Краіна нашых няспраўджаных надзеяў

Беларусам Францыя й французы заўсёды ўяўляліся краінаю й людзьмі Надзеі. У пераломныя моманты гісторыі нашыя продкі зьвярталі свае позіркі да далёкіх берагоў Сэны й Люары.

 

Ягайла, заключаючы Крэўскую унію, браўся шлюбам з каралеваю Польшчы Ядзьвігай, прадстаўніцай слыннай францускай дынастыі д’Анжу. У канцы XVI ст., калі згас род Ягайлавічаў, першым абраным манархам Рэчы Паспалітай стаўся Генрык Валеза, будучы кароль Францыі Генрык ІІІ. У XVIІ ст. нашая дзяржаўная эліта шукала ратунку ад анархіі й развалу, што апанавалі краіну ў часе “швэдзкіх”, “казацкіх” і “турэцкіх” войнаў, запрашаючы на варшаўска-віленскі, а то й асобна на віленскі сталец нашчадкаў славутых францускіх фаміліяў. Прапановы такога кшталту атрымлівалі й знакаміты ваяр Люі ІІ дэ Бурбон, прынц дэ Кандэ (вядомы ў гісторыі як Кандэ Вялікі), і ягоны сын Анры-Жуль дэ Кандэ, і Франсуа-Люі дэ Бурбон, прынц дэ Канці, які быў нават законна абраны каралём Польшчы й вялікім князем Літвы ў траўні 1697 г. Частка літвінскай шляхты засталася вернай гэтаму гаспадару, нават калі ў 1698-м ён зьбег з Рэчы Паспалітай пад націскам войскаў саксонскага курфюрста Фрэдэрыка-Аўгуста. Апошні быў абвешчаны польска-літвінскім манархам Аўгустам ІІ ды адразу ж уцягнуў дзяржаву ў зьнішчальную Паўночную вайну. Менавіта на дапамогу Францыі абапіраліся рамантыкі Барскай канфэдэрацыі, якія ў 1768—71 г. змагаліся з акупацыйнымі расейскімі войскамі, спрабуючы захаваць незалежнасьць Рэчы Паспалітай. І кароткачасовае аднаўленьне ў ХІХ ст. Вялікага Княства Літоўскага таксама адбылося пры самым непасрэдным удзеле Францыі — Часовы Ўрад ВКЛ стварыўся ў 1812 г. у Вільні, занятай Вялікай Арміяй Напалеона Банапарта, і дзеяў пад кантролем імпэратарскага камісара Л.Біньёна. І паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64 гг. слалі сваіх эмісараў па дапамогу менавіта ў Парыж — туды, дзе ў 1643 г. Іван Ужэвіч склаў першую ў гісторыі граматыку беларускай мовы, дзе ў 1840-м Аляксандар Рыпінскі выдаў першую ў гісторыі кніжку, на тытульнай старонцы якой чытач мог пабачыць загадкавую назву — “Беларусь”, дзе ў 1841-м Адам Міцкевіч падчас лекцыі ў Калеж дэ Франс назваў мову беларусаў “самаю гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененай”. Першым міжнародным дэмаршам першае беларускае палітычнае партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады — быў ейны ўдзел у нелегальным зьезьдзе партыяў Расеі, што адбыўся ў 1904 г. у Парыжы.

Аднак, загадка адвечнага беларускага спадзяваньня на вырашэньне кардынальных праблемаў свайго Краю з дапамогаю далёкай і такой спакусьлівай Францыі здаецца яшчэ больш таямнічаю, калі ўспомніць пра канец усіх вышэйпералічаных захадаў. Успомніць, як кожны раз наша крохкая Надзея ўшчэнт разьбівалася аб каменны мур de la Politique réelle і du Pragmatisme national — рэальнае палітыкі нацыянальнага прагматызму.

І сапраўды, вынікі спробаў прымусіць гальскага пеўня пракрычаць нам сьвітанак гавораць самі за сябе. Генрык дэ Валюа прагаспадарыў у Рэчы Паспалітай толькі чатыры месяцы (люты—чэрвень 1574), на працягу якіх не знайшоў часу наведаць Вялікае Княства, а потым патаемна зьбег у Парыж, каб заняць спадчынны трон па сьмерці брата Карла ІХ. Кандэ Вялікі ўвогуле адмовіўся прыехаць у Рэч Паспалітую, а ягоны сын не пагадзіўся на карону ВКЛ, асобную ад польскай, калі “караняжы” не захацелі абраць яго спадкаемцам караля й вялікага князя Яна Казіміра. Прынц дэ Канці ня здолеў дабрацца да месца каранацыі, а сваёй нерашучасьцю за некалькі месяцаў распужаў усіх прыхільнікаў і бясслаўна пакінуў Край. Барскім канфэдэратам не хапіла мізэрнай францускай дапамогі, каб адужаць шматтысячнае расейскае войска, і іхная параза справакавала першы падзел Рэчы Паспалітай. Часовы Ўрад ВКЛ мусіў пакінуць дзяржаву разам з адступаючымі часткамі Вялікай Арміі ў сьнежні 1812 г., а ўся ягоная дзейнасьць зьвялася да арганізацыі харчовага й фуражнага забесьпячэньня францускага войска ды рэкруцкага набору ў тое самае войска — чамусьці, паводле расейскага заканадаўства. Інсургентам Касьцюшкі, Валовіча ці Каліноўскага Францыя нічым рэальна не дапамагла.

Ігар Лялькоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0