З усёй краіны

 

Угода Домаша з Ганчарыкам

Сёньня, 13 жніўня, У.Ганчарык, С.Домаш і кіраўнікі палітычных партыяў, што ўваходзяць у КРДС, маюць урачыста падпісаць афіцыйную ўгоду, што ўтрымлівае забавязаньні адзінага кандыдата перад партыямі і двухбаковыя ўзаемныя забавязаньні Домаша й Ганчарыка. У выпадку перамогі на выбарах адзін зь іх стане прэзыдэнтам, другі — моцным прэм’ерам. Абодва падраджаюцца зрабіць усё для грамадзкіх пераўтварэньняў і ўмацаваньня дзяржаўнасьці Беларусі.

Б.Т.

 

Канфіскацыі

10 жніўня сканфіскавалі аргтэхніку Гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”, кіраўніком якога зьяўляецца А.Мілінкевіч, старшыня выбарчага штабу С.Домаша. У той самы дзень канфіскавалі абсталяваньне ў Гомельскай суполкі моладзі “Гарт”. Каля 11-й раніцы 8 супрацоўнікаў КДБ уварваліся ў офіс, што месьціцца на кватэры Алеся Карніенкі, лідэра “Моладзі АГП”. Трэсьлі ўсё 4 гадзіны, аргтэхніку забралі, а кватэру апячаталі. Спрабавалі абшукаць таксама дом кіраўніка гомельскага рэсурсавага цэнтру “Грамадзянскія ініцыятывы” В.Карніенкі.

Паводле нашае крыніцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта, канфіскацыі рыхтуюцца таксама ў Берасьці, Наваполацку й Магілёве, прычым ёсьць загад абшукваць ня толькі сядзібы арганізацыяў, але й кватэры іх кіраўнікоў.

Б.Т.

КХП супраць усіх

Пазамінулымі выходнымі ў Варшаве адбылося паседжаньне палітычнае рады КХП-БНФ, на якім было вырашана ў часе блізкага сойму партыі заклікаць усіх ейных сяброў, прыхільнікаў і іншых грамадзянаў Беларусі 9 верасьня прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Палітрада лічыць, што сярод іх няма ніводнага вартага найвышэйшае дзяржаўнае пасады. Заадно Рада выказала недавер “Зубру”, які, паводле словаў былога палітвязьня Ў.Плешчанкі, “штучна створаны, каб адцягнуць увагу моладзі ад беларускай нацыянальнай ідэі”, і каардынуецца спэцслужбамі. «Зубры» адпрэчваюць гэты закід.

 

Хамайда
за няўдзел

“Зараз беларускія патрыёты павінны думаць, як пасьля 9 верасьня стварыць сапраўдную апазыцыю рэжыму”, — сказаў 9 жніўня ў сваёй заяве для прэсы віцебскі актывіст КХП-БНФ Барыс Хамайда. Ён сьцьвярджае, што сваім удзелам у верасьнёўскіх выбарах “мы падтрымліваем тую беззаконнасьць, якую стварыла ўлада падчас рэфэрэндуму 1996 г.”. У такіх умовах, заўважае Хамайда, “маральнай і грамадзянскай” пазыцыяй зьяўляецца “байкот выбарчага фарсу” і “няўдзел у хлусьні”.

 

Шалёны воўк

На жанчыну 66 год зь вёскі Хамічыцы нядаўна напаў воўк. Пэнсіянэрка заўважыла, што на ейных парасятаў кінуўся драпежнік, кінулася на яго з калком, але воўк абскочыў дубец, і ёй на галаву. У выніку — вялікая скальпаваная рана галавы, шматлікія раны твару і клубу. Кажуць, што кабета засталася жывой толькі таму, што воўк быў стары і слабы.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

 

Інцыдэнт
у Баранавічах

Вечарам 5 жніўня ў Баранавічах сьвяткавалі дзень чыгуначніка й 55-я ўгодкі Баранавіцкага аддзяленьня чыгункі. Быў канцэрт, салют і дыскатэка. Пасьля салюту, калі большая частка гледачоў цягнулася шырокім натоўпам дахаты, на бальконе аднаго з дамоў зьявіліся маладзёны, якія пачалі размахваць бел-чырвона-белымі сьцягамі й крычаць патрыятычныя лёзунгі. Моладзь, праходзячы міма, таксама пачала крычаць “Жыве Беларусь!”. Нейкая старая гукнула была міліцыянтаў, але ахоўнікі парадку на “гуляньнях” сказалі ёй, што гэта ня іхная справа. Калі ж прыехалі міліцыянты з пастарунку, маладыя патрыёты адмовіліся адмыкнуць дзьверы бяз санкцыі на ператрус, і міліцыянтам давялося зьехаць.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Зюдарбайтэры

Cёлета ўрад дазволіў прадпрыемствам i гаспадаркам Берасьцейскай вобласьцi выкарыстоўваць на сэзонных работах 5000 замежных грамадзянаў. Цяпер жыхары бліжэйшых да Берасьцейшчыны рэгiёнаў Украiны, ахопленых эканамічным крызысам, могуць легальна ўладкоўвацца на працу на нашы прадпрыемствы. Украiнцы звычайна пага-джаюцца працаваць нават за натуральную плату — збожжа, бульбу цi цукар, што вельмі выгадна калгасам. Раней, пакуль не было ўрадавай пастановы, беларускiя мытнiкi на мяжы часта адбіралі ў “зюдарбайтэраў” ня толькi заробленыя харчы, але й аўтатранспарт, на якiм яны перавозяцца.

Б.Т.

 

Напіўся й накурыўся

9 жніўня супрацоўнікі Пінскага пагранатраду на дзяржаўнай мяжы з Украінай затрымалі грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў у некалькі прыёмаў пранесьці на тэрыторыю нашае краіны 100 літраў сьпірту і 1000 пачкаў цыгарэт “Бізнэс-клюб”. Кантрабандны тавар ацэнены ў мільён рублёў.

Паводле БелаПАН