Ганчарык - Лукашэнка – 26:29

Вынікі апытаньня грамадзкае думкі, праведзенага на замову «НН»

 

30 ліпеня — 1 жніўня сацыялягічная служба інфармацыйнай кампаніі БелаПАН “Люстра” на замову нашай газэты апытала 500 менчукоў ад 18 гадоў і старэйшых. Анкетаваньне ладзілася па гарадзкой квотнай выбарцы (г.зн., што доля людзей пэўнага полу, веку, з пэўным узроўнем адукацыі сярод апытаных адпавядала іхнаму працэнту ў насельніцтве). Памылка выбаркі магла быць толькі вельмі нязначная — менш за 1%.

Вынікі апытаньня — у табліцы справа.

А.Лукашэнка па-ранейшаму застаецца самым папулярным прэтэндэнтам, але ягоны рэйтынг не расьце. У Менску ён як вагаўся ўсе апошнія гады між 25 і 30%, такім і застаецца. Відаць, тое самае і ва ўсёй краіне, адно што агульнанацыянальны рэйтынг папулярнасьці А.Лукашэнкі звычайна вышэйшы за сталічны недзе на 15%.

У.Ганчарык за 10 дзён пасьля абвяшчэньня яго адзіным кандыдатам ад шырокай антылукашэнкаўскай кааліцыі рыўком выйшаў у Менску на другую пазыцыю пасьля А.Лукашэнкі, скараціўшы адрыў ад першага прэзыдэнта да мінімуму. “Лэйбл” адзінага кандыдата спрацаваў. Але й “незалежніцка-дэмакратычны” электарат ня вырас. Ён як складаў у Менску 30—35%, так і складае. Можна меркаваць, што ён застаецца стабільным і ў цэлым у краіне, толькі што там ён на дзясятак працэнтаў ніжэйшы, чым у сталіцы.

Цікава, што іншае апытаньне, праведзенае “Люстрам” на мінулым тыдні, паказала: 24% менчукоў лічаць сілавыя структуры датычнымі да шэрагу гучных палітычных зьнікненьняў-забойстваў. Рыхтык лічба выбарцаў Ганчарыка.

С.Домаш саступае Ў.Ганчарыку ў Менску няшмат, улічваючы, што ён ужо 10 дзён як прыпыніў уласную кампанію. Яшчэ мацнейшыя пазыцыі Домаша ў рэгіёнах. Не таму, што патэнцыял даверу да яго ў сталіцы быў меншы: проста шмат у нас іншых дэмакратычных палітыкаў, чыя папулярнасьць практычна абмяжоўваецца менскай кальцавой дарогай. Гэтак, генэрал Казлоўскі сабраў у сталіцы 36 тыс. подпісаў з 79 тыс. прызнаных сапраўднымі агулам (усе лічбы колькасьці подпісаў, прызнаных сапраўднымі, папярэднія, бо канчатковыя стануць вядомыя толькі на гэтым тыдні), бізнэсмэн Ю.Данькоў — 62 з 78 тыс., праваслаўны С.Калугін — 57 з 94 тыс., дыплямат М.Марыніч — 70 з 95 тыс., а аграрнік А.Ярашук — аж 51 з 73 тыс.! (Апошнія лічбы ўскосна сьведчаць, што гэтыя кандыдаты карысталіся не абы-якой падтрымкай менскае выканаўчае вэртыкалі, а мо й Ярмошына.). За З.Пазьняка ў Менску падпісаліся 39 з 72 тыс. ва ўсёй краіне. Парадаксальна, але Домаш у сталіцы заняў толькі 12-е месца сярод кандыдатаў па колькасьці сабраных подпісаў. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах ён быў або другі пасьля Лукашэнкі (Горадня, Гомель), або трэці (у Берасьці пасьля Ганчарыка, у Віцебску пасьля Гайдукевіча). У Менску ж Домаш сабраў толькі 30 тыс. подпісаў проці 31 тыс. Чыгіра, 42 тыс. Ганчарыка і г.д. Цікава, што прапорцыя галасоў, сабраных у Менску за Домаша і Ганчарыка, амаль да дзясятай долі адсотка паўтарае прапорцыю між лічбамі іхных рэйтынгаў у апошнім апытаньні. Па-за сталіцай, асабліва на Гарадзеншчыне, дзе Домаш нашмат апераджаў Ганчарыка па папулярнасьці, ён, відавочна, і цяпер застаецца яшчэ папулярным. Гэта паказьнік і ўдалага выбару кандыдатуры не менчука Домаша, і ягонае асабістае сымпатычнасьці, і добрае арганізаванасьці выбаршчыкаў цэнтраправіцы, якія за ім стаяць. Відаць, гэтая палітычная сіла мае добрую пасьлявыбарчую пэрспэктыву.

Галасы сымпатыкаў Домаша ў выпадку ягонага няўдзелу разьмяркоўваюцца наступным чынам: пакуль толькі палова зь іх (6,9%) гатовая перадаць галасы адзінаму кандыдату ад “пяцёркі”. 1,7% — г.зн., трохі больш за дзясятую частку, пераходзяць да Лукашэнкі. Відаць, тыя, хто або ня любіць прафсаюзаў, або аддае перавагу маладзейшаму (ці “мацнейшаму” кандыдату). 1% галасоў Домаша перабягае да Гайдукевіча — тыя, хто ня хоча галасаваць за цяперашнюю ўладу, але й не за Ганчарыка; і прыкладна трэцяя частка прыхільнікаў Домаша вагаецца ў выбары.

У С.Гайдукевіча шанцаў на перамогу мала. Размытасьць пазыцыі — ні за, ні супраць Лукашэнкі — забясьпечвае гарантаваную жменю галасоў, але ў сытуацыі, калі краіна расколатая якраз у асабістым стаўленьні да першага прэзыдэнта, лібэрал-дэмакрат зьбірае ня больш за 10%. На гэтых выбарах змагацца будзе не Гайдукевіч, змагацца будуць за Гайдукевіча: хто ўрэшце перацягне ягоныя галасы.

Сініцын, які ўсё яшчэ дамагаецца рэгістрацыі, застаецца аўтсайдэрам. І гэта ў Менску, дзе ён сабраў ільвіную долю подпісаў і дзе яго актыўна рэклямавалі FM-станцыі (з 83 тыс. подпісаў, прызнаных сапраўднымі, на Менск у яго прыходзіцца 38 тыс., тады як у Ганчарыка – 42 з 119 тыс., у Домаша – 30 з 159 тыс., у Гайдукевіча – 32 з 130 тыс., у Лукашэнкі – 64 з 392 тыс.). Бяда Сініцына і Гайдукевіча — іхная нехарызматычнасьць.

З усяго гэтага відаць, што Ганчарык ужо мабілізаваў большасьць дэмакратычных выбарцаў, але значная частка домашаўцаў яшчэ вагаецца.

Між тым, каля чвэрці беларусаў увогуле ня вызначыліся з сваімі палітычнымі сымпатыямі. Каля 10% ня вырашылі, ці пойдуць на гэтыя выбары. Пад 15% ведаюць, што пойдуць, але не ўяўляюць, за каго галасаваць. Ім і Лукашэнка ня любы, і апазыцыя не прывабная. Барацьба ў апошні месяц прэзыдэнцкае гонкі пойдзе за гэтае «балота». Яе спэцыфіка ў тым, што гэтая частка насельніцтва апалітычная, і ні гучныя скандалы, ні пытаньні дзяржаўнага ўладкаваньня яе не цікавяць.

У Ганчарыка задача складанейшая, чым у Лукашэнкі. Бо ж яму прыйдзецца весьці змаганьне ня толькі за апалітычную частку выбаршчыкаў, але і за тую частку сьвядомых антылукашэнкаўцаў, якія дагэтуль сумняюцца ў самім Ганчарыку.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0