Лета палітычных канцэртаў

 

Дом наш Бангалор

Апошнім часам жыхары прылеглых да парку Дружбы народаў шматпавярховікаў воляй-няволяй далучаюцца да палітычнага жыцьця сталіцы.

Менавіта тут, у менскай апазыцыйнай рэзэрвацыі, на паляне паміж плошчай Бангалор і аўтастанцыяй Кульман, праходзяць акцыі дэмакратычнага руху. Вось і 27 ліпеня, у чарговую гадавіну абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі, тут адбыўся рок-канцэрт “Пабудуем Дом наш — Беларусь”. У фармальна мабілізацыйнай назьве выразна праглядаліся палітычныя сымпатыі арганізатараў, і таму рэдкія прамовы, экспромты вядоўцы і бітлаўскае “Come Together”, якое ў выкананьні “Крамы” замянілася вышэйпазначаным слоганам, гучалі з дамешкам ніякаватасьці. Тут жа на месцы з кардонных скрыняў была складзеная канструкцыя, абклееная разнастайнымі налепкамі “Выбірай”, якая і мусіла ўвасабляць Дом наш — Беларусь. Хісткае збудаваньне некалькі разоў разбуралі міліцыянты, але яно з такой лёгкасьцю адбудоўвалася наноў, што гэта выглядала нават сымбалічна. Увогуле, людзі ў форме паводзіліся збольшага малаагрэсіўна: абыякава размаўлялі наводдаль з абуранымі тубыльцамі Бангалору, калматым гадаванцам якіх беларуская апазыцыя ў чарговы раз перашкодзіла справіць свае натуральныя патрэбы, ды сядзелі па аўтобусах за станцыяй Кульман. А моладзь, значная частка якой з-за свайго занадта маладога веку ня зможа сёлета прагаласаваць нават за Ганчарыка, танчыла і падкрыквала ўлюбёным гуртам, сярод якіх былі “Уліс”, “Zet” ды “NRM”, што гралі, як заўсёды, файна. Аднак, арганізатары канцэрту відавочна чакалі нечага большага... “Нас сабралося тут пяць тысяч, — заявіў вядоўца, памылкова ўжыўшы выраз не ва ўмоўным ладзе, разыгрываючы чарговыя майкі-выбірайкі. — Гэта значыць, як мінімум 2500 параў. І ўсе яны сальюцца ў адным пацалунку — пацалунку свабоды…” Але публіка няблага пачувалася й без такога кшталту экспэрымэнтаў, нягледзячы на адносна невялікую колькасьць спажытых слабаалькагольных напояў... Мерапрыемства атрымалася як канцэрт, аднак як палітычная акцыя эфэкт мела мінімальны. На тое і Бангалор.

Андрэй Чык

 

Варты і няварты “Базар”

Ня варта верыць штампам кшталту “Віцебск жыве “Славянскім базарам”. Места жыве ня ім, а вакол яго. “Базарныя” выступы адбываюцца за агароджамі амфітэатру, куды пільныя міліцыянты прапускаюць толькі ўладальнікаў квіткоў ці адмысловых лэйбаў-акрэдытацыяў, а шматтысячны натоўп на плошчы Свабоды нічога ня бачыць. Квіткі дарагія (некаторыя сягаюць колькі дзясяткаў тысячаў) і большасьці віцьбічаў не па кішені.

 

Затое на “Базары” можна зарабіць неблагія грошы. Гэта датычыць сьпевакоў, гандляроў шашлыкамі, гарэлкай ды марозівам, а таксама мастакоў.

Шпацыруючы па “Горадзе майстроў”, што месьціцца ля ратушы, варта як сьлед разгледзецца, перш чым замаўляць сабе партрэт. Навокал безьліч студэнтаў-малявальшчыкаў, якія працуюць па сыстэме “1 хвіліна — 1 тысяча”. Цана і якасьць знаходзяцца ў адваротнай залежнасьці.

Ня варта, пачуўшы грукат сярод ночы, ускокваць з думкай пра бамбасховішча — гэта не вайна, а фаервэрк, які ладзяць недзе а трэцяй, пасьля сканчэньня канцэрту. Начныя канцэрты — эксклюзіў для людзей з грашыма.

Сярод натоўпу вылучаюцца арганізатары фэсту і расейцы. Першыя сьмешныя сваімі паводзінамі а-ля “мы тут гаспадары”. Расейцы ж весяляць няўдалымі спробамі паўсюль разьлічвацца сваімі рублямі.

Алесь Кудрыцкі

 

Мабілізацыя пасьля базару

27 ліпеня, адначасова з акцыяй на плошчы Бангалор, адбыўся мабілізацыйны рок-канцэрт у віцебскім клюбе “Сава”.

 

Увогуле, музыкі, калі ехалі ў Віцебск, разьлічвалі на два выступы: у “Саве” і на плошчы, пасьля мітынгу, прысьвечанага Дню Незалежнасьці. Аднак, прыехаўшы на плошчу, яны не пабачылі ні бубноў, ні “панарамы” — адно да болю знаёмая гукаўзмацняльная ўстаноўка на колах і два мікрафоны. Зрэшты, нават гэта было раскошай: на тыя дваццаць-трыццаць (разам зь міліцыянтамі) чалавек, што прыйшлі на мітынг, хапіла б і легендарнага фізкультурнага мацюгальніка. Ашалелыя гурты паехалі ў “Саву”. Наўздагон неслася мэгафоннае “Жыве Беларусь!”, якое нават часова заглушыла мабілізацыйную кампанію крышнаітаў, што пэрманэнтна адбываецца ў сквэры Леніна і часам зьбірае не нашмат меншыя аўдыторыі.

Канцэрт у клюбе быў надзвычай энэргетычны. Даволі млява выглядалі толькі наваполацкія “The Stokes”. Усе астатнія — панкаўская “Голая манашка”, гранджавы “Happy Face”, альтэрнатыўныя “Exist” і “Цмокі”, фолькавы “Бан Жвірба” — працавалі ад душы. Эмацыйны напал узмацняўся яшчэ й адсутнасьцю вэнтыляцыі, што выклікала шэраг незаплянаваных стрыптызаў на сцэне і ў залі: музыкі гралі без кашуляў, пот зь іх ліўся літаральна ручаямі. Ушчэнт змабілізаваныя слухачы адарвалі ад сцэны дрэнна прыбіты кавалак і гатовыя былі парасьцягваць на сувэніры й саміх выступоўцаў. Асаблівай папулярнасьцю карысталіся іхныя майкі з мабілізацыйным сонейкам, галаўныя ўборы — у каго былі — і барабанныя палачкі.

Увогуле, гэты год, відаць, запомніцца нашым рок-музыкам як надзвычай насычаны — невядома, ці мелі б яны без мабілізацыйнай кампаніі гэтулькі канцэртаў, паездак, сустрэчаў. Дзякуючы ёй, рокеры атрымалі магчымасьць пабачыць, якім павінен быць нармальны шоў-бізнэс. Гэты досьвед дапаможа трымаць сябе ў руках сярод усеагульнае апатыі наступнага году.

Халімон


Алезіс адужаў

У апошнюю ноч сёлетняга Басовішча невядомыя моцна зьбілі бубнача NRM Алега Дземідовіча. Нейкі час пасьля таго ён знаходзіўся ў беластоцкай рэанімацыі. Цяпер стан здароўя Алезіса па-за пагрозай. 27-га ён іграў канцэрт у Менску.

С.М.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0