Мікола Раманоўскі

 Пра пачуцьці лепшыя і горшыя

 

Другі дзясятак гадоў апазыцыя жаліцца, што народ яе ня слухае, бо яму толькі каўбаса ў галаве. Сяргей Дубавец (ці нейкі яго суразмоўца) падвёў быў пад гэта тэарэтычную базу: “Беларусы ня вераць у свае абстракцыі”. Тым часам улада будуе сваю прапаганду далёка ня толькі на каўбасных настроях. “Інтэграцыя з Расеяй” — або гэта не абстракцыя? Не “свая”, вядома. Але ўся афіцыйная ідэалёгія трымаецца на такіх адцягненых панятках. Колішні “камунізм” — гэта ж быў не каўбасны рай, гэта было грамадзтва справядлівасьці. Ідэя дружбы народаў (пакідаючы ўбаку яе рэалізацыі) далёка ня зводзіцца да каўбасы. Дый іншыя ідэі, якія замацаваліся ў савецкія часы і якім ніяк ня можа даць рады нацыяналістычная ідэалёгія, — таксама абстракцыі не каўбаснага кшталту.

 

Выходзіць, беларусы ў некаторыя абстракцыі верыць такі ўмеюць. Адно што не ў свае. Дык можа нешта ня тое якраз са сваімі абстракцыямі?

Бо замест гэтага часта чуваць, што нешта ў нас ня тое са сваім народам. Народ у такіх развагах выступае як стыхійнае няшчасьце. Мы ўсё слушна рабілі — аралі, сеялі, але прыйшоў ураган (паводка, пажар, саранча) і нашу працу панішчыў. Лягічна было б тады змагацца з гэтай саранчою, але трэба, наадварот, яе перавыхоўваць на пчолак... Прыгадваецца прыпавесьць з Талмуду — пра тое, як анёлы пералічылі Богу ўсе грахі Ізраілю і спыталі: чаму Ты не сьцярэш яго з аблічча зямлі? На што Той адказаў: другога Ізраілю ў мяне няма.

Чытаючы год за годам апазыцыйныя газэты, цяжка не задумацца: няўжо людзі ў нас настолькі дурныя, што не разумеюць, як ім будзе лепш пры заходняга кшталту эканоміцы? “Народная воля” недзе раз на месяц друкавала артыкулы пра тое, як добра жывецца ў Летуве, Латвіі, Польшчы ды нават Украіне. Дый людзі не сьляпыя — хто сам ня езьдзіў у тую ж Польшчу ці Летуву, у таго езьдзіў сусед, калега, сваяк. Нават БТ, здаецца, перастала расьпісваць жахі капіталізму на польскім ці літоўскім прыкладзе. І ўсё роўна мноства людзей рэгулярна выказваюцца за Расею і супраць Захаду, за сацыялізм і супраць капіталізму.

Напэўна ж, не таму, што дурныя. Але апазыцыйныя контрапрапагандысты, здаецца, мала зважаюць на тое, што, уласна, думае іх аўдыторыя. Такое ўражаньне, што апазыцыянэр, пачуўшы — ад суседа ў чарзе ці ад журналіста ў “Советской Белоруссии” — як той ня любіць апазыцыі (Пазьняка, нацыяналістаў, дэмакратаў, трасцы, хваробы) — адразу кідаецца бараніць атакаваную (сваю!) абстракцыю, ня даўшы сабе клопату спытаць: а чаму вы так думаеце?

Досыць часта на гэта людзі адказаць нічога толкам ня могуць, бо паўтараюць з чужых словаў. Але натрапіўшы на каго разумнейшага, можна пачуць вельмі характэрныя рэчы. “Яны ўсе здраднікі, — скажуць вам. — Вось літоўцы: яны жылі лепш за ўсіх нас, але захацелі яшчэ лепшага жыцьця і прадаліся Захаду”. Польшча таксама добра жыве, бо прадалася Захаду. А мы, трэба разумець, жывем бедна, але нікому не прадаліся. А бедна мы жывем, бо нас здрадзілі: трое ў Віскулях — палітычна, “дэмакраты” — эканамічна.

Я не зьбіраюся ў тысячны раз граміць гэтыя ідэі і даводзіць іх дурасьць. Лепш падумаць пра іншае. Яны матываваныя найлепшымі людзкімі пачуцьцямі: такімі, як вернасьць або непадкупнасьць. Тое, што скіраваны гэтыя пачуцьці ў памылковы бок, не касуе іх зыходнай маральнай дабраякаснасьці. Чалавек адчувае сябе ахвярай зла і апірышчам дабра. Ясна, што прапановы рушыць сьледам за той жа Польшчаю ў капіталістычны каўбасны рай ён успрыме як Мальчыш-Кібальчыш, якога буржуіны спакушаюць прысмакамі. Характэрна, што ППРБ у кожнай прамове падкрэсьлівае якраз гэты матыў: “Я свой народ не предам”.

Але калі так, гэта пераварочвае ўсю апазыцыйную контрапрапагандысцкую ідэалёгію. Аказваецца, людзі ў нас якраз ахвяруюць каўбасой дзеля справядлівасьці. Адно што справядлівасьць тая фіктыўная. Але ж вера ня мусіць быць рацыянальнаю.

Як паводзіць сябе ў такой сытуацыі, хай скажуць людзі больш дасьведчаныя. Ясна адно: любоў (хай сабе і не туды скіраваную) нянавісьцю не пераможаш. Чалавек, які зьнелюбіў прэзыдэнта (і ўвасобленую ў ім ідэалёгію), будзе крычаць на дэманстрацыі “Луку на муку!”. Але ў чалавека, які яшчэ верыць у тую ідэалёгію, такія крыкі выклічуць толькі агіду. І не таму, што ён дурны ці абалванены прапагандай, а таму, што любоў ад прыроды мацнейшая за нянавісьць. А на мітынгах больш крычаць “Далоў”, чым “Жыве”.

Паміж афіцыйнай і нацыяналістычнай ідэалёгіяй ёсьць адно характэрнае супадзеньне. І ў той, і ў другой важны складнік — крыўда. У афіцыйнай — на Віскулі і дэмакратаў. У нацыяналістычнай — на злыя сілы, якія вякамі душылі тут усё беларускае і дэмакратычнае.

Псыхалягічна такая крыўда — апраўданьне ўласнай бездапаможнасьці. У абодвух выпадках гэта бездапаможнасьць прыгнечанага перад прыгнятальнікам. Трывае яна таму, што няма спосабу ці жаданьня зьмяніць статус-кво, а выцясьняецца — толькі канструктыўнай дзейнасьцю, скіраванай на зьмену гэтага статус-кво. Ключавое слова тут — канструктыўнай. Імітацыя бурнай дзейнасьці толку не дае. Наадварот: чым больш тая імітацыя будзе бурнаю і пераканаўчаю, тым большае будзе расчараваньне, калі чалавек зразумее яе ілюзорнасьць. Мы бачылі гэта ўжо ня раз: пасьля “Вёснаў” і “Восеняў”, пасьля “альтэрнатыўных выбараў” і пасьля байкоту выбараў безальтэрнатыўных...

Тут на мяне накінецца куча нерасчараванага народу, сваім прыкладам даводзячы, што я памыляюся. Але я кажу не пра іх, а пра звычайнага чалавека, які спачувае апазыцыі, але ў яе дзейнасьць, акрамя хіба прысутнасьці на мітынгах, не заангажаваны. Пра палітычныя выйгранкі і прайгранкі, якія прыносіць апазыцыйнае змаганьне, ён мяркуе паводле ўласнага жыцьця, якое пасьля мітынгаў чамусьці ня лепшае. Шмат хто ходзіць цяпер на мітынгі не таму, што спадзяецца нешта зьмяніць, а каб засьведчыць самому сабе, што не сядзеў склаўшы рукі.)

Характэрны прыклад — сусьветная гісторыя першай паловы стагодзьдзя. У Нямеччыне і Італіі спробы ўзьняць народны энтузіязм і адрадзіць даўнейшы дух зьвяліся да тэатральнага патасу і агрэсіі, бо імі і матываваліся. А паднялася ў выніку Амэрыка, якой было не да прыгожых позаў — яна мусіла даць рады Вялікай Дэпрэсіі. Ня менш паказальны прыклад Савецкага Саюзу. Цяжкі і страшны час вайны быў парой вялікага духоўнага ўздыму. Пасьля Вялікага Тэрору зь яго абсурднай жорсткасьцю зьверху і бездапаможнасьцю ўнізе людзі адчулі, што робяць вялікае і справядлівае і што ад іх нешта залежыць. Духоўны ўздым родзіцца са справы, а не наадварот.