Сяргей Паўлоўскі

Барада Шчукіна

 

Сымбаль гвалту над асобай у сёньняшняй Беларусі — прымусова зголеная барада Валер’я Шчукіна. 60-гадоваму дзеду семярых унукаў у Жодзінскай каталажцы скруцілі рукі і тупым галяком зрэзалі акладзістую сівую бараду. Гвалтам парушылі вобраз вядомага на ўсю краіну дысыдэнта.

Ва ўспамінах пра адну з сваіх адседак палітвязень Шчукін пісаў: “У беларускай “Бастыліі” — спэцпрыёмніку для дробных хуліганаў — вельмі зьдзівіліся, убачыўшы ў сябе перад самым Новым годам арыштаванага “Дзеда Мароза”: у гэтыя перадсьвяточныя дні мая традыцыйная барада ўспрымалася адназначна як дзедмарозаўская”.

Можна скласьці цэлую анталёгію гэткага “чорнага гумару” часоў Лукашэнкі, пачынаючы ад прастрэленага лёзьненскага “мэрсэдэсу” і адбітку міліцэйскага бота на сьпіне будучага прэзыдэнта, ад зьбітых паветраных шароў і пратаколу, паводле якога глуханямыя лаюцца матам, і сканчаючы зголенай барадой Шчукіна. Гэта ўжо стыль, дакладней — жанр. Сьмешны анэкдот, увасоблены ў жыцьцё на беларускай сцэне сем гадоў таму, становіцца трагедыяй. Публіка ў масе сваёй не пратэстуе, яна нават ужо і прывыкла.

З адным даўнім маім знаёмцам, які пачытвае апазыцыйную прэсу, загаварылі мы пра шчукінскую бараду. Ён кажа: “Хіба ты ня ведаеш скандаліста Шчукіна? Пэўне ж, сам падстроіў, каб яго пагалілі”.

Сапраўды, хто ж гэта верыць у анэкдоты, нават увасобленыя ў жыцьцё?

“Але што трэба, каб ты паверыў?” — пытаюся ў знаёмца.

Ён пачынае разважаць пра тое, што недавер ягоны выкліканы прэсай, якая не аднойчы перабірала меру з апісаньнем рэпрэсіяў. Вось каб пра той выпадак гвалту ён пачуў не ад журналістаў, а так, дзе-небудзь у барысаўскай электрычцы, ад якога мянта...

Выходзіць, міліцыянты і простыя людзі кажуць праўду, а газэты адлюстроўваюць увасобленыя ў жыцьцё анэкдоты…

Валеры Шчукін — даўні герой гэтых анэкдотаў. То кашулю-вышыванку ў Вярхоўным Савеце насіў, то кіцель капітанскі; то ён камуніст, то праваабаронца, на ўсіх дэманстрацыях — у першым шэрагу, яго першага амонаўцы круцяць, яго судзяць бясконца і караюць то штрафам, то суткамі. І паўсюль — ягоная барада. Словам — чалавек, ну зусім не падобны да мяне. Асоба ў адным шэрагу з анэкдатычнымі Чапаевам, Штырліцам ці Вовачкам. Каму прыйдзе ў галаву ўспрымаць іх сур’ёзна і зь імі салідарызавацца?

Сытуацыя, між іншым, вельмі падобная да той, што была ў Нямеччыне ў трыццатыя гады, калі пастар Німэлер напісаў свае знакамітыя словы: “Калі яны прыйшлі па сацыял-дэмакратаў, я маўчаў, бо ня быў сацыял-дэмакратам. Калі яны прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, бо ня быў камуністам. Калі яны прыйшлі па жыдоў, я маўчаў, бо ня быў жыдам. Калі яны прыйшлі па мяне, дык не засталося нікога, хто мог бы мяне абараніць”.

Думаючы пра выпадак у Жодзінскай каталажцы, я разумею, што стыль жыцьця і палітычныя перакананьні Валер’я Шчукіна тут ні пры чым. Падабаецца табе ён ці не падабаецца, неістотна. Бо той выпадак — не ягонае дзеяньне, не ягоны выбар і ўчынак. Гэта дзеяньне супраць яго. Прычым, на маю думку, гэта самае гвалтоўнае дзеяньне, якое толькі можна прыдумаць. Прымусовая зьмена тваёй самаідэнтыфікацыі. Ператварэньне чалавека ў прадмет — гэта тое, што ў самых страшных у сьвеце кітайскіх турмах называюць ператварэньнем чалавека ў жабу.

Сьведчаньні пра Жодзінскую каталажку — самую жахлівую ў Беларусі — даходзілі і раней. Але менавіта шчукінская барада стала наймацнейшым доказам таго, што ў нас для палітвязьняў ёсьць свая кітайская турма.

Горкая кпіна гісторыі — сілаю зголеная барада былога камуніста Валер’я Шчукіна.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0