не адмарожваў. Аднак звычайна пашуковыя экспэдыцыі знаходзілі або замерзлага, або напаўжывога, або ўвогуле не знаходзілі — чалавек зрываўся й падаў, а гэта такія вялізныя горы, што практычна немагчыма калі-небудзь што-небудзь знайсьці... Жанчыны звычайна замярзалі.

Тады я, зразумела, ня думала, што стаўлю нейкі там рэкорд па выжываньні — элемэнтарна думала як бы мне гэты вось час да раніцы ператрываць. Калі стала сьветла, пайшла далей. Спачатку, калі ішла, болю ніякага не адчувала, але калі на прыпынку зьняла абутак, пабачыла, што шкарпэткі літаральна ўмерзьлі ў ногі. Зрэшты, нас вучылі, як даваць сабе рады падчас абмаражэньняў, але не такіх цяжкіх. Лекар, які мог дапамагчы, быў толькі ў трэцім ад вяршыні лягеры. Ішла ўвесь час адна — ніхто ня мог, дый не абавязаны быў дапамагаць: на вышыні кожны найперш ратуе сам сябе.

Першую дапамогу мне аказала кваліфікаваная баўгарская лекарка, аднак рабілася гэта ў намёце, у гарах. Кропельніцу ўначы там не паставіш — раствор адразу замярзае. Яна зрабіла мне некалькі ўколаў пад скуру дзеля паляпшэньня крывазвароту, але гэтага было мала. І галоўная ейная памылка — яна пачала размарожваць мне ногі, а гэтага нельга было рабіць ні ў якім разе. Яны адталі значна хутчэй, чым аднавіўся нармальны крывазварот. Пачалася гангрэна. Мяне тэрмінова адправілі ў Маскву, у інстытут імя Скліфасоўскага. Лячыцца ў Маскве дапамагала Міністэрства аховы здароўя Беларусі, а калі цяжка стала набываць валюту, па ягонай просьбе Нацбанк рабіў для мяне выключэньне — дазваляў купляць даляры на лячэньне.

“НН”: Наколькі арганізаваная альпінісцкая справа ў Беларусі?

І.В.: Беларусы ўжо шосты год зьбіраюцца на Джамалунгму, шукаюць спонсара. Так можна ўсё жыцьцё гаварыць і нічога не зрабіць. Яны ніяк ня могуць стварыць нармальную каманду. Ня ведаю, як гэта назваць — беларускі мэнталітэт ці што — не даводзяцца справы да канца, нікому нічога не патрэбна.

Няма падтрымкі ад Фэдэрацыі альпінізму — яна папросту ня мае грошай. З 96-га спорткамітэт не фінансуе альпінізму, бо гэта не алімпійскі від спорту...

Валеры Майсеенка і Алег Салавей, якія хадзілі са мной на Мак-Кінлі, зьдзейсьнілі практычна подзьвіг, бо вырваліся ўсё ж, давялі мару да выкананьня, прычым зрабілі гэта за свае грошы, улезьлі ў пазыкі.

У 92-м на Шыша-Пангму я й Эдуард Ліпень ішлі яшчэ за кошт дзяржавы, з 94-га — за свае грошы, грошы сяброў, фундатараў. Даўлагіры фінансаваў фонд Сораса, які тады яшчэ быў на Беларусі. Калі я ў больніцы апынулася, пра мяне ўсе практычна забыліся — Фэдэрацыя, спорткамітэт... А незнаёмыя расейцы, прачытаўшы пра мяне ў газэце, прыходзілі й прапаноўвалі дапамогу. І Сорас даслаў, нібы ў працяг камандзіровачных, яшчэ 1000 даляраў. Такое не забываецца. Я не крыўдую, калі не дапамагаюць, але калі дапамагаюць — не забываюся. Перад паездкай на Мак-Кінлі са мной зьвязалася спн.Палевікова з Жаночай партыі “Надзея”. Яна падтрымлівала мяне маральна й арганізацыйна, а цяпер “Надзея” дапамагае мне аддаваць пазыкі.

“НН”: Навошта Вам гэта ўсё?

І.В.: У гарах больш адчуваеш сябе чалавекам, усё наноснае адпадае. Пасьля першага 7-тысячніка я адчула жаданьне пахрысьціцца. І цяпер шчыра веру ў Бога. Спачатку ў галаве была мешаніна — асабліва пасьля Гімалаяў — я не магла вызначыцца паміж хрысьціянствам і будызмам. Але ўрэшце першае пераважыла.

Акрамя таго, у гарах выразьней адчуваеш сябе жанчынай. Узмацняецца жаданьне падкрэсьліваць сваю жаноцкасьць ізноў і зноў. Там, сярод мужчынаў, ты — тая самая адзіная й непаўторная. Нават касмэтыкай пачынаеш па-асабліваму карыстацца, я на Мак-Кінлі парык з сабой брала... А пасьля вяртаньня ўніз лепш адчуваеш элемэнтарныя выгоды цывілізацыі, смак жыцьця.

“НН”: Ці застаецца ў Вас час на асабістае жыцьцё?

І.В.: Мой занятак адбірае ў мяне амаль увесь час, кола маіх знаёмых — пераважна альпіністы. Гэта людзі з розных рэгіёнаў, паміж якімі — вялізныя адлегласьці. Ня дзіва, што мне было складана ўладкаваць свой асабісты лёс — адлегласьці забівалі нават вялікія пачуцьці. Акрамя таго, спэцыфіка альпінізму накладае адбітак на характар, узмацняе сілу волі, і сярэднестатыстычнаму мужчыну цяжка стрымліваць гэты ціск... Каб ня думалі, што я чалавек пакрыўджаны лёсам: я два разы была замужам, няма году, каб побач не было блізкага сябра. Цяпер асабістае жыцьцё ёсьць, ёсьць каму чакаць дома... Я шчасьлівая. А то ў нас людзі развучыліся быць шчасьлівымі. Трэба ўмець радавацца ўсяму, што дае лёс. Гэта зьбітыя словы, аднак суворасьць майго занятку дазваляе выдатна адчуць іх сапраўдны сэнс, дазваляе радавацца кожнаму імгненьню жыцьця.

“НН”: Бел-чырвона-белы сьцяг на вяршыні — як гэта? Гэта якія пачуцьці ў душы абуджае?

І.В.: Гэта ж нармальна, калі ўздымаюць свой сьцяг. Першыя ўзыходжаньні я рабіла пад бел-чырвона-белым і не зьбіраюся мяняцца туды-сюды. Кульбачэнка на Джамалунгме паставіў чырвона-зялёны, спадзяваўся, што за гэта яму дзяржава дапаможа, але ўсё адно не дачакаў. Увогуле мы ставілі бел-чырвона-белыя сьцягі на Шыша-Пангме, на Канчэнджанзе, Даўлагіры, Мак-Кінлі. На меншых сьцягі папросту ніхто ня ставіць.

“НН”: Дзе Вашымі намаганьнямі яшчэ зьявяцца сьцягі?

І.В.: Я зьбіраюся на Аканкагуа, найвышэйшую кропку Паўднёвай Амэрыкі — амаль сем тысячаў. Па кошце Аканкагуа з Мак-Кінлі прыкладна аднолькавыя, але першаснае значэньне тут маюць не фінансы, а каманда — экспэдыцыя вельмі сур’ёзная. Яна складанейшая, чым на Мак-Кінлі, нават арганізацыйна. У ЗША дзейнічае закон, створаныя ўсе ўмовы, каб палегчыць альпіністам узыходжаньне. Аканкагуа ж знаходзіцца на мяжы Чылі й Аргентыны... Дарэчы, пасьля Мак-Кінлі мною зацікавілася нашая эміграцыя — мо дапаможа разабрацца з даўгамі. Ня буду загадваць, але было б добра. Я б тады спакойна пачала рыхтавацца да наступнага праекту.

Гутарыў Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0