Сяргей Пасько: “База рэспубліканцаў — прадпрымальнікі”

Гутарка са старшынём Балтыйскае Рэспубліканскае партыі Сяргеем Паськом.

“НН”: Наколькі масавая калінінградзкая Рэспубліканская Партыя?

С.П.: Масавая? Я б лепш не ўжываў гэтага слова. У нас каля 700 сяброў па ўсім краі, але актывістамі яны лічацца хіба намінальна. Насельніцтва яшчэ не гатовае прыняць нашыя ідэі.

“НН”: Вы жадаеце стварыць новую краіну?

С.П.: Мы дабіваемся не абсалютнай незалежнасьці, а патрабуем дзяржаўнага статусу Калінінградзкай вобласьці. Паводле канстытуцыі, Расея — фэдэрацыя. Статус суб’ектаў фэдэрацыі маюць толькі дзяржаўныя ўтварэньні — рэспублікі. Мы дамагаемся гэтага статусу, каб мець раўнапраўныя адносіны з Масквой. Фэдэральны цэнтар, антыканстытуцыйная ўладная вэртыкаль, якую будуе Пуцін, дыктуюць нам, як сябе паводзіць, каму, калі і колькі падаткаў плаціць. Калі мы атрымаем статус Рэспублікі, адразу ж падпішам новую дамову з Расеяй і ніколі больш не перадамо Маскве тых паўнамоцтваў, якія аддалі згодна з апошняй дамовай, падпісанай у 1996 г. нелегітымнымі прадстаўнікамі вобласьці.

“НН”: Як вы ставіцеся да прыхільнікаў адраджэньня Ўсходняй Прусіі?

С.П.: Нармалёва. Праўда, гэтую ідэю падтрымліваюць лічаныя адзінкі, палітычныя працэсы ў краі зусім не адэкватныя іхным патрабаваньням. Адраджэньне Ўсходняе Прусіі — прыватная ініцыятыва, ня больш за тое.

“НН”: Вы лічыце неабходным пакрысе выходзіць з-пад патранажу Расеі й рухацца на Захад. Як далёка плянуеце зайсьці?

С.П.: Мы дабіваемся асацыяванага сяброўства ў Эўразьвязе (на раўнапраўнае разьлічваць няма як). Гэтую ідэю падзяляе губэрнатар Калінінградзкай вобласьці і ледзьве не палова дэпутатаў абласной думы (астатнія лічаць, што эканамічнае становішча краю можна выправіць, калі ўдасканаліць закон пра свабодную эканамічную зону). Фракцыя Калінінградзкае думы “Саюз” рыхтуе глебу для правядзеньня ў лістападзе рэфэрэндуму пра далучэньне вобласьці да Эўразьвязу.

“НН”: Ці разглядаецца магчымасьць далучэньня Калінінградзкае вобласьці да Нямеччыны?

С.П.: Цяпер законы Нямеччыны на 80% пішуцца не Бундэстагам, а Эўрапарлямэнтам. Так што будзе досыць і таго, што мы ўступім у Эўразьвяз. Шмат кажуць пра нямецкі фінансавы ўплыў на Калінінград, але насамрэч у нашую эканоміку найбольш інвэстуе Літва.

“НН”: Ці падтрымліваюць Вашую партыю калінінградзкія бізнэс-колы?

С.П.: Ядро нашае партыі — калінінградзкія прадпрымальнікі. Інтэграцыя з Эўропай дапаможа ім зьменшыць выдаткі, спросьціць кантакты з заходнімі партнэрамі, пазбавіць ад непамерных падаткаў, што ідуць на крамлёўскія авантуры, кшталту вайны ў Чачэніі, — мы будзем самі вызначаць падатковую палітыку краю.

“НН”: Ці будзе сталіца вобласьці насіць імя Калініна пасьля вашага прыходу да ўлады?

С.П.: Ня будзе. Калінінград атрымае сваю гістарычную назву — Кёнігсбэрг.

Гутарыў А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0