Невядомыя дакумэнты Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату

Увосень 1939 г., на пачатку другой сусьветнай вайны, мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў Беларускі Грэка-Каталіцкі Экзархат. Праз год, 17 верасьня 1940 г. экзархам БГКЦ быў прызначаны а.Антон Неманцэвіч. Працаваць яму давялося спачатку пад бальшавіцкай, а пасьля пад нямецкай акупацыяй.

Дасёньня беларускія навукоўцы, дасьледуючы гэты пэрыяд гісторыі БГКЦ, у якасьці асноўнай крыніцы інфармацыі бралі ўспаміны а.Лява Гарошкі, у якіх хапае недакладнасьцяў. Выяўленыя нядаўна ў Львоўскім Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве справаздачы а.Неманцэвіча асьвятляюць некаторыя пытаньні з гісторыі Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату.

Неманцэвіч браў удзел у трох Саборах экзархаў у Львове: 18—19 верасьня 1940 г., 13—16 чэрвеня 1941 г. і 9—15 чэрвеня 1942 г. У чэрвені 42-га экзархі і мітрапаліт Шаптыцкі радзілі а.Антону Неманцэвічу паехаць у Жыровічы да праваслаўных гіерархаў, што, на іх думку, зьмяніла б стаўленьне апошніх да Уніі (ЦДГАЛ, ф. 201, воп.1, спр.16, арк.146 аб.).

Невядома, ці пасьпеў а.Неманцэвіч наведаць Жыровічы, але празь некалькі дзён пасьля вяртаньня зь Львову ён быў арыштаваны ў Альбярціне гестапаўцамі...

Мітрапаліт Шаптыцкі зрабіў усё магчымае, каб даведацца пра лёс а.Неманцэвіча. У лісьце ў Рым да кардынала Яўгена Цісэрана ад 14 жніўня 1943 г. ён пісаў: “Пасьля доўгіх месяцаў, як Экзарх а. Неманцэвіч зьнік, гэтая тайна яшчэ не была вычарпальна вырашана. Але згодна з інфармацыямі, якія я атрымаў, здаецца зусім пэўным, што ён быў забіты...”

Сяргей Ёрш

 

“Справаздача з працы ўнійнай Беларускага Экзархат[у] за час ад апошняга Сабору Экз.[архаў] (18-19/XI-1940) да 12/VI-1941 г.

Пакуль што экзарха не выяўляў вонкава сваіх паўнаўладаў, таму ўся праца ёсьць прыгатаваўчая.

За гэты час экзарха навязаў добрыя адносіны з праваслаўным настаяцелем у Альбертыне. Гэты настаяцель, калі сам ня можа пахаваць памёрлых з суседней ля Альбертына вёскі Чапялёва, адсылае да мяне, было такіх 2 выпадкі, гэта дае нагоду да зьбліжэньня гэтых людзей да Сьв.Уніі.

Хоць царква ў Альбертыне занятая праз войска пад жаўнерскае кіно, аднак служба адбываецца пад касьцёлам акуратна кожнаю нядзелю і сьвята, зьбіраецца каля 20 асобаў, заўсёды гаворацца казані па-беларуску для ўзмацаваньня веры.*

Экзарха на сьв. Сьв.Юра езьдзіў да Дэлятыч**, там было людзей поўная царква, апрача экзархі з настаяцелем служыў навуку а.Гарошка; гэта ўрачыстасьць вельмі дадатна ўплынула на веруючых.

Экзарха назначыў сваім вікарым генэральным а.Аношку, на яго пераходзіць уся ўлада э[к]зархі на выпадак арышту або перашкоджаньня, калі б а.Аношка быў перашкоджаны, ўлада пераходзіць на а.Гарошку, яны таксама належаць да рады Экзархату.

А.Экзарх пераклаў пастанаўленьне Сабору Экз. з 1940 г. з украінскае на расейскую ды беларускую мовы, пачаў пісаць у форме гутаркі адказы веруючага на закіды недаверка.

Кс.Віктар Шутовіч пачаў перакладаць на беларускую мову дагматычныя казані-навукі, іншыя беларускія ксяндзы абяцалі сваю працу ў пісьменьніцтве. Некалькі ксяндзоў лацінскага абраду вучацца адпраўляць Сьв.Літургію па ўсходнім абрадзе.

12/VI – 1941

а.А.Неманцэвіч”

(ЦДГАЛ, ф. 201, воп.1, спр.16, арк.33,33 адв., арыгінал, рукапіс.).

 

“E x a r c h

der gr. – Kat. Kirche

in Weissruthenien

———————

E k z a r c h

hr. – Kat. Carkvy

na Bielarusi

Albertin bei Slonim

9červienia 1942

¹ 38.

 

Справаздача Беларускага Экзархату за час 1941 г. чэрвень па травень 1942 г.

Праз цэлы час 1941 г. як Экзарх Беларусі я вонкава не выступаў: пры бальшавікох гэта было небясьпечна, калі пры[й]шлі немцы і ўстанавілі ўладу, 5 сьнежня 1942 г. прадставіў я свае дакумэнты і прасіў, каб пазволілі мне прыступіць да выкананьня маёй улады.

16/III атрымаў я ад Генэральнага Камісара Беларусі дакумэнт, якім прызнае сьвецкая ўлада мяне за Экзарха і дазваляе выконваць маю ўладу на Беларусі.

20/III разаслаў я паведамленьне праз Гэбітскамісара да Мітрапаліта Шэптыцкага, Мітрапаліта Ялбжыкоўскага і Япіскапа Букрабы, што прыступаю да выкананьня маёй улады.

На Вялікдзень (5/IV — 1942) разаслаў Пастырскае Пасланьне да духавенства і верных Беларускага Экзархату.

За гэты час вонкавага майго выступленьня здарыліся 2 сумныя факты: нязлучаныя праваслаўныя ад[а]бралі ў нас 2 ца[р]квы з прыходамі: у Бабровічах і Сы[н]ковічах***, прадстаўляючы ўніятаў як палякаў і унію як польскую веру.

У жніўні 1941 г. пасьвяціў я спрафанаваную праз бальшавікоў царкву нашу ў Альбэртыне, цяпер у ёй адпраўляецца служба Божая, а за бальшавікоў было кіно. Занялі мы некалькі комнат у кляштары і туды пераехалі жыць.

9 красавіка 1942 г. езьдзіў я да Баранавіч, абсталяваў пячатку Экзарха і штамп: наладжаная прапаганда Уніі праз Баранавіцкую Газэту.

а.А.Неманцэвіч

Экзарх Гр.К.Царквы
на Беларусі”

(ЦДГАЛ, ф. 201, воп.1, спр.16, арк. 142, 142 адв., арыгінал, рукапіс са штампам Бел. Экзархату.)

 

* Паводле сьведчаньняў альберцінскіх грэка-каталікоў, набажэнствы патаемна адбываліся ў сутарэньнях мясцовага касьцёлу з восені 1939 г., калі ў Альбярціне знаходзіўся ўніяцкі сьвятар а.Вальтэр Цішэк.

**Вёска на Наваградчыне, дзе таксама існавала ўніяцкая парафія. Настаяцелем там быў а.Вацлаў Аношка.

***Вёскі ў сучасных Івацэвіцкім і Зэльвенскім раёнах. У міжваенны час там існавалі ўніяцкія парафіі.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0