Лісты ў рэдакцыю

 

Котка спаліла храм

Прыехаўшы ў вёску да бацькоў, спытаўся паўжартам, як людзі рыхтуюцца да выбараў. “Аніяк”, — адказвае маці.

 

Вяскоўцаў клапоціць гарод, бульба. Зьбіраюць ягады, кашамі цягаюць зь лесу баравікі. Трэба карміць сям’ю. Кардонная фабрыка, на якой працуе абсалютная большасьць жыхароў вёскі, паціху чаўрэе. Вялікая запазычанасьць, перанасычанасьць рабочымі месцамі, неканкурэнтаздольнасьць. Сярэдні заробак рабочага — блізу 50 тыс. Такі самы, як і цяперашняя вясковая пэнсія. І ва ўсіх жа дзеткі, якіх трэба апрануць і сабраць у школу. А гэта вялікія грошы.

Таму выбары і клапоцяць людзей меней. Дый за каго галасаваць? Не за Лукашэнку ж, які плаціць 50 тыс. Але і альтэрнатывы не відаць. Ведаюць крыху пра Ганчарыка, бо ён прафсаюзьнік, а ад гэтай інстытуцыі была сяя-тая карысьць — грашовая дапамога, пуцёўкі ў санаторыі й дзіцячыя летнікі... А пра Гайдукевіча і Домаша зусім ня чулі. Незалежнай прэсы людзі амаль не выпісваюць, як і дзяржаўнай. Шкада грошай, дый пачытаеш некаторыя гэтыя незалежныя СМІ і ўвогуле не разумееш, што ў сьвеце робіцца.

У раённым Маладэчне ціснуць на мясцовыя выбарчыя камісіі: трэба, каб у раёне перамог Лукашэнка, інакш будзеце звольненыя. У вобласьці ціснуць на раён. У мінулым годзе, калі былі выбары ў палату, старшыню райвыканкаму Зайцу ў Менску сказалі літаральна наступнае: “Калі выбары не адбудуцца, ты, Заяц, пойдзеш у той лес, адкуль прыйшоў”.

Ніхто з апазыцыі ў вёску пакуль не прыяжджаў, каб патлумачыць, за каго галасаваць. І ці прыедзе? У Раёўцы ўсяго 535 выбаршчыкаў. Але ў адной вёсцы 500, у другой — 500, гэтак і набярэцца некалькі дзясяткаў тысячаў, ад якіх усё залежыць.

А яшчэ ў нас будуецца праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл. Касьцёл адбудаваны на месцы былой драўлянай капліцы, зачыненай пасьля вайны, якую колькі год таму спалілі дзеці. Яны на могілках злавілі котку, аблілі бэнзынам і падпалілі. Бедная жывёла кінулася ратавацца ў храм...

Алег Раявец, Раёўка (Маладэчаншчына)

 

Графіці
на банкнотах

Ужо шмат гадоў я зьбіраю манэты і банкноты, якія ў розныя часы мелі хаджэньне на землях этнічнай Беларусі.

 

Асобны разьдзел маёй калекцыі складаюць банкноты з графіці — іх у мяне больш за 100. Самыя старыя графіці датуюцца часамі царызму і грамадзянскай вайны, але асабліва хутка калекцыя папаўняецца ў апошнія гады. Па маёй просьбе дзясятак знаёмых касірак з берасьцейскіх крамаў і банкаў зьбіраюць для мяне новыя экспанаты. З надпісаў найчасьцей сустракаюцца наступныя, якія я падаю на мове арыгіналу:

Жыве Беларусь!

Жыве Незалежная Беларусь!

Я люблю Беларусь!

Лука — козёл!

Лука — диктатор!

Лука — сатана!

Далоў лукашызм!

Далоў дыктатуру!

Лукашенко — самый великий врун в мире!

Лукашенку в тюрьму, а не в президенты!

Хочу такой же за 1000 $ велосипед, как у Лукашенки!

Лука, дзе Захаранка?

Таксама часта сустракаюцца самаробныя штампы-Пагоні. У маёй калекцыі 4 розныя адбіткі гэткага кшталту.

Характэрна, што надпісы “Жыве Беларусь!”, “Я люблю Беларусь!” выкананыя, звычайна, чырвоным колерам, а іншыя, нэгатыўнага зьместу – чорным ці сінім. Найбольш распаўсюджаныя графіці на банкнотах дробнага наміналу, але сустракаюцца і на буйных. Каля 75% графіці апошніх гадоў выкананыя на беларускай мове.

 

Максім Камароўскі, Берасьце