Да 170-годзьдзя народзінаў

Літвін з барадою Маркса

Сяргей Балахонаў

 

Бавячы ў дзяцінстве лета ў вёсцы Рудня-Гулева на Веткаўшчыне, аднаго разу я трапіў у прышкольную качагарку. Там, поруч з крошкаю торфу, ляжала купа ўсялякіх кніг. Сярод шматлікіх “Deutsch’аў”, “фізыкаў” ды “пачатковай ваеннай падрыхтоўкі” я раскапаў вокладку і франтысьпіс з выявай барадатага чалавека. Самі старонкі былі некім вырваныя. Тады па тэлевізіі, акурат як цяпер мыльныя опэры, бяз памяці круцілі шматсэрыйны фільм “Карл Маркс. Маладыя гады”. Дык мне падумалася, што бачу якраз ягоны партрэт. Зірнуў на вокладку і зьдзівіўся: “Вінцэсь Каратынскі?! Хто гэта?” Пошукі тэксту кніжкі былі марныя...

 

Вінцэсь Каратынскі нарадзіўся 15 чэрвеня 1831 г., калі яшчэ не пасьпела астыць зброя вызвольнага антырасейскага паўстаньня. Як шмат хто з таго пакаленьня, Вінцэсь усё жыцьцё балюча вагаўся душою й сэрцам, шукаючы адказу на пытаньне: “Хто я такі?” Бацька, што рана сышоў у лепшы сьвет, нічога растлумачыць не пасьпеў. Вясковы арганіста, які навучаў па-польску, з бабамі сварыўся па-беларуску, а жыду мог сказаць колькі слоўцаў на ідыш, спрабаваў, верагодна, выхаваць хлопца палякам. Але паэтычная сузіральнасьць выкрывала супярэчнасьці, ад якіх іншым разам не бывала спакою: чаму на адной зямлі суіснуюць пальшчызна й беларушчына? Чаму людзі адначасова завуць сябе і палякамі, і літвінамі, а часам і русінамі? Урэшце, што ж такое Літва сама сабою?

Знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем пераканала ў слушнасьці развагаў, але нават знаны “вясковы лірнік” ня мог разьвеяць сумневаў Каратынскага, маючы ў сабе той самы быцьцёвы клопат. Абодва разумелі, што беларуская (крывіцкая, русінская) мова “такая ж людзкая і панская”, як і іншыя, і нават пісалі на ёй вершы. Аднак, збольшага ў шуфляду. А першы паэтычны зборнік Каратынскага “Чым хата багата” (1857) складаецца з польскіх вершаў. Здаецца, тады не было заганай выказаць па-польску любасьць да роднага краю. Але ці ня мучылі паэта згрызоты й душэўная мулкасьць пасьля ўсіх гэтых польскамоўных услаўленьняў радзімы? Хоць для заспакаеньня такіх пачуцьцяў можна было пачытаць Георга Самуіла Бандткэ, які сьцьвярджаў, што польская мова ў ВКЛ ладна пашырылася яшчэ за часы Жыгімонта Старога. Дзеля заспакаеньня можна было й проста пісаць пра народ, што Каратынскі й рабіў, зьвяртаючыся, хай сабе па-польску, да тых, “хто ў шкарлупе сядзеў сутулы”.

А падпіўшы ў пачэсным таварыстве, льга было ў адзін альбом пісаць аб “сардэчных панях” ды аб “мужыцкіх панах” (“Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага”, 1858 г.), а ў іншы — пра лунаньне польскага духу (“Альбом Цэліны Кіркор”, 1860 г.). Акрамя таго, Каратынскі “паклонна вітае “сонечнага” расейскага імпэратара Аляксандра ІІ (1858) зь легальнае нагоды на паўзабароненай мове, кідаючы ў вершаванае вітаньне мноства двухсэнсоўных выразаў і мэтафар. Як разумець покліч “братцы, да дзела, да дзела!”, калі слова “дзела” пазначала ня толькі справу, працу, але яшчэ й зброю? А “жаўценькі пясочак” у падарунак імпэратару? Гэта табе ня хыхі, як казаў калісьці Мялешка. Зрэшты — была б ахвота — мэтафары й цьмянасьць разьлятаюцца ў бакі, а рука выводзіць на паперы:

 

Чы Бог ня зьмілуецца над намі

І дасьць пагінуць пад Маскалямі?...

Дзе тут сапраўдны Вінцэсь Каратынскі? Ён адначасова і паўсюль і нідзе. Паўстаньне 1863—64 г. сталася мяжою, кардонам, які адцяў ранейшую эпоху, калі можна было вагацца з уласным этнакультурным вызначэньнем. У 1864 г. Каратынскі напісаў элегію “Туга па чужой старане”, якая сталася шэдэўрам нацыянальнай патрыятычнай лірыкі ХІХ ст. “Я ж зямліцу меў радную...” Здаецца, яшчэ адзін крок — і адбылося б пераадоленьне душэўнага вэрхалу, і ён назваў бы сябе беларусам, крывічом, русінам. Але ён застаецца літвінам паводле нараджэньня і палякам паводле зьбегу абставінаў. У 1866 г. Каратынскі зьяжджае ў Варшаву, уцякаючы ад сябе й расейскага абвалу на Беларусі. Толькі ж ад сябе не ўцячэш. Прывід “роднай зямелькі” не пакідаў Каратынскага да скону. Варшаўскія палякі не забываліся на ягонае паходжаньне, называлі “барадатым літвіном”. Магчыма, нават барада выконвала ролю свайго кшталту маскі. Як казаў адзін з герояў Умбэрта Эка, кожнае пакаленьне мае сваё адчуваньне несвоечасовасьці зьяўленьня на гэты сьвет. І трэба змагчы гэтую несвоечасовасьць, каб вокладкі тваіх кніг не валяліся ў істопках пад тарфяною крошкай.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0