Лісты ў рэдакцыю
Лукашэнка
ў Бараўлянах
Вось гісторыя, якую мне распавяла 60-гадовая вясковая цётухна, якую паклалі ў анкалягічным шпіталі ў Бараўлянах у адну палату з маёй маці. Яна акурат ляжала ў Бараўлянах, калі туды наведаўся Лукашэнка.
Слухала яна Лукашэнкаву прамову дый ня ўтрымалася: “Скажыце, таварыш прэзыдэнт, чаму ў нашай клініцы гэтак дрэнна зь лекамі? Шмат моладзі пакутуе на анкалягічныя хваробы, трэба яе ратаваць!” Лукашэнка ёй адказвае: “Ня трэба, цётка, ратаваць моладзь. Гэта скрозь наркаманы, што ў сутарэньнях сядзяць. Нашую моладзь мы ўжо згубілі. Ратаваць трэба такіх, як ты, — сталых, заслужаных людзей!”
“Хай бы падняўся на дзявяты паверх ды паглядзеў, якія “наркаманы” ў хіміятэрапіі ляжаць”, — плача цётка.
Во такі чалавек называе сябе “нашым прэзыдэнтам”.
Ю.А., Менск
Зянон
не маўчыць
Да рэплікі Алеся Кебіка (“НН”, №30, 2001).
Шаноўны дружа, расплюшчы вочы! Ты скардзішся на тое, што няма інфармацыі ад Пазьняка, што той маўчыць. Няўжо ты не заўважыў, што не Зянон маўчыць, а пра яго маўчаць? Не кажу ўжо пра апошнія некалькі гадоў, дастаткова згадаць мінулы месяц. Ідзе збор подпісаў, а ў гэтак званай “апазыцыйнай” прэсе шматлікія інтэрвію з Крыжаноўскім, Даньковым, Сініцыным і г.д. Здаецца, толькі іх падтрымлівае дэмакратычны электарат, і толькі яны ведаюць, як перамагчы Лукашэнку. У гэты вырашальны час, за ўвесь вызначальны пэрыяд адна адзіная “Наша Свабода” сустрэлася з Пазьняком, каб распытаць пра ягоныя пляны. На гэтым і скончылася. Вядома ж, дзе Пазьняк, там грошы ня шэпчуць і грантаў не даюць.
І добра б замоўчвалі Пазьняка... Колькі лаянкі пачуў ён у свой адрас, колькі брахні сказалі нам пра яго. Зянон, аказваецца, разбуральнік і ўсюды шукае ворагаў, а з Лукашэнкам яны ўвогуле браты-блізьняты. Таму й “Беларусь для беларусаў”, як патлумачыў адзін з пяцёркі, гэта “ідыёцкі лёзунг”. А замест яго, калі ласка, спн.Гразнова прапанавала нам “галоўную нацыянальную беларускую ідэю – Беларусь без Лукашэнкі” (“Народная Воля”).
Дык адкуль тут возьмецца нешта пра нацыянальна арыентаванага лідэра? Якое дзівацтва чакаць гэтага ад газэтаў, у якіх пра незалежнасьць, як кажуць, на понюх кату. Яны раскручваюць новых інтэгратараў, і калі мы, сапраўдныя патрыёты Беларусі, не схамянемся, то будзем потым цераз раз дыхаць. Ужо зараз Пазьняка, а значыцца, і ўсіх нас, ласкава папярэджваюць са старонак нібы дэмакратычных выданьняў: “Няўжо Зянон Станіслававіч не разумее, што народ Беларусі ў большасьці сваёй за інтэграцыю з Расеяй?.. Час нацыянальнай рамантычнай палітыкі прайшоў. Надышоў час палітыкаў-прагматыкаў. І з гэтым пара прымірыцца” (“День”).
Вось так, Алесю, а ты кажаш — сэктанцтва.
Сяржук Аржанцаў, Клімавічы
Ад рэдакцыі. “НН” прасіла Зянона Пазьняка аб гутарцы, ён адмаўляўся. У яго свае прынцыпы і свая стратэгія, ды яна ня спраўдзілася. Дарма Вы кляйміце Зянона каляніяльным таўром “нацыянальна-арыентаванага палітыка”. Ніякі ён не “нацыянальна-арыентаваны”, а проста нармальны беларускі палітык.
Ганчарык — гэта Кебіч
Сёньня дэмакратычныя сілы Беларусі ў пэўнай разгубленасьці. Старая партнамэнклятура абвясьціла Ганчарыка адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад шырокай кааліцыі. КРДС ня здолела вылучыць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, перамогу атрымала аморфная структура — “шырокая кааліцыя прагрэсіўных сілаў”.
Фактычна, у 2001 г. былая партнамэнклятура і зьнясіленыя эсдэкі прапануюць згуляць у гульню, якая была б дарэчы ў 1994 г. Вось падтрымалі б Кебіча, і не было б Лукашэнкі. Толькі замест Вячаслава Францавіча прапануецца Ўладзімер Іванавіч.
Але вывесьці краіну да лібэральнай эканомікі можа толькі правацэнтрыст з камандай эканамістаў-лібэралаў. І фантастычны прагноз — перамога Ганчарыка — будзе пазначаць толькі пагібель дэмакратычных сілаў у Беларусі.
У гэтых варунках адмова шаноўнага Домаша ісьці да канца ёсьць гарантыяй паразы ўсіх дэмакратаў. Існуе яшчэ шмат довадаў, каб Сямён ішоў на выбары, але вось самы галоўны: яму паверылі 160 тыс. выбарцаў. Змагаймася і пераможам!
Міхась Лагор, Гарадок
Ад рэдакцыі. Друкуючы гэты тыповы для апошняга тыдня ліст, “НН” заклікае выбарцаў да цярпеньня і адказнасьці. Расчараваньне выкліканае келейнасьцю, зь якой вярхі апазыцыі прымалі сёлета рашэньні. Аднак рашэньне “пяцёркі” прынятае, кідацца з боку ў бок не выпадае. Пабачым, што надумаў Лукашэнка і як сябе праявіць Ганчарык. Час пакажа.
Зьненавідныя “сьвядомыя”
Чытаў “Белорусскую газету” за 23 лiпеня i 1000-ы нумар “БДГ”. У першай напiсана: “Для БНФ, впрочем, Чигирь был не до конца “сьвядомым”. Фронтовцам больше приглянулся вытащенный из политического забвения Семен Домаш”.
Падпiсана — “отдел расследований”. У другой аўтар газэты Валеры Ляўкоў, апавядаючы пра збор подпiсаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, пiша: “Если судить о сборщиках подписей, то, как ни странно, в массе своей они... похожи на своих лидеров. Идейные — Калякина, демократичные — Домаша и Гончарика, бдительные — Кононовича, “сьвядомыя” — Позняка”.
Як у першым, так i ў другiм выпадку непрыемна ўразiла выкарыстаньне слова “сьвядомы”. Пакорпаўся ў нядаўнiх газэтах i знайшоў такi фрагмэнт з артыкулу Сямёна Букчына ў “Народнай волi”: “В Беларуси националы пытаются привить “спадар”, “спадарыня”. Некий белорусский вариант русского — “сударь”, “сударыня”. Но не прививается. То есть между собой “национально ориентированные” употребляют...”.
Яшчэ раней былы старшыня партыi “Славянский собор “Белая Русь”, а цяпер начальнiк Азаронка на тэлевiзii Мiкалай Сяргееў пiсаў у “Народнай газэце”: “В течение всего ХХ столетия т.н. “национал-сьвядомыя” пытались лишить белорусов их общерусских корней”. Напярэдаднi сёлетняга Дня Волi ў перадачы “Тайные пружины политики” Азаронак i яго “творчая група” ўжыла выраз “сьвядомыя аборигены”. Пачатак ужываньню ўзятага ў двукосьсi слова “сьвядомы” паклала заява Лукашэнкi на сустрэчы зь беларускiмi пiсьменьнiкамi ў жнiўнi 1998 г.: “БНФ по языковому признаку поделил людей на “сьвядомых” и “несьвядомых”.
Цiкава ня столькi тое, каго маюць на ўвазе аўтары публiкацыяў i перадачаў, а падставы таго, чаму ўжываюць такiя ўвогуле неакрэсьленыя азначэньнi “национал”, “сьвядомы”.
Апошнiм часам я заўважыў, што побач са “сьвядомай” часткай нашага народу, а таксама “несьвядомай”, што жыве сабе ў Беларусi, працуе, думае, як зарабiць, як пракармiць сям’ю, пашыраецца яшчэ адна катэгорыя грамадзянаў, якiя зусiм “сознательно” перасталi ўспрымаць Беларусь сваёй краiнай. Жывучы тут, у беларускай сталiцы, кожны дзень ходзячы на працу, нават пiшучы матэрыялы пра палiтычныя падзеi, можна быць бясконца далёкiм ад Беларусi. Першы раз я зьвярнуў увагу на людзей, якiя выключаюць сябе зь беларускага культурнага i палiтычнага кантэксту, падчас збору подпiсаў у выбарчай кампанii 1999 г., што праводзiў Ганчар. Тады некаторыя жыхары ў адказ на прапанову прыняць удзел у выбарах заяўлялi: “Мы в эти игры не играем” — i давалi зразумець, што яны дыстанцыююцца ня толькi ад беларускай палiтыкi, але i, па магчымасьцi, ад любых праяваў грамадзкага, культурнага жыцьця Беларусi. Кола такiх асобаў пашыраецца. Балазе, дзяржава гэтаму спрыяе. Можна гадамi жыць тут, слухаючы радыё “Би-Эй”, “Русское радио”, “Альфа-радио”, гледзячы ОРТ, РТР цi яшчэ тузiн расейскiх каналаў, чытаць “Комсомольскую правду”, “Частный детектив”, “Труд”, “Спид-инфо” i яшчэ не адну сотню расейскiх часопiсаў i газэт i не задумвацца пра iснаваньне нейкай Беларусi, а тым больш, пра яе мову, гiсторыю, палiтыку. (Ёсьць адно выключэньне: пра Беларусь успамiнаюць у сувязi з прагнозам надвор’я.)
I ўсё-ткi, калi-нікалi спакой парушаецца: то беларускiя палiтыкi пра сябе гучна заявяць, то па расейскай тэлевiзii выступiць Васiль Быкаў, а то проста ў краме хтосьцi папросiць прадаўца “Калi ласка...”.
Тады з падсьвядомасьцi ўсплывае, што i ты сын гэтай зямлi, што i твая мацi размаўляла на беларускай мове, а ты пасьля школы па-беларуску нiводнага радка не прачытаў. У краiне беззаконьне i бязладзьдзе, а ты збоку холадна назiраеш за гэтым, цябе гэта абыходзiць. Вось тады ўзьнiкае раздражненьне ад таго, што парушаны твой душэўны спакой, i вылiваецца на паперу слова “сьвядомы” з пагардлiвым адценьнем.
Валеры Палсьцюк, Менск
P.S. Ужо пасьля напiсаньня гэтай нататкi, прачытаў у газэце “Беларускi Час” артыкул Генадзя Бураўкiна на гэтую ж тэму.
Байкот
пад Лукашэнку
На жаль, грамадзтва не заўважыла небясьпечную тэхналёгію ўлады. Гэта байкот выбараў, дакладней, мінімалізацыя зацікаўленасьці насельнікаў Беларусі самімі выбарамі. Звычайна, заўсёды галасуюць пэнсіянэры, а гэта лукашэнкаўскі электарат. Вось яны, па завядзёнцы, прыйдуць, прагаласуюць. Астатнім убіваецца ў галовы формула-ўстаноўка: “Няма чаго хадзіць, усё адно выбары будуць сфальсыфікаваныя”. Гэта дасягаецца найперш праз чуткі. Супрацоўнікі КДБ, міліцыі менавіта тое кажуць сваім знаёмым. Дзяржаўныя СМІ амаль не даюць інфармацыі пра выбарчую кампанію.
Прызначэньне выбараў на 9 верасьня — дакладна разьлічаны крок. Большасьць гараджанаў будуць бульбу капаць за горадам.
Дэмакратам застаецца толькі самаахвярна працаваць — тлумачыць людзям сытуацыю. Парадаксальна, але нават у Менску шмат хто лічыць, што дэпутаты Вярхоўнага Савету кіруюць і зараз, маюць пажыцьцёвыя льготы, а пра народ ня думаюць.
Дэмакратычная апазыцыя можа перамагчы, але толькі празь цяжкую самаахвярную працу і вышэйшы інтэлект. Шанец яшчэ ёсьць, болей можа і ня быць.
Вітаўт Невядомы,
Менск