Вінцэсь Мудроў

Каханьне Леві Штраўса

эсэ

 

Маладосьць мая прыпала на безнадзейна п’яныя й дарэшты бязглуздыя семдзясятыя гады. Памяць часьцяком вяртае ў той час, і мне мрояцца падпітыя твары сяброў, мрояцца працоўныя рапарты і брэжнеўскія прамовы, а ў душы ажываюць былыя лятункі і мары, сярод якіх галоўным было — купіць “Левісы”, фірмовыя джынсы, якія каштавалі шалёныя грошы.

 

Такім чынам, гэты аповед прысьвечаны джынсам — дзіўнаму вынаходніцтву Леві Штраўса — авантурыста й летуценьніка, чыё імя сталася назвай знакамітай фірмы і, адбітае на скураной этыкетцы, ужо не адно дзесяцігодзьдзе ўпрыгожвае дзявочыя дупці ды красуе на тыльных баках хлапечых торсаў.

Леві Штраўсу было чатырнаццаць гадоў, калі ён — да поўнага ачмурэньня — закахаўся ў Генрыету. Ён быў гэбраем, зь беднай сям’і; яна – багатай немкай, а таму бацькі — з абодвух бакоў — забаранілі маладым сустракацца.

Неўзабаве Леві паведаміў бацьку: “Еду ў Амэрыку”. — “І што ж ты там будзеш рабіць?”— запытаўся стары Штраўс. — “Зараблю шмат грошай, вярнуся і ажанюся з Генрыетай”, — адказаў сын.

З хлопца, вядома ж, пасьмяяліся, бацькі і знаёмцы адгаворвалі Леві ад вандроўкі. Але юнак быў настроены рашуча, дый ехаў ён не на пустое месца: у Амэрыцы на той час атабарыліся ягоны дзядзька і старэйшы брат.

Дарога ад роднага Бутэнгайму да Нью-Ёрку няблізкая. Выбіраўся ён за акіян з прыгодамі, поўны рамантычнага імпэту, але першыя ж дні заакіянскага побыту выпетрылі з душы ілюзіі. Ня дзіва – працаваць давялося на дзядзькавай фэрме, а сахор ды гной – рэчы вельмі далёкія ад рамантыкі. Неўзабаве юнак разьвітаўся зь дзядзькам і падаўся ў Нью-Ёрк, да брата, які гандляваў мануфактурай.

Цэлымі днямі Леві круціўся пры краме, дапамагаючы брату, па вечарох пісаў лісты сваёй каханай, у якіх паведамляў, якія вялікія грошы ён тут зарабляе (ня маючы пры гэтым ні цэнта ў кішэні), і аднойчы, наслухаўшыся аповедаў пра каліфарнійскае золата, гукнуў брату: “Выпраўляюся на Захад!” Брат уздыхнуў, пахітаў галавой, але ад паездкі не адгаворваў і нават даў на дарогу сякога-такога тавару.

Той парой на Дзікі Захад — а на календары быў 1853 год — ехалі ня толькі шукальнікі прыгодаў, але й рознага кшталту прайдзісьветы ды крымінальнікі. А таму атрымаць кулю ў лоб можна было ў любым прыдарожным салуне. Леві пашанцавала: яго не забілі, аднак па дарозе абрабавалі. Злодзеі забралі ўсё, апрача некалькіх скруткаў палатна. Палатно прызначалася для ветразяў, і ў каліфарнійскай пустэльні такі тавар нікому ня быў патрэбны.

Урэшце небарака прыбіўся да золаташукальнай сябрыны і прапанаваў ёй свой тавар, паведаміўшы, што палатно не прапускае вільгаці. Сёй-той набыў тканіну, змайстраваў намёты, ды тут надарылася неверагоднае: пайшоў рэдкі ў тых мясьцінах дождж, і змоклыя каліфарнійцы, прыхапіўшы кольты, кінуліся шукаць гандляра. Але гандляр яшчэ напярэдадні залевы задаў цубака і, шыбуючы па дарозе, прапаноўваў свой экзатычны тавар кожнаму стрэчнаму. “Што ты нам гэтую халеру прапаноўваеш? Ты лепей нагавіцаў прывязі”, — параіў яму малады мэксыканец, і Леві пасьля такіх слоў задуменна пачухаў патыліцу. Золатаздабывальнікам падчас працы даводзілася поўзаць на каленях, і любыя, нават самыя трывалыя, нагавіцы ўмомант разьляталіся. Вось няўдалы гандляр і падумаў: а ці ня сшыць штаны з парусіны?

Не марнуючы часу, Леві паехаў у бліжэйшае мястэчка, знайшоў краўца і азнаёміў таго са сваёй ідэяй. “Ты што, хлопча, звар’яцеў? Хто гэта шые штаны з такой тканіны?” — рагатнуў кравец, але, калі Леві выклаў на стол усе тыя даляры, што меў у кішэнях, уздыхнуў і паабяцаў сшыць, дзеля сьмеху, колькі штаноў з калянай палатніны.

І вось нагавіцы былі сшытыя і вынесеныя на продаж. Мясцовы люд з такога тавару шчыра пасьмяяўся, але адзін золатаздабывальнік набыў сабе “ветразёўцы” і зазнаў процьму кпінаў: “Гэй, Джоні, пастаў свае штаны да сьцяны і заходзь у салун!”. Праз колькі месяцаў Джонавы сябрукі ўбачылі, што “ветразёўцам” няма зносу і пачалі пытацца адно аднаго: дзе той хлопец, што гандлюе “жалезнымі” штанамі?

Неўзабаве Леві Штраўс адчыніў у Сан-Францыска кравецкую майстэрню, а сабраўшы ладна грошай, вярнуўся ў Нямеччыну, каб пабрацца шлюбам з каханай дзяўчынай. Аднак на радзіме яго чакала неспадзеўка: Генрыета ўжо была замужам, дый дзіця мела. Як потым высьветлілася, маці Генрыеты перахоплівала ўсе лісты, якія юнак дасылаў сваёй каханай, і дзяўчына падумала, што хлопец на яе забыўся.

Леві Штраўс вярнуўся ў Штаты і кінуўся ў вір працы. Ягоная фірма Levi Strauss & Company стала выпускаць нагавіцы блакітнага колеру. У ХХ стагодзьдзі з-за дэмакратызацыі моды з адзеньня золаташукальнікаў і каўбоеў джынсы ператварыліся ў апратку мільёнаў і “захапілі” спачатку амэрыканскі кантынэнт, а потым і матухну-Эўропу.

Ну, а вынаходнік джынсаў так і застаўся кавалерам, і памёр на самым пачатку мінулага стагодзьдзя ў 73 гады. Спадкаемцы знайшлі ў ягоным стале пажоўклыя лісты, якія пісала яму Генрыета, ды ссохлую ружу, якую дзяўчына падаравала маладому Леві, калі той выпраўляўся ў Амэрыку.

 

Аповед стаўся б няпоўным, калі б мы не згадалі пра лёс джынсаў у “краіне разьвітога сацыялізму”. А лёс той быў незайздросны, бо камуністычныя ідэолягі бачылі ў іх праяву апалітычнасьці і нізкапаклонства перад Захадам. У тых жа савецкіх фільмах канца 60-х — пачатку 70-х усе мярзотнікі насілі джынсы; у нашым маладым Наваполацку ў джынсах нельга было хадзіць у школу і нават на скокі: ля ўваходу на танцпляцоўку “джынсавікоў” хапала міліцыя. Сёньня таму цяжка даць веры, але гэта было, і гэтага ня выкінуць з гісторыі.

Джынсы за брэжнеўскім часам былі ня проста моднай апранахай, але пэўным знакам, сьведчаньнем прыналежнасьці іхных “носьбітаў” да адметнай касты. Каштавалі яны вялікіх грошай, дый набыць іх, нават пры наяўнасьці патрэбнай сумы, было няпроста. Праўда, калі на пачатку семдзясятых за “Левісамі” езьдзілі ў Вільню (каштавалі яны там 80—90 рублёў), дык у сярэдзіне дзесяцігодзьдзя ўжо наш горад стаўся “пастаўшчыком” фірмовага тавару. У Наваполацку на той час атабарыліся будаўнікі польскай фірмы “Энэргаполь”: палякі будавалі нафтаправод Полацак—Мажэйкяй і адначасова рабілі бізнэс на продажы джынсаў, дзеручы з пакупнікоў па 200—220 рублёў за штуку.

Ну, і, зразумела, ніхто ў семдзясятых не насьмельваўся вывешваць джынсы на прасушку ў двары ці ў якім іншым людным месцы. Калі б такое надарылася, іх бы абавязкова скралі. І тут самы раз згадаць выпадак, пра які распавёў мне кіраўнік наваполацкай адраджэнскай суполкі “Ўсяслаў Чарадзей” Васіль Храмцоў і які ўяўляецца яскравым фрагмэнтам “джынсавай эпапэі”.

Аднойчы, за часоў бурнай маладосьці, Васіль вяртаўся дахаты а пятай гадзіне раніцы і нечакана ўгледзеў на даху аднаго з дамоў свайго сябра, які трымаў у руцэ сьпінінг. Рыбалка на даху — гэта ўражвала. Васіль, схаваўшыся за дрэвам, стаў цікаваць — якую рыбу будзе лавіць сябрук. А той зірнуў долу, стаў накручваць сьпінінг і неўзабаве падчапіў на гачак джынсы, што сохлі на бальконе верхняга паверху.

“Рыбалка” такая падпадала пад артыкул Крымінальнага Кодэксу, і ўсё ж такі гэта быў не банальны крадзеж, а нешта іншае. Бо калі б на гаўбцы вісела норкавае футра, ці нават царскія шаты, сябрук на іх наўрад ці паквапіўся б. “Рыбацкае шчасьце” ён зьведваў толькі тады, калі на гачак патраплялі зацяганыя і падзертыя джынсы — сымбаль далёкіх і незабыўных семдзясятых.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0