Магіла лява

Пленэр «Легенда зь пяску» на Сьвятым возеры

Прадавачкі з чароўнымі ўсьмешкамі прапаноўвалі магілёўцам і госьцям гораду гарачае піва (не было халадзільнікаў). Аматары піва куплялі гэты цудоўны напой і, асьцярожна трымаючы бутэлькі за рыльца, сядалі за вольныя столікі ля эстрады. На сцэне ж тутэйшы сымфанічны аркестар самааддана граў расейскія рамансы і вядомыя шлягеры савецкага часу.

Крыху воддаль ад аркестру славуты мастак Алесь Пушкін запрашаў магілёўцаў за 10 тыс. быць намаляванымі. Але ашчадныя магілёўцы, зь цікавасьцю разглядаючы калярытную фігуру мастака (ён быў апрануты ў нейкі адмысловы ўбор на манер сутаны, на якой вісеў ланцуг і дзьве рыбіны), толькі ўсьміхаліся, але пазаваць адмаўляліся.

Ля Пушкіна сядзеў паэт-бубнач Тарас Паравы і голасна, перакрываючы песьню “Ландыши”, што даносілася з эстрады, паўтараў верш пра помсту маскалям, які неўзабаве меў прачытаць са сцэны. Выгляд сп.Паравы меў ня менш маляўнічы, чымся Пушкін.

Паэт-бубнач (свой верш ён дэклямаваў, адбіваючы рытм на маленькім барабане) быў убраны ў надзвычай прыгожую мантыю барвовага колеру.

Як толькі Тарас Паравы закончыў сваю рэпэтыцыю галосным: “І помста маскалям не за гарамі!”, ля мастака і паэта зьявіўся старшыня магілёўскага гарвыканкаму сп.Красноў, які па-гаспадарску нясьпешна рабіў агляд сьвята. Адмовіўшыся (відаць, з-за вялікай сьціпласьці) пазаваць мастаку, старшыня гарвыканкаму накіраваўся, бясспрэчна, да самага цікавага аб’екту на Сьвятым возеры — скульптурнай кампазыцыі “Магіла лява”, вылепленай зь пяску навучэнцамі Беларускага ліцэю мастацтваў пад кіраўніцтвам Генадзя Лойкі. Відавочна крануты такой чыста ленінскай сьціпласьцю, Алесь Пушкін, плюнуўшы на свае партрэты і на няўдзячных магілёўцаў, кінуўся наўздагон за сп.Красновым і са словамі “Жыве Беларусь!” падараваў яму тры плякацікі з выявамі Каліноўскага, Караткевіча і Пазьняка. Расчулены такім дарункам, старшыня гарвыканкаму прамовіў: “Да, будет жить Беларусь”. У гэты час музыка на эстрадзе сьціхла, і пачалася другая частка сьвята, зьвязаная непасрэдна з самім горадам Магілёвам і легендай пра Машэку.

Для гэтага ля самага берага змайстравалі яшчэ адну сцэну. Стамлёныя самотнай мілагучнасьцю расейскіх рамансаў і заўсёдным аптымізмам савецкіх песень, магілёўцаў і гасьцей гораду пацягнула на нешта сваё, роднае, і таму, калі на гэтай сцэне пачалі выступаць беларускія барды (Зьміцер Сідаровіч, Андрэй Мельнікаў), паэты (Тарас Паравы), а таксама фальклёрны калектыў “Госьціца” і гісторык Ігар Пушкін, які вельмі экспрэсіўна, ледзьве не па ролях узнавіў у памяці магілёўцаў апошнюю ноч з жыцьця Машэкі, радасьці народу не было канца. Знайшліся, праўда, цынікі, якія падчас выступленьня сп.Сідаровіча зазначылі, што прасьпявалі б лепш, але іх, на шчасьце, было няшмат. Канцэрт цягнуўся добрыя паўтары гадзіны (барды не шкадавалі сваіх сілаў і сьпявалі, колькі маглі, а “Госьціца” выступіла ажно два разы) і завяршыўся дзесьці а палове на 11-ю. Пад канец канцэрту на сцэну запрасілі стваральнікаў скульптуры “Магіла лява” Генадзя Лойку і яго слаўную каманду, якім людзі доўга і ад душы пляскалі ў ладкі. А пляскаць і сапраўды было за што. Кампазыцыя, створаная на беразе ля самай вады, уражвала сваім манумэнтальным спакоем і дасканаласьцю формы. Твор складаўся з трох фігур, адпаведна Машэкі і Наталькі, якія ляжалі адзін супраць другога з шырока расплюшчанымі вачыма, дакранаючыся адно да аднаго валасамі, ды лява, што разьмясьціўся ў цэнтры кампазыцыі недалёка ад фігур.

Сьвята тым часам працягвалася. Аркестар ужо не іграў, але замест яго запусьцілі на ўсю моц ня самай лепшай якасьці фанаграму вядомай песьні “Сёньня ў нашай хаце сьвята”. Маладыя магілёўцы пацягнулі сваіх дзевак далей ад люднага месца пад кусты і бярозы на пошукі папараць-кветкі. Аматары піва працягвалі нясьпешна ўжываць свой улюбёны напой, які пасьпеў да гэтага часу крыху ахаладзіцца. А ўдзельнікі скульптурнага пленэру пасьпяшаліся на цягнік Магілёў-Менск, які адыходзіў у 0.30. Словам, сьвята прайшло так, як трэба, і ніхто ня быў пакрыўджаны. Нават Алесь Пушкін, які страціў ужо ўсялякую надзею намаляваць хаця б адзін партрэт, нарэшце зарабіў свае 10 тыс., выявіўшы каляровай крэйдай аблічча Васіля Дранька-Майсюка, сына вядомага паэта Леаніда.

Базыль Абрахамовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0