Выбары — Лісты ў рэдакцыю

 

Бацька і сьсівелыя дзеці

Хто прайграе на выбарах? Беларускі народ прайграе. Можна і без патэтыкі — прайграе абсалютная большасьць грамадзянаў нашай краіны.

Раней усе крычалі, што няма таго, хто павядзе, цяпер такіх ужо вунь колькі. За кожным — свае інтарэсы, свае групоўкі, кожны жадае атрымаць пасьля перамогі свае прыбыткі... А што застанецца не сваім? Ну, разумееце, міжнародная абстаноўка, цэны на нафту, пазыцыя вялікіх дзяржаваў, кашаль Туша ці смаркачы Муціна не дазваляюць усім вам, дарагія выбарцы, зажыць добра сёньня, але калі Вы пераабярэце мяне яшчэ на адзін тэрмін, дык халера з вамі, можа, мая-свая групоўка і кіне вам са стала якіх аб’едкаў, бо мы ўжо трохі пад’елі...

Ня трэба быць псыхолягам, каб разумець, што ў нашым грамадзтве пануюць дзіцячыя ўяўленьні, бо ўсе мы баімся, ненавідзім, любім і самае галоўнае — спадзяемся на “бацьку”, хто б ён ні быў, што мы баімся застацца самотнымі, баімся пасталець, пачаць рабіцца дарослымі. Хіба не зразумела, што сапраўдны прэзыдэнт у сёньняшняй РБ такі, якім ён ёсьць сёньня, — блізкі і зразумелы. Ён абароніць ад астатняга сьвету, што пачынаецца за плотам, дасьць пяць лыжак заціркі, але адлупцуе за жаданьне пералезьці праз плот. Хіба не зразумела, што ўсе іншыя выступаюць у ролі спакусы — абяцаюць, што будзе прыемна і не балюча, але чуе маленькае сэрца фальшывую ноту і захлынаецца ад жаху, болю і абразы. І ня ведае дзіця, што ўлада бацькі — яшчэ большы грэх, бо выціскае з маленькага сэрца любоў і надзею на Таго, хто і над бацькам. І як вызваліць гэтых людзей, як даць ім Веру? Патрэбная папросту Любоў да іх. Любоў не зь сюсюканьнем, а з праўдай у дзеяньнях, бо праўда толькі ў словах іх пужае. І праўда такая паўстане толькі тады, калі прыйдзе нехта і пачне вяртаць гэтаму народу ўсе даўгі, бо дагэтуль ён толькі аддае і аддае камусьці сваю працу і сілу... Той, хто дасьць яму болей, чым пяць лыжак заціркі, той і пераможа. Мо не 9-га верасьня, а пасьля... А пакуль даўгі не аддаюцца, і нават размовы пра гэта няма — будзе плот, бацька і сьсівелыя дзеці.

А.Х., Менск

Хачу выбіраць не прэзыдэнта

Чаму цяжка вылучыць кандыдатуру прэзыдэнта, адзіную для больш-менш разумных і сумленных людзей? Бо выбіраецца — па магчымасьцях, уплыве, незалежнасьці дзеяньняў і г.д. — амаль Цар, які сёньня будзе абяцаць адно, а заўтра, пад уплывам розных акалічнасьцяў, пачне рабіць іншае, пры гэтым нічым не расплочваючыся за здраду, ніколі, як і ўся сыстэма бюракратыі, матэрыяльна не адказваючы за свае пралікі.

 

Я хачу выбіраць не прэзыдэнта, а ягоныя будучыя канкрэтныя дзеяньні, за якія той згодны несьці матэрыяльную і маральную адказнасьць. Не асабіста перада мной, вядома, але перад супольнасьцямі выбарцаў. Тады пасада прэзыдэнта ператвараецца са знакавай у звычайную чыноўную. І дзякуй Богу! Не стварай сабе куміра!

На жаль, сёньня выбары прэзыдэнта — барацьба за крэсла ці за імідж. Больш пакуль нічога не праглядаецца. Ну, возьмем мы, дэмакраты, тое крэсла. І які ўзор дэмакратычнай дзяржавы пачнем будаваць? Амэрыканскі, францускі, швэдзкі, расейскі? Як некалькі дзясяткаў спэцыялістаў з кіроўнага кола апазыцыі здолеюць паміж сабой паразумецца, а потым зрушыць на шлях прагматызму і маралі кола жывой савецкай, карумпаванай бюракратыі? Гэта пытаньні, на якія трэба адказваць да выбараў, каб не баяцца за іхныя вынікі.

І яшчэ адно, што замінае людзям ісьці на выбары і галасаваць за дэмакратыю. Сёньняшняя дэмакратыя заходняга ўзору дае магчымасьць ператварыцца ў мажных, самазадаволеных (калі пашанцуе) індывідуумаў, у якіх Бог — заробак і спажываньне. Духоўнасьць, мараль, культура, экалёгія — другасныя, на пэрыфэрыі. Таму сёньняшнія катэджавыя жыхары ніколі ня будуць гэткімі ж шчасьлівымі, як жыхары камуналак 50—60-х гадоў, і не народзіцца ў іх ні добрае сяброўства, ні добрыя песьні. А які сэнс тады жыцьця наагул?

Шмат хто ўсё гэта адчувае, хоць падсьвядома і пры ўсёй павазе да дэмакратаў ня хоча мяняць шыла на мыла.

Ці можна пазьбегнуць пазначаных “мінусаў” дэмакратыі, перамагчы бюракратычныя рагаткі?

З дапамогай беларускай грамадзкасьці (як “унутранай”, гэтак і замежнай), вядомых дзеячоў культуры, навукі трэба вызначыць найбольш сумленных, адукаваных і паважаных у сьвеце людзей-грамадзянаў нашай краіны, якія ўтвораць НАЦЫЯНАЛЬНУЮ РАДУ (накшталт старажытнага Веча) з паўнамоцтвам ініцыяваць распрацоўку і накіраванасьць законаў у краіне, адхіляць іх у выпадку пярэчаньня нацыянальным інтарэсам, зьвяртацца да насельніцтва з інфармацыяй аб падзеях у краіне і сваіх меркаваньнях наконт гэтага... Дзейнасьць Рады — на грамадзкіх пачатках, але «маральна кіраўнічая» пры зносінах з дзяржустановамі... Мо тады і атрымаецца прышчэпка грамадзтву ад “мінусаў” нясьпелай дэмакратыі...

Алесь Катлянік, Менск

Экзамен на годнасьць

Я такой думкі прытрымліваюся, што павінен быць свайго роду ўступны экзамен для кандыдатаў.

Павінна быць створана незалежная камісія з розных спэцыялістаў, розных сфэраў дзейнасьці і такім чынам правесьці тэставаньне будучых кандыдатаў. І ўжо толькі пасьля гэтага экзамену на ўзровень Чалавечай годнасьці гэтыя людзі вылучаліся б у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта дзяржавы. І ўмовы для ўсіх прэтэндэнтаў павінны быць роўнымі.

У нас павінна быць дзяржаўнай мовай родная мова, а ўсе іншыя – роўныя між сабой. Прэзыдэнт павінен ведаць і валодаць свабодна дзьвюма-трыма, а то і болей мовамі. Сорамна за дзяржаву, за народ наш, які заўжды верыць тым, хто правіць ім ды смачна брэша. Жадаю, каб даў нам Бог прасьвятленьне, і мы абралі сапраўды добрага, разумнага, адукаванага і ўмелага чалавека, прэзыдэнта-дзяржаўніка, а ня дурня-брахуна, які толькі і робіць, што дзень у дзень дурманіць нас з раніцы да ночы сваімі прамовамі.

Пятро Філіповіч, Чамярысы, Брагіншчына

 

Усё карумпавана, усё прапілі

Прыехаў я да бацькоў у Іўе — мястэчка, якое нядаўна зрабілі горадам. Купіўшы хлеба, пайшоў дамоў.

Селі абедаць, адрэзалі хлеба, калі яго можна назваць хлебам. Мука і вада, хоць цацкі ляпі зь мякішу! Маці растлумачыла, што такі хлеб ядуць кожны дзень, за выняткам двух тыдняў, калі пяклі ў гонар новага старшыні райвыканкаму. “Паглядзі, сынку, якую ваду брудную п’ем!” Але прабачце, я не аб гэтым хацеў напісаць.

Дык вось. Сустрэў сваіх сяброў, пагутарылі, і яны запрасілі мяне наведаць сьвята Незалежнасьці. Вось дзе размах пабачыў! Ой, як любяць людзі такія сьвяты! Гандлёвыя рады, прыгожыя дзяўчаткі, музыка, гасьцінна сустракаюць людзей так званыя калгасныя падворкі. Ніколі такога ня бачыў. Прыгожыя ручнікі, вышываныя сурвэткі, дываны. А колькі сьнедзі ўсялякай! Вось толькі за які кошт закупілі? А кажуць — беларусы дрэнна жывуць.

Амаль на кожным падворку даюць выпіць і закусіць. Потым назіраў, як “бацькі гораду” пайшлі аглядаць гэтыя падворкі са спадарыняй, вочы якой сьвяціліся шальмаватай радасьцю, вядомай толькі ёй адной. А як іх сустракалі: зь песьнямі, з прыказкамі, з музыкай! Запрашалі: “Заходзьце, госьцейкі, у нашу хату. Частуйцеся. Чым багаты, тым і рады!” Госьці выпівалі, закусвалі і крочылі далей. А вось як усе раптам захмялелі, дык пад кожным кусьцікам сядзелі і пілі, сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці. Маладыя дзецюкі, кабеткі пад добрай “мухай” ладзілі дыскатэку. А потым, калі высокія чыноўнікі пайшлі “это дело замочить”, а мачылі да другой ночы, дык пад раніцу здавалася, што тут адбыўся шквал альбо адпачываў 10-тысячны цыганскі табар. Вось гэта сьвята! А навучыў з гэткім размахам сьвяткаваць былы старшыня райвыканкаму сп.Дуніч, цяперашні дэпутат палаты прадстаўнікоў! І калі там усе такія вясёлыя, як ён, таму і мы так жывём.

У кожнай арганізацыі “бацькі гораду” загадалі аддаць свае подпісы за адзінага кандыдата Лукашэнку. Збор подпісаў пачаўся да таго, як была прызначана дата выбараў. Нават калі сабралі ўсіх старшынь калгасаў, ім адкрыта сказалі забясьпечыць выбары належным чынам. А калі не, то пойдзеце шукаць работу. І ніхто нават не варухнуўся. Усе згадзіліся. А як жа яны супраць улады папруць? Трэба трымацца за работу, бо яна вельмі даходная, многія старшыні маюць 2—3 дамы, нават каханкам кватэры дораць. А як заганяюць паліва на Літву за далярчыкі жывыя? Шыкуй! Кіраўнікі многіх арганізацый сьпіліся, і сур’ёзна. Гэта ў раёне лічыцца ганаровым. Чаму гэткія пытаньні не выносяцца на сэсіі ці на старонкі газэты “Іўеўскі край”, запытаецеся Вы? А хто іх будзе выносіць, калі работнікаў рэдакцыі саміх выносяць. Сьпіліся і тут. Чаму я так напісаў? Бо ўжо нікому ня веру. Кожны цягне да сябе. Усё павязана, карумпавана, усё прадалі і прапілі. І ня трэба абвінавачваць аднаго Лукашэнку.

Вось, прыкладам, два словы пра кіно. Кінаўстаноўкі не працуюць, але лічацца работнікі, атрымліваюць грошы, сьпісваюць паліва, быццам бы возяць кіно па раёне. А колькі такіх у вобласьці! Каго мы ашукваем?

Сорамна за краіну. Хочацца, каб яе прызнавалі і паважалі ў сьвеце. І вы не хлусіце перад чытачамі і не хваліце так званых кандыдатаў. Мы аб іх таксама шмат чаго ведаем.

Мо надрукуеце маю споведзь? Радыё вашых ніхто ня слухае, а газэту чытаюць, дык надрукуйце.

На капэрце спэцыяльна напісаў “на конкурс викторины”, бо інакш паштавікі ліста не прапусьцяць.

Шабановіч М., Іўе

 

Тайныя спружыны рыпяць

Ведаеце, ёсьць у Беларусі людзі, якія кажуць: буду галасаваць за Пазьняка або ўвогуле на выбары не пайду. Спытайцеся: чаму? Адкажуць, што Зянона ведаюць, што ў яго ў галаве і ў сэрцы Беларусь такая самая, як у мяне, а значыць, гэта як бы я сам, толькі мудрэйшы і дужэйшы, пакіраваў свой край. Не ў NATO і не, ратуй Божа, у расейскі саюз, а па-свойску, па-нашаму. Гэта значыць, што я ведаю, што ён зробіць, калі прыйдзе. Пункт А, пункт В, пункт С... А што за Беларусь у галаве ў «адзінага» і што ён будзе рабіць першае і другое — цемната. Праўда, што ў Пазьняка адмоўны рэйтынг такі самы, як у Лукашэнкі. Толькі ж заедзьце ў любую вёску і там пачуеце: ведаем Лукашэнку, надаеў, і ведаем Пазьняка, але яму ня сьвеціць. Вось яна, самая тайная спружына. За каго ж тады галасаваць? За нейкае дэмакратычнае невядомае?

Першы на цяперашніх выбарах прайграў прыхарчаны’97 Фронт. Душою людзі ў ім, ясная рэч, за Пазьняка, а мусілі зьбіраць — за «дом наш». За нейкага беларускага Чарнамырдзіна, бо гэта ў яго, здаецца, упёрлі лёзунг пра дом. Свайго лідэра ня маюць, бо не такая простая рэч — лідэр. Гэта табе не пяцёркі-шасьцёркі. А ад рэальнага лідэра, жывога, адхрысьціліся з-за амбіцыяў ды ўсялякіх крыўдаў. Памянялі быка на індыка. Пазьняк тактык кепскі — сто разоў даказваў. Але як стратэг — лепшага для Беларусі не прыдумаць. Тактыку мусіла б прэзыдэнту рабіць каманда. Вось яна і заваліла другі фронт — пазьнякоўскі.

А ўсё чаму? Таемнічалі. Дзе Пазьняк, што Пазьняк, як подпісы зьбіраюцца? Цыц. Ціха. Чым дапамагчы? У нас усё паводле пляну — адказваюць. У каго гэта ў вас? Як з той залатой рыбкай... У выніку, палова патэнцыйнага электарату — у прастоі. За пяцёрку душа не ляжыць, а свой — маўчыць. А тыя — сакрэтнічаюць. Пераблыталі свае вузкапартыйныя сэктанцтвы з нацыянальнымі інтарэсамі. Хоць дай інфармацыю — і ажывуць людзі. Прыгожа адмовіліся на расейскамоўныя блянкі подпісы зьбіраць — адразу стала ясна, хто ў гульню ўключыўся. Здавалася, што імя будзе на слыху штодня. Аж не. На тым усё і скончылася. А каб выступіў Пазьняк, ды сказаў пра свае пляны — кожны б сам з сабой вызначыўся. А цяпер — невядомасьць. КХП гэты «аб’ект» прыватызавала і засакрэціла, Вячорка праспаў, прайгралі ўсе. Дасакрэтнічаліся. І вось думаю: ці яшчэ пачакаць якой нечаканасьці, ці ўжо разважаць пра нейкага іншага лідэра для беларускае Беларусі? Ад рыпу тайных спружынаў — адно сьверб.

Алесь Кебік

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0