БІБЛІЯТЭКА

 

Спэцыяльная мэта беларусаў

Аляксандар Надсан. Друя і Грэка-Каталіцкая Царква на Беларусі, 1924—1938. Лёндан: Божым шляхам, 2001.

Друйскі кляштар марыянаў —адзін зь нешматлікіх асяродкаў беларускага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920—30-х — на старонках беларускага друку ўжо заняў пачэснае месца. Адзіны беларускі кляштар “пры Польшчы”, беларускія казаньні, прыгатаваньне Уніі на беларускія землі... Ці сапраўды ўсё гэта было? Аляксандар Надсан на падставе дакумэнтаў, што зьберагаюцца ў лёнданскай Бібліятэцы імя Скарыны, адказвае ў сваёй брашуры на шмат якія гістарычныя пытаньні. Як сьведчаць дакумэнты, духоўнае начальства і ў Рыме, і ў Вільні разглядала беларускіх ксяндзоў, што выступалі за беларускі па духу і мове касьцёл у Заходняй Беларусі як сродак навяртаньня ў каталіцызм... Расеі. Гэта была “спэцыяльная мэта” беларусаў, пра якую яны самі дазналіся апошнімі.

Друйскі кляштар заснаваў у 1924 г. віленскі біскуп Юры Матулевіч, літовец па нацыянальнасьці. Меркаваньне аўтара, што Матулевіч сустрэўся ўпершыню зь беларускім адраджэнскім рухам у Вільні ў 1918 г. (як стаўся біскупам), можна аспрэчыць. З 1907 г. Матулевіч быў прафэсарам Пецярбурскай духоўнай акадэміі, з 1909 г. — віцэ-рэктарам. У той самы час прафэсарам катэдры старажытных моваў там быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, вакол якога круцілася ўся беларуская справа ў Пецярбургу. Ягоныя студэнты А.Цікота (першы беларускі марыянін з 1921 г.) і іншыя заснавалі беларускі гурток, да якога пазьней далучыліся А.Станкевіч, В.Шутовіч і шмат хто яшчэ. З 1912 г. працаваў у Пецярбургу Ф.Абрантовіч, прафэсар філязофіі ў акадэміі ў 1914—1918 г. Тамсама вучыўся А.Неманцэвіч, з 1940 г. экзарх Беларускага Грэка-Каталіцкага Экзархату. Узгаданыя толькі тыя прозьвішчы, якія шмат разоў сустракаюцца ў брашуры а.Надсана. Выглядае на тое, што пра беларускія праблемы Матулевіч ведаў яшчэ да рэвалюцыі 1917 г.

У 1923 г. Матулевіч пісаў у Рым — прасіў дазволу заснаваць Друйскі кляштар і адзначаў, што задачай беларускіх марыянаў ёсьць навяртаньне ў унію праваслаўных беларусаў. Матулевіч дапускаў магчымасьць выкарыстаньня ў будучым беларускіх марыянаў за мяжой, у СССР (“Расеі”), але зноў жа сярод праваслаўных беларусаў. Вядома, што Рымскі Папа адказаў Матулевічу лістамі 23 ліпеня і 10 жніўня 1923 г.; гаворка ў іх ішла аб працы друйскіх марыянаў выключна сярод беларусаў.

Не ўпершыню беларусаў ашукалі. Скончым словамі а.Надсана: для беларускіх сьвятароў-марыянаў “Унія была ня толькі справаю таго ці іншага абраду,.. але жыцьцёвай патрэбай для ацаленьня ранаў душы Беларускага народу”. Але зь імі ніхто не лічыўся. Праца а.Надсана яшчэ раз вучыць ня верыць словам быццам бы добразычліўцаў беларускага народу.

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

У.Арлоў. Сны імпэратара: Апавяданьні, аповесьці, эсэ. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 383 с. – (Беларуская проза ХХ ст.) – Наклад 4000 ас. ISBN 985-02-0500-8

В.Орлов, Г.Саганович. Десять веков белорусской истории (862—1918): События. Даты. Иллюстрации. – Вільня: Наша Будучыня, 2001. – 223 с.: іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 9986-9229-5-3

Адразу дзьве кнігі Ўладзімера Арлова выйшлі адначасна ў выдавецтвах Вільні й Менску. Гэта расейскамоўнае выданьне кнігі “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, якую Ў.Арлоў напісаў разам з Генадзем Сагановічам, і кніга гістарычнае прозы “Сны імпэратара”, якой У.Арлоў прабіў мур дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У.Арлоў падрыхтаваў яшчэ адну кнігу прозы – “Homo viator”, але, як сказаў нам аўтар, дзяржаўнае выдавецтва наў-рад ці наважыцца яе выдаць. Кнігу мяркуюць выпусьціць сёлета ў выдавецтве “Наша Ніва” ў Вільні. Неўзабаве, як задэкляраваў У.Арлоў, зьявіцца й кніга ягоных новых вершаў. У.Арлоў мяркуе, што новыя вершы ёсьць “адзнакаю таго, што нешта вельмі істотнае мяняецца ў атмасфэры нашае краіны, што зьяўляецца сапраўды сьвежы подых калі ня зьменаў, то магчымасьці гэтых зьменаў”.

В.Рагаўцоў. Практыкум па гісторыі агульнага мовазнаўства: Дапаможнік. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2001. – 184 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-09-0390-2

Зьмешчаныя ўрыўкі з працаў мова-знаўцаў В.Гумбальдта, А.Патабні, І.Бадуэна дэ Куртэнэ, П.Фартунатава ды інш. У “Папярэдніх заўвагах” акрэсьленыя асноўныя кірункі дзейнасьці лінгвістаў, іхныя погляды і ўнёсак у разьвіцьцё навукі. Каштуе 1,9 т.р.

М.Багдановіч. Поўны збор твораў у 3 тамох. Т.1: Вершы, паэмы, пераклады, насьледаваньні, чарнавыя накіды / 2-е выд. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 752 с. – Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0446-7

Першы том каштуе 4,3 т.р., усе тры разам – крыху больш за 10 т.р.

В.Бандарчык, В.Бялявіна, Г.Касьпяровіч ды інш. Беларусы. Т.4. Вытокі й этнічнае разьвіць-цё / Рэд. калегія: В.Бандарчык ды інш. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 433 с.: іл. – Наклад 1050 ас. ISBN 985-08-0423-8

Кніга асьвятляе фармаваньне беларускае нацыі на грунце канцэпцыі трыадзінага ўсходне-славянскага этнасу. У кнізе шмат моўных памылак. Каштуе 4 т.р.

Л.Лыч. Беларуская ідэя ў постацях і зьдзяйсьненьнях. – Менск: Athenaeum, 2001. – 80 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6374-13-8

Аўтар асьвятляе працэсы народзінаў і пашырэньня беларускае нацыянальнае ідэі.

И.Мартыненко. Законодательство об охране историко-культурного наследия и прокурорский надзор за его исполнением. – Менск: Тесей, 2001. – 192 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-463-019-6

Першы дапаможнік-даведнік у сфэры аховы помнікаў гісторыі й культуры; зьмешчаныя ўзоры патрэбных у гэтай справе дакумэнтаў. Прадаецца ў краме “Акадэмкніга” за 4,5 т.р.

Падрыхтаваў Віктар Мухін

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0