Чэславу Мілашу — 90

 

Юрась Бушлякоў

Аўтарытэт

 

Паэт, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі (1980) Чэслаў Мiлаш нарадзіўся на Віленшчыне, у Шатэйнях, гадаваўся ў Лiтве. Пасьля быў сьвет польскае цывiлiзацыi, незьлiчоныя падарожжы праз кантынэнты — Эўропу й Амэрыку. “Калі б спыталіся ў мяне, адкуль паходзіць мая паэзія, я адказаў бы: зь дзяцінства, з калядных песьняў, зь літургіі й травеньскіх набажэнстваў, таксама як і зь Бібліі”, — чытаем у Мілашавай духоўнай біяграфіі — рэлігійна-літаратурным эсэ “Зямля Ульра”.

З 1945-га Мілаш на дыпляматычнай службе. Камуністы ахвотна хваліліся тады сваімі інтэлектуаламі. У дыпляматычных прадстаўніцтвах Польшчы працавалі Юльян Пшыбась, Тадэвуш Брэза, Ежы Путрамант. Мілаш пагадзіўся на працу ў польскім консульстве ў Нью-Ёрку. Праз год яго прызначылі культурным аташэ пры пасольстве — ён перабраўся ў Вашынгтон. Там стварыў “Маральны трактат”, фактычна паэтычны начырк да напісанага пазьней прозаю “Зьняволенага розуму” — кнігі-перасьцярогі з выпадку таталітарызму.

Летам 1949-га Мілаш прыехаў на нейкі час у Польшчу. Гасьцяваньне пазбавіла яго ілюзіяў і прысьпешыла маральны выбар. Паэтаў успамін пра гэта ўвайшоў у кнігу Рэнаты Гарчыньскай “Падарожны сьвету”:

“Я належаў тады да ліку людзей, што былі на вельмі добрым рахунку, людзей добра ўбраных, якім добра жылося, папросту да эліты, якая кіравала Польшчаю. Я браў удзел у прыёме, дзе пілі, танцавалі — акурат у тых “найвышэйшых сфэрах”. Мы вярталіся перад сьвітаньнем, гадзіне а чацьвертай — лета, але гэта была халодная ноч. І я ўбачыў джыпы — везьлі арыштаваных. Салдаты, тыя ахоўнікі, былі ў кажухох, а вязьні — у пінжакох з паднятымі каўнярамі — трэсьліся на холадзе. Тады я выразна зразумеў, у чым бяру ўдзел”.

Ад запрашэньня на чарговы варшаўскі раўт Мілаш адмовіўся. У яго забралі дыпляматычны пашпарт. “Калі Мілаш прыехаў у Кракаў, мяне акурат не было, — прыпамінаў пазьней польскі празаік, публіцыст і кампазытар Стэфан Кісялеўскі. — Жонка папыталася, ці ён не баіцца, што яго тут затрымаюць. “Як гэта, — рэагаваў Мілаш, — дык ты пацьвярджаеш, што гэта здараецца?” — “Ясна, гэта абсалютна магчыма”, — адказвала жонка. Ён так жахнуўся, што бегма паехаў у Варшаву, там спаткаў Путраманта, які сказаў: “А ведаеш, у нас дачынна цябе іншыя намеры. Ты, пэўне, ужо ня выедзеш”. Ну дык тады ён страціў раўнавагу. Ведаў, што скончыцца ўсё фатальна. Паехаў да Мадзалеўскага, міністра замежных справаў. Мадзалеўскі ручаўся, што ён вернецца. Мілаш паехаў і не вярнуўся”.

Ён паехаў тады ў Парыж. Пасяліўся ў Мэзон-Ляфіце ў Ежага Гедройца. У лютым 1951-га папрасіў палітычнага прытулку.

Выбраўшы эміграцыю, з саюзьніка паэт стаўся для камуністычных уладаў калі ня ворагам, дык прынамсі непажаданаю фігураю. І так блізу 30 год. Мілаша, былога польскага дыплямата, у Народнай Польшчы амаль не друкавалі, дзеяла адначасна й забарона пра Мілаша што-колечы пісаць. Яшчэ за сталінскіх парадкаў цэнзура ўвяла была запіс, які папросту абавязваў забыцца на паэтава прозьвішча. ПНРаўскія крытыкі, праўда, часта выкручваліся: менавалі Мілаша то аўтарам “Уратаваньня” — такі загаловак меў выдадзены ў Польшчы адразу па вайне паэтаў зборнік, то “польскім паэтам, які вучыўся права ў віленскім унівэрсытэце Сьцяпана Батуры”. Некантраляваную магчымасьць ліквідаваць прагалы й сплачваць Мілашу свае даўгі крытыкі й журналісты ў Польшчы займелі адно ў 80-х — нобэлеўскае ляўрэацтва Мілашава сталася фактам і фактарам у гісторыі краху камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Ганаравалі паэта, паводле фармулёўкі Нобэлеўскага камітэту, за “бескампрамісную ўвагу да пагроз чалавеку ў сьвеце, поўным гвалтоўных канфліктаў”.

“Не зайздрошчу крытыкам, якія будуць пра мяне пісаць, бо граў я на вельмі многіх фартэпіянах”, — папярэджвае Мілаш у памянёнай “Зямлі Ульра”.

Крытыкі лічаць ролі, ім выкананыя, яму падуладныя. Ёсьць Мiлаш — найчысьцейшы лiрык i Мiлаш — грамадзянiн i маралiст, нат фiлёзаф, што выдае сакрэты свайго часу. Ёсьць Мiлаш — мiстык, катастрафiст, ёсьць Мiлаш — паэт, якi складае па-старасьвецку оды “на славу адданым зоркам сэзонаў”. Іншым разам Мiлаш — iранiчны рацыяналiст, паэт, якi пiша “простаю моваю”. “Мая паэзія не смуткуе аб існаваньні. Наадварот, мая паэзія — пахвала існаваньня, пахвала красы існаваньня”, — падагульняе ў прынагодным, пад 90-годзьдзе, інтэрвію “Rzeczpospolitej” сам юбіляр.

Ён па-ранейшаму жыве пераважна ў Калiфорнii, у Бэрклі, у мясьціне зь вiдаляю на Цiхi акiян, фактычна ў найдалейшым ад нас пункце Захаду. На пачатку семдзясятых ён напiсаў там верш “Дар”. Як сам цяпер прызнаецца, верш абсалютна пагодны, зацiшны: прымiрэньне з жыцьцём, адрыў ад усякiх турботаў. І, тым ня менш, як заўважылi Мілашавы крытыкi, у гэтым вершы ёсьць усё зло ХХ ст., як бы схаванае за паэтычнымi радкамi.

Дар

Дзень удаўся шчасьлівы.

Туман расьсеяўся рана, я працаваў у гародзе.

Калібры ўзьляталі над кветкаю капрыфолю.

Не было на сьвеце рэчы, якую хацеў бы я мець.

Ня ведаў нікога, каму варта было б пазайздросьціць.

Што кепскага здарылася, забыў.

Не пасаромеўся думаць, што быў я і хто я.

Не адчувалася ў целе ніякага болю.

Прастаўшыся, бачыў блакітнае мора ды ветразь.

(пераклад А. Хадановіча й
Ю. Бушлякова)

 

“Чэславу Мілашу я веру”, — напісаў быў Сакрат Яновіч. Яновіча Мілаш цікавіць сваёй інтэлектуальнаю заглыбленасьцю, імкненьнем да аб’ектывізму. І Яновічу, і ўсім нам Мілаш можа быць патрэбны як чалавек, у якога шмат сэрца да беларусаў. Як чалавек, які ад прыроднае свае сумленнасьці адчувае патрэбу гаварыць пра беларускія правы й інтарэсы. Мілаш, як ведама, лічыць сябе патомным грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага. Ягоны патрыятызм — ці раз пра гэта пісалі — блізкі Міцкевічавай формуле: паляк, але й ліцьвін.

У 97-м Мілашаву постаць паэзіяй ды эсэістыкаю паказаў часопіс “Крыніца”. Неўзабаве па выхадзе нумару надарыўся ў Варшаве выпадак прэзэнтаваць паэту гэныя фрагмэнты беларускага прачытаньня ягоных твораў. Я загаварыў і паказаў часопіс, выясьняючы, што гэта па-беларуску. “Чыя ж можа быць яшчэ “Крыніца” — ясна, што беларуская”, — адказаў ён адразу, акуратна падзякаваўшы за мой сьціплы гасьцінец.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0