Новая апазыцыя

 

На мінулым тыдні былі апублікаваныя вынікі збору подпісаў за кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Згодна зь імі, перадвыбарную гонку могуць працягнуць толькі чацьвёра прэтэндэнтаў (С.Гайдукевіч, У.Ганчарык, С.Домаш і А.Лукашэнка). Рэшта папросту ня здолела назьбіраць 100 тысяч подпісаў. Паводле падлікаў Цэнтравыбаркаму, найбліжэй да запаветнай адзнакі апынуўся лідэр камуністаў С.Калякін (у яго пасьля праверкі падпісных дакумэнтаў прызнаныя сапраўднымі 93 562 подпісы) і “праваслаўны дырэктар” Л.Калугін (91 345 подпісаў).

І ўсё-ткі галоўнай неспадзяванкай гэтага этапу перадвыбарнай кампаніі для многіх застаецца адсейваньне галоўных прадстаўнікоў “новай апазыцыі” М.Марыніча і Л.Сініцына. Дзіва што, яшчэ некалькі тыдняў таму назад у беларускіх палітычных колах актыўна цыркулявала інфармацыя аб іх неабмежаваных матэрыяльных рэсурсах і магутнай адміністрацыйнай падтрымцы.

Аднак, рэгістрацыя не адбылася. І прычынай гэтаму была не нястача тэхнічных магчымасьцяў і дасьведчаных кадраў (на збор подпісаў за іх былі кінутыя студэнты менскіх ВНУ), а карэкцыя палітычнага курсу беларускага рэжыму, якая адбываецца па ходзе выбарчай кампаніі.

Як паведаміла нашая крыніца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, рашэньне аб зьняцьці Марыніча і Сініцына з дыстанцыі было прынятае Радай Бясьпекі на адным зь яе нядаўніх пасяджэньняў.

Статус Рады Бясьпекі апошнім часам рэзка зьмяніўся. Фактычна, гэтая ўстанова з разгалінаванай структурай (аддзеламі аналітычных дасьледаваньняў і прагназаваньня) цяпер ператварылася ў мазгавы цэнтар лукашэнкаўскага выбарчага штабу. Якраз яе дзейнасьцю і рэальным уплывам на бягучую палітычную сытуацыю могуць быць патлумачаныя загадкавыя пэрыпэтыі перадвыбарнага маратону — у тым ліку раптоўны сыход у палітычны цень аднаго з фаварытаў сёлетняй кампаніі Н.Машэравай. Сапраўды, калі гэта зрабілі зь Сініцыным і Марынічам, чаму тое самае не магло адбыцца з шаноўнай Наталяй Пятроўнай?

Адсутнасьць імёнаў “новых апазыцыянэраў” у выбарчых бюлетэнях зусім ня будзе пазначаць, што лукашэнкаўскія аналітыкі паставілі крыж на ідэі стварэньня “кіраванай апазыцыі”. Адна з найважнейшых падзеяў у палітычным жыцьці Беларусі мінулага тыдня — публікацыя дэпутатам “палаткі” Генадзем Дылеўскім “Адкрытага ліста будучаму прэзыдэнту” ў аўторкавым нумары “БДГ”, выразна паказвае, што інсьпіраваная Лукашэнкам з свайго атачэньня так званая “лібэральная партыя” жыве і красуе, забясьпечваючы свайму прэзыдэнту надзейную правую апору. Ліст Дылеўскага — гэта свайго роду маніфэст “новых апазыцыянэраў”, які вызначаецца неабыякой інтэлектуальнай культурай і ўтрымлівае шэраг досыць радыкальных палажэньняў. У ім зьмяшчаюцца заклікі да эканамічнай мадэрнізацыі Беларусі (разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, фіскальная рэформа, мінімізацыя ўдзелу дзяржавы ў гаспадарчай дзейнасьці, увядзеньне свабоднай куплі-продажу зямлі, лібэралізацыя банкаўскай сфэры), дэмакратызацыі сыстэмы палітычнай улады (павелічэньне вагі заканадаўчай і судовай улады, укараненьне мясцовага самакіраваньня), канстытуцыйнага ўладкаваньня краіны ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі, вырашэньня дэмаграфічных праблемаў, адкрытасьці да Захаду.

Трэба быць вельмі наіўным чалавекам, каб меркаваць, што аўтарам азначанай публікацыі насамрэч ёсьць юрыст паводле адукацыі і бізнэсовец паводле прафэсіі (да нядаўняга часу генэральны дырэктар ТАА “Ўладыка”, а цяпер дэпутат ад Мастоўскай выбарчай акругі) Генадзь Юльянавіч Дылеўскі. Вастрыня ўзьнятых пытаньняў і грунтоўнасьць іх пастаноўкі сьведчыць хутчэй аб тым, што перад намі плён працы цэлага калектыву. Дарэчы, такая практыка вельмі пашыраная сярод дзяржаўных службоўцаў Беларусі: піша адзін, чытае другі. Пры гэтым надзвычай важна, на якую асобу выпаў гонар агучыць “лібэральную праграму”. Ня так даўно Дылеўскі ўжо выканаў адно важнае даручэньне сваіх апекуноў з Адміністрацыі прэзыдэнта для сёлетняй выбарчай кампаніі. Калі сёлета 7 чэрвеня палата прадстаўнікоў прымала пастанову аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў на 9 верасьня, праект пастановы, падрыхтаваны Дылеўскім, які амаль цалкам супадаў з варыянтам Цэнтравыбаркаму, быў фактычна ўзяты за аснову.

На жаль, наіўнасьць, уласьцівая ня толькі тым, каго звыклі называць “простымі беларусамі”, але і беларускім апазыцыянэрам, перакананым дэмакратам і “ўладарам думак”. Ужо досыць працяглы час паліттэхнолягі з лукашэнкаўскага лягеру апрабоўваюць на грамадзтве розныя своекарысьлівыя хады і прыёмы, сапраўдны сэнс і прызначэньне якіх іхныя апанэнты дагэтуль ня могуць зразумець з-за фатальнай нястачы ў нашым грамадзтве палітычнай культуры — адсутнасьці імунітэту на агрэсіўныя ўзьдзеяньні звонку. Досыць нейкаму некалі важнаму чалавеку зганіць Лукашэнку і збудаваны ім рэжым — часта ў агульных фразах і вельмі расплывіста (прычым за знадворнымі інвэктывамі нярэдка стаяць прыхаваныя камплімэнты, а заклікі да дзеяньняў сфармуляваныя так, што могуць прынесьці карысьць толькі Лукашэнку) — як яго адразу залічаюць у апазыцыянэры, актыўна друкуюць у незалежных СМІ, прадстаўляюць замежным візіцёрам і запрашаюць на сакрэтныя сустрэчы. І ўсё гэта адбываецца без сур’ёзнага аналізу матываў, якія прымусілі тую ці іншую асобу пайсьці на падобны ўчынак, без ацэнкі пэрспэктываў, рэальнае карысьці, якую ён нясе для дэмакратычнага руху. У гэтым, як нідзе, праяўляецца і даецца ў знакі рэальная адсутнасьць агульнапрызнаных аўтарытэтаў у нашым грамадзтве, а таксама дэфармацыя адзінай сыстэмы вартасьцяў.

Пры ўсёй паўніні артыкулу Дылеўскага, у ім ёсьць вельмі паказальныя лякуны, што сьведчаць пра карані і крыніцы гэтага матэрыялу. У ім зусім адсутнічае тэма культурнай палітыкі і таму ўсе разважаньні пра адстойваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі робяцца нацягнутымі і штучнымі. У ім ані слова аб нацыянальным пытаньні, беларускай мове ці вяртаньні Быкава. Зрэшты, а ці шмат гавораць пра гэта дэмакратычныя кандыдаты?..

Галоўная маральная перамога лукашэнкаўцаў над сваімі дэмакратычнымі апанэнтамі акурат і палягае ў тым, што на гэтых выбарах першыя навязалі другім свае правілы гульні, а другія некрытычна перанялі ў першых іхны спосаб палітычных паводзінаў.

Тэма айчынных маральных ці культурных вартасьцяў у буйных палітыкаў дэмакратычнай арыентацыі праскоквае (відаць, няма ў зьвязку з гэтым лепшага слова) неяк мімаволі. А чаго вартыя адны назовы інтэрнэтаўскіх старонак нашых дэмакратычных лідэраў, якія перадаюць у ангельскай транскрыпцыі расейскае гучаньне іх прозьвішчаў. Да “пралукашэнкаўскіх” http://www.marinich.org, http://www.tereshchenko.by, http://www.masherova.com і г.д. без усякіх згрызотаў сумленьня далучыліся http://www.chigir.org, http://www.kozlovski.by.ru і нарэшце http://www.goncharik.org.

Цікава, як запісанае ў пашпарце прозьвішча гэтага кансалідаванага кандыдата ад беларускай апазыцыі?

Валерка Булгакаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0