Навіны і падзеі

 

Нацыя на мяжы разрыву з Захадам

У сталіцы Македоніі Скоп’і выбухнула чарговая хваля антызаходніх бунтаў. Дэманстранты атакавалі пасольствы краінаў NATO і місію АБСЭ, спалілі машыны, якія ім належаць. Гэткім чынам македонскія нацыяналісты пратэставалі супраць ціску міжнароднае супольнасьці, якая прымушае ўрад Любчы Геаргіеўскага саступіць альбанскім сэпаратыстам.

Тыя, нібыта, і просяць няшмат — каб іхную мову прызналі другой дзяржаўнай, каб альбанскую нацыю, нароўні з македонскай, вызналі дзяржаваўтваральнай і ўнесьлі зьмены ў канстытуцыю, якія ўрэшце ператвораць Македонію ў дзьвюхнацыянальную дзяржаву. Македонцы ўважаюць падобныя патрабаваньні за пагрозу адзінству нацыі. Нават у спробах адчыніць яшчэ адзін альбанскі ўнівэрсытэт яны бачаць перадумовы для развалу дзяржавы.

Іх можна зразумець: калі сёньняшнія дэмаграфічныя тэндэнцыі захаваюцца, прыкладна ў 2020 г. македонцы стануцца меншасьцю ў сваёй краіне. Сёньня яны складаюць каля 65% насельніцтва. Альбанцаў цяпер 23%, а яшчэ ў 1953 г. іх было менш за 12%.

“Ужо ёсьць адна альбанская дзяржава, неўзабаве зьявіцца яшчэ адна, нашто ж ім трэцяя? Тыя няшчасныя альбанскія кабеты, замкнёныя ў дамох, якія нараджаюць па шэсьць і болей дзяцей, гэтыя прыбышы з Косава, якім няма канца, — яны ж нас заліюць! — такія аргумэнты можна пачуць у кавярнях Скоп’я. — А той македонскі народ, вымардаваны ў Грэцыі пасьля другой сусьветнай вайны, толькі і мае, што свой лапік зямлі. Чаму ён павінен яго аддаць?” Гэта — аргумэнты паспалітых македонцаў на карысьць вайны.

Македонскі ўрад ня хоча весьці перамоваў з альбанскімі аддзеламі ня толькі таму, што ўважае іх тэрарыстычнымі арганізацыямі, але й таму, што значная, калі ня большая частка іх верхаводаў паходзіць з Косава, то бок з-за мяжы. Македонцы ўважаюць свае праблемы вынікам умяшаньня адтуль. Менавіта прыход з Косава значнай масы альбанскіх уцекачоў канчаткова ўзарваў мір у краіне, хаця й раней македонска-альбанскія стасункі не былі ідэальнымі.

Раскол між этнічнымі групамі ў Македоніі мае і сацыяльнае вымярэньне — альбанцы нашмат больш заможныя. Яны традыцыйна займаюцца гандлем і дробным бізнэсам, вялікая іх колькасьць працуе на Захадзе. Адрозьніваецца нават традыцыйнае жытло — дзьвюхпавярховыя альбанскія дамы і аднапавярховыя хаткі македонцаў.

Але заможнасьць альбанцаў мае і іншы грунт: нібы каўказцы ў Расеі, нашчадкі ілірыйцаў кантралююць крымінальны бізнэс у гэтай частцы Балканаў і ў Італіі, Нямеччыне, займаючыся кантрабандай зброі, наркаты, гандлем кабетамі.

Захад у канфлікце альбанцаў і македонцаў заняў бок меншасьці. Таму што меншасьці мусяць мець свае правы і таму што дынамічныя і век уцісканыя альбанцы-мусульмане ўяўляюць сабой важную стратэгічную процівагу свайму праваслаўнаму атачэньню. А македонцы — нацыя маладая і гордая. Вось і ўзбунтаваліся супраць тамтэйшых Вікаў.

Язапат Змысла

 

Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

Славацкі міністар адукацыі Мілан Фтачнік зьбіраецца ўвесьці ў школах ёгу — дзьве гадзіны на тыдзень. На заняткі ёгі, як і на ўрокі рэлігіі, дзеці маюць хадзіць са згоды бацькоў. Новую дысцыпліну будуць выкладаць падрыхтаваныя настаўнікі з адмысловымі сэртыфікатамі ад гуру Пармаганса Свамі Магешваранду.

Супраць ёгі паўсталі каталіцкія й эвангелісцкія біскупы, а таксама хадэкі, што ўваходзяць у кіруючую кааліцыю. Яны прапануюць для паляпшэньня фізычнага і псыхічнага стану вучняў павялічыць колькасьць гадзінаў фізвыхаваньня, бо ёга, маўляў, не стасуецца з хрысьціянскай маральлю. Ад яе, кажуць яны, дзеці робяцца соннымі і адрошанымі. Міністар, у сваю чаргу, спасылаецца на Ватыкан, які ў 1968 г. прызнаў, што ёга не супярэчыць дагматам каталіцтва. Сам Мілан Фтачнік займаецца ёгай ужо 18 год.

Францускі прэзыдэнт Шырак зь вялікай дэлегацыяй чыноўнікаў і журналістаў (на двух самалётах) наведаў краіны Балтыі. Сярод пытаньняў востра стаяла праблема будынкаў даваенных пасольстваў Літвы, Латвіі й Эстоніі ў Парыжы, захопленых СССР пасьля акупацыі балтыйскіх краінаў у 1940 г. Фармальна будынкі належаць краінам Балтыі, але Масква не пагадзілася іх аддаць. Каб палагодзіць праблему, Францыя выкупіць ў балтыйцаў юрыдычныя правы на пабудовы. Так, былое літоўскае пасольства будзе каштаваць Парыжу каля 4 млн. даляраў. Гэтых грошай літоўцам хопіць, каб купіць новы будынак.

Сяргей Рак

 

Расея

Кожны пяты – наркаман

Паводле зьвестак экспэртаў МУС Расеі, колькасьць наркаманаў у Расеі дасягае 3 млн. чалавек. Міністар унутраных справаў Расеі Грызлоў адзначыў, што “большасьць наркаманаў маюць ад 15 да 35 гадоў і практычна кожны пяты малады чалавек у Расеі — наркаман”.

Не вярнуліся

За першае паўгодзьдзе сёлета на тэрыторыі Расеі бязь вестак згінула 96 грамадзянаў Беларусі. Пра гэта сказаў кіраўнік крымінальнага вышуку МУС В.Патаповіч. Толькі ў Маскве згінула 65 жыхароў Беларусі. Усяго ж, паводле словаў Патаповіча, за першыя паўгоду 128 беларусаў згінула за межамі краіны.

 

Увойдзеш і ня выйдзеш

Закон “Аб парадку прыняцьця ў Расею і ўтварэньня ў яе складзе новага суб’екту Фэдэрацыі”, ухвалены Думай, распрацоўваўся з разьлікам на далучэньне да Расеі новых тэрыторыяў, накшталт Абхазіі ці Прыднястроўя, але ў працэсе прыняцьця быў зьменены.

Акцэнт быў перанесены на ўзбуйненьне наяўных рэгіёнаў Расеі.

Асноўным прынцыпам уваходжаньня ў склад Расеі зьяўляецца добраахвотнасьць. Другая ўмова — новы суб’ект ня можа мець асаблівага статусу, што розьніўся б ад стутусу іншых рэгіёнаў. Таму, напрыклад, Абхазія не атрымала б больш правоў, чым які Татарстан. Гэты пункт робіць практычна немагчымым інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі.

Каб трапіць у склад Масковіі, не абавязкова мець зь ёй супольную мяжу. Спачатку паўнамоцным органам краінаў-прэтэндэнтаў трэба зьвярнуцца да Расеі з прапановай заключыць адпаведную міжнародную дамову. Пасьля дамова павінна прайсьці праверку Канстытуцыйнага суду Расеі на адпаведнасьць Канстытуцыі. І толькі пасьля станоўчага рашэньня КС прэзыдэнт мае ўнесьці дамову на ратыфікацыю ў Думу, а адпаведны канстытуцыйны закон з умовамі прыняцьця — у ніжнюю палату парлямэнту.

Гэты чыста прагматычны закон не прадугледжвае права на выхад і ўмоваў выхаду са складу фэдэрацыі, якія абгаворваліся ў савецкай канстытуцыі Расеі.

Сяргей Радштэйн

 

Шатляндыя-Літва

Выдалі забойцу беларускіх жыдоў

У пятніцу шатляндзкія ўлады загадалі арыштаваць і выдаць Літве Антанаса Гечаса, абвінавачанага ў вайсковых злачынствах. Часам вайны Гечас быў афіцэрам 12-га Літоўскага дапаможнага паліцэйскага батальёну, які ў 1941—43 г. замардаваў тысячы беларускіх жыдоў.

С.Р.

 

Заява прэс-службы Ўкраінскае народнае партыі “Сабор” з нагоды візыту Л.Кучмы ў Беларусь

Мы лічым недарэчнай сустрэчу Л Кучмы з А.Лукашэнкам, якога вінавацяць у стварэньні “эскадронаў сьмерці” дзеля фізычнага зьнішчэньня асноўных апазыцыйных палітыкаў. УНП “Сабор”, як і ўсе партыі, што ўваходзяць у блёк украінскай дэмакратычнай апазыцыі Форум Нацыянальнага Паратунку, салідарная зь беларускімі патрыётамі ў іхнай барацьбе за дэмакратычную, справядлівую, эўрапейскую Беларусь. Мы перакананыя: безь зьнішчэньня дыскрэдытаваных антынародных рэжымаў Л.Кучмы й А.Лукашэнкі, без адраджэньня дэмакратыі й законнасьці немажлівае сапраўды стабільнае разьвіцьцё нашай часткі эўрапейскага кантынэнту й пабудова сапраўды ўтульнага эўрапейскага дому для ўсіх эўрапейцаў.

Прэс-служба ЎНП “Сабор”

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0