Ліст у рэдакцыю

Мой Калінінград

 

Пабачыўшы, што рыхтуецца калінінградзкі нумар “НН”, захацеў падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад спатканьняў з гэтым местам.

 

На пачатку 70-х мой дзядзька працаваў кіроўцам турыстычнага аўтобуса і вазіў экскурсіі ў Хатынь, на Курган Славы, у Берасьцейскую крэпасьць. Іншы раз трохі далей — у Вільню, Палангу, Клайпеду. Аднойчы ён прапанаваў мне паехаць разам зь ім у Калінінград.

Калі мінулі Літву, я больш пільна стаў углядацца ў вокны аўтобуса. Упершыню я на свае вочы бачыў Усходнюю Прусію, сама назва якой заўсёды асацыявалася ў мяне з духам мілітарызму і агрэсіі. Я ехаў па краі незвычайнай гісторыі.

Нешырокія асфальтаваныя дарогі. Уздоўж — старыя дрэвы з абавязковай белай вапнавай стужкай, невялікія рачулкі, азёры, сажалкі. Надзвычай пышная расьліннасьць. Кажуць, усе лясы ў Калінінградзкай вобласьці штучныя, пасаджаныя рукой чалавека. Асаблівую ўтульнасьць, замілаваньне, нават нейкую ідылію ствараюць ахайныя дамкі пад чырвонай дахоўкай. Анічога расейскага ў пэйзажы, толькі на ўказальніках расейскія назвы вёсак — Малінаўка, Ябланеўка або Панкратаўка.

Сам Калінінград уразіў сваёй готыкай, рэшткамі старых муроў, фортаў, умацаваньняў. У той час у горадзе новага амаль нічога не будавалася. Быццам СССР усё яшчэ баяўся, што немцы запатрабуюць назад сваю тэрыторыю. Горад патанаў у зеляніне, ад паху ружаў круцілася галава. Нідзе й ніколі я больш ня бачыў столькі ружаў на вуліцах гораду. А калі нехта зламаў галінку магноліі на калінінградзкай вуліцы, назаўтра пра гэта пісалі ўсе мясцовыя газэты.

Калінінград цяжка ўявіць бяз рыбных крамаў “Акіян” і “Дары мора”, бяз порту, бяз пляжаў. Праўда, каб трапіць да мора, трэба хвілінаў 30—40 ехаць электрацягніком у Зеленаградзк, Піянэрскі або Сьветлагорск. Ня ведаю, як цяпер, а ў тыя часы гэта была памежная зона, і, каб выехаць да мора, трэ было ў касе прад’яўляць пашпарт з калінінградзкай прапіскай. Аднак выконвалася гэта ня дужа строга: касірцы дастаткова было бачыць пашпарт, а правяраць прапіску не было калі — усе сьпяшаліся. У крайнім выпадку можна было папрасіць любога мясцовага жыхара набыць квіток. Ніхто не адмаўляў. На пляжы пра “зону” нагадваў вялікі шчыт з надпісам: “Не заплывайце за буйкі. Да Швэцыі ўсё адно далёка”. З аднаго боку быццам і з гумарам напісана, а з другога — трохі крыўдна, бо ў кожным бачылі патэнцыйнага ўцекача.

Мінула ўжо 10 год, як я ня быў у Калінінградзе. Можа таму, што я бываў там толькі ўлетку, ён захаваўся ў маёй памяці як вельмі сьветлы, сонечны, радасны, сьвяточны горад. Горад, дзе заўсёды цьвітуць каштаны і ружы і па вуліцах шпацыруе салёны марскі вецер.

Лявон Гуменьнікаў, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0