Бязьлітасная расправа з дыктатурай

фэльетон

Даўно хадзілі чуткі, што апазыцыя рыхтуе да выбараў нейкі хітры і каведны плян, сапраўдны ўдар пад дых дыктатуры. Дык вось, цяпер мне як найбольш дасьведчанаму пасьлядоўнаму сябру аб’яднанай і самараднай апазыцыі загадана запусьціць яго ў дзеяньне.

Перамога на выбарах — не салодкія мроі, дзеля гэтага трэба ўсім самаахвярна і няспынна праводзіць кампанію ў падтрымку — не пужайцеся — Аляксандра Лукашэнкі.

Бо вы толькі ўявіце, якая пачнецца барацьба адразу з двух флянгаў усяго за аднаго нармалёвага кандыдата... Вядома, такога ў гісторыі палітычных рухаў не было, але пра выключныя шляхі Беларусі гаворка пойдзе іншым разам.

Нам трэба быць моцнымі і непахіснымі. Нашы рукі будуць выкручваць, а галаву біць аб асфальт, нас будуць цягаць па кэпэзам і звальняць з працы... Няшмат застанецца ў шэрагу, але мы павінны ўпарта паўтараць: “Лукашэнка — наш прэзыдэнт”.

Вядома, што пачуем у адказ:

— Заткніцеся! Вас ніхто ня просіць галасаваць за Лукашэнку.

— Вы, ілжывыя псы, галасуйце за сваіх прадажных кандыдатаў!

— (У мэгафон) Мітынг у падтрымку Лукашэнкі дазволены толькі праз тыдзень, сёньня ўсім разысьціся...

— А вам выстаўляць на від партрэт таварышча Лукашэнкі забаронена!

— Нязнаная па сваім цынізьме і подласьці агітацыя.

— Ня верце ім, яны гавораць не ад шчырага сэрца, гэта ж проста сьмешна. Толькі паглядзіце, хіба з такім тварам можна галасаваць за Лукашэнку?! — і тут Замяталін вырве сэрца з грудзей і павядзе народ да сапраўднага выйсьця (г.зн. “Final Exit”).

Але галоўнае — не зьвяртаць на ўсё тое ўвагі і далей агітаваць за Лукашэнку, тым больш, што рабіць гэта мы здолеем лепей, чым улада.

Электарат мала што разшаволіць, ён доўга ня будзе даваць веры:

“Не, ня можа быць, такія людзі не пакупаюцца і не прадаюцца... Ніколі!”

Але ж у канцы ім трэ будзе вырашаць, за якога Лукашэнку галасаваць, за роднага або за нейкага там варожага, і як іх зараз рассартаваць. Такім чынам, сьветлы вобраз падвоіцца ў грамадзкай сьвядомасьці (выбачайце за ўжываньне гэтага тэрміну, маю на ўвазе “грамадзкай”).

Падчас выбараў апазыцыі варта перастаць быць апазыцыяй, а толькі пазыцыяй “За”. Нам няма чаго дзяліць з электаратам, можа тады нейкі “левы” кандыдат і пралезе ў прэзыдэнты. Электарат(у) ўжо нікому(га) не шкада... Дайце яму толькі як сьлед адсьвяткаваць сваю перамогу.

Дадатковы матэрыял для электаральнага карыстаньня
(або аргумэнты на кожны выпадак):

“Гісторыя памылак ня робіць, тым больш два разы запар...”

“Або Пазьняк, або зноў выбірайце каго хочаце...”

“Выбяры сабе эмблему: 1, 2 або 3?

— Тры буслы, тры чмялі, тры бутылі”.

“Сябра выбарчай камісіі! Атрымай нейкае задавальненьне ад сваёй працы!”

“Сьцяна — нявінная ахвяра і самая ўпартая ўдзельніца выбараў. Той, хто псуе сьцяну — той... (замест прабелу ўстаў патрэбнае слова са сваёй сьцяны)”.

“Выбары існуюць, каб рабіць нязносным нашае жыцьцё!” “Ніколі не пытай суседа, за каго ён будзе галасаваць”.

Сяржук Блізна,
пас.Лясны пад Менскам


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0