Тэрміналёгія

Маё глыбокае перакананьне — навуковая тэрмiналёгiя ня можа абысьцiся без запазычаньняў. Яна даўно не беларуская, не расейская, а iнтэрнацыянальная; калi я ўбачу ў ангельскiм тэксьце entropy цi ў нямецкiм Entropie, я заўсёды зразумею: размова iдзе пра энтрапiю. Навуковы тэрмiн трэба разглядаць проста як набор гукаў цi лiтараў, якi безварыяцыйна азначае пэўнае паняцьце; што яшчэ стаяла за гэтымi гукамi ў роднай для iх мове, на пачатковай стадыi вывучэньня дысцыплiны ўвогуле лепш ня ведаць, бо пачнецца блытанiна ў галаве. Прыклады: атам (гр. atomos ‘непадзельны’), уран (гр. uranos ‘неба’), файл (англ. fіle ‘падшытыя паперы; картатэка’).

Здавалася б, вось яно, неўзаранае поле для сапраўдных беларускiх лiнгвiстаў-наватараў? Шлях шкодны. Гэта быў бы яшчэ адзiн фактар, якi адразаў бы нас ад сусьветнай цывiлiзацыi.

Што ж да запазычаньняў з расейскай мовы, то тут я сьцiшу сваю катэгарычнасьць. Працаваць ёсьць над чым. Але зноў жа — не перабраць, не кiравацца прынцыпам «абы не». Прывяду прыклад з маёй роднай хiмii. У эпоху рамантызму 1990-х шэраг аўтараў прапаноўваў замянiць тэрмiн раствор на рошчыну, што на першы погляд здавалася абсалютна лягiчным. Сапраўды, рашчыняць — гэта зьмешваць цьвёрдае цела з вадкасьцю; сама рошчына вядомая беларусу спакон веку. Ды вось толькi не ўлiчылi, што тэрмiн раствор даўно жыве сваiм асабiстым жыцьцём i азначае не любую дыспэрсную сыстэму, а толькi гамагенную (патлумачу, што традыцыйная рошчына — сыстэма не гамагенная, а гетэрагенная). Прапанаваная замена, можа, i iдэальная з пункту гледжаньня лiнгвiста, выглядае непрымальнай з гледзішча зацiкаўленага карыстальнiка — хiмiка.

Так ужо склалася, што ў навуцы й тэхнiцы цяперашнiм часам асноўныя перайманьнi iдуць з ангельскай мовы. Добра было б, каб «НН» замовiла ў спэцыялiстаў i потым надрукавала ясныя правiлы пераносу ангельскай тэрмiналёгii беспасярэдне ў беларускую. Можа, тады я нарэшце зразумею, чаму трэба вымаўляць кампутар, а не камп’ютар, а гэта ж блiжэйшы да арыгiнальнага гучаньня варыянт. Альбо чаму hit i hacker з амаль нячутным прыдыханьнем h ператварылiся ня ў хiт i хакер, а ў гiт i гакер (самы цымус: hot-dog = гот-дог, дзе адным i тым жа гукам [г] замененыя i прыдыханьне h, i выбухны g)? Цi прыйшла ўжо пара пiсаць гiндзi, гiпi ды гакей?

Наконт h-г я маю гiпотэзу. Уся прычына нi ў якiх ня ў правiлах, а ўва ўлюбёнай нашанiўцамi лацiнцы: hit (англ.) = hit (бел. лац.) = гiт (бел. кiр.). Так?

Аляксандар Рагойша, Менск


Ад рэдакцыі

Маеце рацыю: тэрміналёгія ніводнае мовы без інтэрнацыяналізмаў не абыходзіцца. Аднак жа імі не вычэрпваецца. Беларускія тэрмінолягі 1920-х сьпярша ўзяліся былі інтэрнацыянальныя словы актыўна перакладаць, але пакрысе дайшлі да рацыянальнае пурыстычнае пазыцыі. Пазыцыя гэтая гарантавала гарманiчнае разьвiцьцё беларускае тэрмiналягiчнае сыстэмы з апораю на ўласныя рэсурсы пры адноснай адкрытасьцi на iнтэрнацыянальны матэрыял. З 1930-х, ведама, на гэтых прынцыпах быў пастаўлены крыж. Інтэрнацыяналізмамі, лішне казаць, нашая мова абдзеленая ў пазьнейшыя дзесяцігодзьдзі не была — прынамсі, санкцыянаваліся ў ёй тыя зь іх, што мела мова расейская. А вось традыцыйным (побытавым) беларускім словам у тэрміналёгіі савецкага пэрыяду месца нярэдка не было: квітнела згубная для мовы тэндэнцыя пазбаўляць беларускае слова магчымасьці разьвіваць спэцыяльнае (тэрміналягічнае) значэньне — выконваць функцыю тэрміна. І зьявіліся памагчы нашай мове башмакі (пад коламі вагонаў), паталок (над крылом самалёта), кукалка (пры росьце вусяка), учот з учотчыкам (пры ўліку кадраў) і многія іншыя братнія словы. Так і для рашчыны (рошчыны) не знайшлося месца сярод хімічных тэрмінаў — пад рукою быў сымпатычны расейскі раствор. Тэрмінолягам 1920-х, у тым ліку й хімікам, ён не спатрэбіўся — яны дастасавалі традыцыйнае слова. Трэба падкрэсьліць, што пашырэньне яго сэмантыкі зь ‘цеста на дражджох або з закваскаю, якое пасьля замешваюць’ на ‘ўсякую аднародную вадкасьць (сумесь), атрыманую распушчэньнем якога-н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасьці’ мае зусім ня штучна-лябараторны характар — яно адбылося ў жывой народнай мове (пераканаецца ў гэтым кожны, зірнуўшы ў слоўнікі Шатэрніка, Касьпяровіча ці Станкевіча). Увогуле, выкарыстаньне рошчыны ў значэньні ўжыванае пры будаваньні аднароднае сумесі глеістага матэрыялу, пяску й вады мела за савецкім часам рэгулярны характар і нават знайшло шчодрае адлюстраваньне ў шматтомным акадэмічным слоўніку беларускае мовы (ТСБМ). Дык жа абсалютна натуральным быў ход айчынных тэрмінографаў 1990-х — пераняўшы мэтадалёгію сваіх папярэднікаў з пачатку стагодзьдзя, яны аддалі перавагу рашчыне. Дазволю тут дапушчэньне, што, выбіраючы між двума акцэнталягічнымі варыянтамі, яны пастанавілі “спэцыялізаваць” менш частотную ў літаратурным кантэксьце форму з другім націскным складам, пакідаючы за рошчынаю яе першапачатнае “цеставае” значэньне (украінцы яшчэ ў 1920-я г. разьвялі былі рoзчину ‘цеста’ з рoзчином ‘аднародная вадкасьць, сумесь’ паводле родавай прыкметы). Дарэчы будзе паказаць тут цэлае словаўтваральнае гняздо, якое бярэ пачатак ад тэрміналягізаванай рашчыны: рашчыненьне, рашчыннасьць, рашчынны, рашчыньнік, рашчыняльны, рашчыняць. Усе гэтыя словы зафіксаваныя ўжо ў спэцыяльных слоўніках (знойдзем іх, да прыкладу, у “Расейска-беларускім хімічным слоўніку” (1993) і “Руска-беларускім фізічным слоўніку” (1994).

Што да англіцызмаў, то варта праканстатаваць пэўныя тэндэнцыі ў іх асваеньні. Беручы пад увагу той факт, што многія з гэтых словаў маюць лацінскае паходжаньне або ўтвораныя на базе лацінскіх/грэцкіх каранёў, па-асобныя ўдзельнікі сучаснага моватворчага працэсу схільныя да адаптаваньня іх паводле даўняе традыцыі перадачы беларускаю моваю лацінізмаў. Такім чынам, пры названым падыходзе ў англіцызьме праяўляецца лацінскае/грэцкае першааблічча кораня: дыстрыбутар (distributor < лац. distributio ‘разьмеркаваньне’; параўн.: дыстрыбуцыя, дыстрыбуцыйны), кампутар (computer < лац. computare ‘лічыць, вылічаць’; параўн.: ст.-бел. компутъ ‘рэестар, сьпіс; рахунак’), прадусар (producer < лац. producere ‘вырабляць, ствараць’; параўн. з аднакаранёвымі лацінізмамі: прадукаваць, прадукт, прадуктыўны, прадукцыя, прадукцыйны, прадуцэнт), футуральная (угода, апэрацыя) (futures, futures deal < лац. futurum ‘будучыня’; параўн.: футуралёгія, футурызм, футурыст) і інш.

Імкненьне пры адаптацыі англіцызмаў пасьлядоўна перадаваць гук, абазначаны літараю h, празь беларускі фрыкатыўны [г] і адпаведна кірылічную г на пісьме прыйшло да нас з мовы паваеннае беларускае эміграцыі — у часе моўных дыскусіяў 1990-х прадстаўнікі эміграцыйнага боку ці раз канцэнтравалі ўвагу на важнасьці такое перадачы. Маўляў, гэта расейцы ня маюць літары на абазначэньне шчыліннага гуку [г], за літараю г у літаратурнай расейскай мове стаіць гук іншага ўтварэньня — выбухны [ґ], таму й перадаюць яны ангельскі шчылінны пераважна праз х — у нас жа літара г пазначае, з рэдкімі выняткамі, якраз традыцыйны беларускі шчылінны, і таму яна на месцы h у англіцызмах (таксама як г на месцы h у беларускіх пазычаньнях з грэцкае, лацінскае, нямецкае ды іншых моваў).

Такім чынам, падставаю для абазначэньня h праз г — аднолькавы спосаб утварэньня перадаваных гэтымі літарамі гукаў: пры гэтым, праўда, і нефанэтысту ясна, што ангельскі фрыкатыўны [h] нятоесны ані нашаму [х], ані [г], што гэта падобны да нашых, але іншы гук (дарэчы, згаданы ў лісьце фактар лацінкава-кірылічнае паралелі h — г таксама меў/мае значэньне для станаўленьня разгляданае тут літарна-гукавое адпаведнасьці). Аднак, як бы ні суадносіліся гукі, за абазначэньнем h праз г нельга ня бачыць сыстэматызацыйнае ролі — гэта фактычна перадумова аднастайнасьці пры далейшай адаптацыі англіцызмаў. Тая несыстэмнасьць пры перадачы h у пазычаньнях з ангельскае, якую выразна ілюструюць факты беларускае літаратурнае мовы савецкае нармалізацыі — ня што іншае, як вынік абумоўленасьці беларускіх формаў англіцызмаў расейскімі. Так, пры адаптацыях гаймарыт (ад прозьвішча ангельскага анатама Highmore), Галівуд (Hollywood), гамбургер (hamburger), гандбол (handball), гандыкап (handicap) маем хайвэй (highway), хайрынг (highring), халакост (holocaust, ад гр. holos + kausis), пры гемлак (hemlock), гемпшыры (ад назову графства Hempshire) — хедж (hedge), хет-трык (hat trick), хэпенінг (happening) і г. д. (гл. “Слоўнік іншамоўных слоў” (1999) А. Булыкі).

Ад паказанае абумоўленасьці/залежнасьці афармленьне англіцызмаў з г на месцы h можа беларускую мову паступова вылечыць. Пытаньне — наколькі пры гэтым мэтазгоднае й магчымае перазасваеньне тых частотных словаў, якія трывала засвоеныя носьбітамі нашае мовы ў мэтраполіі з [х]? Яшчэ пытаньне — колькі ў мове такіх “трывала засвоеных” англіцызмаў? Скажам, удзельнікі менскіх правапісных нарадаў 2001-га абмежавалі сьпіс выняткаў шасьцю словамі: хакей, хобі, хол, хук, хуліган, хэпі-энд. Ці змогуць не папоўніць яго ўзуальныя хакер, холдынг, хард-рок з хэві-мэталам, хон, каб ня блыталі інструмэнт з гонам? Гэтае апошняе пытаньне я пакідаю на суд чытачоў “НН”.

Юрась Бушлякоў

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0