Подых навальніцаў

Незвычайны сёлета ліпень. Тэмпэратура перавышае на 6—10 градусаў сярэднюю для гэтага месяца. Удзень стаіць невыносная гарачыня, моцна парыць. Добра працаваць можна толькі з раніцы ці ўжо пад вечар. Удзень адно жаданьне — схавацца ў які-небудзь вадаём. Паціху пачынаеш зайздросьціць жыхарам Гішпаніі, зь іхнай абавязковай сыестай. Толькі і застаецца, што спаць удзень. А зь вечара і ўначы — бясконцыя навальніцы. Нечакана набяжыць хмара, загрукоча гром, распаласуе неба маланкамі-зарніцамі, паліе дождж — ды такі моцны, што акна не адчыніш, каб пусьціць глыток сьвежага паветра: вадой заліе ня толькі падваконьне, але й падлогу. Цяжка нават працаваць за кампутарам: ад удараў перуноў па лініях электраперадачы раз-пораз адключаецца ток.

Празь нейкі час грымоты сьціхаюць, сунімаецца дождж. Здаецца, што навальніца адыходзіць. Аднак праз паўгадзіны яна вяртаецца, і ўсё пачынаецца нанова. А то і ўраган.

З 24 на 25 ліпеня, як паведамляе Белгідрамэтцэнтар, навальніца ў розных кутках Менску доўжылася 8 гадзінаў (ад 21.15 і да 5-й раніцы). На вуліцы Захарава дрэвы паваліліся на дарогу й спынілі рух. У вёсцы Пятроўшчына пад Менскам дрэва пашкодзіла лінію электраперадач, і жыхары засталіся безь сьвятла. Тамсама маланкай спаліла дах у прыватным доме.

У ноч з 26 на 27 ліпеня на Магілёўшчыне засталіся без электрычнасьці 32 населеныя пункты, 25 прадпрыемстваў, 14 фэрмаў. У Берасьцейскай вобласьці лічбы значна большыя — 270 населеных пунктаў. У вёсцы Прыборава на самым поўдні Берасьцейшчыны маланкай спаліла царкву.

За тры дні (8, 23, 24 ліпеня) на Беларусь вылілася ўся ліпеньская норма ападкаў. А залевы ідуць і ідуць.

Як паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях, сёлета пярун забіў трох чалавек. Так, у вёсцы Рэпічы Баранавіцкага раёну навальніца засьпела бацьку, сына й пляменьніка па дарозе з возера. Маланкай аглушыла адразу трох. Першым апрытомнеў бацька. Сына ён “адкачаў”, а пляменьніка не пасьпеў. У вёсцы Гута, што ва Ўшацкім раёне, шафёр тамтэйшага гародніннага заводу з дачкой зграбаў ля хаты сена, хацеў пасьпець да дажджу. Маланка патрапіла ў абаіх. Дачку ў больніцы адратавалі, а бацька памёр, не апрытомнеўшы.

Паводле прагнозаў сыноптыкаў, у пачатку жніўня дажджоў паменшае, а тэмпэратура будзе трымацца блізу 23—27 градусаў. Бліжэй да сярэдзіны месяца адновіцца звычайны беларускі жнівеньскі балянс — 18—23. Уначы туманы.

Чалавек, у якога трапіла маланка, вельмі падобны да памерлага: ён бледны, зрэнкі пашыраныя, пульс адсутнічае. Да прыбыцьця “хуткай дапамогі” трэба зрабіць яму масаж сэрца і штучнае дыханьне.

 


Маланкаадвод сваімі рукамі

Каб засьцерагчы свой дом ад перуноў, трэба мець громаадвод. Яго можна купіць, але каштаваць гэта будзе нятанна. Так, менская фірма “Ігур” прапануе громаадводы па 400 даляраў – замежны мэтал, гарантыя. Хоць, зрэшты, якая розьніца, ці той дрот будзе зь Гішпаніі прывезены, ці ў “зялезным магазіне” куплены. Калі няма лішніх грошай – скарыстайцеся нашымі парадамі й зрабіце громаадвод самі.

 

Прылада гэтая складаецца з маланкапрыймача, токаадводу й зазямляльніка абавязковым сячэньнем ня менш за 50 мм2. Такое сячэньне мае дрот таўшчынёй 8 мм.

Маланкапрыймачы робяць са сталёвага дроту дыямэтрам 12—14 мм ці сталёвай трубы дыямэтрам 2—2,5 см і таўшчынёй сьценак 2,5 мм. Ейны верх сплюшчваюць ці заварваюць у выглядзе конусу. Каб не было іржы, трэба пафарбаваць яе алейнай фарбай. Вышыня маланкапрыймача не павінна перавышаць 2 м, яго мацуюць да дрэва ці высокае жэрдкі дзьвюма скобамі.

Токаадводы (сячэньнем ня менш за 50 мм2) праводзяць найкарацейшым чынам, пазьбягаючы петляў і вострых вуглоў, як найдалей ад электраправодкі. Токаадводы могуць быць зробленыя з аднароднай сталі. Усе злучэньні выконваюцца пры дапамозе зваркі аднабаковым ці двухбаковым швом даўжынёй ня менш за 100 мм. Да зазямляльнікаў і маланкапрыймачоў токаадвод можна мацаваць з дапамогай двух нітоў ці трох клёпак. Пры “нітавых” злучэньнях на зазямляльнік накладаюць канец токаадводу даўжынёй 120, а пры клёпкавых — 150 мм. У месцах мацаваньня токаадводу да мэталёвага даху фарбу выдаляюць, адзін канец токаадводу загінаюць круком ці пятлёй, ставяць з двух бакоў шайбы ды моцна зацягваюць нітом. Месцы злучэньня абгортваюць ізаляцыйнай стужкай, абмотваюць ніткай і зафарбоўваюць. Пад токаадводы можна выкарыстоўваць мэталёвыя канструкцыі (пажарныя лесьвіцы, рамы, арматуры жалезабэтонных элемэнтаў).

Зазямляльнікі можна рабіць са сталёвага дроту дыямэтрам ад 6 мм, сталёвых трубаў дыямэтрам ад 40 да 60 мм, сталёвых палосаў (таўшчынёй ня менш за 4 мм) і рознай профільнай сталі зь сячэньнем ня менш за 50 мм2. Робячы зазямленьне, трэба памятаць: чым меншая велічыня супраціўленьня, тым лепей. Зазямляльнік трэба разьмяшчаць найменей за 5 м ад дарогі, ходнікаў, дзіцячых пляцовак і на адлегласьці 0,5—0,8 м ад фундамэнту будынку.

1

Для дому зь немэталёвым дахам падыдзе стрыжнявы маланкаадвод. Робяць яго зазвычай з жэрдкі ці бруса таўшчынёй 10—12 см, які мацуецца на сярэдзіне канька. Пры даўжыні дому 15 м, шырыні і вышыні ня больш за 7 м маланкаадвод вышынёй 5 м (ад канька) надзейна абароніць будынак ад маланкі. Увогуле, для надзейнай абароны будынку трэба рабіць маланкаадвод такой вышыні, каб уяўны конус зь вяршыняй у кончыку маланкапрыймача і вуглом нахілу 45 градусаў цалкам накрываў усю пабудову.

2

У вёсцы маланкаадводы яшчэ робяць прасьцей: з дроту дыямэтрам 8—10 мм, выкладаючы яго па каньку. З гэткім маланкапрыймачом злучаюцца драцяныя токаадводы, пракладзеныя па супрацьлеглых сьценах дому. Зазямляльнік таксама робяць проста: капаюць канаву глыбінёй 0,8—1 м і па дне выкладаюць дрот, злучаны з токаадводамі.

3

Калі на адлегласьці 4—5 мэтраў ад будынку з мэталёвым дахам расьце дрэва, вышэйшае за яго ў 2—2,5 разы, на ім на вышыні 14—18 м можна зладзіць маланкаадвод са сталёвага дроту. На адлегласьці 10—15 м абарона ад маланак будзе забясьпечаная.

4

Калі высокага дрэва побач няма, а на даху паставіць маланкаадвод немажліва, яго робяць з жэрдкі вышынёй 9—13 м, да якой мацуецца дрот. Гэта найбольш простая і надзейная мадэль. Складаецца такі громаадвод зь дзьвюх частак. Ніжэйшай (6—8 м і таўшчынёй 16—18 см) і верхняй, гэткай самай даўжыні, а таўшчынёй 10—12 см. Часткі замацоўваюцца міжсобку на даўжыню 1,5 м хамутамі. Маланкаадвод заглыбляецца ў зямлю на два і болей мэтры. Калі апора маланкаадводу мэталёвая, дрот павінен быць прывараны да яе.

 

Каб маланка ня трапіла ў тэлефонны дрот ці радыёантэну, трэба па ўсіх краях даху замацаваць токаадводы і злучыць іх з зазямляльнікамі. Варонкі вадасьцёкаў надзейна злучаюць з дахам, а канцы труб зь зямлёю. Сячэньне дроту, што выкарыстоўваецца дзеля мацунку, мусіць быць ня меншым за 30—35 мм. Комін абараняюць мэталёвым каўпаком, што далучаецца да мэталёвага даху. Калі дах немэталёвы, па пэрымэтры верхняга краю коміна кладуць 6—8-мілімэтровы дрот, які таксама мацуюць да даху.

Штогод перад навальнічнымі тыднямі трэба правяраць трываласьць громаадводаў і маланкапрыймачоў, глядзець, каб іржа дзе не пераела дроту. Кожныя тры гады варта правяраць усе злучэньні паміж маланкапрыймачом і токаадводам, а кожныя пяць гадоў — трываласьць зазямленьня.

Матэрыялы тэмы нумару падрыхтаваў Эдвард Людовіч

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0