Think global – act local

Алесь Чобат у апошнія месяцы сваімі тэкстамі справакаваў моцную рэакцыю чытачоў. Спакваля завязалася вельмі цікавая дыскусія, якая ня толькі прыцягнула на старонкі газэты розныя палітычныя і культурніцкія погляды, але й дала своеасаблівы зрэз чытацкай аўдыторыі.

 

“НН” ахоплівае шырокае кола аўтараў, журналістаў, аналітыкаў, дапісчыкаў, якія, нягледзячы на аб’яднанасьць адной справай, часта выказваюць супрацьлеглыя погляды. Гэта робіць магчымай дыскусію, стымулюе самастойнае мысьленьне як аўтараў, так і чытачоў. Праўда, калі аўтар прыходзіць да арыгінальных высноваў, ён рызыкуе быць не зразуметым. Але пры слушнасьці альбо не пустацеласьці тых меркаваньняў, гэныя высновы выклікаюць увагу і, у ідэале, ацэнку, якая робіцца на падставе фактаў, уласных меркаваньняў, а таксама папярэдняга палітычнага, культурніцкага, рэлігійнага ці літаратурнага досьведу.

Але гэта ў ідэале. Ацэньваць можа толькі свабодная стваральная асоба. Асоба ж несвабодная альбо, яшчэ горш, разбуральная не ацэньвае — яна судзіць. А судзіць і ацэньваць — розныя рэчы. Для нас сёньня гэта амаль незразумела, бо нават шмат хто з нас, маладога пакаленьня, ня можа пазбавіцца ад генэтычнага страху перад дыялёгам з аўтарытэтам. І адбываецца гэта таму, што ў нас такі дыялёг загадзя ўспрымаецца як пярэчаньне аўтарытэту. Але ёсьць сытуацыі, калі змаўчаць — значыць “пахаваць мудрасьць”, — што ў хрысьціянстве, напрыклад, лічыцца грахом. Менавіта гэта, спадзяюся, і прымусіла шмат якіх сумленных людзей далучыцца да дыскусіі “вакол Чобата”.

Толькі ня ўсе ейныя ўдзельнікі паказалі сябе ня тое што інтэлігентнымі, а ўвогуле разумнымі людзьмі. Некаторыя допісы — прыклад абсалютнай недасьведчанасьці ў інтэрпрэтацыі тэкстаў, своеасаблівая разборка за “нашыя” й “вашыя” трактары, рапс, стравусаў і г.д., хоць падаюцца яны як глыбакадумныя адкрыцьці найлепшых мужоў народу. Гэткія адкрыцьці — рэпарцёрства, як заўважае Алесь Чобат. І гэта ня страшна, бо рэпарцёрства — гэта проста яшчэ адзін жанр журналістыкі. Да таго ж натуральна, калі аргумэнты пацьвярджаюцца фактамі, прыкладамі. Сьведчаньне, якое супярэчыць фактам, — гэта паклёп. У цывілізаваных краінах за гэткае выклікаюць у суд. Той, хто знаёмы з патрабаваньнямі да публіцыстычных, літаратуразнаўчых, навуковых працаў у дэмакратычных краінах, ня дасьць мне зманіць.

Разам з тым Алесь Чобат фактычна заклікае газэту да аўтарытарызму, адпаведнасьці “лініі партыі”, хоць і робіць сякія-такія агаворкі. Гэта было б нядрэнна, калі б гаворка ішла пра ўладу аўтарытэту, якая ў пэўных умовах можа станоўча ўзьдзейнічаць на грамадзтва. Але большасьць грамадзтва ня прагне ўнутранай свабоды й чакае “цьвёрдай рукі”, таму ўсё павернецца, як заўжды, аўтарытэтам улады, ад якога адзін крок да таталітарызму, што выкрываецца на старонках газэты. І “НН” зь ейным шырокім, моцным уплывам на беларускамоўную інтэлігенцыю павінна сачыць за тым, якія ідэі, тэндэнцыі яна можа выпеставаць сярод сваіх чытачоў.

Яшчэ адным сьведчаньнем аўтарытарнай арыентацыі нашага грамадзтва ёсьць, на мой погляд, той факт, што думка пра тое, што кожная асоба можа паспрыяць справе беларускага адраджэньня, выклікае шмат у каго сьмех. Удзел у справе адраджэньня для многіх зводзіцца да хаджэньня на дэманстрацыі. Карані гэткага стаўленьня — у спадчыне “камунізму” і, яшчэ глыбей, у кшталце рэлігійнага (або псэўдарэлігійнага) мысьленьня, масава распаўсюджанага ў нас.

У пратэстантаў магчымасьць прыватнай ініцыятывы ў гэткай справе ня выклікала б адпрэчваньня. А ў нас рэальная справа — хросны ход, усё астатняе — мітусьня, таму ў перапынках паміж паходамі будзем грашыць. (Вядома, я выказваюся тут вобразна й ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць сапраўдных вернікаў.) І гэта пры тым, што нашая моладзь лічыць, што “хоча ў Эўропу”. Цікава, ці ведае яна, што такое Эўропа? І як тады быць з слоганам think global — act local, які можна перакласьці як “думай у глябальным маштабе й дзейнічай у лякальным” і які, па-мойму, як найлепш перадае стаўленьне эўрапейцаў да сябе, сваёй краіны, свайго Эўрапейскага дому, падзеяў плянэтарнага маштабу?

У нас прынята ківаць на дзяржаву й чакаць дырэктываў зьверху. Ініцыятыва караецца. І гэта зразумела, асабліва тым, чые продкі ў апошнія колькі стагодзьдзяў зь незайздроснай рэгулярнасьцю апыналіся то ў Сібіры, то ў славутых Чобатавых “траншэях”.

Калі жывеш у цывілізаванай краіне, рухаешся ў плыні папярэдніх, крышталізаваных здабыткаў ейнай культуры. А яна робіцца асобамі.

Можна жыць у цывілізаванай Нямеччыне, Чэхіі альбо Літве, рабіць сваю справу, цешыцца з чыстых рэкаў, прыяжджаць у Менск і сьмяяцца з бруднай Сьвіслачы. Мяркуецца, відаць, што гэта сьмех з улады, якая ніяк не загадае рэчку ачысьціць на якім-небудзь суботніку. Але гэта сьмех з саміх сябе, са сваіх чытачоў, свайго народу. І ў гэткай сытуацыі толькі прыватная ініцыятыва й можа выратаваць. Маем шмат прыкладаў сусьветных акцыяў, якія пачыналіся з асобных людзей, грамадзкіх арганізацыяў. Наш чалавек, якім раней рухала партыя, а цяпер — толькі нянавісьць да адной сумнавядомай асобы, гэтага проста ня можа ўцяміць. Але нянавісьць ня можа завесьці далёка. І яна не даводзіць да дабра.

Менавіта гэта і спрабавалі сказаць дапісчыцы-жанчыны, якія ўступілі ў дыскусію з А.Чобатам. Я зьвяртаю тут асаблівую ўвагу на жанчын, бо мяркую, што якраз жанчыны-ўдзельніцы засталіся цалкам не зразуметымі. Больш за тое, мяне зьдзівіла, што нянавісьць, хамства, нецярпімасьць ня тое што да выказваньняў апанэнта, а да апанэнта ўвогуле, пра якія ўжо пісалася ў “НН”, падвойваюцца, калі гэты апанэнт — жанчына. І справа тут ня ў тым, што жанчын, бедных, прыцясьняюць, а ў тым, што водгукі на жаночыя допісы ня мелі ніякага канкрэтнага дачыненьня да саміх допісаў і закранутых у іх праблемаў. У водгуках на допісы жанчын (калі не памыляюся, іх было дзьве — Алеся Чунь (19 сакавіка) і Вольга Зубоўская (2 траўня) няма рэальнай, падмацаванай вытрымкамі зь іхных тэкстаў крытыкі. У гэных водгуках чытаецца толькі адна тэза: “Бабы — дурніцы”. Гэткае стаўленьне ёсьць вельмі сумным знакам, бо яно адлюстроўвае агульнае грамадзкае стаўленьне да жанчын. У ім, як у люстэрку, адбіваецца партрэт самога грамадзтва — на жаль, грамады хамаў.

Жанчыны-дапісчыцы засталіся незразуметымі нават не праз свае погляды, а проста таму, што не абмежаваліся роляй пустагаловых “гадавацеляк дзяцей па-беларуску”. (Што ў нашым грамадзтве ўжо само сабою — подзьвіг і прадугледжвае не пустагаловасьць.) Проста таму, што выйшлі за рамкі, у якіх яны ўжо даўно рэальна й не знаходзяцца. Больш за тое, гэныя жанчыны замахнуліся на разуменьне сацыялёгіі, гісторыі, літаратуры, культуралёгіі й захацелі зазірнуць ня тое, што ў заўтра, а ў пазаўтра, дзе й будуць жыць іхныя гадаваныя па-беларуску дзеці. Гэныя аўтаркі пайшлі далей за восень, за выбары, бойкі на кулачках, надпісы на платах і гэтак званую “палітыку”. Яны паспрабавалі паказаць, што нельга зьмешваць эканамічнае й культурнае, палітычнае й духоўнае. І абедзьве яны рабілі акцэнт на неабходнасьці стваральнай дзейнасьці, уласнай ініцыятывы кожнага чалавека ў справе ратаваньня Радзімы.

І хоць у матэрыяле Алесі Чунь ёсьць заўважныя літаратурныя алюзіі (наколькі я магу меркаваць, на Міхася Стральцова, Ф.С.Фіцджэральда), аўтарка не лунае ў аблоках, а паказвае на неабходнасьць уважлівага разгляду гістарычных, сацыяльных, культурных перадумоваў той ці іншай зьявы. Алеся Чунь адной мэтафарай апісвае тое, што адбываецца зараз у нашай палітыцы: “Палітычнае сутэнэрства”. Я хацела б пачуць што-небудзь гэткае ж трапнае.

Што ж датычыць Вольгі Зубоўскай, дык яна слушна зважае, што ў некаторых артыкулах Алесь Чобат ня столькі разглядае агульныя тэндэнцыі грамадзтва, колькі клеіць разборкі з дастаткова “безабароннымі групамі людзей”, якія й так церпяць больш за астатніх пры кожнай новай уладзе, у кожных гістарычных умовах. Вольга Зубоўская заступаецца за настаўнікаў, асьветнікаў, за шчырых беларусаў, заяўляе, што лічыць пошук крайняга заганным (па-мойму, яшчэ занадта мякка сказана). Аўтарка адчула тое, у чым Алесь Чобат сам потым прызнаўся ў нумары ад 4 чэрвеня, а менавіта: у схільнасьці да аўтарытарызму й насаджэньня адной лініі. Яна аналізуе канкрэтныя выказваньні Алеся Чобата, а не лямантуе ды “па-дзіцячаму плюецца”. Хоць гэтыя выказваньні не цытуюцца, спасылкі на іх робяцца так, што чалавек можа ўзяць адпаведны нумар газэты й знайсьці патрэбнае месца.

Таму мяне абурылі абразы Вадзіма Шышка (28 траўня) у адрас гэнай жанчыны. Відавочна, што яна “сумленная беларуска,” якая падзяляе лёс свайго народу й хоча сабе й яму лепшай долі. Але не за кошт тузаніны за ўладу, а за кошт стваральнай дзейнасьці, трыманьня адвечных каштоўнасьцяў, свабоды, асьветы, адукацыі. Яна, заўважце, яшчэ лічыць сябе адказнай за свой народ, а не ківае на нейкі аўтарытэт, нейкую вонкавую сілу, якая замінае ўсім “людзьмі звацца”.

Каб звацца людзьмі, трэба імі быць. Як казаў М.Мамардашвілі, раб, якога вызвалялі, застаецца рабом. Толькі сам чалавек можа здабыць сабе ўнутраную свабоду.

В.Шышко, які піша, што В.Зубоўская не падае альтэрнатываў, я магу параіць уважліва й неперадузята перачытаць ейны допіс. Шаноўны Вадзіме, выберыце з водгуку В.Зубоўскай тыя зьявы, якія яна ацэньвае нэгатыўна, і тыя, якія называе пазытыўнымі. Скажам, калі аўтарка называе “пошук крайняга, перасьлед іншадумцаў, асьветнікаў, імкненьне “рабаваць нарабаванае, “паклёп” “заганамі,” то можна дапусьціць, што “цнотамі” трэба лічыць адваротнае. Аўтарка й сама паказвае альтэрнатыву: гадаваньне духоўных лідэраў, навукоўцаў, вынаходнікаў, творцаў, асьветнікаў, сумленнасьць, здаровыя гены, маральнасьць інтэлігенцыі, традыцыйнасьць як перадумову здароўя абываталяў, стварэньне авангарду для перадавога люду, Шэксьпір (тут маецца на ўвазе тое, што ўвогуле стаіць за гэтым імем). І ўжо ва ўсякім разе В.Зубоўская ня раіць знаёмаму В.Шышка браць у рукі аўтамат. Бо В.Зубоўская — за неагрэсіўную прыватную ініцыятыву. Па вялікім рахунку, Вадзім Шышко прыпісаў заклік да забойства жанчыне, якая ўсім сваім допісам хоча сказаць, што яна супраць гвалту, прыгнёту, зьнішчэньня й разбурэньня.

Дарэчы, Алесю Чунь вымушае далучыцца да дыскусіі таксама пратэст супраць забойства — вобразнага забойства маці, якое прапанаваў А.Чобат. Аўтарка кажа, што й сама разумее, наколькі наіўным падасца ейны пратэст, калі ў нашым грамадзтве гэтулькі гвалту. Але я схіляю голаў перад гэтай жанчынай, бо яна апынулася “адзіным мужчынам”. Алеся Чунь паказала, што забіў А.Чобат сваім заклікам, і мела рацыю. Вядома, гэна забойства “несапраўднае”, але калі парушэньне этычнага дзеля эстэтычнага ў мастацтве ідзе апошняму на карысьць, дык з публіцыстыкі яно потым выліваецца ў масавае злачыннае парушэньне этычнага.

Таму я (ужо відаць, гэткі мой жаночы лёс) таксама, як і Алеся Чунь ды Вольга Зубоўская, лічу, што “жудасны сьветапогляд бацькоў” (дазволю сабе ўжыць словы В.Шышка ў якасьці мэтафары для апісаньня стану нашага грамадзтва) трэба пераадольваць пры дапамозе асьветы, творчасьці (у шырокім сэнсе), грамадзкіх ініцыятываў і любові, павагі да бліжняга. Бо гвалт, нянавісьць, разбурэньне, азлобленасьць — гэта проста партрэт гэнага самага рэвалюцыянэра-нелюдзя, бездухоўнага тэрарыста, экспансіўнага заваёўніка, перакананага фашыста, рукою якога было вынішчана шмат а шмат беларусаў і іншых людзей.

Няхай проста кожны сябе спытае: “Калі заўтра перамога, што я пакладу на алтар Радзімы?” І тут ужо ніякія злыдні-расейцы зь іхнай харчразьвёрсткай не апраўдаюць.

Марыя Салаўёва, лінгвістка, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0