Першы дзень народнага пратэсту пакінуў незвычаныя ўражаньні. З цяжкага: мокры холад, пустыя вуліцы ўдзень, неўпарадкаванасьць акцыі, немагчымасьць пачуць прамовы з-за кепскай апаратуры і ад гэтага зразумець далейшыя пляны. Самае галоўнае, прыпыненьне акцыі пратэсту, у час, калі хочацца працягу, і калі, напэўна, ня трэба прыпыняцца, ад чаго ў многіх узьнікла непрыемнае пачуцьцё незавершанасьці.

З добрага: шмат. Нас вельмі шмат! Ня будзем казаць пра дакладную лічбу, аднак, тыя хто пабачыў запоўненую плошчу, з «хвастамі» ў бок «Цэнтральнага» і ў сквэры, той хто пачуў гул «Жыве Беларусь!», які лёгка далятаў да пл.Перамогі, той ведае, што значыць гэтае «шмат».

Атмасфэра цудоўная, сяброўская, нягледзячы на прысутнасьць самых розных людзей, ад панка з іракезам да вэтэранаў вайны.Рэжым пабаяўся ўжываць сілу, адчуваючы зьнешні палітычны ціск. Відавочна, што міліцэйскае начальства баялася непасрэдных кантактаў сваіх падначаленых з дэманстрантамі, і не беспадстаўна – там, дзе была магчымасьць знаходзіцца блізка можна было пабачыць прыклады ўзаемнай дружалюбнасьці.

Чаму абавязкова трэба ісьці 20-га, 18:30 на плошчу? Рэжым немагчыма абрынуць за адзін дзень. Неабходная акцыя моцная, доўгая і нялёгкая як штодзённая праца. Калі мы зможам стварыць тэрыторыю свабоды ў цэнтры сталіцы з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, мы дасягнем моцнага псыхалягічнага ўплыву на розумы нашых суайчыньнікаў, якія нечакана для сябе дазнаюцца, што ўлада не ўсемагутная, што Лу сам баіцца беларускіх грамадзянаў, што мы робім нашую справу насуперак загадам рэжыму, і значыць яны таксама могуць на яго напляваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0