Палітыкі зь сіламі

Толькі кандыдаты, за якімі стаялі арганізаваныя палітычныя сілы, сабралі 100 тысячаў подпісаў

Чыгір, Казлоўскі, Ярашук, Сініцын, Марыніч, ані Пазьняк, ані іншыя “самотныя палітыкі” ці “палітызуючыя” бізнэсмэны такога выніку дасягнуць ня здолелі.

Лукашэнка здаў 396 тыс. подпісаў, Домаш — 161 тыс., Гайдукевіч — 136 тыс., Ганчарык — 123 тыс. Як ні дзіўна, гэтую лічбу — чатыры прэтэндэнты — прадказаў яшчэ месяц таму Сямён Домаш. Ён казаў пра “трох-чатырох” здольных набраць 100 тыс.

Па іроніі лёсу, якраз яго “пяцёрка” зрабіла гэтым чацьвертым, дублёрам Ганчарыка.

Ці ня ўсе іншыя кандыдаты прысягаюць, што сабралі па 80—90 тыс. подпісаў на сваю карысьць. Гэта падазрона. Ведаючы, што гэтая інфармацыя ня будзе правярацца, бо патрэбнай іх колькасьці галасоў прэтэндэнт так і так не набраў… Ці не падаў хто зь іх ліпавых подпісаў, каб зрабіць лепшую міну пры зусім абы-якой гульні?

Па сабраных подпісах можна меркаваць пра рэальны ўплыў тае ці іншае палітычнае сілы. Партыя ўлады застаецца па-за канкурэнцыяй па сваіх арганізацыйных здольнасьцях.

Зь іншых сілаў найлепш паказала сябе кааліцыя недзяржаўных суполак незалежніцкага характару, традыцыйна называная “незалежным беларускім грамадзтвам”, якая згуртавалася вакол Домаша.

Домаш стаўся адзіным, акрамя Лукашэнкі, кандыдатам, вынікі збору подпісаў за якога больш-менш роўныя па ўсёй Рэспубліцы. Трохі болей на Гарадзеншчыне (27 тыс.) і ў Менску (31 тыс.), трохі меней на Магілёўшчыне (15 тыс.). Сярэднія лічбы на Берасьцейшчыне (24 тыс.), Гомельшчыне (23 тыс.), Меншчыне (21 тыс.) і Віцебшчыне (20 тыс.). Цікава, што ў краіне ўсяго 29 (са 116) раёнаў, дзе Домаш не сабраў ніводнага подпісу. 8 такіх — на Меншчыне (чамусьці такія нацыяналістычна настроеныя рэгіёны, як Мядзел, Валожын, Капыль, Стоўпцы, Беразіно, Любань, Смалявічы, Старыя Дарогі). 6 — на Гомельшчыне (Брагін, Ветка, Ельск, Нароўля, Хойнікі, Карма — усё спрэс чарнобыльскія раёны, куды ідзе найбольш заходняй гуманітарнай дапамогі і дзе актыўна дзейнічае Фонд Грушавога). 9 — на Магілёўшчыне (Быхаў, Глуск, Касьцюковічы, Старцы (Кіраўск), Клімавічы, Краснапольле, Чэрыкаў, Круглае, Хоцімск — ізноў жа пераважна пацярпелыя ад радыяцыі раёны). 4 — на Віцебшчыне (Лепель, Докшыцы, Расоны, Сянно). 2 на Гарадзеншчыне (багатыя і традыцыйна пазьнякоўскія Карэлічы, Іўе). Ніводнага такога раёну на Берасьцейшчыне.

Каб прыйшоў Домаш да згоды з Пазьняком і Грушавым, лічба сабраных ім галасоў магла б быць большай яшчэ на паўсотні тысячаў. (Хоць палітычная млявасьць раёнаў, што сядзяць на іголцы замежнае гуманітарнае дапамогі відавочная. Там зусім мала набралі і Пазьняк (3,5 тыс. подпісаў тамсама), і Ганчарык (4,8 тыс. на Гомельшчыне), і падтрыманы Грушавым Казлоўскі (2,5 тыс. на Магілёўшчыне). Дзе не працуюць на сябе, там не абараняюць і сваіх інтарэсаў.)

Найболей галасоў Домаш сабраў у Бярозе, Ганцавічах, Дарагічыне, Івацэвічах на Берасьцейшчыне; Магілёве і Крычаве на Магілёўшчыне; Жлобіне, Рагачове і ў самім Гомлі на Гомельшчыне; Воранаве, Дзятлаве, Смургонях, Шчучыне, Ваўкавыску, самой Горадні на Гарадзеншчыне; Наваполацку, Воршы, Талачыне, Паставах на Віцебшчыне; Барысаве, Жодзіне, Клецку, Вялейцы на Меншчыне.

За Гайдукевічам стаіць Лібэральна-дэмакратычная партыя і, кажуць, “шэры” бізнэс. Колькасьць сабраных за яго подпісаў на ўсходзе Рэспублікі большая, чым на захадзе. Крыніцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта не выключаюць, што кандыдат Гайдукевіч можа не дайсьці да фінішу прэзыдэнцкае гонкі.

Улоў Ганчарыка небагаты, калі ўлічыць, што ў Фэдэрацыі прафсаюзаў мільёны фармальных сяброў. Зусім мала подпісаў сабрала ягоная каманда на Гомельшчыне і Гарадзеншчыне, затое выйшла на першае месца сярод дэмакратаў на Берасьцейшчыне. Праўда, у штабе Ганчарыка сьцьвярджаюць, што ўсяго за лідэра прафсаюзаў сабралі 216 тыс. подпісаў, але здалі толькі неабходны мінімум правераных.

Кампанія збору подпісаў вывела ў буйную палітыку іншага прафсаюзнага лідэра, Аляксандра Ярашука. У гэтага ўраджэнца Камянеччыны 76 тыс. подпісаў, і ён мае ўсе шанцы стаць значнай фігурай палітычнай сцэны на пяць наступных гадоў.

А вось зоркі Казлоўскага, Чыгіра, Марыніча гаснуць. Чыгір, відаць, так і застанецца ў энцыкляпэдыях “беларускім палітыкам канца ХХ ст.” У апазыцыйным лягеры згадка пра іх будзе выклікаць лёгкае раздражненьне: раздрабілі дэмакратаў і ўкралі газэтную плошчу ў мацнейшых кандыдатаў.

Буйныя бізнэсмэны заслужылі прызнаньне ўладаў сваёй адмовай падтрымаць правых і дэмакратычных кандыдатаў. Тым самым яны зьвязалі свой лёс з Лукашэнкам. Праваслаўныя паказалі мускулы вылучэньнем дырэктара Калугіна, за якога хоцькі-няхоцькі зьбіралі подпісы работнікі ягонага заводу халадзільнікаў.

Беларускамоўным баліць правал Пазьняка. Нават праціўнікам шкада ягонага выхаду з гонкі. Незалежнікі застаюцца нібы бяз голасу на гэтых выбарах. Бяздарна, без агеньчыку праведзеная кампанія наскрэбла 75 тыс. подпісаў, замест 104-х, дэкляраваных Папковым. Цяпер тэлефон прэсавага сакратара партыі, Валер’я Буйвала, безнадзейна маўчыць.

Вось каб Пазьняк стварыў моцную правую кааліцыю… Аднак гэтага з эміграцыі ня зробіш. Відаць, час ягонага палітычнага заняпаду стане адначасова парою шырокага прызнаньня ягоных заслуг перад Беларусяй.

Выявілася, што штаб толькі аднаго кандыдата ў працэсе збору подпісаў не завышаў іх колькасьці — Домашаў. Сумленнасьць заўсёды зьвяртае на сябе ўвагу ў мутнай вадзе постсавецкае палітыкі. Выбарцы гэта яшчэ ацэняць.

Мікола

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0