Андрэй Катлярчук 

Мусю пранцуз, цi не зьясi гарбуз?

Прыказкi беларусаў аб французах з тлумачэньнем гiстарычнага паходжаньня й сэнсу

 

“Скакнуў, як кароль Генрык за мора” — гiстарычная фразема, пашыраная ў творах старабеларускай лiтаратуры XVI—XVII ст. (напрыклад, у “Прамове Мялешкi”). Генрык Валеза (Valois, 1551—1589), цi “Генрык Француз”, як звалi яго ў ВКЛ, быў у 1574 г. абраны на караля польскага й вялiкага князя лiтоўскага, але праз 7 месяцаў нечакана зьбег у Парыж, каб пад iмем Генрыка III заняць француcкi трон. Як падкрэсьлiла “Кронiка Магiлёва”: “...панаваўшы толькi месяцаў сем Генрык зьбег да Францыi”. Гiсторыя з ад’ездам караля — зьнявага польскай і лiтоўска-беларускай кароны на карысьць францускай — набыла асабліва шырокі розгалас сярод беларускай шляхты. Па-першае, была крыўда, што кароль гэтак і не наведаў Лiтвы. Па-другое, прычыны ўцёкаў Генрыка лiтвiны-беларусы бачылi ў дзяржаўным бязладзьдзі Польшчы. Sine rege sine lege (няма караля — няма закону) — казала шляхта. Шляхта лiчыла, што непарадак у Польшчы нарэшце загубiць і Вялiкае Княства. Прыгадаем, што толькi 5 гадоў таму (1569) была заключаная Люблiнская унiя, якая злучыла Лiтву-Беларусь з Польшчай у адно фэдэратыўнае гаспадарства. Літвіны моцна працівіліся падпiсаньню Унii. Абгрунтоўваючы законнасьць яе, польскія сэнатары паказвалі лiтвiнам старажытныя дамовы паміж ВКЛ і Каронай (напрыклад, Гарадзельскi прывілей), але беларусы зьняважлiва называлi iх “кудзелькамi”1. Сэпаратызм лiтвiнаў праяўляўся і пасьля. У Статуце ВКЛ 1588 г. Люблiнская унiя ўвогуле ня згадвалася (!). Такiм чынам, прыказка “скакнуў як кароль Генрык за мора” падкрэсьлівала iранiчнае стаўленьне беларускай шляхты да палякаў і Польшчы. Таксама, як iншыя:

— дажылiся палякi — анi хлеба, нi табакi;

— хyць да Кракава — усюды адзiнакава.

“Хоць ты мяне капут, то я не галём”. (Не пайду, хоць забi.) Камэнтуючы гэтую прыказку часоў вайны 1812 г., А.Фядосiк і М.Грынблат сьцьвярджаюць, быццам менавiта так “з тлумачэньняў зьбiральнiкаў”, беларускi селянiн-праваднiк адказаў “францускiм захопнiкам” (?!) . Незразумела толькi, адкуль селянін ведаў па-нямецку. Беларускi этнограф Ян Чачот прапаноўваў зусiм iншае тлумачэньне: “Так казалi немцы-праваднiкi ў войску Напалеона” . Заўвага беларускiх дасьледчыкаў савецкага часу — тыповы прыклад iдэалягізацыi навукі, у гэтым разе iмкненьня сьцьвердзiць барацьбу сялянаў-беларусаў супраць французаў на баку расейцаў.

“Ад пранцузаў у месьце не было чутно анi звона, анi пеўня — першы быў забаронены, а другi зьедзены”. Гэтая гiстарычная прыказка ўзьнiкла ў часе побыту французаў у Вiцебску. 16 лiпеня 1812 г. шляхта й мяшчане Вiцебску трыюмфальна сустрэлi Напалеона. Маладзiцы лiтаральна засыпалi кветкамi iмпэратара, што аднавiў ВКЛ. Францускае войска дабраславiлi ня толькi каталiцкi й унiяцкi бiскупы, юдэйскi рабiн, але нават праваслаўны ўладыка, архiяпiскап Варлаам (Шышацкi). Уражаны гэткiм вiтаньнем, Напалеон прамовiў да прызначанага губэрнатара, маркiза Пастарэ: “Калi ласка, глядзiце на Лiтву й Беларусь як на сяброўку, а не як на заваяваную краiну”. Кожны, хто прысягнуў на вернасьць Францыi (а ў Віцебску гэта зрабілі амаль усе), атрымаў каляровую цэшку, якую павiнен быў пачапiць на рукаво. Новая ўлада ўмацавала муры, правяла перапiс насельнiцтва, але хутка стаўленьне месьцічаў да французаў пагоршала. Па-першае, зыходзячы з вайсковых патрэбаў, французы перабудавалі ўсе мураваныя храмы Вiцебску ў абарончыя аб’екты. Са званіцаў паздымалі званы й паставілі туды гарматы, у храмах перасталi служыць. Па-другое, вялiзнай армii трэ было тры разы на дзень есьцi. Спакваля ўсе харчы ў горадзе скончылiся. Жаўнеры сталi ладзiць рэквiзыцыi. Вiцебскае паданьне кажа, што, “калi адзiн паляк-генэрал з францускага войска праходзiў гародамі, ён пабачыў старую, якая там корпалася ў зямлі. Спынiўшыся, ён запытаўся ў бабулі: “Чаго вы шукаеце?” Яна адказала, што шукае гароднiны, але хiба нешта знойдзеш пасьля французаў. Тады генэрал запытаўся, цi была калi ў жыцьці старой такая ж цяжкая часіна. Тая прароча адказала: “Памятаю такi самы час, калi наляцела на Беларусь саранча, якая ўсё вынiшчыла, але прыйшла зiма, i ўсе iнсэкты раптоўна загiнулi”. Такiм чынам, калі французы пабылі ў горадзе, стаўленьне да iх памянялася на кепскае. Менавiта гэта й адбілася ў прыказцы.

“Каб пранцуз пабiў маскаля, дый сам не вярнуўся”. Гiстарычны фразэалягiзм, якi адлюстроўвае стаўленьне беларусаў да канфлiкту дзьвюх Iмпэрыяў. Уваходжаньне ВКЛ у склад Расеi ў канцы XVIII ст. пагоршыла стан лiтоўскiх i беларускiх сялянаў. Узмацнiўся прыгон, шмат каралеўскiх сялянаў раздалі буйным расейскiм земляўласьнiкам. На лiтоўскiя й беларускiя губэрнi распаўсюдзілася рэкруцтва. Усё гэта настройвала беларусаў супраць новай, “маскоўскай” улады. Згодна з паданьнем, “калi Напальён шоў на Маскву, ён па дарозе сустрэў бабулю й запытаў, як на яе думку лепш: каб пранцуз разьбiў расейца, цi расеец — пранцуза? Старая, пачухаўшы патылiцу, адказала: добра, каб пранцуз захапiў Маскву й пагнаў расейцаў далей, пагнаў, пагнаў дый сам не вярнуўся”.

“Так турнуў, як Кутуз пранцуза”, “Як ад Кутуза Банапарт” (г.зн. вельмi хутка). Адступленьне французаў ад Масквы ў Беларусi ператварылася ў панiчныя ўцёкi. Расейскім войскам кiраваў генэрал-фэльдмаршал М.Кутузаў, альбо “Кутуз”, як яго клiкалi ў Беларусi2.

“Баiцца холаду як пранцуз”, “Пякуцца пранцузы бы бульба ў прыску” “Галодны пранцуз і вароне рад”. Падчас адступленьня сярод францускiх жаўнераў пачаўся голад, акрамя таго, цісканулі незвычайныя для восенi маразы. У лiстападзе 1812 г. французы траплялі ў палон апранутымі ў жаночыя хусткi, кiлiмы, коўдры, конскiя папоны, кажухi. Шмат iх загiнула ад голаду й холаду. Пра гэта вобразна распавядае беларускае паданьне: “У 12-м годзе падняўся на белага рускага цара пранцуз Напальён. Нагнаў ён сюды войска, бы цёмная хмара… Зьнiшчылi пранцузы увесь край, змарнавалi ўсё дабро, так што й самi пачалi падыхаць з голаду... Сам цар Напальён ходзiць сабе па балоце ды ловiць жабы або чарапахi3, каб падсiлкавацца... Соваюцца галодныя пранцузы, бы сонныя мухi, зьбiраюць чарвякоў, жукоў ды ўсялякiх сьлiмакоў, каб хоць гэтаю поскудзьдзю набiць сабе лантух”. У лiстападзе-сьнежнi 1812 г. беларусы замест стройных француcкiх шыхтоў пабачылі натоўп голодных, хворых, змучаных людзей. Вось як успамiнала аб гэтым у 1896 г. 100-гадовая бабуля Ганна Ласоцiха зь вёскi Шыдлоўцы Ваўкавыскага павету: “Аднаго разу надышлi шмат галодных пранцузаў, а людзi павыкопвалi пагрэба й пахавалi ежу дзе хто змог. Яны (французы) уляцелi да нашай хаты, усе гяргешчуць па-свойму ды поруць па падлозе, поруць а нiчога ня знойдуць. Так адзiн схапiўся на гару, а там ляжаў нейкiсь асмалак, ён думаў што кумпяк ды давай яго грызьцi. Вось што вайна рабiла”. Ёсьць сьведчаньнi што беларускiя сяляне дапамагалi хворым французам, давалi ежу, ручнiкi на перавязкі.

“Наша Бяроза чужых i генэралаў тапiць можа”. Галоўная трагедыя францускага паходу 1812 г. адбылася 14—16 (26—28) лiстапада на пераправе цераз раку Бяроза (сучасная Бярэзiна)1. Маршал Удзiно ашукаў расейскiх генэралаў, будуючы фальшывую пераправу ў Барысаве. Тым часам на поўдзень ад места, каля вёскі Студзёнкі, пад наглядам Напалеона будуюцца два масты. Працаваць французы мусiлi ў сьцюдзёнай вадзе, шмат iх загiнула. Сьвет іх патапiўся ў часе пераправы, багата хворых і параненых заблукала ў лесе й назаўсёды засталося на берагах Бярозы. Яшчэ ўвесну 1813 г. на барысаўскай плошчы стаяла мноства францускiх гарматаў, фурманак. З-пад сьнегу бачныя былі кiвэры, кiрасы, хатылі, зброя, трупы жаўнераў. Некалькi тысячаў французаў пахавалi ў вялiзных ямах на ўскраiне Студзёнкi. Большасьць францускае маёмасьці трапiла ў рукі тамтэйшай шляхты2. Усё таньнейшае пахапалi сяляне. Да пачатку XX ст. у навакольных вёсках этнографы бачылi францускiя шалi, ручныя млыны, кавамолкi, ружжы. Падчас расчысткі Бярозы ў 1813, 1855, 1910 гадах знайшлi шмат францускiх рэчаў. Усё гэта спарадзіла легенды аб францускіх скарбах, якiя схавала рака.

“От адзiн стаў Напальён, хоць прывёў да нас мiльён”. Прыказка адлюстроўвае жудасныя страты францускага войска ў паходзе на Расейскую iмпэрыю. Па падлiках дасьледчыкаў, з 420 тысячаў жаўнераў, якiя перайшлi Нёман 12 (24) чэрвеня 1812 г., у сьнежнi цераз прускую мяжу вярталіся толькi каля 30 тысячаў чалавек.

“Мусю пранцуз, цi не зьясi гарбуз?” Жартоўны калямбур. Як тлумачыў у канцы XIX ст. беларускi этнограф Яўген Ляцкi, “жарт быў распаўсюджаны ў некаторых паветах Менскай губэрнi як кпiна з нашчадкаў французаў, што аселі на беларускiх землях у пачатку XIX ст.”  Адам Кiркор сьведчыў, што багата жаўнераў Напалеона пазаставаліся ў беларускiх вёсках і панскiх фальварках. Хтосьцi стаўся настаўнiкам, гувэрнэрам. Некаторыя зрабiлi кар’еру й атрымалi ад расейскага ўраду высокiя пасады, узнагароды, шляхецтва .

“Каб цябе пранцы цалавалi!”, “Каб цябе пранцы зьелi!”3  Пашыраны народный праклён. “Пранцамi” беларусы скарочана называлi французаў і, адначасова, “пранцы” — народная назва сыфiлiсу (syphilis, lues), вядомага ў Эўропе з XVI ст. як “француская хвароба”. На думку простага люду, менавiта французы занесьлi яе ў Беларусь у 1812 г. Паводле ўспамінаў старой сялянкi, занатаваных у 1870 г., “...сямейка схавалася ад пранцаў у лесе, …братава жонка з-за немаўляцi засталася на вёсцы з пранцузамi. Рыхтавала iм ежу, даiла каровы. Але пасьля адыходу пранцузаў уся зрабiлася ў ранах і брат ад яе набраўся. Кажуць, што ўся вёска набралася нейкай хваробы ад тых пранцузаў”.

“І ў Парыжу з аўсу ня зробяць рыжу (рысу)”. Узьнiкненьне гэтай прыказкi зьвязанае з Усясьветнай выставай 1889 г. у Парыжы (раней прыказка не фіксуецца). Весткi аб дзiвосах Парыскае выставы, аб найвялiкшай у сьвеце Эйфэлевай вежы й iншых цудах даходзiлi да Беларусі. Але скептычны сялянскi практычны розум па-свойму iнтэрпрэтаваў францускiя падзеi.

 

1 Расейскiя й беларускiя дасьледчыкi вайны 1812 г. па аналёгii з “Барадзіно” перарабiлi народный гiдронiм “Бяроза” на “Беразіно”.

2 Напрыклад, барысаўскi шляхцiц пан Корсак зрабiў у сваім маёнтку “францускi музэй”.

3 Гэты варыянт атрыманы ад доктара фiлялягiчных навук Мiколы Нiкалаева, якi чуў гэтую прыказку ў дзяцiнстве на Наваградчыне.

 

Сьпiс выкарыстаных крынiцаў прыказак:

 

Васильев В. Белорусские пословицы. // Маяк. Санкт-Петербург, 1844. Т.15; 1845. Т.22—23.

Czaczot J. Piosеnki wieśniacze znad Niemnа i Dźwiny… Wilno, 1846. S.106—117.

Ельчанинов Н. О значении пословиц и поговорок и о Бельском местном наречии.// Смоленские губернские ведомости. 1864. №28. С.113—115.

Сборник белорусских пословиц, составленный И.И.Носовичем. Санкт-Петербург, 1874.

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т.1. В.1—2. Песни, пословицы, загадки. Киев, 1885.

Этнографический сборник, составил В.Н.Добровольский. // Записки ИРГО. Отдел этнографии. Ч.3. Т.23. В.2. Пословицы. Санкт-Петербург, 1894.

Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. Ч.1. Пословицы, поговорки, загадки. Москва, 1898.

Рукапiсны збор прыказак А.К.Сержпутоўскага (1909 год). // Касько У. Сьвятло далёкае зоркi. Менск, 1997. С.270—296.

Federowski M. Lud bіełaruski na Rusi Litewskiej. T.4. Warszawa, 1935.

Oskar Kolberg. Dzieła wszystkie. T.52. Białoruś-Polesie, Wrocław-Poznań, 1968.

Прыказкi i прымаўкi ў дзьвюх кнiгах. // Пад рэд. А.Фядосiка i М.Грынблата. Кн.1. Менск, 1976.

Беларускi фальклёр. Хрэстаматыя. Менск, 1996.

 


1 Радаводам “па кудзелi” беларусы называлi радавод па жаночай лініі, у адрозненьне ад радаводу “па мячы”, г.зн. па бацьку.

 2 Цiкава, што iншага расейскага генэрала М.Барклая-дэ-Толi беларусы называлi “Баўтай у торбе”. // Сборник белорусских пословиц, составленный И.И.Носовичем. Санкт-Петербург, 1874. С.6.

 3 Сьведчаньне таго, што простыя беларусы ведалi аб асаблiвасьцях францускай кухнi.


Андрэй Катлярчук

кандыдат гістарычных навук, дактарант Расейскай Акадэміі навук. Працуе ў Санкт-Пецярбургу, у Кунсткамэры. Паходзіць з Турава. Сёлета выйшаў ягоны артыкул “Беларусы Бранскага краю” ў ARCHE, №2, ягоная кніга “Праздничная культура в городах России и Белоруссии ХVII века”. Ён рыхтуе да друку кнігу “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0